Беларускі вызвольны рух (арганізацыя)
Беларускі Вызвольны Рух (БВР) — беларуская эмігранцкая ваенна-палітычная арганізацыя антыкамуністычнага характару, якая дзейнічала ў 1950—1957 гадах.
Гісторыя БВР
[правіць | правіць зыходнік]Арганізацыя была заснавана ў 1950 годзе ў Заходняй Германіі маёрам Людвігам Зарэчным, былым афіцэрам Беларускай Краёвай Абароны. Арганізацыя таксама дзейнічала ў Вялікабрытаніі, усталёўваючы кантакты з брытанскімі спецыяльнымі службамі. У раёне Манчэстэру была заснавана «Баявая афіцэрская школа БВР», якая рыхтавала партызанскія кадры для іх перакідвання ў Беларусь. З дапамогай брытанскіх спецслужбаў у БССР і Польшчу неаднаразова былі перакінуты самалётамі разведвальна-дыверсійныя ўзброеныя групы, якія складаліся з членаў Руху. Так, 28 сакавіка 1953 году каля вёскі Запруды на Кобрыншчыне адбыўся бой паміж аддзелам МГБ і дэсантнікамі Руху, якімі кіраваў беларускі вайсковец-партызан Сымон Міхальчук, старэйшы лейтэнант БВР. Амаль ўсем беларускім вайскоўцам-разведчыкам удалося вярнуцца на Захад пасля выканання заданняў.[1]
Беларускі Вызвольны Рух навязаў супрацу з Украінскай Нацыянальнай Гвардыяй атамана Тараса Бульбы-Бараўца. Першапачаткова Беларускі Вызвольны Рух дзейнічаў канспіратыўна, але ў 1952 годзе быў заснаваны афіцыйна. 27 лютага 1952 году кіраўнік Арганізацыйнага бюра Галоўнага Штабу БВР Людвіг Зарэчны выдаў адозву, скіраваную да беларускіх вайскоўцаў на эміграцыі, у якім змяшчаўся заклік далучацца да «вайскова-палітычнага цэнтру вызвалення Беларусі», які меў бы каардынаваць беларускі антысавецкі рух. 9 сакавіка таго ж года ў Манчэстэры адбылася надзвычайная канферэнцыя беларускіх вайскоўцаў, скончыўшаяся фармаваннем Галоўнага Штабу БВР. Неўзабаве ў Лянгенфэльд ў Германіі пачала выходзіць газета «Незалежная Беларусь» i «Інфармацыйны бюлетэнь Галоўнага Штабу БВР»: іх выдаваў палітычна-прапагандовы аддзел Галоўнага Штабу БВР.
Беларускі Вызвольны Рух працаваў у цесным супрацоўніцтве з Беларускай Цэнтральнай Радай, дасылаючы сваіх дэлегатаў на яе пленумы. У 1952—1953 гадах пры дапамозе мясцовых структураў БЦР у розных краінах Заходняй Еўропы паўсталі Краёвыя Штабы БВР. Таксама былі створаныя Аддзелы Моладзі БВР, адным з якіх у Аўстраліі кіраваў лейтэнант Уладзімір Шнэк. Прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі прабаваў падпарадкаваць сабе БВР, чаму супрацівіўся Людвіг Зарэчны каб захаваць незалежнасць арганізацыі. У гэтай сітуацыі 8 лютага 1954 г. Радаслаў Астроўскі звольніў з пасады старшыні Галоўнага Штабу БВР Людвіга Зарэчнага, а на ягонае месца прызначыў маёра Уладзіміра Сеньку. Аднак Людвіг Зарэчны адмовіўся выконваць гэты загад і 18 лютага 1954 года выпусціў «Зварот да ўсіх сяброў БВР і ўсяе беларускае грамадзкасьці», дзе інфармаваў аб далейшай дзейнасці БВР і скліканні ўсеэміграцыйнага з’езду. Напярэдадні гэтага Беларускі Вызвольны Рух распаўся на дзве часткі. У Вялікабрытаніі свой БВР стварыў Сымон Серафімовіч і Ягор Папко. 29 жніўня 1954 года ў Манчэстэры адбыўся першы ўсеэміграцыйны з’езд БВР, дзе быў прыняты статут арганізацыі і абраныя кіраўнічыя структуры. Генеральным сакратаром застаў Сяргей Шчэрба, кіраўніком Цэнтральнага Камітэту — Людвіг Зарэчны. Абвяшчоны быў таксама «Маніфест БВР», які ўзываў да рэвалюцыі ў Беларусі калі з’явіцца адпаведны момант. У адказ на з’езд 27 кастрычніка 1954 г. пленум і калегіум Беларускай Цэнтральнай Рады «ліквідаваў» БВР, сазывая на яго месца Беларускі Вызвольны Фронт. Паслаблены БВР распаўся на малыя групы, на чале якіх фармальна быў маёр Уладзімір Сенька, але фактычна яго ўлада была ілюзійнай. Неўзабаве ўплыў БВР на беларускую эміграцыю стаўся мінімальным. Нягледзячы на гэта, 7 верасня 1957 года ў Дуйсбургу (Германія) адбыўся Другі ўсеэміграцыйны з’езд БВР, на які прыехаў 41 дэлегат — галоўным чынам з Вялікабрытаніі, але таксамі і з Іспаніі, Францыі, Аўстрыі, Аргенціны, Канады і Аўстраліі. Нарады, аднак, датычыліся ў большасці трывіяльных пытанняў. Акрамя таго была праведзена «чыстка» шэрагаў БВР, якая ўсунула не адпавядаючыя кіраўніцтву арганізацыі розныя групы і асобы. Гэта азначала фактычны канец дзейнасці БВР.
У ЗША ў Кліўлендзе ад 1965 года Алесь Змагар, з’яўляючыся старшынёй Галоўнай Управы БВР, нерэгулярна выдаваў адноўлены часопіс «Незалежная Беларусь». Да пачатку 1980 гадоў ён ад імя БВР рэгулярна распаўсюджваў адозвы да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну і 25 Сакавіка. Станам на сёння арганізацыя ўжо не існуе.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ http://www.auslandsdienst.pl/3/92/Artykul/94919,%D0%94%D1%8D%D1%81%D0%B0%D0%BD%D1%82-%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0-%D0%B2%D1%8B%D0%B7%D0%B2%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D0%B0%D0%B3%D0%B0-%D1%80%D1%83%D1%85%D1%83(недаступная спасылка) падкаст пра дэсант Беларускага вызвольнага руху
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Найдзюк Язэп, Касяк Іван. Беларусь учора і сяньня — Мінск 1993. ISBN 5-343-01458-5