Беларусь

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рэспубліка Беларусь
руск.: Республика Беларусь
Flag of Belarus.svg Герб Беларусі
Сцяг Беларусі Герб Беларусі
Europe-Belarus.svg
Belarus (orthographic projection).svg
Гімн: «Мы, беларусы»
Заснавана 9 сакавіка 1918 як БНР
1 студзеня 1919 як ССРБ
Дата незалежнасці 25 жніўня 1991 (ад СССР)
Афіцыйныя мовы беларуская, руская
Сталіца Мінск
Найбуйнейшыя гарады Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст
Форма кіравання прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Старшыня Палаты прадстаўнікоў
Старшыня Савета Рэспублікі
Аляксандр Лукашэнка
Андрэй Кабякоў
Уладзімір Андрэйчанка
Міхаіл Мясніковіч
Плошча
• Усяго
85-я ў свеце
207.595 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
• Перапіс (2009)
Шчыльнасць

9.504.700[1] чал.
9.503.807 чал.
46 чал./км²  (163-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2013)
  • На душу насельніцтва

$166,8 млрд  (63-ы)
$17.623  (64-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2013)
  • На душу насельніцтва

$71,710 млрд  (67-ы)
$7.577  (75-ы)
ІРЧП (2015) 0,796 (высокі) (52-ы)
Валюта беларускі рубель (Br, BYN)
Інтэрнэт-дамены .by, .бел
Код ISO BY
Тэлефонны код +375
Часавыя паясы +3

Белару́сь(вымаўленне ), Рэспу́бліка Белару́сь — дзяржава ва Усходняй Еўропе, на захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны. Мяжуе на паўночным захадзе з Літвой, на поўначы з Латвіяй, на паўночным усходзе і ўсходзе з Расіяй, на поўдні з Украінай, на захадзе з Польшчай (агульная даўжыня меж складае 2969 км). Працягласць з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход 650 км.

Тэрыторыя краіны 207,6 тыс. км² (84-я ў свеце). Колькасць насельніцтва — 9,5 млн чалавек (90-я ў свеце). Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. У краіне 6 абласцей, 118 раёнаў, 113 гарадоў, 109 пасёлкаў гарадскога тыпу, 24583 сельскія населеныя пункты. Сталіца Рэспублікі Беларусь — Мінск.

Змест

Назва

Назва Белая Русь пачала зрэдку ўжывацца ў адносінах да невялікай часткі беларускіх зямель (Полаччыны) у канцы XVI ст. З 1620-х гэтая назва замацоўваецца за ўсходнімі землямі Вялікага Княства Літоўскага — падзвінскімі і падняпроўскімі ваяводствамі і паветамі. Для абазначэння жыхароў Белай Русі з'яўляецца паняцце беларусцы, хоць адначасова існавалі азначэнні літоўцы (літвіны) і рускія (русіны). У XIX ст., калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, з развіццём рускамоўнай сістэмы адкацыі сярод мясцовага насельніцтва распаўсюджваецца этнонім беларусы. З 1890-х назва Беларусь стала агульнапрынятай назвай усіх тэрыторый, дзе кампактна пражываў беларускі этнас. У 1918 была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, а ў 1919 — Беларуская ССР1991 — Рэспубліка Беларусь).

Інструкцыя па транслітарацыі (2007) падае назву як Respublika Bielaruś. Назва на рускай мове — Беларусь, Республика Беларусь.

Гісторыя

Старажытная гісторыя

Інструменты, упрыгожванні і керамічны посуд, днепра-дзвінская культура

Засяленне тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалося каля 100—35 тыс. гадоў назад. Магчыма, першымі, хто спрабаваў засвоіць рэгіён, былі неандэртальцы[3], але слядоў іх пражывання ў Беларусі пакуль не знойдзена. Самыя старажытныя знаходкі адносяцца ўжо да людзей сучаснага тыпу — краманьёнцаў.

Людзі знікалі і зноў з'яўляліся перыядычна, па меры таго як ледавік пакрываў тэрыторыю Беларусі і зноў адступаў. Каля 18 тысяч гадоў назад ледавік дасягнуў тых месцаў, дзе сёння знаходзяцца Гродна, Вілейка і Орша. У паўднёвай Беларусі тады склаліся прырода і клімат, уласцівыя для тундры. Сярод фаўны былі маманты[4], шарсцістыя насарогі, паўночныя алені, лемінгі, белыя курапаткі[5] і інш. Шматлікія валуны, якія сёння пакрываюць тэрыторыю Беларусі, былі шмат тысячагоддзяў назад прынесены сюды ледавікамі. Мноства азёр на поўначы Беларусі таксама ўтвораны колішнімі ледавікамі.

З канца бронзавага веку большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі была заселена балтамі. У канцы IX — пачатку X стст. пачалося засяленне на гэту тэрыторыю славян[6].

Полацкае і Тураўскае княствы

Усяслаў Чарадзей, пры якім Полацкае княства дасягнула найвялікшага росквіту і атрымала выхад да Балтыйскага мора
Пячатка з выявай Глеба Усяславіча. Сын Усяслава Чарадзея, ён атрымаў ад бацькі Менскае княства. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, як у суседніх беларускіх княствах, так і ў балцкіх землях

Лічыцца, што першай дзяржавай на тэрыторыі сучаснай Беларусі была Полацкая зямля. Горад Полацк упершыню ўзгадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 год. Першым гістарычны вядомым князем Полацка з'яўляецца Рагвалод (згадваецца пад 980 год)[7]. Да 1001 года кіраваў яго ўнук Ізяслаў, вядомы як ”князь-кніжнік”. Ад яго імя паходзіць назва горада Заслаўе. Найбольшага росквіту і магутнасці Полацкае княства дасягнула пры валадаранні князёў Брачыслава (1003—1044) і Усяслава Чарадзея (1044—1101). Ад імя першага з іх меркавана паходзіць назва горада Браслаў, другі распачаў будаўніцтва Полацкага Сафійскага сабора.

Але пасля ў дзяржаве, як і ва ўсіх усходнеславянскіх княствах, пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Правінцыі ўзмацніліся і набылі ўласных князёў, упыў Полацка аслабеў. Князі пастаянна змагаюцца за ўладу, што зніжае іх уплыў на насельніцтва. Узмацняецца роля веча — народных сходаў, на якіх вырашалася большасць грамадскіх і палітычных спраў. Веча абірае і выганяе саміх князёў. Так былі выгнаныя полацкі князь Святаполк (1130-я гады), Рагвалод Барысавіч (1151 год) і Расціслава (1158 год)[8].

У 1184 годзе ў Балтыцы з'яўляюцца першыя нямецкія місіянеры. Абат Мейнард, які дзейнічаў пры падтрымцы Папы Рымскага, дабіўся ад полацкіх князёў права прапаведаваць каталіцтва сярод балцкіх плямён ліваў. Гэта стала пачаткам нямецкай каланізацыі рёгіёна і прывяло да 200-гадовай барацьбы беларускіх княстваў з ордэнамі рыцараў-крыжакоў[9].

У XXIII стст. на тэрыторыі Беларусі часткова ці практычна цалкам таксама знаходзіліся Тураўскае, Смаленскае, Гарадзенскае княствы. Горад Тураў упершыню згадваецца пад 980 годам у сувязі з кіраваннем нейкага князя Тура, ад імені якога быццам бы і пайшла назва горада. Аднак лічыцца, што князь Тур — асоба легендарная. У далейшым Тураўскае княства, у адрозненне ад Полацкага, не мела ўласнай княжацкай дынастыі; кіеўскія князі пастаянна прызначалі на тураўскі «стол» кагосьці са сваіх сыноў. Толькі ў 1157 годзе князь Юрый Яраславіч дамогся незалежнасці Турава і аднавіў тут мясцовую дынастыю[10].

Вялікае Княства Літоўскае (сярэдзіна 13 стагоддзя - 1569 год)

Францыск Скарына (1490 - 1551), асветнік, грамадскі дзеяч, першы ва Ўсходняй Еўропе друкар кніг
Канстанцін Астрожскі (1460 - 1530), военачальнік, пераможца ў болей чым у 60-ці бітвах

Наступнай буйной дзяржавай на беларускай зямлі было Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ). У час стварэння і пачатковага развіцця гэтай дзяржавы найбуйнейшым і асноўным яе цэнтрам быў Новагародак. Акрамя сучасных зямель Беларусі, у склад гэтай дзяржавы ўваходзілі таксама землі сучаснай Літвы, паўночная частка сучаснай Украіны і частка сучаснай Расіі. Культура Вялікага Княства Літоўскага была пераважна беларускай, ролю дзяржаўнай пісьмовай мовы выконвала старабеларуская[11].

