Беларускі клуб (Вільня)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Беларускі клуб (Вільнюс))

Беларускі клуб — культурна-асветніцкая суполка, якая існавала ў Вільні ў 19161920 гадах пад старшынствам грамадскага дзеяча Івана Луцкевіча.

Да канцы лютага 1917 года клуб размяшчаўся на Вялікай вул. у доме Мухіна. Пазней пераязджае ў новае памяшканне на Віленскай вул., 28. З лета 1917 года знаходзіўся на Юраўскім пр., 22[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Беларускі драматург Францішак Аляхновіч у сваёй манаграфіі «Беларускі тэатр» так апісаў гісторыю стварэння клуба:

Нямецкая акупацыя на нейкі час спыняе ўсялякую беларускую культурную працу. Але ўжо ў лютым 1916 года нямецкі обербургамістар атрымаў ад беларусаў просьбу аб дазволе адчыніць беларускі клуб, а 1 чэрвеня ў доме Мухіна на Вялікай вуліцы а гадз. 4 па палудні Іван Луцкевіч, старшыня клубу, адчыняе гэту ўстанову сваёй прамовай[2]

Першая пасля прыходу нямецкіх войск вечарына адбываецца 17 верасня 1916 года з не надта багатаю праграмай. Наступныя вечарыны ладзіліся са спевамі, спектаклямі, дэкламацыямі, танцамі і музыкай[1].

Тут пачынае гуртавацца аматарская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча, якая пачынае ставіць драматычныя спектаклі.

Паказваюцца п’есы: «Калісь», «Бутрым Няміра», «Чорт і баба», «На вёсцы», «Манька», «Базылішк», а таксама «Антось Лата» Якуба Коласа, «Хам» паводле Э. Ажэшкі, «Міхалка» Далецкіх, «Мядзведзь» Антона Чэхава і інш[1].

У канцы лютага Беларускі клуб перамяшчаецца з дома Мухіна на Вялікай вуліцы ў памяшканне на Віленскай вул., 28. Вось што пра гэта піша Францішак Аляхновіч:

У канцы лютага 1917 г. беларускі тэатр мае ўжо сваю ўласную сцэну ў новым памяшканні клубу на Віленскай вул. № 28, дзе спектаклі адбываюцца што нядзелю. Улетку з прычыны рэквізіцыі гэтага памяшкання ваеннай уладай клуб разам з тэатрам перабіраюцца на Юраўскі праспект (цяпер вул. Міцкевіча) № 22, дзе таксама ёсць сцэна[2].

У клубе таксама ладзяцца ўдачныя дзіцячыя спектаклі Драматычнага гуртка таварыства «Золак» пад старшынствам Станіславы Корф. Рэпертуар: батлейкі і містэрыі[1].

Зноскі

  1. а б в г К.Б. Кузняцова. Беларускі клуб // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн., 2002. — Т. 1. — С. 107—108. — 568 с.
  2. а б Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр. — Вільня, 1924. — С. 114. паводле Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. Т. 1: Ад вытокаў — да пачатку XX стагоддзя / Бел. ун-т культуры; Уклад., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А. В. Сабалеўскага. — 2-е выд., пашыр. і ўдаклад.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — С. 362—363. — 444 с. — ISBN 985-08-0064-X.