Перайсці да зместу

Беларусы ў Вільні

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Белару́сы ў Ві́льні — гісторыя існавання, палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця беларускай супольнасці ў Вільні (сучаснай сталіцы Літвы). Вільня гістарычна была адным з найважнейшых цэнтраў фарміравання беларускага этнасу, развіцця старабеларускай культуры, а пазней — цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння. Для апісання гістарычнай і сучаснай беларускай прысутнасці ў горадзе ўжываюць паняцце Белару́ская Ві́льня.

Сярэднявечча і часы Вялікага Княства Літоўскага

[правіць | правіць зыходнік]

На думку Казімераса Бугі, славяне-крывічы з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Вільні яшчэ ў VI—VII стагоддзях і жылі цераспалосна з мясцовым балцкім насельніцтвам. У XI—XII стагоддзях тут было заснаванае крывічамі гарадское паселішча, пазней вядомае як Крывы горад (у літаратуры часта «Крывіч-горад»), паводле славянскай традыцыі, не ўмацаваныя паселішчы вакол «горада» называліся Вільняй ад аднайменнай ракі. Магчыма, у другой палове XI стагоддзя горад стаў цэнтрам Віленскага княства, феадальнага удзела Полацкай зямлі. Паводле Васкрасенскага летапісу XVI ст., пасля высылкі полацкіх князёў у 1129 годзе, вільняне запрасілі да сябе на княжанне сыноў полацкага князя Расціслава Рагвалодавіча з Візантыі. У XIX ст. Адам Кіркор зрабіў выснову, што Расціслаў Рагвалодавіч княжыў у Вільні з 1070-х гадоў, за Кіркорам гэта паўтаралі многія аўтары, у тым ліку Мікола Ермаловіч у артыкулах ЭГБ, БЭ і іншых, аднак, такая датыроўка храналагічна неверагодная. Сярод тагачасных жыхароў пераважала ўсходнеславянскае насельніцтва, таксама жылі тубыльцы-аўкштайты[1][крыніца?].

Археалагічныя даследаванні выявілі ў Старым горадзе, па вуліцы Бакшта, хрысціянскі грунтавы могільнік другой паловы XIII — пачатку XIV стагоддзяў з пахаваннямі абрадам інгумацыі (трупапакладання), пераважна галавой на захад, што ўласціва ўсходнехрысціянскай традыцыі. Сярод знаходак у жаночых пахаваннях — галаўныя вянцы з металічных бляшак, традыцыя якіх прыйшла з паўднёвай Русі праз Панямонне. Таксама ў могільніку выяўлены пахаванні мужчын са слядамі сечаных ран вострай металічнай зброяй, што можа сведчыць пра ўдзел у баявых дзеяннях, на думку Рыціса Ёнайціса, у абароне горада[2]. Хрысціянскія могілкі сведчаць пра значную прысутнасць славянскага або рутэнізаванага насельніцтва ў Вільні да афіцыйнага прыняцця каталіцтва ў 1387 годзе[3].

У апісанні вялікага крыжацкага паходу 1383 года Віганд з Марбурга ўжывае да Вільні азначэнне Civitas Ruthenica (Рускі горад). Літоўскія даследчыкі схільны бачыць у азначэнні асобны квартал у Вільні, заселены «рускім» насельніцтвам, яны пераносяць назву «Рускі горад» (а таксама «Рускі канец»), на вядомую з XVII ст. юрыдыку ўніяцкіх мітрапалітаў і такім чынам абмяжоўваюць славянскую прысутнасць да канца XIV ст. у Вільні невялікім кварталам у пазнейшым Старым горадзе, на ўсход ад Замкавай і Вялікай вуліц. Беларускі гісторык Генадзь Сагановіч адзначае, што апавяданне Віганда вельмі агульнае і з яго не вынікае вузкай трактоўкі Civitas Ruthenica як квартала, азначэнне можна разумець і як характарыстыку ўсёй Вільні таго часу як «рускага» горада[4].

У 1471 годзе пскоўскае пасольства апісала вялікі пажар у Вільні, у ноч на нядзелю 31 сакавіка, калі згарэў увесь «Ляцкі канец» з 400 дварамі і «бажніцамі», ледзь не згарэў «сам град Вільна» (замак), так што кароль Казімір са сваім дваром і скарбам «па поле выбег», але божай міласцю застаўся цэлы «Рускі канец» з дварамі і цэрквамі, хаця яго з «Ляцкім канцом» раздзяляла толькі вуліца з «Латынскім дваром»[5].

План Мітрапаліцкай юрыдыкі ў Вільні, 1672 год.

Юрыдыка праваслаўных (а пазней уніяцкіх) мітрапалітаў у Вільні захоўвалася да канца XVIII стагоддзя [6].

