Беларускі камітэт самапомачы
Беларускі камітэт самапомачы або БКС — арганізацыя, утвораная вясной 1940 года пры Беларускім прадстаўніцтве ў Берліне. Адначасова з цэнтральнай сядзібай адкрыты аддзяленні ў Познані і Лодзі, пазней — у Варшаве, Празе, Торуні, Вене, Лейпцыгу, Мюнхене, Бяле-Падляскай і іншых гарадах.
Планавалася, што арганізацыя будзе называцца Беларускім нацыянальным камітэтам[1]. Аднак нямецкія ўлады адмовілі, бо гэта не адпавядала ўмовам пакту Молатава—Рыбентропа[2]
БКС цесна супрацоўнічалі з нямецкімі разведвальнымі службамі і службай бяспекі (СД), вялі работу сярод ваеннапалонных беларусаў, былых салдат Войска Польскага. Па набліжэнні пачатку вайны дзейнасць БКС і Беларускага прадстаўніцтва выкарыстоўвалася ў разведвальнай і прапагандысцкай рабоце, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі.
Першы кіраўнік — былы консул БНР у Берліне Андрэй Бароўскі, члены праўлення — Васіль Камароўскі (паэт Антось Вярбіна), Аляксандр Крыт (у будучыні а. Андрэй), Баляслаў Барткевіч і іншыя[2]. У Берліне на нарадзе 19 чэрвеня 1941 года прадстаўнікоў Беларускага камітэта самапомачы і Беларускага прадстаўніцтва ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр.
Летам 1940 года склад управы БКС значна змяніўся. На з’ездзе прадстаўнікоў БКС старшынёй арганізацыі абраны Мікола Абрамчык, які пераехаў у Берлін з Парыжа, віцэ-старшынёй — Аляксандр Калоша, сакратаром — Станіслаў Грынкевіч (малодшы). На пачатак 1944 года БКС у Германіі налічваў 13 тысяч чалавек[3].
У пачатку 1942 года БКС атрымаў дазвол на адкрыццё настаўніцкіх курсаў у Берліне. Планавалася, што настаўнікі, скончыўшы курсы, паедуць працаваць у Беларусь. Курсы скончылі каля 30 чалавек, аднак нямецкія ўлады забаранілі ім выезд у Беларусь[4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Ліст Вітаўта Тумаша («Заўвагі (з памяці) пра беларускія ўстановы й арганізацыі ў Нямеччыне ў гады Другое сусьветнае вайны») да Аляксея Вініцкага ад 5 жніўня 1968 г.
- 1 2 Гардзіенка, А. Бэрлін як асяродак беларускага жыцьця першай паловы 40-х гг. XX стагоддзя / Алег Гардзіенка // Запісы = Zapisy. — 2003. — № 26. — С. 93.
- ↑ Бэрлін, Янка Сурвілла (Успаміны) // Беларус. — 2000. — № 467.
- ↑ Гардзіенка А., 2003. — С. 93—94.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Turonek J. Białoruś pod okupacją niemiecką, 1989. С.33.
- Літвін, А. М. Беларускае прадстаўніцтва / А. М. Літвін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М. В. Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — С. 356. — ISBN 5-85700-074-2.