Беларусы ў Брысбене

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Беларусы ў Брысбене арганізавана з’яўляюцца ў 1949 годзе. Такім чынам, Брысбен стаў адным з першых асяродкаў беларускага грамадскага жыцця ў Аўстраліі. Ён гэтакім стаў яшчэ падчас працы беларусаў паводле кантрактаў на цукровых плантацыях і прадпрыемствах Квінсленда[1]. Але тутэйшае беларускае жыццё заняпала ўжо ў другой палове 1950-х гадоў[2].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

29 лістапада 1949 года ў лагеры Батгурсце была агучаная ідэя стварэння Задзіночання Беларускіх Ветэранаў. У лютым 1950 года ў Брысбене быў створаны першы аддзел Задзіночання, які 25 сакавіка легалізавала Міністэрства іміграцыі[1]. На чале арганізацыі ў 1950-х стаялі тутэйшыя Данат Яцкевіч і Янка Гавенчык[3].

З 1950 года ў Брысбене пачалося актыўнае грамадска-культурнае жыццё беларусаў. Тут знаходзілася Галоўнае Кіраўніцтва ветэранаў. Рэгулярна святкаваліся 25 Сакавіка і Слуцкі збройны чын. Таксама рэгулярна збіраліся ахвяраванні на «Дар Сакавіка», у гонар чаго быў выпушчаны значок з такой назвай[1].

28 кастрычніка 1950 года інжынер Анатоль Шкутка заснаваў тутэйшы аддзел Беларускага Аб’еднання ў Аўстраліі, але пра дзейнасць гэтага аддзела звестак няма[2].

12—17 сакавіка 1951 года у горадзе праходзіла міжнацыянальная выстава, на якой Задзіночанне Беларускіх Ветэранаў арганізавала беларускі павільён[3].

З 1952 года ў Брысбене выдаваўся часопіс «Łučnik». Таксама ў горадзе была арганізаваная газета «Бацькаўшчына» і часопіс «Божым Шляхам»[3].

23 лістапада 1952 года ў Брысбене было заснаванае Праваслаўнае Брацтва Святога Юрыя (БАПЦ) пад уладай архіяпіскапа Сяргея (Ахатэнкі), які тады жыў у Сіднеі. Ва ўправу брацтва былі абраныя Юрый Яцкевіч і Анатоль Галіда[3], якія меркавалі развіваць царкоўнае жыццё ў Брысбене[2].

У 1953 годзе ў Задзіночання з’явілася друкарня, у якой пабачыў свет насценны каляндар на 1954 год і серыі віншавальных паштовак з выявамі беларускіх гістарычных асоб і святых. У тым жа годзе Задзіночанне наладзіла трансляцыю на мясцовым радыё беларускай музыкі і звестак пра Беларусь[3].

У 1954 годзе ў быў арганізаваны беларускі драматычны гурток і ансамбль беларускай песні[1].

У 1957 годзе Брацтва выдала на Каляды першы нумар місіянерскага лістка «Вернік», выдаўцом якога пазначаны Мадэст Яцкевіч. Ужо ў 1958 годзе лісток змяніў адрас на Мельбурн і далейшы ягоны шлях невядомы[2].

У 1956—1957 гадах беларускае жыццё ў Брысбене спыняецца. Даследчык Наталля Гардзіенка звязвае гэта з пераездам Даната Яцкевіча ў Мельбурн у 1956 годзе і пераездам Янкі Гавенчыка ў Сідней ў 1955 годзе. Таксама менш актыўныя беларусы маглі трапіць пад уплыў тутэйшых расейцаў або абруселых імігрантаў[3].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 52.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 54.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 53.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]