Прачысценскі сабор з інвентара XVII паводле перамалёўкі У. Гразнова. 1870 г.

У часы княжання Гедзіміна (1316—1341) Вільня стала сталіцай ВКЛ. Беларусы складалі значную частку насельніцтва горада, што адбівалася на рэлігійным і культурным жыцці. З 1416 года ў Вільні знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта. Станам на 1511 год ў Вільні вядома 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага насельніцтва[1][7][8]. Пасля атрымання Магдэбургскага права і фарміравання магістрата (з 1432) гарадская рада складалася з 24 райцаў і 12 бурмістраў, якія парытэтна дзяліліся на дзве часткі: «лавіцу рускую» (для праваслаўных, пазней — уніятаў) і «лавіцу рымскую» (для каталікоў)[7].

Надгробак віленскага бурмістра Апанаса Брагі і яго сына ў царкве Св. Тройцы манастыра базыльянаў мае кірылічную эпітафію.

Старабеларуская мова была афіцыйнай дзяржаўнай мовы і сродкам міжнацыянальных зносін[1][6]. У пісьмовых крыніцах XVI—XVII стагоддзяў, у прыватнасці ў дакументах Маскоўскай дзяржавы, жыхары Вільні ўсходнеславянскага паходжання часта самаідэнтыфікаваліся або запісваліся як «ліцвіны». Напрыклад: «виленский гость литвин Дема Матвеев» (1555) ці «литвин Агейка Родионов, Виленского повету» (1657). У палемічным трактаце «Палінодыя» (1621—1622) кіеўскага архімандрыта Захарыі Капысценскага Вільня прама называецца «местам беларускім»[9].

У часы Вялікага Княства Літоўскага Вільня з'яўлялася шматнацыянальным і шматканфесійным горадам. У XIV—XVII стагоддзях яго жыхары ў штодзённым жыцці размаўлялі на «рускай» (старабеларускай), польскай, літоўскай, нямецкай мовах, а таксама на ідышы. Мясцовыя татары першапачаткова карысталіся сваёй мовай, аднак ужо да пачатку XVII стагоддзя ў выніку асіміляцыі перайшлі ў гутарковай практыцы на старабеларускую і польскую мовы[10]. Паводле справаздач гданьскіх купцоў, якія прыбылі ў сталіцу ў 1492 годзе для сустрэчы з вялікім князем Казімірам Ягелончыкам і Панамі-Радай, падчас перамоў яны сутыкаліся з польскай, літоўскай і старабеларускай («Reuszch») мовамі[11][12].

Унікальнай асаблівасцю дакументальнай культуры горада быў шрыфтавы плюралізм: адначасова выкарыстоўваліся пяць розных алфавітаў[10]. Гэтая разнастайнасць адлюстроўвалася ў юрыдычнай практыцы: у судовых кнігах Вільні нярэдка сустракаюцца дакументы, дзе асноўны тэкст напісаны кірылічным скорапісам па-старабеларуску або па-польску, а подпісы сведак пакінуты на ідышы ці арабскай вяззю[10].

Старабеларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай мовы і асноўнага сродку пісьмовай камунікацыі ў судах (гродскім, земскім, трыбунальскім)[10]. Яе пісьмовая норма мела выразны канцылярскі характар, аднак яна ўбірала ў сябе і мясцовую лексіку[13][12].



Першы аркуш Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года на старабеларускай мове, выдадзенага ў віленскай друкарні Мамонічаў
Евангелле, выдадзенае ў 1644 годзе ў Віленскай брацкай друкарні

Вільня адыграла ключавую ролю ў развіцці беларускага кнігадрукавання. У пачатку XVI стагоддзя беларускі першадрукар Францыск Скарына абсталяваў тут друкарню, дзе выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Яго паслядоўнік Пётр Мсціславец у 1569 годзе заснаваў у горадзе друкарню з кірылічным шрыфтам. Таксама дзейнічала друкарня Мамонічаў, якая выпускала рэлігійную літаратуру, падручнікі і дзяржаўныя законы, у тым ліку Статут ВКЛ 1588 года. З канца XVI стагоддзя працавала Віленская брацкая друкарня і іншыя выдавецтвы[1][6].

З канца XVI стагоддзя, на фоне абвастрэння міжканфесійных супярэчнасцей пасля Берасцейскай уніі (1596), горад стаў цэнтрам выдання палемічнай літаратуры. Віленскае праваслаўнае брацтва і яго друкарня, якая дзейнічала пры Свята-Духаўскім манастыры, былі галоўнымі абаронцамі праваслаўя. Пры гэтым, змагаючыся за ўплыў на адукаваныя слаі грамадства і спрабуючы данесці свае аргументы да апанентаў (у першую чаргу езуітаў), праваслаўныя інтэлектуалы часта звярталіся да польскай мовы[10].

