Беларусы ў Мельбурне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Беларусы ў Мельбурне ўпершыню з’яўляюцца ў 1948 годзе. Арганізаванае беларускае жыццё ў Мельбурне пачынаецца з 1950 года.

Першая паваенная група беларусаў прыбыла ў мельбурнскі порт 28 чэрвеня 1948 года і праз два дні была размешчаная ў лагеры Банагіля за 400 км ад места. Такі шлях прайшло шмат беларускіх імігрантаў сюды ў 1949—1950[1]. Некаторыя ў час адпрацаваньня кантрактаў або па іх вярталіся ў сталіцу штата Вікторыі, каб палепшыць сваё жыццё. Як мяркуе Наталля Гардзіенка, на той час у Мельбурне налічвалася блізу 200 беларусаў[1].

1950-я гады[правіць | правіць зыходнік]

У 1950 годзе ў Мельбурне быў заснаваны Беларускі Клюб, які павінны быў быць апалітычнай арганізацыяй беларусаў, але праіснаваў нядоўга, падзяліўшыся на прыхільнікаў БЦР і Рады БНР[1]. Прыхільнікі БЦР ужо ў 1950 годзе выступілі як Беларускае Аб’еднанне ў штаце Вікторыі (аддзел Беларускага Аб’еднання ў Аўстраліі), а прыхільнікі Рады БНР ў 1952 годзе — як Згуртаванне Беларусаў у Вікторыі[1].

Прыхільнікі БЦР прыкладалі намаганні ў стварэнні будаўнічага кааператыва, каб дапамагаць будаваць дамы беларусам, але невядома ці была рэалізаваная гэтая ідэя. Вядома, што падобныя супольныя будаванні ладзіліся рэгулярна[2]. Цягам 1950-х гадоў яны выдавалі ў Мельбурне часопісы «Новае Жыцьцё», «Ёрш» «На варце», а таксама некаторыя беларускія кнігі і брашуры[2]. Рэгулярна ладзіліся святкаванні 25 Сакавіка, 2-га Усебеларускага Кангрэсу, Слуцкага збройнага чыну і гэтак далей. Падтрымліваліся кантакты з замежнымі выданнямі «Беларускае Слова», «Беларускі Патрыёт», «Незалежная Беларусь». Дзейнасць Аб’еднання з прычыны таго, што ў ягоным складзе было шмат былых вайскоўцаў, ішла супольна з мясцовым аддзелам Беларускага Вызвольнага Руху[2]. Пад апекай БВР дзейнічала таксама спартовая каманда «Зубр», спачатку футбольная, потым валейбольная[3].

Прыхільнікі Рады БНР дзейнічалі асобна ад прыхільнікаў БЦР. У пачатку 1953 года быў адмыслова высвячаны дом Міколы Скабея і Пётры Мікуліча, дзе знаходзіўся штаб прыхільнікаў Рады БНР. Тут была створаная бібліятэка Згуртавання, чыталіся лекцыі па беларусазнаўстве. Пры іх таксама дзейнічаў фонд дапамогі для суайчыннікаў, прычым ня толькі на тэрыторыі Аўстраліі. Актыўна бралі ўдзел у антыкамуністычных дэманстрацыях[3]

У 1952 годзе з ініцыятывы Міколы Нікана быў створаны Каардынацыйны Камітэт Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі[3].

У Мельбурне беларусы спрабавалі зарганізаваць і рэлігійнае жыццё. Спачатку беларусы далучыліся да парафіі Украінскай Праваслаўнай Аўтакефальнай царквы. Потым аформілі сваю парафію пры гэтай парафіі і раз на месяц праводзілі беларускую Службу Божую, на якой успаміналіся святыя і іерархі БАПЦ. У 1958 годзе беларускую парафію пераняў прыбылы з Брысбена архімандрыт Мадэст Яцкевіч. Так пачалася гісторыя БАПЦ у Мельбурне[4], а парафія стала парафіяй Трох Віленкіх Пакутнікаў БАПЦ[5]. Праз некалькі гадоў архімандрыт Мадэст, будучы ў канфлікце з архіяпіскапам Сяргеем, абвясціў аб пераходзе пад юрысдыкцыю Сусветнага Патрыярхату і стварэнне ў Мельбурне асобнай парафіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ) Святой Еўфрасінні Полацкай. На чале парафіі БАПЦ застаўся Аляксандр Кулакоўскі, які афіцыйна зарэгістраваў яе толькі ў 1963 годзе[6], а таксама ён падтрымліваў кантакт з парафіяй у Адэлаідзе і кіраўніцтвам БАПЦ[7]. Парафія архімандрыта Мадэста дзейнічала цягам 1960-х і да яе далучыліся прыхільнікі БЦР, якія раней былі супраць дзейнасці святара (Сяргей Розмысл, Уладзімір Седлярэвіч і інш.). архімандрыт Мадэст у гэты час выдаваў свой часопіс «Праваслаўным Шляхам». Парафія Мадэста існавала да ягонай смерці[6].

Цягам 1950-х гадоў у Мельбурне існавалі тры арганізацыі беларускіх вайскоўцаў: аддзел Беларускага Вызвольнага Фронту, аддзел Задзіночання Беларускіх Ветэранаў, Згуртаванне Беларускіх Камбатантаў[4].

