Перайсці да зместу

Беларускія гаворкі ў Літве

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Моўная сітуацыя на Віленшчыне ў пачатку XX стагоддзя паводле літоўскага мовазнаўца Алойзаса Відугірыса. Ружовым — беларускамоўныя зоны, зялёным — літоўскамоўныя, жоўтым — польскамоўныя.

Беларускія гаворкі ў Літве — рэгіянальныя разнавіднасці беларускай мовы, якія распаўсюджаны пераважна на літоўскай частцы тэрыторыі Віленшчыны. Яны ёсць натуральным працягам гаворак з тэрыторыі Беларусі і захавалі шмат старажытных рыс беларускай мовы, спалучаючы іх з уплывамі літоўскай, польскай і рускай моў[1].

Гістарычны агляд

[правіць | правіць зыходнік]

Уваходжанне ў XIII стагоддзі беларускіх зямель у склад Вялікага Княства Літоўскага спрыяла больш свабоднаму перамяшчэнню літоўскага і беларускага насельніцтва. Першы расійскі ўсеагульны перапіс насельніцтва 1897 года паказаў, што ў Віленскай губерні пражывала ўжо каля 70 тысяч беларусаў, што складала 56 % усіх жыхароў губерні, у той час як літоўцаў у ёй было толькі 17,6 %[2][3].

З аднаго боку, беларусы засялялі геаграфічна кампактную тэрыторыю — шматлікія вёскі пераважна на ўсход і паўднёвы ўсход ад Вільні (вясковае насельніцтва, якое карысталася беларускай мовай), а таксама саму Вільню, дзе жыла беларуская інтэлектуальная эліта і якая стала адным з найважнейшых цэнтраў беларускасці. Менавіта тут Францыск Скарына выдаў сваю «Малую падарожную кніжыцу» (каля 1522 года) і «Апостала» (1525 год). Там таксама дзейнічала друкарня Пятра Мсціслаўца, дзе быў надрукаваны Статут Вялікага Княства Літоўскага (1588 год) у тым ліку ў старабеларускай версіі. Віленскі ўніверсітэт скончылі многія вядомыя беларусы і асобы, якія паходзілі з беларускіх зямель: Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Мацей Сарбеўскі, Тэадор Нарбут, Уладзіслаў Сыракомля. З горадам былі таксама звязаныя Сімяон Полацкі, Леў Сапега, Кастусь Каліноўскі, Браніслаў Тарашкевіч, браты Іван і Антон Луцкевічы, Янка Купала, Якуб Колас, Францішак Багушэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Максім Багдановіч — практычна ўся беларуская эліта мяжы XIX і XX стагоддзяў. Тут выходзіла газета «Наша Ніва», друкаваліся шматлікія кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. На пачатку XX стагоддзя горад стаў найважнейшым цэнтрам фармавання беларускага нацыянальнага руху, і менавіта тут у час Першай сусветнай вайны ўзнікла ідэя стварэння адзінай беларуска-літоўскай дзяржавы[3]. У 1918 годзе ў Берліне была выдадзена «Карта Беларускай Народнай Рэспублікі», якая ўключала ў беларускі арэал значныя тэрыторыі сучаснай Літвы (да лініі Сейны — Друскенікі — Араны — Трокі — Еўе — Муснікі), хоць яна і мела пераважна палітычны характар[4].

Міжваенны перыяд стаў часам бурнага беларускага жыцця перадусім на Віленшчыне, якая ўваходзіла ў склад Польшчы[5]. У 1923 годзе ў Віленскай школьнай акрузе дзейнічала 30 дзяржаўных беларускіх школ (супраць 1057 польскіх дзяржаўных і 51 прыватнай, 20 дзяржаўных літоўскіх і 40 прыватных, 53 прыватных яўрэйскіх[6]), існавала беларуская гімназія ў Вільні[7], выходзіла 12 беларускіх газет агульным тыражом каля 9500 асобнікаў (станам на 1937 год)[8], дзейнічаў Беларускі пасольскі клуб[3]. Паводле даследаванняў С. Выслаўха, у міжваенным Віленскім ваяводстве пражывала 205 509 асоб, якія задэкларавалі беларускую мову як родную[9].

