Беларускі працэс
«Белару́скі працэ́с» — сфабрыкаваная палітычная і крымінальная справа супраць кіраўнікоў беларускага нацыянальна-культурнага руху, настаўнікаў і інтэлігенцыі ў міжваеннай Латвіі, якая разглядалася ў 1924—1925 гадах у Дзвінску. Працэс стаў адным з найбольш гучных эпізодаў пераследу прадстаўнікоў беларускай дыяспары з боку латвійскіх улад да ўсталявання дыктатуры Карліса Улманіса[1][2].
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку 1920-х гадоў дзякуючы ліберальнаму заканадаўству Латвійскай Рэспублікі пачаўся бурны ўздым беларускага нацыянальнага жыцця ў Латгаліі. Адкрываліся дзясяткі беларускіх пачатковых школ, дзейнічалі гімназіі, ствараліся культурна-асветныя таварыствы (у прыватнасці, «Бацькаўшчына»). Значная актыўнасць беларускай інтэлігенцыі і рост яе ўплыву на мясцовае беларускамоўнае сялянства выклікалі насцярожанасць латвійскіх улад, якія бачылі ў гэтым патэнцыйную пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы[3].
Арышты і абвінавачванні
[правіць | правіць зыходнік]У сакавіку і красавіку 1924 года палітычная паліцыя Латвіі правяла серыю арыштаў сярод беларускага актыву па падазрэнні ў палітычнай «нядобранадзейнасці». На лаве падсудных апынуўся амаль увесь кіраўнічы склад латвійскіх беларусаў[1]. Сярод арыштаваных і прыцягнутых да следства былі такія вядомыя дзеячы, як кіраўнік Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы і лідар дыяспары Кастусь Езавітаў, дырэктар Люцынскай беларускай гімназіі Уладзімір Пігулеўскі, настаўнік Мікалай Талерка і іншыя педагогі[4][5].
Арыштаваным былі высунутыя цяжкія абвінавачванні ва ўдзеле «ў злачынным таварыстве ў Латгаліі, якое ставіла сабе на мэту сілаю адарваць ад Латвійскай дзяржавы тэрыторыю Дзвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускай дзяржавы»[5]. Акрамя абвінавачванняў у сепаратызме, падсудныя вінаваціліся ў падтрымцы сувязей з існуючымі за мяжой беларускімі палітычнымі і грамадскімі таварыствамі, вядзенні агітацыі супраць латвійскай улады і распаўсюджванні геаграфічных карт, на якіх частка тэрыторыі Латвіі была ўключана ў склад этнічнай Беларусі. Некаторых дзеячаў улады таксама беспадстаўна падазравалі ў сувязях з камуністамі[4].
Следства і суд
[правіць | правіць зыходнік]Следства па справе доўжылася больш за год. Галоўныя фігуранты справы правялі гэты час за кратамі. У прыватнасці, Кастусь Езавітаў прасядзеў у Дзвінскай турме 11 месяцаў[5]. Некаторыя іншыя настаўнікі (напрыклад, Мікалай Талерка) пасля кароткатэрміновага арышту былі адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе і змаглі часова працягнуць педагагічную дзейнасць[4].
22 снежня 1924 года частка абвінавачваемых настаўнікаў (у тым ліку М. Талерка) была цалкам апраўдана судом з-за поўнай адсутнасці доказаў іх віны. Судовы працэс над асноўнай групай кіраўнікоў беларускага руху і астатнімі фігурантамі адбыўся ў пачатку красавіка 1925 года ў Дзвінску. У выніку разгляду справы суд прызнаў абвінавачванні сфабрыкаванымі і апраўдаў дзеячаў, вызваліўшы іх з-пад варты[4].
Вынікі і наступствы
[правіць | правіць зыходнік]Нягледзячы на апраўдальны прысуд, «Беларускі працэс» меў сур'ёзныя наступствы для беларускай меншасці ў Латвіі. Пад уплывам судовага пераследу ў перыяд 1924—1925 гадоў назіраўся часовы, але адчувальны заняпад беларускага нацыянальна-культурнага жыцця і асветніцкай працы ў Латгаліі[2].
Некаторыя фігуранты справы зазналі адміністрацыйны ўціск ужо пасля вызвалення. Напрыклад, Уладзімір Пігулеўскі ў 1925 годзе ў выніку гэтага сфабрыкаванага працэсу быў пазбаўлены права займацца педагагічнай працай і страціў пасаду дырэктара Люцынскай гімназіі[6].
З іншага боку, палітычны пераслед згуртаваў беларускі актыў і прадэманстраваў яму неабходнасць больш актыўнага ўдзелу ў афіцыйным палітычным жыцці краіны. Падзеі 1924—1925 гадоў яскрава паказалі беларускім дзеячам, што абараніць свае інтарэсы і культурную аўтаномію можна толькі маючы ўласных прадстаўнікоў у органах дзяржаўнай улады і самакіравання. Менавіта пасля заканчэння працэсу Кастусь Езавітаў у 1925 годзе ініцыяваў стварэнне Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў з мэтай удзелу ў парламенцкіх выбарах у Сойм Латвіі[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 Грыбоўскі (выбары) 2018, с. 145.
- 1 2 Грыбоўскі (гімназія) 2023, с. 60.
- ↑ Грыбоўскі (выбары) 2018, с. 138.
- 1 2 3 4 Шыдлоўская 2018, с. 72—76.
- 1 2 3 Міхнюк 1996, с. 346.
- ↑ Міхнюк 1999.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Міхнюк У. Канстанцін Барысавіч Езавітаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Міхнюк У. Пігулеўскі Уладзімір // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Шидловская О. Николай Талерко — белорусский самородок Латгалии // Латыши и белорусы: вместе сквозь века : часопіс. — 2018. — В. 7. — С. 72—76.
- Грыбоўскі Ю. Удзел беларусаў у парламенцкіх выбарах у Латвіі (1922–1931) // Беларускі Гістарычны Агляд : часопіс. — 2018. — Т. XXV. — С. 136—171.
- Грыбоўскі Ю. Рыжская прыватная гімназія Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі: стварэнне і дзейнасць (1929–1936) // Латыши и белорусы: вместе сквозь века : часопіс. — 2023. — В. 12. — С. 58—74.