Найвялікшага росквіту Вялікае Княства Літоўскае дасягнула пры князі Вітаўце Вялікім, стаўшы дзяржавай, якая мела тэрыторыі ад Балтыйскага мора да Чорнага. У 16-м стагоддзі пачаўся культурны росквіт дзяржавы: у гэты перыяд дзейнічаюць Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына, пачынае фарміравацца ўнікальны беларускі іканапіс, які спалучаў еўрапейскія і праваслаўныя мастацкія традыцыі. Але развіццю краіны істотна замінаюць няспынныя набегі крымскіх татар. У канцы 15 стагоддзя слуцкая княгіня Анастасія Алелькавіч бярэ на сябе ваеннае і палітычнае кіраванне горадам і знішчае некалькі атрадаў крымскіх татар.

Рэч Паспалітая (1569 - 1795 гг)

Леў Сапега, дзяржаўны дзеяч і мецэнат
Соф'я Слуцкая (1585 - 1612 гг), з роду слуцкіх князёў - Алелькавічаў. Мецэнатка, фінансавала будаўніцтва шпіталёў для бедных і праваслаўных храмаў

Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася ў дынастычнай уніі з Польскім каралеўствам з 1385, а ў 1569 годзе вымушана аб'ядналася з Польскім каралеўствам у канфедэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую[12]. Польшча настойвала пры гэтым на няроўных умовах (паглынанне Вялікага Княства Літоўскага, перайменаванне яго ў Новую Польшчу) і нават ужывала вайсковую сілу. Эліте ВКЛ атрымалася адстаяць адносную незалежнасць краіны, але княства ўсё ж вымушана было аддаць Польшчы украінскія землі. Аднак Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1588 года фактычна дэнансаваў Люблінскую унію. ВКЛ захавала ўласную грашовую адзінку, судовую сістэму, войска. Статут ВКЛ, стаўшы адной з першых еўрапейскіх канстытуцый, рэгуляваў грамадскае жыццё на Беларусі да 30-х гадоў 19 стагоддзя.

Аднак у 2-й палове 17 стагоддзя пачалося аслабленне Рэчы Паспалітай — у першую чаргу за кошт узмацнення магнацкага саслоўя і запрыгоньвання сялян. Гэта прывяло да аслаблення вярхоўнай улады, войн паміж шляхецкімі сем'ямі (якія фарміравалі ўласнае войска) і сялянскіх паўстанняў, адно з якіх перарасло ў вайну паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй (1654—1667 гг). Пазней гэты перыяд атрымаў назву «крывавы патоп». Крызіс Рэчы Паспалітай выклікаў спробу Януша Радзівіла разарваць саюз з Польшчай і заключыць унію Вялікага Княства Літоўскага са Швецыяй. Але нечаканая смерць Януша Радзівіла (як меркавалася, у выніку атруты) не дала ажыцявіць амбіцыёзны праект утварэння саюзнай шведскай-беларускай дзяржавы.

Працяг шляхецкіх міжусобіц прывёў да ўмяшальніцтва Швецыі ва ўнутраныя справы краіны ў час Паўночнай вайны. У 18-м стагоддзі Рэч Паспалітая была ўжо слабай краінай, з войскам усяго ў 24 тысячы чалавек (толькі 6 тысяч з іх прыходзілася на Вялікае Княства Літоўскае). У той час род Радзівілаў меў да 10 тысяч салдат. Дадаткова дзяржаўную сістэму аслабляла права liberum veto, паводле якога нават адзін дэпутат з некалькіх соцен, які б прагаласаваў «супраць», мог сарваць прыняцце закона. У выніку прускія, расійскія і аўстрыйскія палітыкі падкупалі пэўных дэпутатаў, зрываючы прыняцце пастаноў. Захаванне прыгоннага права ўсё болей павялічвала адсталасць краіны ад Заходняй Еўропы. Ужо англійскі эканаміст Адам Сміт у 18-м стагоддзі піша аб Рэчы Паспалітай як аб адсталай краіне, дзе амаль адсутнічае прамысловая вытворчасць.

Адначасова ўзмацнялася дыскрымінацыя беларускай культуры і праваслаўнай рэлігіі. Старабеларуская мова была забаронена ў дзяржаўным справаводстве ў 1696 годзе. Усе дакументы перакладаліся на польскую мову. Пад польскім жа ўплывам ішло далейшае запрыгоньванне сялян і пашырэнне правоў шляхты.

Апошнюю спробу выратаваць Рэч Паспалітую шляхам рэформ зрабіў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, але супраціўленне часткі шляхты і раптоўнае ўмяшальніцтва Прусіі, Расіі і Аўстрыі прывяло да падзелаў і знікнення краіны.

У складзе Расійскай імперыі (1795 - 1917 гг)

Альгерд Абуховіч (1840 - 1898), паэт і перакладчык
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808 - 1884), беларускі паэт, драматург, акцёр
Эмілія Плятэр, кіраўніца атрада паўстанцаў у 1830-1831 гг

У 1772, 1791, 1795 гг. адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай, у выніку якіх беларускія землі адышлі да Расійскай імперыі. У яе складзе яны знаходзіліся да 1917 года.

У гарадах было скасавана Магдэбургскае права, якое некалі давала ім магчымасць самім абіраць сабе кіраўніцтва. Захоўвалася прыгоннае права, якое з кожным дзесяцігоддзем павялічвала эканамічную і тэхналагічную адсталасць Беларусі ад развітых краін. Вайна 1812 года прынесла Беларусі вялікія страты мірнага насельніцтва. Адначасова сярод інтэлігенцыі ўзнікае цікавасць да беларускай культуры, фальклору. Ян Чачот даследуе арфаграфію беларускай мовы і першым уздымае пытанне аб стварэнні ”крывіцкага правапісу”. Пасля паўстання 1830-31 гг. царскія ўлады забаранілі Уніяцкую царкву і перавялі насельніцтва Беларусі ў праваслаўе. Пасля паўстання 1863-64 гг. быў узмоцнены ціск на грамадскія арганізацыі і інтэлігенцыю, але даны шэраг эканамічных саступак сялянам.

Рэформы 1860-1870-х гг. (у прыватнасці, адмена прыгоннага права) паспрыялі эканамічнаму развіццю рэгіёна, але Першая сусветная вайна прынесла вялікія страты мірнага насельніцтва і прамысловасці і паспрыяла ўзмацненню рэвалюцыйнага руху. Апошнюю спробу прадухіліць рэвалюцыю шляхам рэформ зрабіў Пётр Сталыпін у 1906 годзе. У той жа час у Беларусі расце цікавасць да роднай гісторыі, фальклору, незалежнасці. У 1906 годзе ўзнікае газета ”Наша ніва”. Да беларускай тэматыкі звяртаюцца многія маладыя паэты і публіцысты (Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч, Янка Лучына, Карусь Каганец і інш).

Беларуская Народная Рэспубліка (1918 - 1919 гг)

Язэп Лёсік кіраўнік БНР у 1918-1919 гг

25 сакавіка 1918 г. абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). Старшынямі БНР пачаргова былі Янка Серада, Язэп Лёсік, Пятро Крачэўскі. Планаваліся ўмераныя рэформы: перадача сялянам зямлі для арганізацыі дробных працоўных гаспадарак, адсутнасць нацыяналізацыі прамысловасці і г.д. У 1919 г. пад ціскам бальшавікоў і з-за ўнутраных супярэчнасцяў рэспубліка спыніла сваё існаванне, а Рада БНР эмігравала.

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (1919 - 1991 гг)

Пётр Міронавіч Машэраў (1918 - 1980), старшыня ЦК КПБ (фактычна кіраўнік савецкай Беларусі) у 1965-1980 гг. Паштоўка 1998 года.

У 1919 г. 1 студзеня было абвешчана ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). 31 ліпеня 1920 другі раз было абвешчана ўтварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Пасля кароткачасовага існавання буфернай дзяржавы ЛітБел, БССР у 1922 годзе як адна з краін-заснавальніц увайшла ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).