Паводле перапісу насельніцтва 1923 года ў межах незалежнай Літвы (гэта значыць без Віленшчыны) афіцыйна пражывала толькі 4400 беларусаў (згодна з неафіцыйнымі данымі — каля 40–45 тысяч). У параўнанні з перапісам 1897 года афіцыйная колькасць беларусаў там скарацілася амаль у 16 разоў, прычым 86,1 % з іх складала сельскае насельніцтва, якое, верагодна, карысталася беларускімі гаворкамі. Найбольшая канцэнтрацыя беларусаў назіралася ў прыгранічным Троцкім павеце (гміны Самілішкі, Еўе, Высокі Двор)[10]. Цэнтрам дзейнасці літоўскіх беларусаў стала Коўна, дзе працавалі беларускія арганізацыі, такія як «Беларуская хатка», дзейнічаў Беларускі народны ўніверсітэт і тэатр[11].

З усталяваннем савецкай улады пачалося знішчэнне беларускага школьніцтва і ўсіх формаў грамадска-культурнай дзейнасці. Беларуская актыўнасць адрадзілася толькі ў 1980-я гады XX стагоддзя. У 1990 годзе ўжо было зарэгістравана 20 беларускіх арганізацый, пачалі адкрывацца беларускія школы[3]. Сучасныя геапрасторавыя аналізы дэманструюць, што хоць за апошнія 130 гадоў агульная колькасць літоўскамоўнага насельніцтва ў рэгіёне вырасла (у асноўным за кошт інтэнсіўнай урбанізацыі і літуанізацыі Вільні і Трокаў), у сельскай мясцовасці Віленшчыны назіраецца рэзкі дэмаграфічны спад носьбітаў літоўскіх гаворак[12]. На тэрыторыі сучаснай Беларусі (Воранаўскі, Лідскі, Астравецкі раёны) літоўская мова таксама знаходзіцца на мяжы знікнення: паводле перапісу 2019 года з прыкладна 1300 этнічных літоўцаў роднай яе назвалі толькі 327 чалавек, а асноўнымі мовамі зносін сталі руская (68,1 %) і беларуская (26,5 %)[13].

У наш час у Літве пражывае каля 45 тысяч беларусаў, што складае 1,5 % (рускія — 8,2 %, палякі — 6,9 %) насельніцтва гэтай дзяржавы. Беларуская меншасць вядзе вельмі актыўную дзейнасць у Літве[3].

Даследаванне беларускіх гаворак

[правіць | правіць зыходнік]

Славяна-балтыйскае памежжа застаецца адной з найцікавейшых даследчых праблем і прадметам навуковых пошукаў мовазнаўцаў з Беларусі, Польшчы, Расіі і краін Балтыі[3].

Дасавецкі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Першыя грунтоўныя спробы вызначэння межаў беларускага этнасу на аснове распаўсюджвання гаворак на беларуска-літоўскім памежжы належаць лінгвісту Яўхіму Карскаму. Пасля экспедыцыі 1903 года ён выдаў працу «Беларусы» з дадаткам «Этнаграфічнай карты беларускага племені», дзе падрабязна апісаў мяжу гаворак: яна ішла на поўдзень ад возера Дрысвяты, праз Свянцянскі павет, на поўдзень ад Камаяў і Лынтупаў, перасякала раку Жэймяна і даходзіла да Кернава, Еўя і Трокаў, ахопліваючы значную частку сучаснай Літвы на захад і ўсход ад Вільні. Падобныя межы былі зафіксаваныя і на «Вопыце дыялекталагічнай карты рускай мовы», складзенай Маскоўскай дыялекталагічнай камісіяй у 1915 годзе[14].

