Беларускі лемантар, або першая навука чытання

Гэты артыкул з’яўляецца артыкулам года.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускі лемантар, або Першая навука чытання
Biełaruski lementar abo Pierszaja nawuka czytańnia
Беларуски лемэнтар або Першая навука чытаньня
Выданне
Варыянт выдання беларускай лацінкай
Жанр Буквар
Аўтар Карусь Каганец, Алаіза Пашкевіч і Вацлаў Іваноўскі
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі ліпень 1906
Выдавецтва Загляне сонца і ў наша аконца
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Белару́скі леманта́р, або Пе́ршая наву́ка чыта́ння»[1] (у арыгінале: «Biełaruski lementar abo Pierszaja nawuka czytańnia», «Беларуски лемэнтар або Першая навука чытаньня») — першы буквар на беларускай мове, выдадзены ў 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» лацінкай і кірыліцай.

Сярод магчымых аўтараў буквара згадваюцца Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец)[2][3], Цётка (Алаіза Пашкевіч)[4], Вацлаў Іваноўскі[5]. Узорам для яго быў польскі лемантар Конрада Прушынскага[6]. У падручніку ўпершыню выкарыстоўваецца беларуская лінгвістычная тэрміналогія.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вацлаў Іваноўскі.

У другой палове XIX стагоддзя з’явіўся шэраг твораў беларускай літаратуры. Але іх аўтары яшчэ не выдалі падручнік для практычнага навучання. Мовазнаўчыя даследаванні Івана Насовіча, Яўхіма Карскага і іншых так і не прывялі да ўкаранення беларускай мовы ў педагагічнай дзейнасці. Гэта тлумачыцца перш за ўсё абмежавальнай палітыкай уладаў у Расійскай імперыі, афіцыйным трактаваннем беларускай мовы як дыялекту рускай[7].

Задума першых беларускіх школьных падручнікаў з’явілася на пачатку XX стагоддзя ў асяроддзі Беларускай рэвалюцыйнай партыі (БРП), створанай па ініцыятыве студэнта Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута Вацлава Іваноўскага. Пра гэта сведчыць выдадзеная восенню 1902 года адозва «Да інтэлігенцыі», у якой была сфармулявана праграма беларускай народнай асветы і выдавецкай дзейнасці. Першым пунктам тут значылася стварэнне прац для ўдасканалення беларускай мовы і выданне граматыкі, для распрацоўкі якой планавалася звярнуцца да спецыялістаў. Невядома, ці звярталіся і да каго звярталіся з гэтай нагоды дзеячы БРП, бо фактычна ніхто з вядомых мовазнаўцаў таго часу распрацоўкай граматыкі не заняўся.

Патрэба стварыць падручнік была выклікана неабходнасцю распрацоўкі адзіных прынцыпаў беларускага правапісу, бо планавалася распачаць пастаянную выдавецкую дзейнасць. Лемантар мог бы быць створаны ўласнымі сіламі за адносна кароткі час.

Алаіза Пашкевіч (Цётка).

Чакаючы з’яўлення падручніка, Цётка (Алаіза Пашкевіч) пісала 28 чэрвеня 1906 года са Львова Браніславу Эпімах-Шыпілу ў Санкт-Пецярбург: «Я хачу даведацца ад Вас, што чутно з букваром, ці ўжо гатоў, ці ў нас будзе фанэтыка наша беларуская. Гэта вельмі важна, бо буду цяпер выдаваць папулярныя рэчы для народу, дык ня ведаю, як чаго трымацца»[8].

Рукапіс лемантара быў, відавочна, апрацаваны ў 1904—1905 гадах. Вацлаў Іваноўскі паведамляў Аляксандру Ельскаму ў лісце ад 17 красавіка 1906 года: «Некалькі людцоў „тутэйшых“, што ў Пецярбурху жывуць, залажылі выдаўніцкую суполку, цяпер адбіваецца ўжо элементар, будзе дваякімі знакамі, гэта значыць, па просту кажучы, будуць два элементары»[9].

Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец).

