Беларусы ў грамадзянскай вайне ў Анголе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, будучы часткай Савецкага Саюза, была ўцягнута ў ангольскі канфлікт. Немалая колькасць этнічных беларусаў, ураджэнцаў краіны розных нацыянальнасцяў і вайскоўцаў БВА прынялі ўдзел у гэтых падзеях у ролі ваенспецаў і ваенных саветнікаў на баку МПЛА.

Агляд[правіць | правіць зыходнік]

Па даных навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі і кандыдата гістарычных навук Аляксандры Кузняцовай-Ціманавай, на 2020 год вядомы імёны 167 удзельнікаў ангольскіх падзей, якія маюць дачыненне да краіны: ураджэнцы, беларусы па нацыянальнасці, грамадзяне Рэспубліка Беларусь з 1991 года. Па звестках, атрыманых з абласных і раённых ваенных камісарыятаў і ўласна ветэранаў вайны, у самой дзяржаве іх пражывала 145 чалавек. Сярод загінулых савецкіх вайскоўцаў прадстаўнікоў Беларусі выяўлена 6; трое пахаваны на тэрыторыі краіны, адзін – у Падмаскоўе, адзін – у Ленінградская вобласць, адзін – у Крыме[1].

Катэгорыі і імёны[правіць | правіць зыходнік]

У 1976–1977 гг. на пасадзе галоўнага ваеннага саветніка знаходзіўся генерал-лейтэнант Ілля Панамарэнка (Мінск). У 1977–1980 гг. гэту пасаду займаў генерал-лейтэнант, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Шахновіч (Сярагі, Слуцкі раён). Характэрна, што да Анголы ён займаў аналагічную пасаду пры кантынгенце савецкіх ваенспецаў у Самалі. Як адзначалася на сайце арганізацыі «Саюз ветэранаў Анголы», менавіта Шахновічам была закладзена аснова ўрадавай арміі, сфармаваны структура і ўзбраенне, створаны паўнавартасны Генеральны штаб, ваенныя акругі і штабы акруг, сфарміраваны пяхотныя і механізаваныя брыгады, канчаткова аформіліся віды Узброеных Сіл[2].

З Беларускай ваеннай акругі ў Анголу ў якасці саветнікаў у розныя гады накіроўваліся прадстаўнікі ад: арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення (АМУ) Міхаіл Нікалаеў і Васіль Цярэшчанка; артылерыі Пётр Бандарэнка, Валерый Барабаш, Анатоль Давыдоўскі; супрацьпаветранай абароны Валерый Сінянскі; ваенна-паветраных сіл Станіслаў Душанкоўскі, Іосіф Важнік (загінуў у баі 27 жніўня 1981 г.), Міхаіл Жарнасек (загінуў у авіякатастрофе 25 лістапада 1985 г.), Аляксандр Зайцаў (старшы выкладчык Ваеннай акадэміі УС Анголы). Ураджэнцы краіны і будучыя грамадзяне незалежнай рэспублікі накіроўваліся таксама з іншых ваенных акруг, як, напрыклад, Сяргей Бакун (працаваў з кубінскім кантынгентам ад ВПС СССР) і Уладзімір Альтшулер[3].

Як ваенспецы з БВА ў Анголе служылі Валянцін Авілаў ад АМУ (апошнія месяцы камандзіроўкі выконваў абавязкі ваеннага саветніка); Уладзімір Міхальчык ад танкавых войск; Віктар Бойка, Мікалай Аўчароў, Аляксандр Марозаў ад СПА; Віктар Магонаў ад войск сувязі. З іншых ваенных акруг — Аляксандр Развянкоў, Віктар Чарнянкоў, Валянцін Стасюкевіч ад ВПС; Міхаіл Паўлаў ад ПДВ; Юрый Марозаў, Генадзь Сергіенка ад СПА[3]. Апошні, гарадзенец, удзельнічаў у бітве пры Куіта-Кванавале[4].

У якасці авіяспецыялістаў у «гарачай кропцы» пабывалі Сяргей Лук’янаў (лётчык, камандзір экіпажа самалёта Ан-12 бартавы нумар 11747 Джанкойскага палка ВТА ВПС, які быў збіты 25 лістапада 1985 г.; загінуў), Барыс Собалеў (старшы інжынер самалётаў Ан-22 «Антэй»), Ігар Харын (борттэхнік па авіяцыйным і дэсантным абсталяванні самалётаў Ан-12). Ураджэнцы краіны таксама знаходзіліся сярод прадстаўнікоў ВМФ СССР, як, напрыклад, Пётр Ракіцкі (старшына 1 артыкула, эсмінец «Настойчывы»), Уладзімір Лякін (капітан 3 рангу на момант камандзіроўкі, служыў у пункце МТА), Павел Астровік (капітан 2 рангу на момант камандзіроўкі, таксама служыў у пункце МТА). Як мінімум адзін выхадзец Беларусі знаходзіўся ў Анголе падчас нясення тэрміновай службы. Ім быў Віктар Раманюк (Іванаўскі раён; служыў у правінцыі Уіла прыблізна ў 1985–1987 гг.)[3].