Падчас Другой Сусветнай вайны ў 19411944 гг. Беларусь была акупавана нацысцкаю Германіяй. Пасля вызвалення ад нацысцкай акупацыі частка Заходняй Беларусі (больш за 30 тыс. км²) была рашэннем І. Сталіна перададзена Польшчы.

У 1945 г. Беларусь стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Рашэнні па ўсіх пытаннях беларуская дэлегацыя ўзгадняла з усесаюзнымі прадстаўнікамі.

У 1986 г. на мяжы Беларусі і Украіны адбылася Чарнобыльская катастрофа, у выніку якой адбылося радыяцыйнае забруджанне значнай часткі тэрыторыі Беларусі.

Незалежная Беларусь

27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У 1991 СССР спыніў існаванне, БССР была абвешчана Рэспублікай Беларусь.

У 1994 г. прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары.

13 красавіка 1995 г. Вярхоўны Савет XII-га склікання зацвердзіў правядзенне рэферэндуму і прызначыў яго на 14 мая 1995 г. У той жа час ідэя рэферэндуму выклікала непаразуменне з боку часткі грамадства і некаторых грамадскіх і палітычных арганізацый, часткі дэпутатаў Вярхоўнага Савета. 6 мая 1995 г. Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступіла са зваротам да насельніцтва, падкрэсліваючы, што пытанне аб мове не можа выносіцца на рэферэндум.[13]

14 мая 1995 г. адбыўся рэспубліканскі рэферэндум. Удзел у галасаванні прынялі 64,8 % выбаршчыкаў. Па ўсіх пытаннях Прэзідэнт атрымаў большасць галасоў. Адначасова з рэферэндумам праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет XIII-га склікання. Аднак у выніку нізкай яўкі выбаршчыкаў за два туры было абрана толькі 119 дэпутатаў, у той час як для правамоцнага складу новага Вярхоўнага Савета патрабавалася не менш 174 дэпутатаў (што складала 2/3 ад поўнага складу ў 260 чал.). Такім чынам, атрымалася, што новы склад парламента не быў абраны. Склалася палітычная сітуацыя, якая паралізавала дзейнасць заканадаўчай улады.

Пытанне было вырашана восенню 1995 г. пасля таго, як каля 100 дэпутатаў Вярхоўнага Савета XII-га склікання сабраліся на вераснёўскую сесію, паколькі згодна з артыкулам 91 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета захоўваліся да адкрыцця першай сесіі Вярхоўнага Савета новага склікання. 11 кастрычніка Канстытуцыйны Суд пацвердзіў паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета XII-склікання.

29 снежня 1995 г. А. Лукашэнка выдаў распараджэнне № 259 «Аб выкананні нормаў і ўказаў прэзідэнта», згодна з якім «у мэтах забеспячэння палітычнай і эканамічнай стабільнасці чыноўнікі Савета Міністраў і іншых дзяржаўных устаноў да ўнясення змен у адпаведныя заканадаўчыя акты павінны забяспечваць безумоўнае выкананне нормаў і ўказаў прэзідэнта»[14].

10 студзеня 1996 г. Прэзідэнт накіраваў у Вярхоўны Савет праект закону «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю»[15] Аднак жаданне Прэзідэнта змяніць Асноўны Закон не знайшло падтрымкі ў парламенце і праект быў адхілены. 8 жніўня А. Р. Лукашэнка накіраваў у Вярхоўны Савет ініцыятыву аб правядзенні другога Усенароднага рэферэндуму.

4 лістапада 1996 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, усе рашэнні якога паводле закону з'яўляюцца абавязковымі і перагляду не падлягаюць, прыняў рашэнне аб неадпаведнасці артыкулу 78 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім засведчана, што парадак правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў вызначаецца законам. На той момант у краіне законам не прадугледжваўся парадак змянення і дапаўнення Канстытуцыі праз рэферэндум. Такім правам быў надзелены выключна Вярхоўны Савет. Пасля гэтага вярхоўны Савет прыняў чарговую пастанову аб вынясенні на абавязковы рэферэндум толькі двух пытанняў — аб пераносе Дня Незалежнасці і аб выбарах кіраўнікоў мясцовых адміністрацый.

Нягледзячы на рашэнне Канстытуцыйнага Суда, А. Р. Лукашэнка ў парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» выдаў 5 лістапада 1996 г. Указ № 455, у якім сам вызначыў парадак уступлення ў сілу рашэнняў рэспубліканскіх рэферэндумаў аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі, а 7 лістапада быў выдадзены Указ № 459 «Аб забеспячэнні канстытуцыйнага права грамадзян на ўдзел у рэферэндуме», згодна з якім характар рэферэндуму вызначаўся як абавязковы, а яго рашэнні канчатковымі.

11 лістапада 1996 г. старшыня ЦВК В. Ганчар заявіў, што камісія не будзе выконваць прэзідэнцкі ўказ ад 7 лістапада і праводзіць рэферэндум па пытаннях, якія датычыліся новых рэдакцый канстытуцыйных праектаў.

У 1994 г. Прэзідэнтам быў абраны Аляксандр Лукашэнка. Ён захаваў за сабой гэтую пасаду паводле вынікаў выбараў 2001, 2006, 2010 і 2015 гадоў.

Геаграфія

Рэкі Беларусі

Геаграфічнае становішча

Касмічны здымак Беларусі, спадарожнік MODIS Terra, 29 чэрвеня 2010 года

Беларусь мяжуе з Расіяй на ўсходзе і на поўначы, Латвіяй — на поўначы, Літвою — на паўночным захадзе, Польшчай — на захадзе, Украінай — на поўдні. Тэрыторыя галоўным чынам раўнінная з рэдкімі ўзвышшамі, якія размешчаны пераважна ў цэнтральнай частцы Беларусі і складаюць Беларускую граду.

Агульная працягласць дзяржаўнай мяжы складае 2969 км. Плошча — 207,598 тыс. кв. км. Найбольшая яе працягласць з захаду на ўсход — 650 км, з поўначы на поўдзень — 560 км. У Еўропе Беларусь па плошчы трохі саступае Вялікабрытаніі і Румыніі, больш чым у 2,2 разы пераўзыходзіць Партугалію і Венгрыю і прыблізна ў 5 разоў — Нідэрланды і Швейцарыю. Адлегласць ад Мінска да сталіц суседніх дзяржаў: Вільнюса — 215 км, Рыгі — 470 км, Варшавы — 550 км, Кіева — 580 км, Масквы — 700 км.

Паводле разлікаў 2008 года РУП «Белкосмааэрагеадэзія» цэнтр Еўропы знаходзіцца на 55º30´ пн.ш. і 28º48´ у.д. у горадзе Полацку. Паводле разлікаў спецыялістаў аб'яднання «Белгеадэзія», выкананых у 1996 года, геаграфічны цэнтр Беларусі размешчаны за 70 км на паўднёвы ўсход ад Мінска, каля вёскі Антонава Пухавіцкага раёна.

Беларусь з'яўляецца найбуйнейшай па тэрыторыі еўрапейскай дзяржавай (з цалкам размешчаных у Еўропе), якая не мае выхаду да мора[16][17].

Рэльеф

Мінскае ўзвышша
Шведская гара на паўднёва-ўсходняй ускраіне сучаснага Ваўкавыска, на якой у 10-13 стагоддзях існавала ўмацаванае паселішча

Беларусь знаходзіцца на Усходне-Еўрапейскай раўніне. Найбольш прыпаднятая цэнтральная частка краіны — Беларуская града. Тут размешчана Мінскае ўзвышша, на якім знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Дзяржынская (345 м); вышыню больш за 300 м маюць яшчэ шэраг пунктаў — горы Лысая, Маяк і інш. Трохі саступаюць Мінскаму ўзвышшу па абсалютных вышынях Навагрудскае (г. Замкавая — 323 м), Ашмянскае, Віцебскае ўзвышшы. Найбуйнейшыя нізіны на тэрыторыі Беларусі: Палеская, Верхнянёманская, Полацкая, Нарачана-Вілейская. Самы нізкі пункт — урэз ракі Нёман на мяжы з Літвой, да 80 м над узроўнем мора.