Паводле статыстычнага апытання, праведзенага па ініцыятыве графа Адама Плятэра (даныя апублікаваныя ў 1898 годзе пад псеўданімам «Ананім»), і мапы Яна Развадоўскага (1901), у канцы XIX стагоддзя ў Віленскай губерні пераважала польска-беларускамоўнае насельніцтва (69 %), у той час як літоўскамоўнае складала каля 23,3 %. Гэтыя даследаванні ўпершыню дакладна зафіксавалі шырокую зону інтэнсіўных моўных кантактаў і вылучылі асобныя славянскія моўныя астравы ў ваколіцах Янава і Шырвінтаў, а таксама літоўскія астравы сярод славянамоўнага масіву — Лаздуны, Гервяты, і абшар Пеляса–Радунь–Дзевянішкі[15].

Міжваенны час

[правіць | правіць зыходнік]

У міжваенны перыяд Галіна Турска ў працы «Аб узнікненні польскіх моўных абшараў на Віленшчыне»[16] даследавала, як фармаваліся польскамоўныя тэрыторыі ў Літве. Яна разглядала магчымасць, што перад паланізацыяй літоўцаў адбылася беларусізацыя: спачатку жыхары паўднёва-ўсходняй Літвы пераходзілі на беларускую мову, а потым — на польскую. Турска адзначала, што ўжо да 1919 года беларуская гаворка была шырока распаўсюджана ў многіх вёсках Віленшчыны і паўплывала як на літоўскую, так і на польскую мову[17][3]. Перыяд знаходжання ў складзе міжваеннай Польшчы (1921—1939 гады) стаў часам узмоцненай паланізацыі, з-за якой значная частка беларускамоўнага насельніцтва стала двухмоўнай[18], і адбылася незваротная змена моўнага кода з літоўскага на польскі на вялікіх тэрыторыях[19].

У другой частцы сваёй працы Галіна Турская прааналізавала беларусізмы, якія распаўсюдзіліся ў польскіх гаворках Віленшчыны. Яна адзначала, што польская мова запазычала іх непасрэдна з народных гаворак, а не з літаратурнай беларускай мовы. Сярод такіх рыс вылучаюцца[20]: аканне (ляка́рства), беларускі націск (неха́й), беларускія суфіксы (напрыклад -ачы ў слове цяля́чы), формы безасабовых дзеясловаў (пекць — «пячы», побекць — «пабегчы»), а таксама шматлікія лексемы: багун, бульба, дзёргач («дзяркач»), дрывотня, бадзяцца і многія іншыя[3].

Аўтарка таксама адзначае, што частка беларусізмаў была вядомая яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага ў мове мясцовай шляхты і ў творах пісьменнікаў эпохі рамантызму, напрыклад, аканне, а таксама словы: sini («сіні») у Адама Міцкевіча, tanny («танны») у Яна Чачота, zajzdrość («зайздрасць») у В. Лазінскага[3].

Пасляваенныя час

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Другой сусветнай вайны ў рэспубліках СССР з’явілася вялікая цікавасць да вывучэння гаворак, звязаная з развіццём лінгвістычнай геаграфіі[10]. З найважнейшых міжнародных праектаў таго часу варта згадаць экспедыцыю 1966 года, калі беларускія і літоўскія дыялектолагі сабралі матэрыял (лексіку), які адносіўся да беларускіх гаворак паўднёва-ўсходняй часткі Літоўскай ССР — населеных пунктаў Троцкага, Варэнскага і Віленскага раёнаў. У 1975 годзе даследаванні на гэтых тэрыторыях былі паўтораныя, а ў 1976 годзе дадаткова вывучаліся беларускія гаворкі ў Ігналінскім і Свянцянскім раёнах. У 1977 годзе адбылася вялікая беларуска-літоўска-латышская экспедыцыя, прысвечаная вывучэнню беларускіх гаворак у Латвійскай і Літоўскай ССР. З населеных пунктаў Літоўскай ССР былі даследаваны: Варэнскі раён (Новыя Мацалі), Салечніцкі раён (Стральцы), Віленскі раён (Ліпнікі, Судэрва, Грыкені, Відаўцішкі, Швэды), Троцкі раён (Старыя Трокі, Стракішкі), Салечніцкі раён (Гемзы), Ігналінскі раён (Лайпушкі)[21]. Сабраны матэрыял увайшоў у пяцітомны «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (1979—1986)[3].