На працягу XIX стагоддзя сфарміравалася практыка друкавання беларускіх кніг і іншых выданняў альтэрнатыўна — лацінкай або кірыліцай. Гэта адлюстроўвала як спецыфіку рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі, так і матывацыі паасобных аўтараў. Рашэнне выдаць лемантар двума алфавітамі, у адрозненне ад практыкі XIX стагоддзя, не надавала перавагі і не перадвызначала будучыні аднаго з іх. Гэта падвойвала выдаткі на друк, але яны не былі такімі высокімі ў параўнанні з чаканым вынікам, гэта значыць з развіццём нацыянальнай свядомасці і інтэграцыяй беларускага грамадства на падставе агульнанацыянальнай культуры. Рыгор Семашкевіч, напрыклад, лічыць, што на тагачасным этапе гэта было адзіна правільнае рашэнне[10].

3 двух запланаваных варыянтаў лемантара першым у друкарні Пянткоўскага ў Санкт-Пецярбургу выйшаў варыянт на лацінцы (ліпень 1906 г.), кірылічны з’явіўся на некалькі тыдняў пазней.

Лацінкавы варыянт[правіць | правіць зыходнік]

Старонка лацінкавага выдання.

Пытанне ананімнасці падручніка даўно разглядалася даследчыкамі. У 1920-х гадах Мікалай Каспяровіч на падставе даследавання рукапісаў Казіміра Кастравіцкага (Карусь Каганец) і яго ліставання са старшынёй выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца» Вацлавам Іваноўскім выказаў думку, што аўтарам лемантара быў Казімір Кастравіцкі[11]. Гэтага погляду таксама прытрымліваліся больш познія даследчыкі[12][13]. Якуб Колас і Паўліна Мядзёлка лічылі, што аўтарам была Цётка (Алаіза Пашкевіч)[14], пазней гэта самае сцвярджала Лідзія Арабей[4].

Юры Туронак у 1980-я гады даследаваў паходжанне «Беларускага лемантара» на падставе нявыкарыстаных раней польскіх крыніц. Даследчык прыводзіць факты аб тым, што працай над лацінкавым варыянтам лемантара заняўся восенню 1904 года Вацлаў Іваноўскі, калі праходзіў паслядыпломную практыку на цукровым заводзе ў Баравічках пад Плоцкам. У лісце да Аляксадра Ельскага ад 24 лютага 1905 года В. Іваноўскі інфармаваў, што праца над лемантаром блізкая да завяршэння («будзе гатоў да друку за месяц»). Таму можна дапусціць, што лацінкавы варыянт лемантара В. Іваноўскі скончыў максімальна позна вясной 1905 года. У лісце згадваецца, што ўзорам быў (нелегальны на тэрыторыі Расійскай імперыі) польскі лемантар Казімежа Промыка (псеўданім Конрада Прушынскага)[6]. Гэты падручнік у сувязі з забаронай навучання польскай мове ў школах Расійскай імперыі прызначаўся для хатняга ўжытку і быў больш адпаведны беларускім умовам, чым расійскія буквары, што ўжываліся ў народных школах[5].

У графіцы прапаноўвалася выкарыстанне лацінкавых знакаў «č», «š», «ž» замест традыцыйных «cz», «sz», «ż», што, напэўна, мела на мэце аддаліць беларускую лацінку ад польскага алфавіта[15].

Кірылічны варыянт[правіць | правіць зыходнік]

Вокладка кірылічнага выдання.

Юры Туронак даводзіць, што лацінкавы варыянт лемантара быў асновай для стварэння другога варыянта, надрукаванага кірыліцай, укладанне якога Вацлаў Іваноўскі даручыў Казіміру Кастравіцкаму (Карусю Каганцу)[16].

У лемантары Каруся Каганца было 19 малюнкаў, лічыцца, што яны належалі самому аўтару. Малюнкі былі простымі — карова, баба, бот, маці, тын, лён, рыба, заяц — але менавіта яны сталі першым узорам аздаблення дзіцячай кнігі ў Беларусі[2].

Не знайшла падтрымкі выдавецтва канцэпцыя Казіміра Кастравіцкага выкарыстоўваць паўднёва-заходні дыялект як аснову для стварэння беларускай агульнанароднай мовы[3]. В. Іваноўскі аддаваў перавагу сярэднебеларускім гаворкам, таму падрыхтаваны К. Кастравіцкім тэкст быў папраўлены. Але не ўсе паўднёва-заходнія дыялектызмы былі выдалены, захаваліся, напрыклад, сляды окання (познаваць, покажы, богатый). Не ўжываў К. Кастравіцкі і некаторых лексем, якія сустракаліся ў лацінкавым варыянце, папракаў В. Іваноўскага за ўжыванне паланізмаў і ўвёў у свой тэкст многія словы, якія адрозніваліся з боку фанетыкі, марфалогіі, а часам і сэнсу («раней» замест «dauniej», «абодва» замест «aboja»). Гэтыя разыходжанні пацвярджаюць, што два варыянты падручніка былі справай розных аўтараў[3].