Асаблівасці рэльефу Беларусі цесна звязаныя з геалагічнай будовай тэрыторыі. Да прыпаднятых участкаў крышталічнага падмурка прымеркаваныя ўзвышшы. Тэрыторыі з глыбокім заляганнем крышталічнага падмурка звычайна занятыя нізінамі. Вырашальным жа фактарам фарміравання рэльефу Беларусі сталі ледавікі. На працягу апошніх 500—600 тыс. гадоў тэрыторыя Беларусі выпрабавала не менш 5 злядненняў.

Геалогія і глебы

У геалагічным сэнсе Беларусь размешчана на захадзе Усходне-Еўрапейскай платформы. Старажытны крышталічны падмурак складзены з магматычных і метамарфічных парод, залягае на глыбіні да 5-6 км (Прыпяцкі прагін), каля в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна выходзіць на паверхню. Платформавы чахол складзены пераважна з асадкавых горных парод, укрывае практычна ўсю тэрыторыю Беларусі.

Асаблівасці геалагічнага мінулага Беларусі, яе рэльефу, клімату, расліннасці абумовілі складаную будову глебавага покрыва тэрыторыі. Асноўныя глебаўтваральныя пароды тыповыя для зоны ледавіковай акумуляцыі: азёрна-ледавіковыя, марэнныя, водна-ледавіковыя адклады, алювіяльныя наносы, торф. Сярод глебаўтваральных працэсаў пераважаюць дзярновы (пад лугавой травяністай расліннасцю), падзолісты (пад лясной расліннасцю), балотны (у паніжаных месцах, дзе назапашваецца вільгаць) і іх спалучэнні.

З улікам ступені праяўлення асноўнага глебаўтваральнага працэсу вылучаны тыпы глебаў Беларусі: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, тарфяна-балотныя глебы, поймавыя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Паводле механічнага складу адрозніваюць гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і тарфяныя глебы.

Карысныя выкапні

На Беларусі выяўлена і разведана больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў карысных выкапняў. Сярод іх: нафта і спадарожны газ, каменная і калійныя солі, буры вугаль, гаручыя сланцы, даламіты, торф, мергелі, сапрапелі, гліны, будаўнічыя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы і абліцовачны камень, жалезныя руды і інш.

Клімат

Клімат Беларусі ўмераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Асаблівасці клімату Беларусі тлумачацца яе размяшчэннем ва ўмераных шыротах, параўнальнай блізкасцю да Атлантычнага акіяна, адсутнасцю прыродных бар'ераў на шляху паветраных мас: марскіх — з захаду і кантынентальных — з усходу і паўднёвага ўсходу.

Самы цёплы месяц года ліпень, самы халодны, найчасцей, студзень. Так, у Мінску сярэдняя тэмпература студзеня складае −6,9 ºС, а ў ліпені яна дасягае 17,8 ºС. Сярэдняя тэмпература змяняецца ў залежнасці ад рэгіёнаў Беларусі. У ліпені сярэдняя тэмпература складае ад 17 °C на поўначы да 18,5 °C на поўдні. Сярэдняя тэмпература ў студзені вагаецца ад −4,5 °C на паўднёвым захадзе да −8 °C на паўночным усходзе. У зімовы перыяд нярэдкія адлігі.

На тэрыторыі Беларусі ў сярэднім за год выпадае 600—700 мм ападкаў. 70 % ападкаў у выглядзе дажджу выпадае ў красавіку-кастрычніку. Колькасць снежных дзён у Беларусі ад 75 на паўднёвым захадзе да 125 на паўночным усходзе. Максімальная вышыня снежнага покрыва адпаведна ад 15 да 30 см.

На Беларусі пераважаюць заходнія вятры. З захаду на ўсход павялічваецца кантынентальнасць клімату.

Водныя рэсурсы

На Беларусі больш за 20 тыс. рэк. Самыя працяглыя і мнагаводныя рэкі — Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, Прыпяць. Беларусь часта называюць «сінявокай» з-за вялікай колькасці азёр. Іх у Беларусі больш за 11 тыс. Самае вялікае сярод беларускіх азёр — возера Нарач. Тэрыторыя краіны багатая на балоты. Найбольш багаты балотамі рэгіён — Палессе.

Флора і фаўна

Мяшаны лес

Лясы займаюць 36 % тэрыторыі краіны. На Беларусі 28 відаў дзікарослых дрэў. Найбольш важныя лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, дуб, ясень, ліпа, клён, граб, бярозы павіслая (бародаўчатая) і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая. Шмат дрэў інтрадукаваных: лістоўніцы сібірская і еўрапейская, хвоі Банкса, Мурэя, веймутава, дуб паўночны, таполі пірамідальная, лаўралістая, бальзамічная і інш.

Белы бусел — птушка-сімвал Беларусі

Прыроднае расліннае покрыва Беларусі займае прыблізна 70 % тэрыторыі. Колькасць відаў раслін дасягае 12000. Больш за 200 відаў раслін ахоўваецца дзяржавай. Жывёльны свет Беларусі налічвае 457 відаў пазваночных (у тым ліку 73 віды млекакормячых, 290 відаў птушак, прыблізна 60 відаў рыб) і больш за 20 тысяч беспазваночных жывёл. Важнае гаспадарчае значэнне маюць промыслава-паляўнічыя віды жывёл — лісіца, куніца, заяц, выдра, тхор, гарнастай, а таксама лось і дзік.

17 відаў сысуноў, 72 віды птушак, 4 віды земнаводных, 10 відаў рыб, 72 віды насякомых уключаны ў чырвоную кнігу Беларусі. Для іх аховы ў месцах рассялення створаны запаведнікі, нацыянальныя паркі і заказнікі.

Ахоўныя тэрыторыі

У Беларусі створаны 2 запаведнікі і 4 нацыянальныя паркі.

Ахоўныя прыродныя тэрыторыі:

На тэрыторыі Беларусі створаны таксама шэраг заказнікаў.

Экалогія

Беларусь мацней за іншыя краіны пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Кірунак ветру ў першыя дні і тыдні пасля аварыі абумовіў тое, што з усяго аб'ёму цэзію-137, які выпаў на Еўрапейскім кантыненце, каля 70 % прыпала на тэрыторыю Беларусі[18]. Улічваючы цяжар і маштабнасць паражэння краіны ў выніку аварыі, у ліпені 1991 года тэрыторыя Беларусі была абвешчана зонай экалагічнага бедства.

У зоне радыяцыйнага забруджвання па стане на пачатак 2015 г. знаходзілася 2 383 населеных пункта, 72 з якіх не мела пастаяннага насельніцтва. Агульная колькасць сталага насельніцтва ў гэтых населеных пунктах складала 1 142,6 тыс. чал.[19].

Сімволіка

Герб Беларусі, зацверджаны ў 1995 годзе

У 1991 г. былі прыняты дзяржаўныя сцяг (бел-чырвона-белы) і герб («Пагоня»), аднак па выніках рэферэндума (1995 г.) былі зменены на сучасныя чырвона-зялёны сцяг і герб, асновай якому паслужыў герб БССР.

Першыя згадкі пра герб ”Пагоня” фіксуюцца пад 13 стагоддзе. Ён фігурыруе як герб княжацкіх сямей, гарадоў, самога Вялікага Княства Літоўскага. Фарміраванне герба звязана з агульнахрысціянскай геральдычнай традыцыяй, па-першае, маляваць манарха конным вершнікам (што паказвала яго як абаронцу), а другое, вобразамі хрысціянскіх святых, у прыватнасці святога Георгія. У савецкі перыяд Беларусі быў прысвоены сацыялістычны герб, які сімвалізаваў інтэрнацыяналізм і вяршынства сялян і пралетарыята.

Музыка гімна Беларусі напісаная Н. Сакалоўскім для гімна Беларускай ССР 1955 г. Тэкст гэтага гімна, напісаны М. Клімковічам, перапрацаваны ў 2002 г. У. Карызнам.


Дзяржаўны лад

Рэспубліка Беларусь — унітарная дзяржава, форма кіравання — прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь дэлегаваны заканадаўчыя паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў і ўказаў, якія маюць сілу закону. Прэзідэнт абіраецца непасрэдна грамадзянамі на 5-гадовы тэрмін.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 г. на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання. Набыла сілу 30 красавіка 1994 г. з моманту яе апублікавання.

24 лістапада 1996 года Канстытуцыя была абноўлена і дапоўнена паводле вынікаў рэферэндуму. Істотная частка змен — пераразмеркаванне паўнамоцтваў на карысць выканаўчай улады і прэзідэнта, у прыватнасці.