Матэрыялы, сабраныя падчас гэтых экспедыцый, выкарыстоўвала ў сваёй навуковай працы Э. Грынавецкене. Вывучэннем мясцовых беларускіх гаворак займаўся прафесар Віленскага ўніверсітэта В. Чэкман (у 1969—2002 гадах), які таксама даследаваў польскую мову Віленшчыны, мову старавераў і пскоўскія гаворкі, а таксама яго аспірант Мікола Савіч і лінгвіст Ф. Клімчук[3]. У прыватнасці, Алойзас Відугірыс і Ф. Клімчук у 1978 годзе акрэслілі мяжу дамінавання беларускіх гаворак у паўднёва-ўсходняй Літве па лініі Буйвіды — Рудаміна — Рудзішкі — на захад ад Эйшышак[22].

У наш час цікавасць да беларускіх гаворак праяўлялі Лілія Плыгаўка, кіраўніца Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Віленскага педагагічнага ўніверсітэта, і Аляксандр Адамковіч з Інстытута літоўскай мовы. Гэтыя даследчыкі ўдзельнічалі ў працы над абноўленай версіяй «Атласа літоўскай мовы» і адказвалі за частку, якая тычыцца беларускіх гаворак (у старой версіі атласа беларускія гаворкі і паўночнакрэсовую польскую мову не ўлічвалі). У 2011—2013 гадах Л. Плыгаўка правяла грунтоўныя палявыя даследаванні, якія пацвердзілі, што мясцовая беларуская гаворка (якую жыхары называюць «простай») працягвае выкарыстоўвацца ў побыце з большай перавагай або нароўні з польскай мовай. Гэта сталі першыя комплексныя даследаванні беларускіх гаворак у Літве пасля распаду СССР[3]. У 2014 годзе ў межах праекта па геалінгвістыцы Л. Плыгаўка і А. Адамковіч наведалі 22 староствы і запісалі гаворку ў 59 носьбітаў пераважна ў Віленскім і Салечніцкім раёнах[23]. Л. Плыгаўка таксама з’яўляецца аўтаркай манаграфій «Беларуская мова ў Літве: сацыякультурны і лінгвістычны аспект» (2009) і «Беларуская мова ў полікультурным рэгіёне» (2015).

Найбольш маштабныя сучасныя даследаванні ў 2008—2025 гадах правёў польскі дыялектолаг Міраслаў Янковяк, які сабраў каля 130 гадзін запісаў беларускіх гаворак у Віленскім, Салечніцкім, Свянцянскім, Аранскім і Ігналінскім раёнах. Яго вынікі паказваюць значнае скарачэнне колькасці носьбітаў і арэала бытавання беларускіх гаворак. Яны паступова выцясняюцца польскай мовай, а ў далейшым — рускай і літоўскай. Сярод асноўных прычын заняпаду: нізкі прэстыж гаворкі, адсутнасць беларускамоўнай адукацыі і інстытуцыйнай падтрымкі пры наяўнасці развітой сеткі польскіх школ, прагматызм насельніцтва і адсутнасць міграцыйнага прытоку з Беларусі[24].