Асаблівасці правапісу[правіць | правіць зыходнік]

Старонка кірылічнага выдання.

Найменшыя цяжкасці ўзнікалі пры адаптацыі для патрэб беларускай мовы лацінкі, пры ўжыванні якой абапіраліся на нормы польскага правапісу. У выкарыстанні ж кірыліцы ўжо на мяжы XIX—XX ст. выявіліся інавацыйныя тэндэнцыі, з мэтай прыстасаваць тагачасны рускі алфавіт да патрабаванняў беларускай фанетыкі. Таму ў першыя гады XX стагоддзя паўстала шмат розначытанняў, уніфікацыя якіх зрабілася істотнай праблемай.

Найважнейшая праблема, якую неабходна было вырашыць у час працы над другім варыянтам, была ў тым, як пазбегнуць існуючых разыходжанняў ва ўжыванні беларускай кірыліцы. З рукапісаў Казіміра Кастравіцкага вынікае, што ён не меў наконт гэтага ўстойлівага меркавання[17][18]. Да прыкладу, ён карыстаўся рознымі знакамі змякчэння — апострафам і мяккім знакам (мысл', болиць), нескладовае «и» выражаў аднолькава як літарай «й», так і «ǐ» (рай, маǐ), а «о» пасля мяккага зычнага — ці пры дапамозе «ё», ці «іо» і « ǐо» (ён, іон, ǐон). Затое ў рукапісах К. Кастравіцкага не сустракаецца літары «щ», якую ён паслядоўна замяняў складзеным з дзвюх літар знакам «шч».

Невядома, якой са сваіх канцэпцый правапісу ён трымаўся ў падрыхтаваным тэксце лемантара. Відаць вырашала гэта пытанне выдавецтва, менавіта — Вацлаў Іваноўскі, а з’яўленне ў надрукаваным тэксце спалучэння «йо» замест «ё» ці «іо»), якога не было ў рукапісах К. Кастравіцкага, сведчыла, што не ўсе яго ідэі былі прыняты. Затое несумненным вынаходніцтвам К. Кастравіцкага быў новы знак «шч», які быў прыняты выдавецтвам і назаўсёды ўвайшоў у беларускі алфавіт[19].

З боку мовазнаўства лемантар важны тым, што тут упершыню выкарыстоўваецца беларуская лінгвістычная тэрміналогія. Гэта былі агульныя тэрміны, іх ахоп супадае з тэрмінамі, ужыванымі ў падручніку Казімежа Промыка (Конрада Прушынскага), гэта значыць апошні выкарыстоўваўся як аснова для апрацоўкі беларускіх паняццяў. Некаторыя з іх («знаки застановочные», «працяжка») больш дакладна адлюстроўвалі значэнне, чым тэрміны, прапанаваныя К. Промыкам[3].

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Падручнік быў выдадзены лацінкай і кірыліцай, з чаго вынікала, што прызначаўся лемантар як для каталікоў, гэтак і для праваслаўных. Выдаўцы імкнуліся нейтралізаваць наступствы рэлігійнай раз’яднанасці грамадства шляхам абуджэння агульнанацыянальнай свядомасці:

"

Ведаем мы ўсе, што меж нами палешуками, беларусами, ци як мы сябе яшчэ называем — тутэйшыми йосьць каталики и праваслаўные, каталики больш да лацинских литэр — што йих несправядлива «польскими» называюць, прывыкли; праваслаўные — да славянских — ци як кажуць да «руских» прывыкли. Гэтые руские — гэтаж нашы спрадвечные беларуские, а лацинскими цяпер увесь сьвет пишэ. Ци раз у нас сварка бывае: зыдуцца каталик з праваслаўным и сваруцца «ах ты, кажэ, паляк, — а ты маскаль». И абодва ня ведама што кажуць: ани той паляк, ани гэты маскаль, абодва яны хоць рознае веры, а народу аднаго, бо абодва вырасли на зямельцы тутэйшай палескай — беларускай и першае слова ў мови нашай бацькаўскай ад бацькоў пачули, а сваруцца тольки сабе на крыўду и на сорам, людзям на сьмех. Вось і знарок выдаем лемэнтар дваякими знаками, выбирай, што спанараўна, каб усяки пазнаў, што ци такие, ци сякие знаки, а зыки, склады и словы тыеж, мова — таяж и людзи што мовай адной гаворуць — браты родные[20].