Сучасная рэдакцыя Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў.

17 кастрычніка 2004 года на рэферэндуме з Канстытуцыі было выключана палажэнне, якое абмяжоўвае права адной асобы абірацца прэзідэнтам больш за два тэрміны запар.

Найвышэйшай заканадаўчай установай Беларусі ёсць Нацыянальны сход, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. У Палаце прадстаўнікоў 110 дэпутатаў. Дэпутаты абіраюцца па мажарытарнай сістэме прамым усеагульным галасаваннем. Савет Рэспублікі абіраецца мясцовымі Саветамі — ад кожнай вобласці і горада Мінска абіраюцца па 8 членаў Савета Рэспублікі. 8 членаў Савета прызначаюцца прэзідэнтам — усяго 64 чалавека. Тэрмін паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу — 4 гады.

Судовая ўлада ажыццяўляецца Вярхоўным Судом, Вышэйшым Гаспадарчым Судом і Канстытуцыйным Судом.

Палітычныя партыі

На 2009 год у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 15 палітычных партый[20], з іх у Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь IV склікання прадстаўленыя дзве: Камуністычная партыя Беларусі і Беларуская аграрная партыя.

Міжнароднае становішча і знешняя палітыка

Будынак пасольства Рэспублікі Беларусь у Кіеве

Дзяржава з'яўляецца членам-заснавальнікам ААН, СНД, АДКБ, Еўразійскага эканамічнага саюза, Саюзнай дзяржавы, а таксама членам іншых міжнародных аб'яднанняў.

На 2013 год Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 173 дзяржавамі, у 51 з якіх адкрыта 48 пасольстваў, 2 пасольства/пастаянных прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях, 2 пастаянных прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях, 9 генеральных консульстваў і 1 консульства. За мяжой функцыянуе таксама 13 аддзяленняў пасольстваў Рэспублікі Беларусь. 

Замежныя дзяржавы прадстаўлены ў Беларусі 43 пасольствамі, 3 аддзяленнямі пасольстваў, 1 гандлёвым, 28 консульскімі ўстановамі (уключаючы ганаровых консулаў); міжнародныя арганізацыі — 17 прадстаўніцтвамі. Па сумяшчальніцтву ў Беларусі акрэдытавана 85 замежных дыппрадстаўніцтваў. Гл. таксама Візавыя патрабаванні для грамадзян Беларусі, Спіс дыпламатычных місій Беларусі, Пашпарт грамадзяніна Беларусі

Адміністрацыйны падзел

Рэспубліка Беларусь — унітарная рэспубліка, найбуйнейшая адміністрацыйная адзінка — вобласць. Рэспубліка Беларусь падзяляецца на 6 абласцей, вобласці падзяляюцца на раёны і гарады абласнога падпарадкавання. Агульны лік раёнаў ва ўсіх абласцях складае 118, а гарадоў абласнога падпарадкавання — 12. Горад Мінск з'яўляецца самастойнай адміністрацыйнай адзінкай, якая не ўваходзіць ні ў адну вобласць.

Вобласць Паштовы
індэкс
Дата
заснавання
Плошча
км²
(на 1.01.2012)
Насельніцтва
(на 1.01.2012[21])
Адміністрацыйны цэнтр Сцяг Карта
Брэсцкая вобласць 224000 189007034 снежня 1939 032 786,44 01 391 476 Брэст Flag of Brest Voblast, Belarus.svg
Мінская вобласць Брэсцкая вобласць Гомельская вобласць Гродзенская вобласць Магілёўская вобласць Віцебская вобласць МінскАдміністрацыйны падзел Рэспублікі Беларусь (пры націску на намаляваную вобласць ажыццяўляецца пераход на адпаведны артыкул)
Віцебская вобласць 210000 1846122815 студзеня 1938 040 050,32 01 214 041 Віцебск Flag of Vitsebsk Voblasts.svg
Гомельская вобласць 246000 1819121415 студзеня 1938 040 369,51 01 429 707 Гомель Flag of Homyel Voblast.svg
Гродзенская вобласць 230000 1959010320 верасня 1944 00 25 126,98 00 1 061 248 Гродна Flag of Hrodna Voblasts.svg
Мінская вобласць 220000 1836061515 студзеня 1938 039 894,75 01 403 491 Мінск Flag of Minsk Voblast.svg
Магілёўская вобласць 212000 1912021415 студзеня 1938 029 068,63 01 080 120 Магілёў Flag of Mahilyow Voblast.svg

У шэрагу гарадоў абласнога падпарадкавання і ў горадзе Мінску маецца падзел на гарадскія раёны.

Насельніцтва

Дэмаграфічныя дадзеныя

Колькасць насельніцтва Беларусі ў 1960—2015 гг.

Паводле «Дакладу аб развіцці чалавека» Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП) краіна знаходзіцца на 65-ым месцы (2011 год)[22]. На снежань 2010 г. па індэксе развіцця з улікам гендарнага фактару рэспубліка займае 52-е месца сярод 182 краін свету і першае месца ў СНД[23].

Самая вялікая этнічная група Беларусі (2009 г.) — беларусы (83,73 %). Асноўныя этнічныя меншасці: рускія — 8,26 %, палякі — 3,1 %, украінцы — 1,67 %, яўрэі — 0,14 %, іншыя, а так сама людзі, што не пазначылі нацыянальнасць — 3,1 %.[1]

З 1993 г. насельніцтва Беларусі ўстойліва скарачаецца. У 2003 г. ў Беларусі жыло 9 898,6 тыс. чалавек. У выніку перавышэння смяротнасці над нараджальнасцю насельніцтва краіны ў наступныя гады паменшылася.

У Беларусі ў 2006 г. нарадзіліся 96,4 тыс. дзяцей (на 5,9 тыс. больш у параўнанні з 2005 годам). У 2006 г. памерлі 138,4 тыс. чалавек (на 3,5 тыс. чалавек менш, чым у 2005 г.). Пры гэтым прыкметна зменшылася смяротнасць дзяцей ва ўзросце да 1 года — гэты паказчык знізіўся з 7,1 выпадкаў на 1000 народжаных за 2005 год да 6,2 выпадкаў на 1000 народжаных за 2006 год. За першы квартал 2007 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2006-га колькасць памерлых у краіне знізілася на 4,9 %.

10 буйнейшых гарадоў Беларусі,
тыс. чал., 1.01.2009.[24]

Мінск 1 829
Гомель 499
Магілёў 372
Віцебск 356
Гродна 338
Брэст 318
Бабруйск 219
Баранавічы 169
Барысаў 150
Пінск 131

У 2007 г. нараджальнасць склала (у разліку на тыс. жыхароў) 10,7, а смяротнасць — 13,7. Найбольшае значэнне натуральнага змяншэння насельніцтва адзначана ў Віцебскай вобласці, а ў сталіцы Беларусі каэфіцыент нараджальнасці быў прыкладна роўны каэфіцыенту смяротнасці. У 2008 нараджальнасць (у разліку на тыс. жыхароў) — 11,1, смяротнасць — 13,9, натуральная убыль насельніцтва — 2,8.[25]

Колькасць насельніцтва краіны складала (на 1 студзеня):

  • 2007 г. — 9 579,5 тыс. чал. (за 2006 г. зменшылася на 51 тыс. чал.)[1]
  • 2008 г. — 9 542,4 тыс. чал. (за 2007 г. зменшылася на 37,1 тыс. чал.)[1]
  • 2009 г. — 9 513,6 тыс. чал. (за 2008 г. зменшылася на 28,8 тыс. чал.)[1]
  • 2010 г. — 9 500,0 тыс. чал. (за 2009 г. зменшылася на 13,6 тыс. чал.)[26]
  • 2011 г. — 9 481,2 тыс. чал. (за 2010 г. зменшылася на 18,8 тыс. чал.)[27]
  • 2012 г. — 9 465,2 тыс. чал. (за 2011 г. зменшылася на 16 тыс. чал.)[1]
  • 2013 г. — 9 463,8 тыс. чал. (за 2012 г. зменшылася на 1,4 тыс. чал.)[1]
  • 2014 г. — 9 468,2 тыс. чал. (за 2013 г. павялічылася на 4,4 тыс. чал.)[1]
  • 2015 г. — 9 480,9 тыс. чал. (за 2014 г. павялічылася на 12,7 тыс. чал.)[1]
  • 2016 г. — 9 498,4 тыс. чал. (за 2015 г. павялічылася на 17,5 тыс. чал.)[1]
  • 2017 г. — прыблізна 9 504,7 тыс. чал. (за 2016 г. павялічылася на 6,3 тыс. чал.)[1]

Колькасць насельніцтва ў 14 гарадах Беларусі перасягае 100 тыс. чалавек. У Мінску на 1 снежня 2009 года налічваліся 1 млн 856,4 тыс. жыхароў. На другім месцы — Гомель (484,5 тыс.), на трэцім — Магілёў (370,6 тыс.). Далей ідуць іншыя абласныя цэнтры: Віцебск (346,2 тыс.), Гродна (325,8 тыс.) i Брэст (314,8 тыс.). У Бабруйску на 1 студзеня гэтага года пражывалі 218,4 тыс. чалавек, Баранавічах — 168,3 тыс., Барысаве — 149,8 тыс., Пінску — 130,4 тыс., Оршы — 122,6 тыс., Мазыры — 111,9 тыс., Салігорску — 101,1 тыс., Наваполацку — 100,6 тыс. чалавек [28].