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]
Мемарыяльна шыльда Кастусю Каліноўскаму на сцяне касцёла Святога Духа ў Вільні

Пасля далучэння да Расійскай імперыі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Вільня заставалася важным цэнтрам інтэлектуальнага жыцця. У пачатку XIX стагоддзя тут дзейнічалі патрыятычныя таварыствы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў і «прамяністых». З горадам цесна звязаны жыццё і дзейнасць такіх выдатных выхадцаў з беларускіх зямель, як А. Міцкевіч, Я. Чачот, Т. Зан, А. Кіркор, С. Манюшка, Ф. Багушэвіч. Падчас паўстання 1863—1864 гадоў у горадзе працаваў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 сакавіка 1864 года на Лукішскай плошчы расійскія ўлады пакаралі смерцю кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага[1], нацыянальнага героя Беларусі.

Пасля падаўлення паўстання расійская ўлада пачала разглядаць Вільню як цэнтр «Паўночна-Заходняга края», які афіцыйна абвяшчаўся «спрадвечна рускім». Пад кіраўніцтвам генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва ў горадзе пачалася жорсткая палітыка русіфікацыі і «дэпаланізацыі». Для абгрунтавання расійскага кантролю над Вільняй у 1864 годзе была створана Віленская археаграфічная камісія, якой даручалася публікаваць гістарычныя дакументы (прывілеі і акты), што даказвалі б дамінаванне праваслаўнага («рускага») элемента ў мінулым горада і края[14]. Адначасова расійская статыстыка пачала наўмысна маніпуляваць лічбамі: напрыклад, у этнаграфічных атласах А. Ф. Рыціха каталіцкае насельніцтва Віленшчыны часта адвольна перапісвалася то ў літоўцаў, то ў беларусаў дзеля змяншэння долі палякаў[15][14].

Нягледзячы на забарону публічнага выкарыстання польскай мовы і абмежаванні для каталікоў, афіцыйная стаўка на «рускасць» нечакана паспрыяла абуджэнню беларускай ідэнтычнасці сярод мясцовай інтэлігенцыі, якая не хацела атаясамліваць сябе ні з маскоўскай Расіяй, ні з Польшчай[16].

Супрацоўнікі і наведнікі газеты «Наша Ніва» каля будынку рэдакцыі на Завальнай вуліцы ў Вільні. 1910-я гг.

Нягледзячы на тое, што беларускае грамадства на мяжы XIX і XX стагоддзяў было пераважна сялянскім і не мела ўласнай значнай інтэлігенцыі ці буржуазіі, Вільня стала фактычным цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння[1][8]. Ужо на пачатку XX стагоддзя тут дзейнічалі музычна-драматычны гурток і беларуская тэатральная трупа Ігната Буйніцкага[1]. Тэатр стаў адным з першых месцаў, дзе беларуская мова гучала публічна[8]. З горадам звязана дзейнасць такіх паэтэс і актывістак, як Цётка (Алаіза Пашкевіч), Зоська Верас і Наталля Арсеннева[8].

У 1902—1903 гадах культурна-асветніцкія гурткі беларускай моладзі ўдзельнічалі ў стварэнні Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), першы нелегальны з’езд якой адбыўся ў Вільні ў снежні 1903 года[8]. З 1906 года ў горадзе пачалі выходзіць першыя легальныя беларускія газеты «Наша доля» (неафіцыйны орган БСГ, наклад якой часткова канфіскоўваўся паліцыяй[8]) і «Наша Ніва». Апошняя стала эпіцэнтрам беларускага жыцця: вакол яе згуртаваліся гісторыкі, філолагі і пісьменнікі, у тым ліку Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, А. Гарун, К. Буйло, З. Бядуля, Ядвігін Ш. і іншыя[1][8]. Да 1912 года «Наша Ніва» выходзіла як кірыліцай, так і лацінкай[8]. Пазней выходзіў часопіс «Саха».

Дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, таварыства «Наша хата». Многія беларускія кнігі і газеты друкаваліся ў друкарні Марціна Кухты, дзе ў 1910 годзе выйшла першая «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага[8]. 12 лютага 1910 года ў клубе чыгуначнікаў адбылася гістарычная Першая беларуская вечарынка[1]. Значную ролю ў кантактах інтэлігенцыі розных нацыянальнасцяў адыгрывалі віленскія масонскія ложы: у прыватнасці, ложа «Еднасць», з якой у 1915 годзе вылучылася ложа «Бяларусь»[8].

Першая сусветная вайна і абвяшчэнне БНР

[правіць | правіць зыходнік]
Удзельнікі Беларускай канферэнцыі. 1918 г.

Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе горад быў акупаваны нямецкімі войскамі. Рэдакцыя «Нашай Нівы» спыніла існаванне, але беларускія дзеячы, якія засталіся ў горадзе (Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі), працягвалі працу. Першапачаткова яны выказвалі ідэю аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у Вільні. У гэты перыяд былі створаны Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, былі адкрыты беларускія школы, гімназія і настаўніцкія курсы[8]. Прайшла Беларуская канферэнцыя (1918), выдавалася газета «Гоман»[1][8], у якой В. Ластоўскі ў 1917 годзе ўпершыню сфармуляваў лозунг незалежнай і непадзельнай Беларусі[8].

Святкаванне ўгодак абвяшчэння БНР у Віленскай беларускай гімназіі. 1935 г.

Нягледзячы на тое, што 16 лютага 1918 года Літоўская Тарыба абвясціла Вільню сталіцай Літвы, беларусы працягвалі лічыць горад адным з цэнтраў свайго руху[8]. У артыкуле «Два цэнтры» (красавік 1918 года) Антон Луцкевіч пісаў, што хоць палітычным цэнтрам становіцца Менск, Вільня застанецца духоўнай і культурнай сталіцай Беларусі[8]. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вільня абвяшчалася часткай тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў горадзе адкрылася Віленская беларуская гімназія.

У палітычных і тэрытарыяльных праектах дзеячаў беларускага нацыянальнага руху Вільня безагаворачна разглядалася як гістарычны і культурны цэнтр Беларусі. Так, пры падрыхтоўцы тэрытарыяльных прэтэнзій БНР для Парыжскай мірнай канферэнцыі, беларускі бок абапіраўся на «Этнаграфічную карту беларускага племені» (1903) акадэміка Я. Ф. Карскага. Згодна з ёй, беларускамоўнае насельніцтва ўтварала шчыльнае кола вёсак вакол Вільні, хоць у самім горадзе колькасна пераважалі яўрэі і палякі[17][18].

Беларускія палітыкі, у тым ліку старшыня ўрада БНР Антон Луцкевіч, катэгарычна не згаджаліся з прэтэнзіямі Літвы на Віленшчыну. На створанай у 1919 годзе «Карце Беларускай Народнай Рэспублікі», выдадзенай у Берліне паўночна-заходняя мяжа БНР была праведзена такім чынам, каб Вільня і стратэгічная чыгунка ад яе да Дынабурга (Даўгаўпілса) заставаліся выключна беларускімі[18]. Беларусы-краёўцы (напрыклад, Эдвард Вайніловіч) таксама настойвалі, што ў выпадку немагчымасці стварэння агульнай літоўска-беларускай дзяржавы, Вільня павінна належаць Беларусі, бо этнічных літоўцаў у горадзе практычна не было[19].

У канцы 1918 года ўрад БНР і Народны Сакратарыят актыўна дзейнічалі ў Вільні, арганізуючы рэгістрацыю беларускіх грамадзян і выдачу першых нацыянальных пасведчанняў і пашпартоў, каб абараніць мясцовае насельніцтва ад рэпрэсій з боку нямецкай акупацыйнай адміністрацыі і мабілізацыі ў польскія легіёны[20].

Пасля прыходу савецкіх войскаў горад кароткі час, з лютага па красавік 1919 года, быў сталіцай аб’яднанай Літбел ССР[1]. У кастрычніку 1920 года Вільню занялі польскія войскі генерала Л. Жалігоўскага. У падрыхтоўцы гэтага бунту і стварэнні марыянетачнай Сярэдняй Літвы ўдзельнічалі некаторыя беларускія дзеячы, у тым ліку Браніслаў Тарашкевіч, які спадзяваўся на падтрымку беларускай аўтаноміі. Урад Сярэдняй Літвы нават фінансаваў беларускую асвету[8]. У 1922 годзе Віленшчына была інкарпаравана ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі.

Міжваенны перыяд у складзе Заходняй Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]
«Літаратурная гарбатка» на кватэры Антона Неканды-Трэпкі ў Вільні, 1936 год
Галоўная ўправа Таварыства беларускай школы

У пачатку 1920-х гадоў жыццё беларускай супольнасці знаходзілася пад пільным наглядам польскай палітычнай паліцыі. Нягледзячы на ціск, у горадзе працягваў дзейнічаць Беларускі нацыянальны камітэт. Паводле паліцэйскіх справаздач 1924 года, неафіцыйным каардынатарам усяго беларускага руху ў Вільні з'яўляўся Антон Луцкевіч, які застаўся ў горадзе на ўмовах лаяльнасці да польскіх улад, але захоўваў шырокія кантакты і ўплыў[21]. Важным цэнтрам згуртавання была Віленская беларуская гімназія, дырэктарамі якой у гэты перыяд працавалі Міхаіл Кахановіч, а пазней Радаслаў Астроўскі[21]. Вялікую ролю ў падтрымцы беларускага друку ў гэты час адыграў яўрэйскі выдавец і мецэнат Барыс Клецкін, у друкарні якога выдаваліся беларускія кнігі і падручнікі, і які служыў звязуючым звяном паміж віленскімі і мінскімі палітычнымі коламі[21].