Досыць шматлікай групай сталі перакладчыкі як грамадзянскіх, так і ваенных ВНУ. У ліку выпускнікоў паскораных курсаў партугальскай мовы Ваеннага інстытута замежных моў у зоне канфлікту апынуліся Анатоль Аляксееўскі, Уладзімір Кастрачэнкаў, Ігар Ждаркін, Аляксандр Грыгаровіч, Пётр Іваноўскі, Міхаіл Маргелаў і Мікалай Захарчэня (усе яны, акрамя Аляксееўскага, у будучым узялі грамадзянства Расіі). У сваю чаргу ад Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў працавалі Сяргей Баягін, Сяргей Дзямідчык, Аляксандр Хаванскі, Ігар Кавалевіч, Аляксандр Шлык, Сяргей Ерашоў, Алег Грыцук, Аляксандр Штукін і Андрэй Хаткевіч[3].

Пасля 1992[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з беларусаў, І. Ждаркін, у 1996–1998 гг. паўторна прыбыў у Анголу як перакладчык міратворчых сіл ААН ад Расіі[5].

З 1993 года Рэспубліка Беларусь пачала пастаўкі ўзбраення ангольскай арміі. Першапачаткова ўрадавыя войскі купілі 21 БМП-1[6]. У 1998-м дзяржава набыла 28 адзінак беларускіх БМП-2. У 1999 годзе Ангола атрымала 62 Т-55, 22 Т-72, 62 БМП-2, 24 РСЗА БМ-21, 12 буйнакаліберных артсістэм 2С7 «Піён», 12 гаўбіц Д-30, 15 самалётаў МіГ-23 і 2 Су-22, у 2000 годзе — 1 Су-24 МК[7].

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Грамадзянская вайна, а менавіта ўдзел савецкіх спецыялістаў у канфлікце, знайшла сваё адлюстраванне ў вершы беларуса С. Ерашова. Твор запісаны яго калегам І. Ждаркіным у 1988 годзе[8].

Добры дзень, радзімая, добры дзень, каханая!
Зноў паштоўку шлю табе, можа як дайдзе…
Толькі не хвалюйся там – нават не паранен я,
Мы ўсе тут вучымся на чужой бядзе!
Ой-ёй-ёй, ой, Божа ж мой!
Ой-ёй-ёй, што ж тэта са мной?
А ў Анголе ўсё не так… у марах Беларусь мая!
Веру, што ўсё скончыцца, я звярнусь дамоў.
Моцна абдыму цябе, пацалую горача…
I пасля на чарачку запрашу сяброў
Ой-ёй-ёй, ой, Божа ж мой!
Ой-ёй-ёй, што ж тэта са мной?
Вось і ўсё, каханая, выбачай, што коратка.
Чую вой – заходзяць зноў з поўдня «Міражы»…
Дасылаю нітачку з абгарэлай вопраткі,
Калі што і здарыцца – маме не кажы!
Ой-ёй-ёй, ой, Божа ж мой!
Ой-ёй-ёй, што ж тэта са мной?

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Кузнецова-Тимонова, статья 2020, стр. 86.
  2. Кузнецова-Тимонова, книга 2017, Глава «Введение».
  3. а б в г Александра Кузнецова-Тимонова. ГРАЖДАНСКАЯ ВОЙНА В АНГОЛЕ (1975 – 2002 ГГ.) В ИСТОРИИ БЕЛАРУСИ. // Региональная общественная организация «Союз ветеранов Анголы» : официальный сайт.
  4. Евгений Лебедь. «Направляем вас в одну из развивающихся стран…» Что гродненские офицеры делали на засекреченной войне в Африке // Вечерний Гродно : газета. — 16 ноября 2019.
  5. «...Спустя одиннадцать лет он меня вспомнил!» Игорь Анатольевич Ждаркин
  6. Белорусские поставки оружия в третьи страны — любопытные факты и цифры. Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2021.
  7. Завоюет ли Беларусь позиции на глобальных рынках оружия?. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2019.
  8. Кузнецова-Тимонова, книга 2017, Глава «Предисловие научного редактора».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Поваляев, М. Белорусский след в Анголе : [об участниках боевых действий времен гражд. войны] / М. Поваляев // Армия. – 2016. – № 4. – С. 40–43.
  • Кузнецова-Тимонова, А. В. Воины-интернационалисты из Беларуси в гражданской войне в Анголе : 1975–1992 / А. В. Кузнецова-Тимонова ; науч. ред. А. М. Литвин. – Минск : Беларус. навука, 2017. – 354 с.
  • Кузнецова-Тимонова А. В. Историческая память о "горячих точках холодной войны" в Беларуси: проблемы и перспективы (на примере войны в Анголе 1975–1992) / А. В. Кузнецова-Тимонова // Историческая память о Беларуси как фактор консолидации общества : материалы Междунар. науч.-практ. конф., г. Минск, 26‒27 сент. 2019 г. / Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т социологии НАН Беларуси, Центр. науч. б-ка НАН Беларуси ; редкол: Г. П. Коршунов (гл. ред.), Н. В. Цыбульская (отв. ред.) [и др.]. ‒ Минск, 2019. ‒ С. 245‒247.
  • Кузнецова-Тимонова, А. В. Белорусские воины-интернационалисты: на примере ветеранов войны в Анголе (1975 – 1992) / А. В. Кузнецова-Тимонова // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A, Гуманитарные науки. - 2020. - № 9. - С. 85-87.

Мемуары[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]