Станам на першую чвэрць XXI стагоддзя сітуацыя па раёнах Літвы выглядае наступным чынам. Віленскі раён з'яўляецца арэалам найбольш частага выкарыстання беларускіх гаворак (вёскі Лаварышкі, Масцішчы, Шумск, Слабада, Пятрулішкі і інш.), пры гэтым самай заходняй кропкай фіксацыі гаворкі стала вёска Галіны[25]. У Салечніцкім раёне на ўчастку ад Салечнікаў да Тургеляў гаворка яшчэ даволі пашырана, хоць і ўступае месца польскай мове. У «Дзевянішскім выступе» (вакол вёскі Дзевянішкі) назіраецца сітуацыя своеасаблівага «скансена», дзе разам з літоўскай і польскай гаворка добра захавалася ў вёсках Нарвілішкі, Краўчуны, Рудня, Дайліды. Аднак на захад ад Салечнікаў да Калеснікаў беларуская мова сістэматычна выцясняецца[26]. У Аранскім раёне гаворка захоўваецца толькі сярод людзей найстарэйшага пакалення ў нешматлікіх прыгранічных вёсках (Котра, Парамок, Ракі, Дубічы) і знаходзіцца пад пагрозай хуткага знікнення з-за геаграфічнай ізаляцыі, бо на поўнач ад іх цягнуцца пушчанскія лясы, якія аддзяляюць славянскае насельніцтва ад балцкага[27]. У Свянцянскім і Ігналінскім раёнах назіраецца моцнае выцясненне беларускіх гаворак і мясцовай польскай мовы на карысць літоўскай: у гістарычным славянскім трохкутніку Рымшаны — Гайды — Відзы ў 2014 годзе беларускую гаворку ўдалося зафіксаваць толькі ў трох вёсках (Мейкшты, Рамейкі, Стрылунгі)[25]. Троцкі раён пакуль застаецца недаследаваным сучаснымі дыялектолагамі, але імаверна гаворка магла захавацца ў асобных вёсках. На Ковеншчыне, дзе ў міжваенны час былі беларускія паселішчы каля мяжы, гаворка, найхутчэй, цалкам знікла[28].

Багаты прыватны архіў сучасных запісаў беларускіх гаворак мае таксама этнолаг Юрый Унуковіч. Архіў матэрыялаў мае і Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Сярод польскіх мовазнаўцаў праблемай беларуска-польска-балтыйскага памежжа найбольш займалася Эльжбета Смулькова (праблематыка моўнай інтэрферэнцыі, методыка даследавання гаворак на памежжах, шматмоўнасць насельніцтва). Пытанне беларускіх гаворак, разам з апісаннем паўночнакрэсовай польскай мовы, закраналі таксама Галіна Карась, Зоф’я Саванеўска-Мохава, Ганна Зяліньска і Каджы Марыто[3].

Асаблівасці беларускіх гаворак у Літве

[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія гаворкі на Віленшчыне з’яўляюцца натуральным працягам гаворак з тэрыторыі Беларусі. В. Чэкман, П. Гаўчас і Л. Грумадзене вызначылі арэал іх распаўсюджання прыблізна ад Буйвідзаў на поўначы да Вуйвідзішак і Трокаў на захадзе, а таксама да Калеснікаў і Эйшышак на поўдні Літвы. Паводле традыцыйнага падзелу, яны належаць да паласы сярэднебеларускіх гаворак, а на поўнач ад Немянчына набліжаюцца да паўночна-ўсходняга дыялекту. Згодна з падзелам на дыялектныя зоны, іх можна аднесці да паўночна-заходняй зоны[3].

Характэрныя рысы[3]:

  • недысімілятыўнае аканне і яканне, хоць на поўначы назіраецца пераход ад недысімілятыўнага да дысімілятыўнага;
  • вымаўленне толькі цвёрдага і зацвярдзелага р;
  • ненаціскное я на месцы даўняга яць у канчатках меснага склону адзіночнага ліку назоўнікаў: у ха́ця («у хаце»), у ле́ся («у лесе»), што сведчыць пра поўнае яканне;
  • ужыванне лексемы фасоля ў форме фасоль;
  • форма ўказальнага займенніка з пратэтычным г: гэ́ны;
  • форма інфінітыву дзеяслова ісьці́;
  • ужыванне дзеепрыметніка мінулага часу на -вшы: сын у шко́лу пае́хаўшы («сын паехаў у школу»);
  • лексемы, якія абазначаюць прадметы па-рознаму ў іншых рэгіёнах Беларусі: порткі («штаны»), сту́дня («калодзеж»), абру́с, о́брус («настольнік»), кашу́ля («сарочка, рубашка»);
  • пашыраная канструкцыя тыпу мне балі́ць галава́ замест літаратурнай у мяне́ балі́ць галава́;
  • прысутнасць запазычанай лексікі з іншых моў:
    • польскай (тэ́рас гаво́раць, ён бэ́ндзе),
    • рускай (маладзё́ж, я харашо́ рабо́тала),
    • літоўскай (на́ша мокітая < mokytoja «настаўніца»; мая́ саска́йта < sąskaita «рахунак»).