У 1920—1930-я гады Вільня была галоўным палітычным і інтэлектуальным цэнтрам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Тут знаходзіўся цэнтр для тых беларусаў, якія крытычна ацэньвалі палітыку Савецкай Беларусі і спадзяваліся на падтрымку з боку Польшчы. Аднак неўзабаве наступіла расчараванне польскай палітыкай[8]. У сярэдзіне 1920-х гадоў у горадзе дзейнічалі шматлікія беларускія палітычныя арганізацыі, сярод якіх вылучаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў, а таксама самая масавая палітычная арганізацыя — Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ) на чале з Б. Тарашкевічам[8]. Вялікую асветніцкую працу вялі ўправа Таварыства беларускай школы (ТБШ), Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. Працаваў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, у якім збіраліся ўнікальныя артэфакты беларускай гісторыі і культуры[1].

Турэмны здымак Максіма Танка ў час зняволення на Лукішках. 1932 год

У гэты час выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў розных палітычных кірункаў (ад хрысціянскіх дэмакратаў да камуністаў). Асабліва доўга выходзіла газета хрысціянскіх дэмакратаў «Беларуская крыніца» (1925—1937)[8]. У горадзе жылі і працавалі выдатныя дзеячы: А. Луцкевіч, М. Гарэцкі, Б. Тарашкевіч, У. Самойла, святар А. Станкевіч, кампазітар Р. Шырма, дырыжор Г. Цітовіч, мастакі П. Сергіевіч, Я. Драздовіч, паэты М. Танк, Н. Арсеннева і іншыя[1].

Адсутнасць зямельнай рэформы і абмежаванні для беларускай асветы прывялі да радыкалізацыі палітыкаў. Многія пад уплывам працэсаў беларусізацыі ў БССР перайшлі на камуністычныя пазіцыі, што выклікала рэпрэсіі з боку польскіх улад. У 1927 годзе была ліквідавана Грамада[8].

Значным асяродкам інтэлектуальнага жыцця заставаўся Універсітэт Стэфана Баторыя. Нягледзячы на тое, што ўніверсітэт ствараўся перш за ўсё як апірышча польскай культуры, у ім існавалі магчымасці для беларусазнаўчых даследаванняў. З 1930 года там працаваў лектарат беларускай мовы пад кіраўніцтвам доктара Яна Станкевіча. Пры ўніверсітэце дзейнічала Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Студэнты і навукоўцы (напрыклад, Мар’ян Пецюкевіч, Генадзь Цітовіч, Станіслаў Станкевіч) актыўна займаліся зборам фальклору і дыялекталагічнымі даследаваннямі пад куратарствам польскіх прафесараў[22]. Пры факультэце права сфарміравалася віленская школа гісторыі ВКЛ, дзе над старажытнымі помнікамі права і гісторыяй рэгіёна працавалі такія даследчыкі, як Севярын Віславух, Генрык Лаўмянскі, Ян Адамус, Аліна Ваўрынчыкава і Станіслаў Заянчкоўскі[22][23].

У 1930-я гады рэпрэсіі ўзмацніліся: у 1936 годзе былі зачынены Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры і ТБШ. Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Вільні не засталося ніводнай беларускай пачатковай школы і газеты, працягвалі працаваць толькі Віленская гімназія і Беларускі музей[8]. Тым не менш, роля Вільні як цэнтра культуры толькі ўзрастала на фоне масавых сталінскіх рэпрэсій супраць інтэлігенцыі ў БССР[8].

Другая сусветная вайна і савецкі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]
Газета «Віленская праўда»

19 верасня 1939 года Вільня была занята часцямі Чырвонай Арміі. Нягледзячы на чаканні беларускіх дзеячаў, горад не быў далучаны да Беларускай ССР[8]. Першыя тыдні горад знаходзіўся ў беларускай савецкай арбіце: пачала выходзіць газета «Віленская праўда», праходзілі масавыя мітынгі за далучэнне горада да Беларускай ССР, імкліва пашыралася беларускамоўная школьная адукацыя. Савецкія ўлады прыслалі з Мінска эмісара Івана Клімава для ідэалагічнай працы з мясцовай беларускай інтэлігенцыяй[24]. Аднак ілюзіі хутка развеяліся: яшчэ да афіцыйнай перадачы горада Літве органы НКУС пачалі масавыя арышты. Былі рэпрэсаваны і вывезены з горада ключавыя дзеячы беларускага руху, сярод якіх А. Луцкевіч, У. Самойла, А. Неканда-Трэпка, Янка Пазняк, Макар Краўцоў, праваслаўны святар В. Багдановіч, якія пазней загінулі ў савецкіх турмах і лагерах[24].

