Беларускі ПЭН-цэнтр
Беларускі ПЭН-цэнтр | |
Заснаванне | |
---|---|
1989 | |
http://pen-centre.by/ |
Беларускі ПЭН-цэнтр — рэспубліканская грамадская арганізацыя. Створаны ў лістападзе 1989 года Аргкамітэтам, у які ўваходзілі дваццаць вядомых пісьменнікаў.
Прыняты ў Сусветную асацыяцыю пісьменнікаў «Міжнародны ПЭН-клуб» у маі 1990 года на Сусветным кангрэсе. Зарэгістраваны Мінюстам Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 1990 года на падставе Статута і Пастановы Савета Міністраў рэспублікі № 274 ад 1 лістапада 1990 года, а таксама перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. Як член Міжнароднага ПЭН-клуба Беларускі ПЭН-цэнтр мае статус «А» ў ЮНЕСКА і дарадчы статус у ААН.
ПЭН-цэнтр аб'яднанне прафесійных літаратараў, створаны з мэтай пашырэння інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій, удзелу ў міжнародным літаратурным супрацоўніцтве, развіцця беларускай культуры, выхавання ў грамадскай свядомасці высокіх гуманістычных ідэалаў.
Змест
Прэзідэнты[правіць | правіць зыходнік]
- Рыгор Барадулін (1990—1999)
- Васіль Быкаў (1999—2003),
- Лявон Баршчэўскі (2003—2005),
- Уладзімір Някляеў (2005—2008)
- Андрэй Хадановіч (2008—2017)
- Таццяна Нядбай (з 2017)
Праграмы[правіць | правіць зыходнік]
Літаратурныя прэміі[правіць | правіць зыходнік]
У 1994 годзе заснаваныя дзве штогадовыя літаратурныя прэміі, якія прысуджаюцца выдатным прафесіяналам з мэтай заахвочвання іх працы і адзнакі зробленага на карысць распаўсюджвання ідэй адкрытага грамадства.
Беларускі ПЭН-цэнтр выступіў у якасці аднаго з заснавальнікаў Літаратурнай прэміі Ежы Гедройца, Літаратурнай прэміі «Дэбют» і літаратурнай прэміі Цёткі.
Пісьменнікі ў зняволенні[правіць | правіць зыходнік]
З 1996 года Беларускі ПЭН-цэнтр з'яўляецца членам Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні», заснаванага ў 1960 годзе Асамблеяй Дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клуба.
Пісьменнікі ў выгнанні[правіць | правіць зыходнік]
Праграма працуе на падтрымку пісьменнікаў, якія вымушаны жыць у выгнанні, і была ініцыявана ПЭН-клубам у мэтах абмену інфармацыяй і вопытам, а таксама ў мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем, з якімі сутыкаюцца пісьменнікі-выгнаннікі.
Лінгвістычнае права[правіць | правіць зыходнік]
Беларускі ПЭН-цэнтр самым актыўным чынам удзельнічае ў рабоце Камітэта Міжнароднага ПЭН-клуба па мастацкім перакладзе і лінгвістычным праве, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Барселоне, і ў першую чаргу па праграме «Усеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў».
Крытыка[правіць | правіць зыходнік]
У 2015 годзе пра свой выхад з Беларускага ПЭН-цэнтру заявілі літаратары Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў. Паводле слоў Алеся Аркуша знаходзіцца ў складзе гэтай арганізацыі, значыць «даваць магчымасць яго кіраўніцтву рабіць усё што заўгодна», бо «з сябрамі арганізацыі ніхто не раіцца», ніхто не цікавіцца іх меркаваннем па тым ці іншым пытанні[1], а сам ПЭН-цэнтр, які павінен абараняць правы пісьменнікаў, апошнім часам «ператварыўся ў нейкую кармушку, арганізацыю, дзе проста дзеляць гуманітарку, а не змагаюцца за пісьменнікаў, чым павінны былі ў першую чаргу займацца»[2]. Дадатковай прычынай паслужыла заява ПЭН-цэнтру пра дыскрымінацыю рускамоўных пісьменнікаў. Па падобнай прычыне пакінуў арганізацыю і пісьменнік Сяргей Дубавец[1]. Таксама пакінуў арганізацыю і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі[2]. Пасля заявы пра «дыскрымінацыю рускамоўных літаратараў» пакінуў арганізацыю і драматург Юры Станкевіч, які патлумачыў прычыну свайго сыходу яшчэ і тым, што ён стаў членам ПЭН-цэнтра, калі «арганізацыя імкнулася прытрымлівацца пісьменніцкага праваабарончага кірунку і нацыянальнай ідэі. А потым прыйшлі "эпігоны", набылі сяброўства выпадковыя і невыпадковыя людзі, і наступіла непазбежнае»[3].
У 2016 годзе ў беларускай літаратурнай прасторы ўзнік скандал па выніках уручэння літаратурнай прэміі «Дэбют», заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам. На цэрымоніі ўручэння прэміі намінацыя «Паэзія» засталася без пераможцы, у выніку чаго маладыя паэты палічылі такое рашэнне журы зняважлівым да іх. Пасля інцындэнту паэт Алесь Плотка, які увайшоў у шорт-ліст прэміі, звярнуўся да арганізатараў конкурсу з просьбай «каб брыдкі скандал, які ўзнік вакол гэтай намінацыі, быў вырашаны». Яго падтрымалі і астатнія шортлістэры. Алесь Плотка пракаментыраваў, што сваім рашэннем не прызначаць пераможцу сярод паэтаў журы парушыла статут прэміі, дзе напісана: «ў кожнай намінацыі вызначаюцца пераможца (1 месца) і даюцца два заахвочвальныя прызы»[4].
Існуюць праблемы і з іншай літаратурнай прэміяй, заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам — «Прэмія Цёткі». Так, у спіс намінантаў могуць не трапіць калектыўныя зборнікі з вялікай колькасцю аўтараў альбо мастакоў, хаця дадзены выпадак нідзе не прапісаны, а ў Палажэнні аб прэміі згодна п. 1.3. наадварот, нават гаворыцца, што «ў выпадку калектыўнага аўтарства прэмія дзеліцца між усімі аўтарамі кнігі-пераможцы». Пры гэтым арганізатары спасылаюцца на тое, што журы можа прымаць рашэнні аб прыняцці кнігі да разгляду ў прэміі згодна з уласным меркаваннем[5].
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Анна Шайкоўская Беларускі ПЭН-цэнтр скалануў скандал. Беларускае Радыё Рацыя (11 лютага 2017). Праверана 8 сакавіка 2018.
- ↑ 2,0 2,1 Літаратары пакідаюць Беларускі ПЭН-цэнтр праз моўны скандал. Еўрарадыё (12 сакавіка 2015). Праверана 8 сакавіка 2018.
- ↑ Пісьменнік Юры Станкевіч выходзіць з ПЭН-цэнтра. Наша Ніва (19 сакавіка 2015). Праверана 8 сакавіка 2018.
- ↑ Настасся Салановіч Скандал на прэміі «Дэбют». Як «Паэзія» засталася без пераможцаў. БелаПАН (24 сакавіка 2016). Праверана 8 сакавіка 2018.
- ↑ Алег Грушэцкі Журы Прэміі Цёткі абвясціла намінантаў. Новы Час (8 сакавіка 2018). Праверана 8 сакавіка 2018.