Перайсці да зместу

Беларускі цэнтр у Літве

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускі цэнтр у Літве
Сфера дзейнасці палітычнае прадстаўніцтва, асвета, выдавецкая дзейнасць
Дата заснавання красавік 1923
Дата роспуску 1940
Лідар Вацлаў Ластоўскі
Клаўдзій Дуж-Душэўскі
Адам Станкевіч
Цэнтр Коўна (1923—1939)
Вільня (1939—1940)

Белару́скі цэнтр у Літве́ — беларуская грамадска-палітычная і культурна-асветніцкая арганізацыя, якая дзейнічала ў Літоўскай Рэспубліцы ў міжваенны час і ў пачатку Другой сусветнай вайны.

Ковенскі перыяд (1923—1939)

[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыя была заснавана ў красавіку 1923 года ў Коўне на базе закрытага літоўскімі ўладамі Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У першы перыяд свайго існавання (1923—1927) арганізацыя займалася перакладам на беларускую мову і выданнем навуковай літаратуры і школьных падручнікаў. Сярод іншага, у 1926 годзе была выдадзена манументальная праца «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». Кіраўнікамі цэнтра ў гэты час з'яўляліся Вацлаў Ластоўскі, Клаўдзій Дуж-Душэўскі і Антон Матач. Пасля ад'езду В. Ластоўскага ў БССР у сакавіку 1927 года дзейнасць цэнтра была спынена[1].

Беларускі цэнтр аднавіў сваю дзейнасць 22 лютага 1933 года пры Міністэрстве замежных спраў Літвы[1]. У 1930-я гады цэнтр групаваўся вакол К. Дуж-Душэўскага і прытрымліваўся пралітоўскай арыентацыі, шчыльна супрацоўнічаючы з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй (БХД). У гэты час арганізацыя была нешматлікай і складалася пераважна з былых актывістаў Рады БНР у эміграцыі, якія вырашылі застацца ў Літве пасля 1923 года[2].

Віленскі перыяд (1939—1940)

[правіць | правіць зыходнік]

Сітуацыя кардынальна змянілася пасля падзей кастрычніка 1939 года, калі паводле савецка-літоўскага дагавора Вільня і частка Віленскага края былі перададзены Літве. Беларускі цэнтр адыграў галоўную ролю ў кансалідацыі беларускай меншасці ў новых умовах, і да яго вырашыла далучыцца група стваральнікаў газеты «Крыніца»[3].

23 лістапада 1939 года ў Коўне на кватэры К. Дуж-Душэўскага (па вуліцы Аўшрас, 47) адбыўся надзвычайны сход членаў арганізацыі. На ім быў абраны новы склад прэзідыума, у якім ключавыя пасады занялі прадстаўнікі віленскіх беларусаў. Старшынёй стаў ксёндз Адам Станкевіч, сакратаром — Адольф Клімовіч, скарбнікам — Янка Шутовіч. Іншымі членамі кіраўніцтва сталі прадстаўнікі Коўна Васіль Барысовіч і Антон Матач. 6 снежня 1939 года офіс Беларускага цэнтра быў перанесены ў Вільню ў будынак па Завальнай вуліцы, 1-2, дзе таксама размяшчалася друкарня імя Ф. Скарыны. З гэтага моманту А. Станкевіч стаў неаспрэчным лідарам беларускай супольнасці ў Літве, а К. Дуж-Душэўскі фактычна адышоў ад грамадскага і палітычнага жыцця[3].

У Вільні Беларускі цэнтр імкнуўся ахапіць сваёй дзейнасцю ўсе сферы жыцця беларускай супольнасці. Арганізацыя сканцэнтравалася на вырашэнні сацыяльных пытанняў: аказвала матэрыяльную дапамогу найбольш бяднейшым прадстаўнікам супольнасці, арганізоўвала курсы літоўскай мовы і праводзіла рэгістрацыю беспрацоўных (як прафесіяналаў, так і некваліфікаваных рабочых), спрабуючы дапамагчы ім працаўладкавацца праз літоўскія біржы працы і Чырвоны Крыж. Вялася інтэнсіўная культурная, навуковая і выдавецкая дзейнасць. У студзені 1940 года цэнтр урачыста адзначыў 25-гадовы юбілей святарскай дзейнасці А. Станкевіча, выдаўшы з гэтай нагоды спецыяльны юбілейны зборнік пад рэдакцыяй Я. Шутовіча. Акрамя газеты «Крыніца», цэнтр друкаваў розныя кнігі і брашуры[4].

10 чэрвеня 1940 года Беларускі цэнтр у Літве накіраваў у Кабінет Міністраў Літоўскай Рэспублікі вялікі і падрабязны мемарандум па беларускім пытанні. Дакумент змяшчаў канкрэтныя патрабаванні і прапановы да літоўскіх улад. У галіне адукацыі цэнтр патрабаваў забяспечыць навучанне на беларускай мове для ўсіх дзяцей, чыёй роднай мовай з'яўляецца беларуская (незалежна ад запісу аб нацыянальнасці ў пашпартах бацькоў), а таксама стварыць спецыяльны Дэпартамент беларускіх школ пры Міністэрстве адукацыі. У рэлігійнай сферы патрабавалася больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы ў касцёлах і семінарыі, прызначэнне біскупа-суфрагана з ліку беларускага духавенства, а таксама аднаўленне аўтакефаліі Праваслаўнай царквы і арганізацыя курсаў для праваслаўнага святарства. Сярод іншых патрабаванняў былі: пашырэнне беларускамоўнага радыёвяшчання да 45 хвілін у дзень, увядзенне беларускай мовы як дапаможнай у адміністрацыі на этнічна беларускіх тэрыторыях, вырашэнне праблем з атрыманнем літоўскага грамадзянства і пашпартоў, пашырэнне радыкальнай зямельнай рэформы на Віленскі край і афіцыйная дзяржаўная падтрымка беларускіх кааператываў[5].

Мемарандум так і не быў разгледжаны літоўскімі ўладамі з-за хуткай інкарпарацыі Літвы ў склад СССР улетку 1940 года, пасля чаго дзейнасць Беларускага цэнтра была канчаткова спынена[6].

  1. а б Беларуская Энцыклапедыя 1996, с. 461.
  2. Błaszczak 2017, с. 167.
  3. а б Błaszczak 2017, с. 172.
  4. Błaszczak 2017, с. 172—173.
  5. Błaszczak 2017, с. 175—176.
  6. Błaszczak 2017, с. 176.