"

З польскага лемантара Казімежа Промыка была перанятая методыка навучання, указанні для таго, хто навучае, як пазнаваць літары і склады, уступныя практыкаванні, алфавіт, тлумачэнне галосных і зычных, напісанне імён уласных і лічбаў, назвы знакаў прыпынку. Была адаптавана нават частка ілюстрацыйнага матэрыялу. Некаторыя элементы гэтага падручніка былі перакладзены на беларускую мову даслоўна ці з неістотнымі мадыфікацыямі, напрыклад прадмова з парадамі, як лепш навучыць чытаць:

"

Przeczytaj, bracie, jeżeli zechcesz kogo uczyć czytać, to ucz koniecznie tak, jak ci poradzę i jak w tym elementarzu pokazano. Dotąd jeszcze uczą nieraz tak, że potrzeba roku albo dwóch lat, żeby czytać nauczyć; a tymczasem jest daleko lepszy nowy sposób, że można nauczyć w 8, a nawet w 5 tygodni... Nie zaczynaj od razu uczyć całego abecadła, ale pokaż tylko kilka liter, które są na początku w tym elementarzu, i ucz od początku aż do końca tak, jak w tymże elementarzu napisano. Zanim zaczniesz uczyć w nowem miejscu, to wpierw przeczytaj radę, która jest wydrukowana dla ciebie drobnemi literami i ucz zapełnię tak, jak tam powiedziano[21].

"
"

Praczytajcie! Kali budziecie wuczyć kaho czytać na hetym lemantaru, wuczycie tak, jak tut radżu i jak u lemantaru napisana. Daŭniej wuczyli czytać hod abo i dwa, a ciapier i u dwa miesiacy nawuczysz. Nie pakazuj zaraz usich znakaŭ, a tak, jak tut napisana: literu za literaj i adrazu wuczy czytać ceły skład i słowa, skład pa składzi... Pakul paczniesz wuczyć czytać u nowym miejscy, praczytaj radu, szto drobnymi literami napisana[22].

"

Пасля знаёмства з пэўным гукам прапаноўваліся для чытання спачатку адкрытыя склады, аднаскладовыя і двухскладовыя словы, падзеленыя на склады, потым сказы і невялікія тэксты. Знаёмства з друкаванай (розных шрыфтоў) і рукапіснай (малой і вялікай) літарамі праводзілася паралельна з выдзяленнем гуку. Парадак вывучэння гукаў і літар быў такі: а, э, п, о, у, ы, м, б, т, я, е, ю, йо, ц, н, л, в, к, п, з, д, с, г, х, ж, да, дж, р, ш, ч, ў, ь.

Паводле сваёй лексікі буквар быў блізкі да жывой народнай мовы — сярэднебеларускіх гаворак. У ім у якасці вучэбнага матэрыялу выкарыстоўвалася шмат прыказак, народных выслоўяў, параўнанняў. Змест тэкстаў быў звязаны з жыццёвым досведам дзяцей (пераважна з роднай прыродай).

3 дыдактычнай мэтай выкарыстоўваліся прадметныя малюнкі. Як заўважыў Рыгор Семашкевіч, усе ілюстрацыі, словы ці тлумачэнні гукаў абапіраліся на прыклады з жыцця беларускай вёскі, дзе жыла бальшыня беларускага насельнітва, што мусіла спрыяць лепшаму засваенню вучнямі зместу[23]. Гэтым мэтам служылі і тры кароткія апавяданні, якіх не было ў падручніку К. Промыка, напрыклад «Дзед і баба» — пераробка папулярнага верша Юзафа Крашэўскага.

