Беларускі рабочы клуб

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Афіша спектакля Трупы беларускіх артыстаў пад загадам Уладзіслава Галубка ў Беларускім рабочым клубе

Беларускі рабочы клуб — культурна-асветніцкая суполка, якая існавала ў 1920 годзе ў Мінску на Юраўскай вул., 19 і прапагандавала тэатральнае мастацтва. Пры клубе існавала драматычная, музычная і харавая секцыі, бібліятэка і курсы беларусазнаўства. Рэжысёрамі драматычнай секцыі былі Фларыян Ждановіч, Уладзіслаў Галубок і Васіль Сташэўскі. Перыядычна працаваў таксама ў 1921, у кастрычніку 1922 і некаторы час у 1923 годзе[1].

Першая пастаноўка клуба, «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, адбылася 1 красавіка 1920 года на вечары, прысвечаным паэту. Далей ішлі: «Суд» і «За мураванай сцяной» Ул. Галубка, «Міхалка» Далецкіх і інш[1].

Беларускі рабочы клуб быў часовай асноўнай базай для Трупы беларускіх артыстаў пад загадам Уладзіслава Галубка, якая пачала тут сваю дзейнасць 10 чэрвеня 1920 года прэм'ерай спектакля «Суд», пра які Уладзіслаў Галубок пазней пісаў:

10 жніўня памяшканне клуба было перапоўнена чырвонаармейцамі, якія прыйшлі з фронту пасля баёў адпачываць у Мінск. Усякія правілы парушаны, і замест 500 чалавек прысутнічаюць каля 1000[2].

Зноскі

  1. а б Шрубок, Л. А. Беларускі рабочы клуб // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн., 2002. — Т. 1. — С. 128. — 568 с.
  2. Галубок У. Творы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — С. 593—595.