Беларускі полк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларускі полк (укр.: Білоруський полк) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная і вайсковая адзінка ў 1654—1659 гг. у складзе Гетманшчыны.

Самастойная адзінка[правіць | правіць зыходнік]

Беларускі полк як узброенае фарміраванне быў створаны ў 1654 г. з мясцовых жыхароў на тэрыторыі, занятай расійскім войскам падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. Заснавальнікам палка был праваслаўны шляхціч ВКЛ Канстанцін Юр’евіч Паклонскі, які ў ліпені 1654 г. прыбыў да рускага цара Аляксея Міхайлавіча і атрымаў дазвол на стварэнне казацкага фарміравання і якому быў прысвоены чын палкоўніка. Першымі салдатамі палка сталі каля 800 жыхароў горада Чавусы пасля яго добраахвотнага пераходу да рускіх.

Пасля здачы Магілёва (24 жніўня) увесь Магілёўскі павет быў перададзены Паклонскаму. Гэта значна падняло аўтарытэт палкоўніка ў мясцовага насельніцтва і ператварыла павет у сферу яго ўплыву. Камандны склад для палка камплектаваўся са шляхты, часам нават польскай. Так, адным з сотнікаў быў шляхціч Якавінскі, які прыняў праваслаўе. На падставе царскай граматы Паклонскаму, дадзенай 28 снежня 1654 года, і іншых актаў полк быў арганізаваны на казацкі манер. Акрамя палкоўніка, існавала яшчэ палкавая старшына: палкавы суддзя, палкавы есаул, палкавы сцяганосец, палкавы святар. Полк падзяляўся на сотні.

Да канца 1654 г. Беларускі полк налічваў каля 4 тысяч чалавек. Сумесна з украінскімі казакамі Залатарэнкі Беларускі полк перамог атрад Радзівіла, які вымушаны быў адступіць за Бярэзіну. У лютым 1655 г. Паклонскі перайшоў на польскі бок, але яго войска засталося верным прысязе і склала аснову абаронцаў Малага горада Магілёва ад войскаў Рэчы Паспалітай[крыніца?].

У складзе войска Залатарэнкі[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 1655 г. полк стаяў у Чавусах і двух войтаўствах Магілёўскага павета, якія служылі базай, на чале з наказным палкоўнікам Мацвеем Старынскім. У склад тэрыторыі яго палка ўваходзілі яшчэ гарады Чэрыкаў і Прапойск з навакольнымі сёламі. Пасля Мацвея Старынскага палкоўнікам быў К. Дзячэнка.

Камплектаванне казацкіх палкоў ішло за кошт беларускага насельніцтва. Парадзелы за зіму корпус Залатарэнкі ў сярэдзіне чэрвеня зноў дасягнуў 20 тысяч чалавек. Беларусы складалі значную частку казацкага корпуса, які паспяхова заняў цэнтральную і ўсходнюю частку цяперашняй тэрыторыі Беларусі. Да восені казакі выйшлі на Нёман і Заходні Буг.

У 1656 г. Беларускі полк у складзе Запарожскага войска значна пашырыў сваю тэрыторыю і набыў характар, блізкі да ўкраінскіх палкавых адзінак, ён складаўся з 19 соцень.

У 1658—1659 гг. у сувязі з перапыненнем баявых дзеянняў Беларускі полк быў ліквідаваны.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]