Уплыў на мясцовыя літоўскія гаворкі

[правіць | правіць зыходнік]

Мясцовая беларуская гаворка (якую самі жыхары называюць «простай мовай» ці po prostu) гістарычна аказвала і працягвае аказваць моцны субстратны і адстратны ўплыў на суседнія літоўскія дыялекты. Сучасныя сацыялінгвістычныя даследаванні на беларуска-літоўскім памежжы (у Салечніцкім раёне Літвы і Воранаўскім раёне Беларусі) паказваюць, што ва ўмовах цеснага білінгвізму паўднёвааўкштайцкі дыялект літоўскай мовы зазнае інтэнсіўныя працэсы дэградацыі марфалагічнай структуры пад ціскам дамінуючай беларускай мовы[29].

Літоўскамоўныя жыхары (асабліва сярэдняга і малодшага пакаленняў) часта пераймаюць беларускія граматычныя мадэлі, што прыводзіць да інтэрферэнцыі. У прыватнасці, парушаюцца правілы літоўскага словаўтварэння: адбываецца змяшэнне мужчынскага і жаночага родаў абстрактных назоўнікаў толькі дзеля таго, каб яны граматычна адпавядалі роду беларускага эквівалента (напрыклад, выкарыстанне жаночага роду замест мужчынскага пад уплывам беларускіх слоў прыгажосць, цемната). Назіраецца і блытаніна ў катэгорыях адзіночнага і множнага ліку для назоўнікаў pluralia tantum і singularia tantum[30].

Значныя змены адбываюцца і ў сістэме дзеяслова. Пад уплывам беларускай канструкцыі са словам «бывала» (для абазначэння шматразовага дзеяння ў мінулым), у мясцовай літоўскай гаворцы ў якасці своеасаблівага ўстаўнога слова пачала актыўна выкарыстоўвацца форма трэцяй асобы «būdavo». Акрамя таго, паводле славянскай мадэлі часта будуюцца зваротныя дзеясловы: літоўскі постфікс зваротнасці далучаецца ў самым канцы слова, нават пры наяўнасці прыстаўкі, капіруючы структуру беларускіх зваротных дзеясловаў на -ца / -ся[31].

  1. ↑ Barszczewska, Jankowiak 2012, с. 297–302.
  2. ↑ Беларускае замежжа 2010, с. 204, 205.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 Barszczewska, Jankowiak 2012.
  4. ↑ Jankowiak 2025, с. 81—82.
  5. ↑ Беларусы ў Літве 2010.
  6. ↑ Беларусы ў Літве 2010, с. 37.
  7. ↑ Беларусы ў Літве 2010, с. 43–78.
  8. ↑ Беларусы ў Літве 2010, с. 81.
  9. ↑ Jankowiak 2025, с. 82.
  10. 1 2 Jankowiak 2025, с. 83.
  11. ↑ Беларускае замежжа 2010, с. 211.
  12. ↑ Gudaitis 2024, с. 15–16.
  13. ↑ Gudaitis 2024, с. 17.
  14. ↑ Jankowiak 2025, с. 77—79.
  15. ↑ Gudaitis 2024, с. 5–11.
  16. ↑ Turska 1982, с. 19–121.
  17. ↑ Turska 1982, с. 23.
  18. ↑ Jankowiak 2025, с. 81.
  19. ↑ Gudaitis 2024, с. 12.
  20. ↑ Turska 1982, с. 65–86.
  21. ↑ СПЗБ 1979, с. 7, 8.
  22. ↑ Jankowiak 2025, с. 84—85.
  23. ↑ Jankowiak 2025, с. 86—87.
  24. ↑ Jankowiak 2025, с. 87, 89, 92.
  25. 1 2 Jankowiak 2025, с. 91.
  26. ↑ Jankowiak 2025, с. 90.
  27. ↑ Jankowiak 2025, с. 89—90.
  28. ↑ Jankowiak 2025, с. 92.
  29. ↑ Tuomienė 2024, с. 210, 214.
  30. ↑ Tuomienė 2024, с. 214–219.
  31. ↑ Tuomienė 2024, с. 221–224.