Рэлігія

Паводле ацэнак, 60-70 % жыхароў Беларусі лічаць сябе праваслаўнымі, 15-20 % — каталікамі, 5-10 % — пратэстантамі, уніятамі. Пашыраны атэізм.

Шклоўскі ідал, каменная фігура невядомага язычніцкага бога, зроблена прыкладна ў 10-13 стагоддзях
Еўфрасіння Полацкая, манахіня і асветніца, прылічана праваслаўнай царквой да ліку святых
Мікалай Радзівіл Чорны, з імем якога звязаны распаўсюд пратэстанцкай веры ў Беларусі

У старажытнасці насельніцтва Беларусі было язычніцкім. Археолагі знайшлі ў гарадзішчах Мілаградскай культуры каля 100 фігурак жывёл, у тым ліку фігуркі каня, сабакі, каровы. На гарадзішчы Падгор’е знойдзена фігурка бабра. На старажытным могільніку ў Лоеўскім раёне (Зарубінецкая культура) былі знойдзены рытуальныя пахаванні сабакі, казулі, каровы. Гэта сведчыць ад распаўсюдзе першабытных верванняў аб тым, быццам багі і духі маюць жывёльнае аблічча. У Сярэднявякоўі сфарміраваўся культ багоў у чалавечым абліччы. Іх ушаноўвалі ў капішчах. У летапісах і фальклоры знойдзены сляды культу такіх багоў, як Ярыла, Вялес, Мокаш, Пярун і інш. Язычніцкія рытуалы захаваліся ў беларускай культуры і па сёння, у выглядзе народных свят (Купалле, Каляды, Русалле, Дзяды, Грамніцы, Саракі, Юр’е, Дажынкі) і абрадаў (Пахаванне стралы, Гуканне вясны, Пахаванне Дзеда, Ваджэнне Куста).

У Х - ХІ стагоддзях у Беларусі пашыраецца хрысціянства. Адным з першых хрысціцеляў быў ісландскі вандроўнік Торвальд Кодрансан. Па Беларусі распаўсюджваецца праваслаўе. Пазней у заходнія рэгіёны з Польшчы прыходзіць каталіцтва. У 16 стагоддзі распачынаецца Рэфармацыя: многія адукаваныя людзі прымаюць пратэстантызм, перакладаюць Біблію на старабеларускую мову (дагэтуль яна была толькі на стараславянскай мове, якую разумелі толькі вузкія колы людзей). У 1596 годзе падпісана Берасцейская унія, узнікае ўніяцкая царква. Дыяспары беларускіх татар і яўрэяў будуюць тут мячэці і сінагогі.

Напрыканцы XVIII ст. 70 % насельніцтва належала да ўніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы, 15 % былі каталікамі, 7 % — іудэеямі і толькі 6 % — праваслаўнымі. Аднак у 1839 годзе ўніяцкая царква была скасавана і далучаная да Грэка-Рускай праваслаўнай царквы, у праваслаўе перайшло больш за 1,6 млн чалавек.

У савецкі час пачынаецца жорстая барацьба з рэлігіяй: улада забараняе людзям спраўляць абрады, разбурае цэрквы, прымусова і агрэсіўна насаджвае атэізм. Знішчаюцца не толькі хрысціянскія святыні, але спальваюцца свяшчэнныя дрэвы, затоптваюцца сакральныя крыніцы, разбіваюцца валуны, культ якіх захаваўся яшчэ з язычніцкіх часоў. У канцы 1980-х гадоў дзяржава адмаўляецца ад пераследу рэлігіі. Пачынаюць аднаўляцца цэрквы, расце колькасць вернікаў.

У 2000-х гадах у Беларусі, як і ва ўсім свеце, пашыраецца цікавасць да старажытных, дахрысціянскіх верванняў. Узнікае нэаязычніцтва: яго прыхільнікі займаюцца рэканструкцыяй язычніцкіх абрадаў, святаў, светапогляду.

Мовы

Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская[29]. Рускай мове нададзены роўны статус з беларускай па выніках рэферэндуму 1995 года. Папулярызацыяй беларускай мовы сёння займаюцца такія грамадскія арганізацыія, як Мова Нанова, Кінаконг, ТБМ, Арт Сядзіба і інш. Сёння афіцыйна выкарыстоўваецца беларускі кірылічны правапіс. Існуюць таксама правапіс на беларускай лацінцы і альтэрнатыўная кірылічная граматыка - ”тарашкевіца”.

Эканоміка

Тэмп роста ВУП з 1995 па 2007 і ацэнка на 2008 (у працэнтах)

Эканоміка Беларусі — сацыяльна-рыначная. Аднак, на думку некаторых навукоўцаў, гаспадарка Беларусі з'яўляецца планавай[30], або адміністрацыйна-каманднай[31].

Тэмпы павелічэння ВУП у 2005 годзе склалі 9,2 %, інфляцыя — 8 %. У першым паўгоддзі 2006 тэмпы павелічэння ВУП склалі 10,1 %, прамысловай вытворчасці — 12,6 %.

Аб'ём ВУП у 2008 годзе павялічыўся ў параўнанні з 2007 на 10 %. Удзельная вага ў ВУП дабаўленай вартасці прамысловасці склала 28,1 %, сельскай гаспадаркі — 8,4 %, будаўніцтва — 9,4 %, транспарту і сувязі — 8 %, гандлю і грамадскага харчавання — 10,6 %.[32]

У сакавіку 2011 года ў Беларусі пачаўся валютна-фінансавы крызіс. У выніку крызісу дэвальвацыя беларускага рубеля ў адносінах да долара з пачатку года склала 189 %[33], інфляцыя за студзень—кастрычнік дасягнула 88,7 % (у тым ліку кошты на харчовыя тавары выраслі на 103,6 %)[34], заработная плата зменшылася з $527 да $220–260[35][36].

Грашовая сістэма

Беларускі рубе́ль (код ISO BYR, да 2000 — BYB) — афіцыйная валюта Рэспублікі Беларусь. Скарачаецца як Br. 1 беларускі рубель фармальна дзеліцца на 100 капеек. У хаджэнні банкноты наміналам 50, 100, 500, 1000, 5000, 10000, 20000, 50000, 100000 і 200000 рублёў. Манет або банкнот, намінаваных у капейках, не выпускаецца.

Банкаўская сістэма

Банкаўская сістэма Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы пачала складвацца ў 1991 годзе. Складаецца яна з двух узроўняў: Нацыянальнага банка Беларусі і камерцыйных банкаў.

Сельская гаспадарка

Адной з прыярытэтных галін эканомікі з'яўляецца сельская гаспадарка. У Беларусі вырошчавюцца збожжавыя (ячмень, жыта, авёс, пшаніца, трыцікале, кукуруза), кармавыя культуры, цукровыя буракі, лён, рапс, бульба. Жывёлагадоўля мае малочна-мясны кірунак. Беларусь з'яўляецца буйным экспарцёрам малочнай прадукцыі на сусветны рынак: пры вытворчасці 1 % агульнасусветнага вырабу малака на Беларусь у агульным аб'ёме сусветных паставак маслу прыходзіцца 11 %, сыру — 5,7 % (2009 г.).

