Беларусы ў Каўнасе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларусы ў Каўнасебеларуская дыяспара, сфармаваная ў Міжваенны перыяд у Літве.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Афіцэры і падафіцэры Беларускага асобнага батальёна (Коўна, 1921).

11 сакавіка 1919 года ўрад Летувы дазволіў фармаванне 5-й беларускай роты (да 200 чалавек) у Коўне.

У 1921 годзе Вацлаў Ластоўскі пераязджае з Рыгі ў Коўна, дзе збіраецца ўвесь урад БНР.

15 і 25 красавіка 1921 года на агульных сходах у Коўне быў прыняты Статут Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа[1]. Таварыства ў пачатку 1920-х гг. стала асноўнай дабрачыннай арганізацыяй замежжа, якая ў хуткім часе пачала каардынаваць дзейнасць суполак у іншых краінах свету[1].

Будынак Міністэрства беларускіх спраў у Коўне па вул. А. Міцкевіча, 13а

З 5 на 6 сакавіка 1922 года польскія ўлады выселілі з Вільні 33 беларускіх і літоўскіх дзеячоў. Выселеныя беларусы накіраваліся ў Коўна, дзе былі вельмі прыхільна сустрэтыя Ластоўскім і ягоным урадам[2].

У 1924 годзе Рада БНР пакінула Коўна[3].

27 лютага 1932 года ў Коўне з ініцыятывы Сымона Якавюка ўзнікла Беларускае культурна-асветніцкае таварыства, у якім хутка ўжо была тысяча ковенсіх беларусаў. Галоўнай мэтай арганізацыі стала пашырэнне роднай мовы і развіццё нацыянальнай культуры ў асяроддзі беларускай дыяспары. 12 лютага 1933 года пры таварыстве адкрыўся Беларускі дзіцячы садок. У 1933 г. дзіцячы садок наведвала 15 дзяцей, а ў 1934 г. колькасць дзяцей павялічылася да 20[1]. Хоць работу сада і кантрявала Гарадская ўправа г. Коўна, фінансава дзяржава яго не падтрымлівала[1].

22 студзеня 1933 года з дазволу Міністэрства адукацыі Летувы быў адкрыты перасоўны Беларускі народны ўніверсітэт у памяшканні клуба «Беларуская хатка» (вул. Крашэўскага, 34). Гэты ўніверсітэт вышэйшай адукацыі не даваў, але чытаў лекцыі па беларусазнаўстве. Установа фінансавалася беларусамі замежжа і кантралявалася Міністэрствам адукацыі Летувы. У першы навучальны год сваёй дзейнасці курсы мелі ўжо 42 слухачоў[1].

Існаваў таксама праект стварэння нацыянальнай настаўніцкай семінарыі ў Коўне, але вышэйшую навучальную ўстанову заснаваць не змаглі[1].

У чэрвені 1932 года Культурна-асветніцкае таварыства заснавала Беларускі народны тэатр з пастаяннай тэатральнай трупай у г. Коўне. Мастацкім кіраўніком стала Караліна Плескачэўская.

У 1933 г. ва ўніверсітэце Вітаўта Вялікага была створаная студэнцкая арганізацыя «Аб’яднанне», якая пачала ладзіць канцэрты і вечарыны з мэтай папулярызацыі беларускай народнай культуры. Але беларускіх студэнтаў было мала: у 1932/1933 навучальным годзе агульны кантынгент студэнтаў ва Універсітэце Вітаўта Вялікага складаў 4554 чал., з якіх 13 асобаў вызначалі сябе ў анкетах беларусамі[1].

26 лютага 1933 года ў Коўне адбыўся з’езд беларускіх меншасцей (Першы беларускі кангрэс меншасцей). У рабоце з’езду прымала ўдзел 60 дэлегатаў. Аднак у асяроддзі дыяспары працягваліся міжасабовыя канфлікты (група К. Дуж-Душэўскага супраць групы С. Якавюка). Дэлегаты з’езду стварылі Беларускі нацыянальны камітэт у Літве, які бясплатна займаўся пытаннямі юрыдычнай дапамогі беларусам, абараняючы іх правы[1].

У 1933 г. быў створаны Беларускі аддзел пры кнігарні «Knyga». Культурна-асветніцкае таварыства ў тым жа годзе таксама заснавала бібліятэку-чытальню.

Друк[правіць | правіць зыходнік]

Важную ролю ў беларускім друку Коўна граў Вацлаў Ластоўскі[4].

Кнігі[правіць | правіць зыходнік]

У 1918 годзе ў Коўне была выдадзеная кніга казак Ганса Хрыстыяна Андэрсана. У 1919 годзе выйшла перакладзенае з беларускай мовы выданне «Белоруссы и Поляки. Документы и факты изъ исторіи оккупаціи Белоруссіи Поляками въ 1918 и 1919 годах» Езавітава. У 1921 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў у Коўне зборнік алегарычных апавяданняў Якуба Коласа «Казкі жыцьця». У 1923 годзе выйшла «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча. Былі выдадзеныя розныя перакладныя падручнікі («Неба і зоры. Папулярная астраномія», «Фізыолёгія і анатомія чалавека», «Ботаніка», «Закон жыцьця сярод жывёлаў і расьцін»). У 1923 годзе таксама быў выдадзены «Слоўнік геомэтрычных і трыгономэтрычных тэрмінаў і сказаў. (Расійска-беларускі і беларуска-расійскі)» Дуж-Душэўскага і Ластоўскага.

Найбольш значныя беларускія ковенскія выданні — «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (1924) і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (1926) Ластоўскага[5][6].

Перыядычны друк[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш значным выданнем быў часопіс «Крывіч» Ластоўскага і Дуж-Душэўскага[4].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж В. У. Коваль. Асноўныя кірункі дзейнасці беларускай дыяспары ў Літве (1918—1939) // Труды БГТУ. — 2019. — № 2. — С. 35-40.
  2. Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 42.
  3. Ігар Мельнікаў. Пад знакам «Віціса» // Новы Час. — 13-01-2013.
  4. а б Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 52.
  5. Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 45.
  6. Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 49-50.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — Warszawa: MWM, Warszawa-Wesoła, 2004. — ISBN 83-920472-1-4.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]