У канцы кнігі даваліся самыя простыя звесткі з розных галін мовы: з фанетыкі — слова, склад, гук («зык»), галосныя («самагалосныя»), зычныя («сагалосныя») гукі; з графікі — літара, знак кароткасці ў літарах й, ў, знак націску, літары ь, ъ; з пунктуацыі — называліся «застановачныя» знакі і даваліся ўзоры іх графічнага абазначэння: кропка, двукроп’е, «закавыка» (коска), «кропка з закавыкай», клічнік, «пытаннік», «злуч», «працяжка», «чужаслоў», «недасказ»; з арфаграфіі — напісанне вялікай літары ў пачатку сказа, пасля кропкі, у імёнах і прозвішчах людзей, назвах гарадоў, мястэчак, вёсак, рэк, азёр. Прыводзіліся таксама лічбы ад 1 да 10. У канцы даваўся алфавіт, друкаваны лацінкай і кірыліцай. Некаторыя парады былі і на паасобных старонках.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Навіну пра выхад падручніка першай змясціла віленская газета «Наша доля» напачатку верасня 1906 года. «Беларускі лемантар» спаткаў зацікаўленасць спажыўцоў, аб чым сведчыць тое, што ён хутка знік з публічных абвестак выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца»[24].

Па гарачых слядах віленскі «Kurjer Litewski» змясціў на першай паласе каментарый, падпісаны крыптонімам, пад якім выступіў, відаць, рэдактар газеты Чэслаў Янкоўскі. З’яўленне лемантара «Kurjer Litewski» ацаніў станоўча. «Чаму ж беларусам нельга хаця б на пачатку XX стагоддзя заспяваць сваю „Багародзіцу“ або дачакацца сваіх Чалякоўскіх  (укр.), Колараў і Шафарыкаў, сваіх Даўконтаў і Валанчэўскіх? Лепей позна, як ніколі. Уласны, родны, нацыянальны лемантар! Гэта, калі казаць коратка, праменьчык уласнае культуры. Дык значыць, існуе і беларуская культура? Натуральна, тым больш, калі пад культурай мы будзем разумець непаўторнасць нацыянальнай сутнасці… Навучыцца чытаць і пісаць па-беларуску — гэта ж першы, найсвяцейшы нацыянальны абавязак кожнага беларуса», — рабіў выснову аўтар. Тым не менш журналіста не пакідала боязь за тое, куды будзе скіравана далейшае развіццё беларускага руху[9].

Выданне беларускага лемантара прыпала на час, калі попыт грамадства на беларускія кніжкі абудзіўся рэвалюцыйнымі падзеямі ў Расійскай імперыі. Але надзеі на дазвол расійскіх уладаў адкрыць афіцыйныя беларускія школы не спраўдзіліся, таму ў асобных мясцовасцях было арганізавана падпольнае навучанне. Пры гэтым аўтары мелі рашучы намер выдаць лемантар нават у нелегальных умовах і абудзіць цікавасць грамадства да сваёй ініцыятывы. Сярод сказаў, якія служылі матэрыялам для навучання чытаць, знайшоўся адзін, які выражаў стаўленне яго стваральнікаў да рэалізаванай задачы: «Яны бяруцца за гэта дзела і думаюць, што ім удасца яно». Гэтым «дзелам» было стварэнне агульнанацыянальнай беларускай мовы і яе папулярызацыя[25].

Выхад лемантара на дзесяцігоддзе апярэдзіў узнікненне першых беларускіх публічных школ, таму яго выкарыстанне абмяжоўвалася хатнім ужыткам, а таксама падпольнымі беларускімі школкамі[7]. Гэты падручнік упершыню ў гісторыі быў спробай акрэсліць асноўныя прынцыпы правапісу сучаснай беларускай мовы, прапаноўваў некаторыя лінгвістычныя тэрміны, а таксама спецыфічную графіку. Таму «Беларускі лемантар» служыў для пісьменнікаў і выдаўцоў хоць і не абавязковым, але адзіным да Першай сусветнай вайны свайго роду практычным дапаможнікам. Пры такім стане рэчаў значэнне падручніка можна разглядаць не толькі ў грамадскай і педагагічнай плоскасці, але таксама і ў кантэксце развіцця беларускага мовазнаўства[26].

Створаныя ў канцы 1904 — на пачатку 1905 гадоў першыя беларускія мовазнаўчыя тэрміны пазней былі дапрацаваны. Некаторыя з іх былі моцна зменены (напрыклад, «коска» замест «закавыка»), але бальшыня сталі трывалым набыткам беларускага мовазнаўства і былі прыняты ў такім жа гучанні («склад», «галосны», «клічнік» і інш.) ці толькі з фанетычнымі і марфалагічнымі зменамі, як напрыклад «пытаннік» — «пытальнік», «працяжка» — «працяжнік». Сфармуляваныя ў падручніку прынцыпы Яўхім Карскі назваў пачаткам спецыфічнага беларускага правапісу. Цягам часу яны былі развіты і ўдасканалены.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]