З-за наяўнасці ў горадзе арганізацыяў прыхільнікаў як БЦР, так і Рады БНР, у «Бацькаўшчыне» з боку прыхільнікаў Рады БНР сустракаліся напады й абвінавачванні ў спачуванні камуністам[4], а прыхільнікі БЦР на гэта адказвалі сатырычнымі нарысамі на старонках «Ярша»[8].

З другой паловы 1950-х гадоў прыхільнікі БЦР і Рады БНР пачалі дзейнічаць супольна. У 1955 годзе была адкрытая беларуская школа, якая знаходзілася ў раёне Сент-Албансе (які прызнаваўся за БЦРаўскі) і якой кіраваў Адам Жураўлевіч. На чале Школьнага Камітэта стаяў прафесар Мікола Нікан[9], потым Эўлялія Яцкевіч. У школе вучылася 25 дзяцей, ладзіліся адмысловыя калядныя святы[10].

Таксама беларускія арганізацыі дзяліліся на свецкія і духоўныя[5], але сур’ёзнага супрацьстаяння не было[6].

1960-я[правіць | правіць зыходнік]

Адначасова з арганізацыяй школы ў 1955 годзе ўпершыню была супольна адсвяткаваная гадавіна Слуцкага збройнага чыну. Такое паўтаралася да 2 ліпеня 1961 года, калі быў створаны Камітэт Ладжання Супольных Святкаванняў. У 1963 годзе была створаная адзіная арганізацыя беларусаў Мельбурна Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі (БЦВК), што таксама сімвалізавала канец канфлікту БЦР і Рады БНР тут[10]. Ад імя гэтай арганізацыі беларусы ўдзельнічалі ў міжнародных фестывалях, выставах, у працы аўстралійскіх грамадскіх установаў[11].

У 1968 годзе парафія Трох Віленскіх Мучанікаў БАПЦ прыдбала ўласную дзялянку на могілках Фоўкнер, дзе з таг очасу пачалі хаваць беларусаў[6].

У 1960-я гады назіраўся спад актыўнасці беларусаў Мельбурна[11].

1970-я[правіць | правіць зыходнік]

У 1972 годзе быў адкрыты Беларускі Дом. Яшчэ ў 1957 годзе быў створаны Камітэт Набыцця Беларускага Дому ў Вікторыі (пазней Кааператыў), які выдаваў свой Інфармацыйны Бюлетэнь. Бюлетэнь рэдагаваў Данат Яцкевіч, які не дажыў да набыцця дома. У гэты дом перабралася і новая беларуская школа, створаная ў 1970 годзе ў адмыслова абсталяваным гаражы сям’і Грушаў[5].

Набыццё будынка падштурхнула беларусаў на грамадскую актыўнасць у Мельбурне. Святкаванні сталі разнастайнейшымі (у мастацкім аспекце), дзякуючы адмыслова створанаму ў 1972 годзе Беларускаму Жаночаму Камітэту на чале з Вольгай Слесарэвіч[5].

У 1976 годзе на беларускіх могілках быў пастаўлены помнік «На вечны ўспамін спачылых усіх ведамых і няведамых Беларусаў»[7].

Беларусы Мельбурна таксама дасягнулі працы першай беларускай секцыі радыё ў Аўстраліі, якая праіснавала два гады (1976—1977)[5]. Таксама ў тутэйшым асяродку нараджаецца ідэя Сустрэч Беларусаў Аўстраліі. Першая такая Сустрэча прайшла ў снежні 1976—студзені 1977 гадоў. На Сустрэчы была створаная Федэралная Рада Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі (ФРБАА) з уласным Інфармацыйным Бюлетэнем. Такім чынам, значнасць беларусаў Мельбурна ў дзейнасці беларусаў Аўстраліі ў канцы 1970-х—пачатку 1980-х гадоў ўзрасла[5].

1980-я[правіць | правіць зыходнік]

У 1981 годзе парафія Трох Віленскіх Мучанікаў БАПЦ набыла ўласны будынак царквы для беларускіх набажэнстваў. Таксама пры парафіі былі створаныя Сястрыцтва і адмысловы танцавальны і спеўны гурток «Каліна»[6]. Парафія праіснавала да 1990-х гадоў[7].

1990-я[правіць | правіць зыходнік]

У 1990-я гады беларускае жыццё ў Мельбурне цярпела крызіс: лік удзельнікаў дзеяў змяншаўся, моладзі заставалася мала. Але агульнааўстралійскія праекты яшчэ актыўна ладзіліся, напрыклад Чарнобыльскі Фонд або запрашэнне да сябе гасцей з Беларусі[7].

З-за матэрыяльных цяжкасцяў Беларускі Дом быў прададзены. Святкаванні цяпер праводзіліся ў прыцаркоўнай зале або на кватэры некага з сяброў БЦКВ. Заняпаў Беларускі Жаночы Камітэт[7].

У 1994 годзе пры парафіі быў заснаваны Беларускі Сацыяльны Клюб, які ладзіць пасяджэнні і забавы для беларусаў сталага веку. Працягвае выступаць «Каліна», хоць і са зменай у пакаленнях[7].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 66.
  2. 2,0 2,1 2,2 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 67.
  3. 3,0 3,1 3,2 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 68.
  4. 4,0 4,1 4,2 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 69.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 5,5 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 74.
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 75.
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 7,4 7,5 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 76.
  8. Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 70.
  9. Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 71.
  10. 10,0 10,1 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 72.
  11. 11,0 11,1 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)) . — 2004. — С. 73.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]