10 кастрычніка 1939 года СССР падпісаў з Літвой дагавор, паводле якога Вільня і частка Віленскага края перадаваліся Літоўскай Рэспубліцы узамен на размяшчэнне савецкіх вайсковых баз. Старшыня Рады БНР В. Захарка накіраваў афіцыйны пратэст супраць гэтага акта. Пасля пераходу горада пад літоўскі кантроль беларусы сталі трэцяй па велічыні этнічнай групай на далучанай тэрыторыі (каля 13,7 % або звыш 75 тысяч чалавек)[24]. Аднак жорсткія законы аб літоўскім грамадзянстве пазбавілі многіх беларусаў, якія пераехалі ў Вільню ў міжваенны час, магчымасці легальна працаваць. У выніку гэтага адбыўся масавы адток беларускай інтэлігенцыі і моладзі ў Савецкую Беларусь: каля 80 % вучняў і настаўнікаў Віленскай беларускай гімназіі, у тым ліку яе віцэ-дырэктар Барыс Кіт, з'ехалі ў БССР, пераважна ў Навагрудак[24]. З-за недахопу вучняў і педагагічных кадраў гімназія была паніжана ў статусе да прагімназіі, новым дырэктарам быў прызначаны ксёндз А. Станкевіч[24].

Літоўскія ўлады скасавалі рэгістрацыю ранейшых арганізацый. Перарэгістрацыю першапачаткова здолелі прайсці толькі Беларускі студэнцкі саюз і Беларускае навуковае таварыства пад кіраўніцтвам доктара Баляслава Грабінскага. Менавіта апошняму было даручана апекавацца Беларускім музеем, які быў фармальна падпарадкаваны каўнаскаму Музею культуры Вітаўта Вялікага і адкрываўся для наведвальнікаў толькі на дзве гадзіны на тыдзень[24]. Каб захаваць і скаардынаваць нацыянальнае жыццё, у снежні 1939 года ў Вільню з Каўнаса перамясцілася кіраўніцтва арганізацыі «Беларускі цэнтр у Літве» на чале з А. Станкевічам і Адольфам Клімовічам. Цэнтр дапамагаў беспрацоўным, арганізоўваў курсы літоўскай мовы і пры падтрымцы літоўскіх колаў аднавіў выданне беларускай газеты «Крыніца», якая друкавалася ў друкарні імя Ф. Скарыны[24].

У жніўні 1940 года Літва была інкарпаравана ў склад СССР.

Адна з залаў Беларускага музея ў Вільні

Падчас нямецкай акупацыі (1941—1944) у горадзе функцыянаваў Беларускі нацыянальны камітэт, працягвалі працу беларуская гімназія і настаўніцкая семінарыя, выдавалася газета «Беларускі голас». Стаўленне мясцовага насельніцтва да таго, у якой рэспубліцы павінен знаходзіцца горад, заставалася неадназначным. У ліпені 1944 года, пасля вызвалення горада савецкімі войскамі, Лаўрэнцій Берыя ў сваім спецыяльным паведамленні Іосіфу Сталіну і Вячаславу Молатаву адзначаў, што насельніцтва выказвае задавальненне адыходам немцаў і спадзяецца, што Вільня будзе далучаная да Заходняй Беларусі, абы не да Літвы[25].

Нягледзячы на гэта, савецкае кіраўніцтва канчаткова замацавала горад у складзе Літоўскай ССР. Пасля вайны ўмовы для беларускага нацыянальнага жыцця сталі немагчымымі. Амаль усе беларускія ўстановы былі ліквідаваны, а Беларускі музей зачынены і раскіданы па розных зборах, частка збораў трапіла ў бібліятэку Акадэміі навук Літвы[26]. У перыяд з 1944 па 1946 год дзясяткі тысяч жыхароў Вільні вымушана запісаліся палякамі і выехалі ў Польшчу. Адначасова ў горад было пераселена каля 100 тысяч этнічных літоўцаў (да пачатку 1950-х гадоў іх колькасць дасягнула 150 тысяч). Адбывалася масавая паланізацыя і русіфікацыя беларусаў-католікаў, а доля студэнтаў-беларусаў у Віленскім універсітэце ў той час не перавышала аднаго працэнта[26]. Многія беларускія нацыянальныя дзеячы, якія засталіся ў горадзе, былі арыштаваны і дэпартаваны ў лагеры[1].