Прамысловая вытворчасць

Вялікагрузны самазвал БелАЗ

Асноўныя галіны прамысловасці Беларусі — машынабудаванне, металаапрацоўка, хімічная і нафтахімічная. Таксама развіты электраэнергетыка, лёгкая, харчовая, лясная і дрэваапрацоўчая прамысловасць. Беларуская прамысловасць з'яўляецца экспартна-арыентаванай. Асноўныя экспартныя пазіцыі — нафтапрадукты (Нафтан, Мазырскае НПА), грузавыя аўтамабілі і аўтобусы (МАЗ, БелАЗ), трактары (МТЗ), тэлевізары (Гарызонт, Віцязь), халадзільнікі (Атлант), хімічныя валокны і ніці (Палімір), калійныя ўгнаенні (Беларуськалій), прадукцыя тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.

Краіна мае прадпрыемствы па вытворчасці лекавых прэпаратаў і медыцынскай тэхніцы.

IT-тэхналогіі

Лагатып кампаніі Viber
Лагатып кампаніі EPAM Systems

У Беларусі дынамічна развіваецца IT-сектар. Шэраг IT-кампаній з сусветным імем былі заснаваныя беларускімі бізнэсоўцамі. Фірму EPAM Systems заснавалі беларусы Аркадзь Добкін і Леа Лознер, сёння яна з’яўляецца рэзідэнтам Парка Высокіх тэхналогій. Адзін са стваральнікаў праграмы Viber - беларус Ігар Магазіннік. Цэнтры распрацоўкі праграмы месцяцца ў Ізраілі і Беларусі (Брэст, Мінск). Віктар Кіслы, заснавальнік і лідэр кампаніі Wargaming.net, стаў першым афіцыйным мільярдэрам Беларусі. Сёння адзін з офісаў фірмы знаходзіцца ў Мінску.

Энергетыка

Беларусь не валодае значнымі ўласнымі паліўна-энергетычнымі рэсурсамі (ПЭР). За кошт уласных ПЭР пакрываецца толькі 15% патрэб краіны (2007), астатнія 85% імпартуюцца — у асноўным з Расіі. Асноўная частка электраэнергіі выпрацоўваецца на ЦЭС.

Да 2020 г. плануецца будаўніцтва гідраэлектрастанцый магутнасцю каля 200 МВт. Таксама да 2020 г. прадугледжана стварэнне да 300 МВт магутнасцяў на ветраэнергаўстаноўках з выпрацоўкай да 500 млн. кВт*г[37] Будуецца Беларуская АЭС.

Міжнародны гандаль

Асноўнымі знешнегандлёвымі партнёрамі Беларусі з'яўляюцца Расія і ЕС. Па выніках 2006 у краіны ЕС было экспартавана 45,5 % прадукцыі, у Расію — 43,6 %. Акрамя Расіі экспарт у вялікіх аб'ёмах адбываўся ў Нідэрланды — 17,7 %, Вялікабрытанію — 7,5 %, Украіну — 6,3 %, Польшчу — 5,2 %, Германію — 3,8 %. Большая частка імпарту (58,6 %) ажыццяўлялася з Расіі; іншыя важнейшыя партнёры: Германія — 7,5 %, Украіна — 6,3 %, Польшча — 3,4 %, Кітай — 2,5 %. У імпарце пераважалі: паліва і мінеральная сыравіна (33,4 %), машыны і абсталяванне (16,1 %), металы і вырабы з іх (11,7 %). Увогуле, тавараабарот (каля 50 млрд дол. ЗША) адбываўся больш як са 140 краінамі. Аб'ём імпарту (каля 29 млрд дол. ЗША) быў большы за аб'ём экспарту (каля 22 млрд дол. ЗША).

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі краіны ў I паўгоддзі 2012 г. з'яўляліся: Расія — 46,3 % ад усяго аб'ёму знешнегандлёвага абароту, Нідэрланды — 11,6 %, Украіна — 7,5 %, Латвія — 5,4 %, Германія — 4,1 %, Кітай — 2,5 %, Польшча — 2,3 %, Літва і Італія — па 1,7 %, Бразілія — 1,2 %. У імпарце пераважалі нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, таксама імпартаваліся чорныя металы і вырабы з іх, легкавыя аўтамабілі, рухавікі ўнутранага згарання і інш. Аснову экспарту склалі нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні, таксама экспартаваліся малочныя прадукты, грузавыя аўтамабілі, трактары і інш.[38]

Турызм

Мірскі замак, адзін з найболей папулярных турыстычных аб’ектаў Беларусі. Пабудаваны ў каля 1506-1510 гг
Рыцарскі фестываль ”Спадчына вякоў” у Мірскім замку

На тэрыторыі Беларусі, з яе старажытнай і багатай гісторыяй ды самабытнай культурай, размешчана значная колькасць гістарычных гарадоў: Навагрудак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, Полацк — сталіца Полацкага княства, Тураў і Гродна — цэнтры славянскіх княстваў IXXII стст., Мсціслаў — цэнтр буйнога ваяводства ХVІ ст. У шматлікіх гарадах захаваліся старадаўнія храмы і манастыры, палацы і замкі, каштоўныя гістарычныя і культурныя помнікі[39].

Рынак турызму з'яўляецца дынамічнай галіной беларускай эканомікі. Сярэднегадавы абарот рынку турпаслуг на працягу апошніх трох гадоў перавышае 20 млн дол. ЗША і павялічваецца штогод на 8 %. Прыбытковасць арганізацыі турбізнесу, паводле афіцыйных даных, складае ў залежнасці ад стану кан'юнктуры рынку 10—20 % гадавых. Расходы на арганізацыю турызму складаюць звыш 18 млн дол. ЗША. Гадавая выручка на аднаго занятага ў сферы турызму складае 6—8 тыс. дол. ЗША. У сферы турызму занята больш 3,6 тыс. чалавек. У Беларусі каля 500 фірмаў маюць права займацца турысцкай дзейнасцю. 86 % з іх знаходзяцца ў прыватнай уласнасці[39].

Больш 250 гасцініц адначасова могуць прыняць 30 тыс. прыезджых. У распараджэнні турыстаў 14 турысцкіх гасцініц (больш 6,5 тыс. месцаў), 9 турбаз і кемпінгаў (4,3 тыс. месцаў)[39].

У Беларусі з мэтай рацыянальнага выкарыстання сферай турызму нацыянальнай культурнай спадчыны і найбольш каштоўных прыродных комплексаў распрацавана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма адраджэння гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны рэспублікі «Залатое кольца Беларусі», праектам якой прадугледжваецца стварэнне шматкропкавай спецыяльнай эканамічнай зоны турысцка-рэкрэацыйнага тыпу[39].

У Беларусі шырокую вядомасць набыў паляўнічы і рыбалоўны турызм. На тэрыторыі паляўнічагаспадарак маецца магчымасць арганізацыі камерцыйных паляўнічых тураў з гарантыяй на разнастайныя віды дзічыны[39].

Транспарт

28 ліпеня 1939 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон «Аб арганізацыі Народнага камісарыята аўтамабільнага транспарту БССР». Менавіта з гэтага моманту пачалося станаўленне аўтатранспарту агульнага карыстання рэспублікі, афармленне яго ў самастойную галіну.

На Беларусі найбольшае значэнне мае чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны транспарт.

Працягласць чыгунашчых шляхоў — 5512 км, у т.л. электрыфікаваных — 897 км. Аўтамабільных дарог — 86,6 тыс. км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём — 74,3 тыс. км. Агульная працягласць нафтаправодаў — 2984 км, нафтапрадуктаправодаў — 1107 км, газаправодаў — 7421 км[39].

Водны транспарт

У сістэме воднага транспарту працуюць 10 рачных партоў (Бабруйск, Брэст, Гомель, Мікашэвічы, Магілёў, Мазыр, Пінск, Рэчыца, Віцебск, Гродна), 4 прадпрыемствы водных шляхоў (Гомель, Пінск, Мазыр, Бабруйск), якія абслугоўваюць водныя шляхі на рэках Дняпро, Бярэзіна, Сож, Прыпяць, Заходняя Дзвіна, Нёман, Мухавец і Днепра-Бугскім канале. Будаўніцтва і рамонт суднаў ажыццяўляюцца на Пінскім суднабудаўніча-суднарамонтным заводзе.