Адраджэнне беларускага жыцця ў Вільні пачалося з канца 1980-х гадоў на хвалі руху за незалежнасць Літвы. У 1987 годзе было створана Таварыства беларускай культуры, пачаў дзейнічаць клуб аматараў беларускай народнай творчасці «Сябрына». Менавіта ў Вільні ў 1989 годзе адбыўся Устаноўчы з’езд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». З 1989 года на літоўскім тэлебачанні і радыё з’явіліся беларускамоўныя перадачы. У 1991 годзе было адноўлена выданне газеты «Наша Ніва» (якая пазней пераехала ў Мінск). Пры Віленскім педагагічным універсітэце пачала працаваць кафедра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры. У 1992 годзе створана Каардынацыйная рада Беларускага згуртавання ў Літве, а ў 1993 годзе адноўлена Таварыства беларускай школы і адкрыта беларуская сярэдняя школа[1].

У 2005 годзе пасля закрыцця ўладамі Беларусі ў Мінску ў Вільню перамясціўся Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), які працягвае працаваць як беларуская ўніверсітэцкая інстытуцыя ў выгнанні[крыніца?].

Знакавай падзеяй для беларускай супольнасці стала ўрачыстае перапахаванне на могілках Росы ў лістападзе 2019 года знойдзеных на гары Гедзіміна паршткаў паўстанцаў 1863—1864 гадоў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага, нацыянальнага героя Беларусі. Цырымонія адбылася з удзелам тысяч беларусаў пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, што пацвердзіла статус Вільні як важнага месца беларускай гістарычнай памяці[крыніца?].

Пасля жорсткага падаўлення масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе Вільня стала галоўным цэнтрам новай хвалі беларускай палітычнай эміграцыі. У горадзе размясціўся Офіс нацыянальнай лідаркі Святланы Ціханоўскай і быў створаны Аб’яднаны пераходны кабінет. Сюды рэлакаваліся рэдакцыі незалежных беларускіх СМІ, у тым ліку «Наша Ніва» і «Еўрарадыё»[крыніца?], праваабарончы цэнтр «Вясна», шэраг культурных ініцыятыў і IT-кампаній. Паводле даных Дэпартамента міграцыі Літвы, колькасць грамадзян Беларусі, якія пражываюць у краіне, пераважна ў Вільні, да 2024 года перавысіла 60 тысяч чалавек[крыніца?].

У 2023—2025 гадах масавая прысутнасць беларусаў і іх зварот да гістарычнай спадчыны ВКЛ выклікалі напружанасць у часткі літоўскага грамадства. У літоўскай прэсе і палітычных колах пачалася вострая дыскусія вакол так званага «літвінізму» — канцэпцыі, якая падкрэслівае ролю продкаў беларусаў у стварэнні ВКЛ. Радыкальныя літоўскія актывісты ініцыявалі дыскусіі аб забароне беларусам выкарыстоўваць гістарычны герб «Пагоня» і абмежаванні выдачы віз. Нягледзячы на гэта, беларускія дэмакратычныя сілы і гісторыкі, такія як А. Пашкевіч і А. Дзярновіч, паслядоўна выступаюць за тое, што гістарычная спадчына ВКЛ і Вільні гэта агульны здабытак абодвух народаў, які павінен аб’ядноўваць, а не раздзяляць суседзяў[крыніца?].

Надпіс «Вільня наша» на мураванай агароджы Віленскай езуіцкай гімназіі па Аўгусцінскай вуліцы

На фоне гэтай дыскусіі з вясны 2024 года пачалася маштабная інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя, галоўным інструментам правакатараў стаў лозунг «Вільня наша», які з'яўляецца калькай з расійскага імперскага мема «Крым наш» і маніпулюе гістарычнай значнасцю горада для беларусаў[27]. Спецслужбы Расіі і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праз інтэрнэт-чаты прапаноўвалі грашовае ўзнагароджанне мясцовай моладзі і падлеткам за распаўсюджванне ўлётак і нанясенне графіці ў людных месцах[28] з мэтай дыскрэдытацыі беларускай эміграцыі і распальвання міжнацыянальнай варожасці[29].

Дэмаграфія і валоданне беларускай мовай

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле даных перапісу 2001 года, у Вільні налічвалася 542 287 жыхароў. Этнічнымі беларусамі сябе назвалі 21 484 чалавекі, што складала каля 4,0 % ад агульнага насельніцтва горада і рабіла іх чацвёртай па велічыні этнічнай групай пасля літоўцаў, палякаў і рускіх[30]. Перапіс 2011 года зафіксаваў у горадзе зніжэнне колькасці этнічных беларусаў да 18 027 чалавек (пры агульным насельніцтве ў 524 406 чалавек)[31].

Паводле даных перапісу насельніцтва і жыллёвага фонду 2021 года (які ўпершыню ў гісторыі краіны праводзіўся выключна на аснове адміністрацыйных даных з дзяржаўных рэгістраў), у Віленскім гарадскім самакіраванні (горадзе Вільні) пражывала 15 156 этнічных беларусаў з агульнага насельніцтва ў 556 490 чалавек[32]. Сярод гарадскіх старостваў (раёнаў) найбольшая колькасць беларусаў была зафіксавана ў Новай Вільні (2 105 чалавек), Фабіёнішках (1 227 чалавек), Навінках (1 201 чалавек) і Жырмунах (1 071 чалавек)[32]. У Віленскім раённым самакіраванні, якое ахоплівае прыгарады, у гэты ж час налічвалася 3 139 этнічных беларусаў[32].

Адначасова з гэтым статыстыка паказвае пэўную розніцу паміж этнічнай прыналежнасцю і рэальным валоданнем беларускай мовай. Паводле даных перапісу 2021 года, ва ўсёй Літоўскай Рэспубліцы налічвалася 9 800 чалавек, якія пазначылі валоданне беларускай мовай[33]. З іх пераважная большасць сканцэнтравана ў Віленскім павеце — 7 438 чалавек[33]. Непасрэдна ў Віленскім гарадскім самакіраванні колькасць асоб, якія валодаюць беларускай мовай, склала 4 854 чалавекі, а ў Віленскім раённым самакіраванні — 1 088 чалавек[33].

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о Беларуская Энцыклапедыя 1997.
  2. Р. Йонайтис. Палеодемография Русского конца Вильнюса в конце XIII – начале XV в. (руск.). Археология и история Пскова и Псковской земли (21 красавіка 2016).
  3. А. І. Дзярновіч. Землі беларуска-літоўскага памежжа ў Х–ХІІІ cтст.: ад Крэва да Кернавы (руск.). Доклады Национальной академии наук Беларуси (21 красавіка 2020).
  4. Сагановіч Г.. «Русь» у вайне з Нямецкім ордэнам (канец ХIII — пач. ХV ст.) . Беларускі гістарычны агляд (21 красавіка 2001). Праверана 28 лютага 2026.
  5. ПСРЛ. Т.5, вып.2. -- С. 179.
  6. а б в ЭВКЛ. Вільня 2005.
  7. а б ЭВКЛ. Беларусы 2005.
  8. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц Figura 2025.
  9. Белоруссия в эпоху феодализма: Сборник документов и материалов. Т. 1. — Минск, 1959. С. 382.
  10. а б в г д Niedźwiedź 2012.
  11. Hansisches Urkundenbuch 1916.
  12. а б Дзярновіч 2011.
  13. Zinkevičius 1996.
  14. а б Долбилов 2010.
  15. Снігірова 2023.
  16. Церашковіч 2004.
  17. Карский 1903.
  18. а б Міхалюк 2015.
  19. Woyniłłowicz 1931.
  20. Мазец 2016.
  21. а б в Gierowska-Kałłaur 2016.
  22. а б Мастыка 2021.
  23. Siwek 2021.
  24. а б в г д е ё Błaszczak 2017.
  25. Спецсообщение Л. П. Берии И. В. Сталину, В. М. Молотову, Г. М. Маленкову, А. И. Антонову об итогах операции по разоружению солдат и офицеров польской Армии Крайовой. 3 августа 1944 г. (руск.). ГА РФ. Ф. 9401 сч. Оп. 2. Д. 66. Л. 124—129.
  26. а б Арлоў У. А. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — 2012. — С. 386. — 400 с. — ISBN 978-80-8101-082-8.
  27. "Хулиганизм и провокация". В столице Литвы появляются листовки и оскорбительные надписи на белорусском языке. Что об этом известно? (руск.). Настоящее время (21 сакавіка 2026).
  28. Вайсковая выведка Літвы выявіла, як замаўляюць надпісы «Вільня наша». Вінавацяць спэцслужбы «варожых краін» . Радыё Свабода (20 лютага 2026).
  29. «Літвінізм». Хто спрабуе пасварыць беларусаў і літоўцаў. Расьсьледаваньне Свабоды . Радыё Свабода (21 мая 2024).
  30. Miestų gyventojai pagal tautybę 2001 m. (літ.). Statistikos departamentas (21 красавіка 2001). Праверана 28 лютага 2026.
  31. Urban areas population by ethnicity 2011 (англ.). Statistics Lithuania (21 красавіка 2013). Праверана 28 лютага 2026.
  32. а б в Population by ethnicity (англ.). Statistics Lithuania (21 красавіка 2021). Праверана 28 лютага 2026.
  33. а б в Population by command of languages (англ.). Statistics Lithuania (21 красавіка 2021). Праверана 28 лютага 2026.