Паветраны транспарт

Паветраны транспарт Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой комплекс прадпрыемстваў, арганізацый, якія ажыццяўляюць перавозку пасажыраў і грузаў па паветры як у рэспубліцы, такі за яе межамі. Усе яны з'яўляюцца дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыйна ўваходзяць у Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

У яго склад уваходзяць прадпрыемствы і арганізацыі: Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Нацыянальная авіякампанія «Белавія»"; Адкрытае акцыянернае таварыства «Авіякампанія Трансавіяэкспарт»; Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Авіякампанія Гродна»; Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Нацыянальны аэрапорт Мінск»; Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па аэранавігацыйнае абслугоўванні паветранага руху "Белаэранавігацыя"; Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Мінскі авіярамонтны завод»; Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Інфармацыйна-вылічальны цэнтр авіяцыі"; Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж.

Сувязь і камунікацыі

У краіне налічваецца 4,4 млн. (2014) карыстальнікаў стацыянарных тэлефонных апаратаў, 11,1 млн. (на пачатак 2014 года) мабільнай сувязі. Колькасць абанентаў сеткі Інтэрнэт у Беларусі на пачатак 2014 года склала 9,4 млн[39].

Гл. таксама

Рэйтынг самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі

Культура і грамадства

Беларускі арнамент, якім расшывалі адзенні ў нараўлянскім раёне
Слуцкі пояс, адзін з сімвалаў беларускай культуры, побач з ІІІ Статутам ВКЛ

Беларуская культура налічвае тысячы гадоў гісторыі. Яна пачалася з першабытнага мастацтва (фігуркі коней, кароў, сабак, птушак), трансфармавалася ў мастацтва Сярэднявечча з яго іканапісам і каменнымі храмамі. У 14-17 стагоддзях тут будуюцца замкі, а зліццё еўрапейскіх, праваслаўных і старажытных народных стыляў стварае ўнікальныя, непаўторныя архітэктурныя, музычныя, літаратурныя творы. Але ў 19-20 стагоддзях многія замкі і сядзібы прыйшлі ў заняпад, а народная культура стала забывацца: у вёсках болей не святкавалі Купалле, Каляды, Зялёныя святкі, Пахаванне стралы, Дзяды, паступова разбураліся старыя вясковыя хаты і цэрквы, гінуў самабытны стыль народнай архітэктуры. У заняпадзе апынулася і беларуская мова.

Але ў наш час расце цікавасць да старой беларускай культуры, да вышыванак, да замкаў, да народных святаў. Набіраюць папулярнасць мерапрыемствы, арыентаваныя на адраджэнне беларускай культуры.

Літаратура

Янка Купала, адзін з найболей уплывовых паэтаў Беларусі
Святлана Алексіевіч, беларуская пісьменніца, лаўрэят Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015)

Літаратура стагоддзямі адыгрывала важную ролю ў культуры Беларусі. Трагічная гісторыя краіны паўплывала на тое, што тэма вайны доўгі час была вядучай у беларускай літаратуры.

Сярод найбольш вядомых пісьменнікаў і паэтаў Беларусі — Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Андрэй Рымша (16 ст.), Лаўрэнцій Зізаній, Сімяон Полацкі (17 ст.), Альгерд Абуховіч, Ядвігін Ш., Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Янка Лучына (19 ст.), Алаіза Пашкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Ларыса Геніюш, Кузьма Чорны, Янка Маўр, Зінаіда Бандарэнка, Іван Мележ, Іван Шамякін, Зоська Верас, Васіль Быкаў, Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, Янка Брыль, Вольга Іпатава, Генрых Далідовіч, Раіса Баравікова, Васіль Вітка, Міхась Мамонька, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Карызна, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Анатоль Сыс.

Адсутнасць распрацаванай беларускай граматыкі ў ХІХ стагоддзі і рэпрэсаваны статус беларускай мовы прыводзіў да таго, што многія пісьменнікі і паэты, што жылі ў Беларусі ці мелі беларускае паходжанне, пісалі па-польску (Уладзіслаў Сыракомля, Тамаш Зан, Эма Дмахоўская і інш).

Сярод сучасных паэтаў і пісьменнікаў, - Альгерд Бахарэвіч (адзін з найболей папулярных сённешніх пісьменнікаў Беларусі), Святлана Алексіевіч (лаўрэат Нобелеўскай прэміі), Андусь Горват, Алесь Камоцкі (паэт і рок-музыка), Вальжына Морт, Вера Бурлак, Павел Вераб’ёў, Віктар Марціновіч (аўтар рамана ”Мова”, які выклікаў рэзананс), Уладзімір Арлоў (аўтар гістарычных твораў), Алег Аблажэй (пісьменнік і мастак, які сам ілюстрыруе свае творы), Наста Кудрасава, Кацярына Ваданосава (паэтка і спявачка), Вольга Гапеева, Аляксей Шэін, Серж Мінскевіч (абодва - сярод піянераў беларускага жанра фэнтэзі), Уладзімір Ягоўдзік, Алена Масла, Дар’я Ліс, Алёна Беланожка, Кацярына Войнікава, Валерыя Кустава, Кацярына Масэ, Юлія Новік, Таццяна Сівец, Віка Трэнас і іншыя.

Выяўленчае мастацтва

Маці Боская Адзігітрыя Неўвядальны цвет. Узор беларускага іканапісу 16 стагоддзя
”Пакланенне вешчуноў”, 1670-я гг., гравюра Аляксандра Тарасевіча

У 16-м стагоддзі ў Беларусі фарміруецца ўнікальная школа іканапісу, якая спалучала ў сабе праваслаўную і еўрапейскую манеру жывапісу. У 15-17 стагоддзях фарміруецца жанр сармацкага партрэта. Сярод мастакоў пазнейшых стагоддзяў вылучаюцца Аляксандр Тарасевіч (17 ст), Н. Ю. Сілівановіч, Напалеон Орда, Сяргей Заранка, Гелена Скірмунт (19 ст), Марк Шагал, В.К. Бялыніцкі-Біруля, Язэп Драздовіч, Міхаіл Савіцкі, Мікалай Селяшчук (20 ст).

Сярод мастакоў-сучаснікаў - Валерый Славук, Павел Татарнікаў, Мікола Купава, Раіса Сіплевіч, Май Данцыг, Адам Глобус, Зоя Луцэвіч, Анатоль Кузняцоў, Зоя Літвінава, Сяргей Кірушчанка, Віталь Герасімаў, Андрэй Асташоў, Сяргей Аганаў, Уладзімір Вішнеўскі, Уладзімір Савіч, Рыгор Сітніца, Леанід Хобатаў[40] і іншыя.

Самыя цікавыя творы беларускага жывапісу і скульптуры розных эпох можна ўбачыць у мастацкіх музеях краіны.

Буйнейшы збор твораў мастацтва мае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Ён актыўна прапагандуе нацыянальнае мастацтва. Тут пастаянна праходзяць выстаўкі твораў беларускіх мастакоў. У Мінску працуе таксама Галерэя сучаснага мастацтва ”Ў”.

Цікавыя калекцыі твораў беларускага мастацтва ў Віцебскім абласным мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі, Полацкай мастацкай галерэі.

У многіх раённых цэнтрах Беларусі ёсць мастацкія галерэі, дзе можна ўбачыць работы мясцовых мастакоў.

Архітэктура

Мураванкаўская царква-крэпасць, 16 стагоддзе, узор праваслаўнай готыкі

Архітэктура Беларусі надзвычай разнастайная - найперш з-за таго, што перыядычна мяняўся геапалітычны стан краіны. У краіне можна знайсці ўзоры аўтэнтычнай вясковай архітэктура, будынкі раманскага стылю і готыкі, барока і класіцызму, мадэрну і эклектыкі[41].

У жалезным веку плямёны, што насялялі тэрыторыю Беларусі, будавалі гарадзішчы (абнесеныя земляным валам і частаколам), а пазней - селішчы. Пасля прыняцця хрысціянства пачынаецца візантыйскі культурны ўплыў, узнікаюць каменныя цэрквы (Полацкі Сафійскі сабор, Каложская царква). У 14 стагоддзі, каля ўзмацняецца пагроза з боку крыжакоў і татар, пачынаецца будаўніцтва замкаў (Лідскі замак, Гродзенскі замак, Крэўскі замак, Аршанскі замак). Актыўныя сувязі з іншымі краінамі дазваляюць беларускім землям быць у трэндзе гісторыі: у 16 стагоддзі сюды трапляе гатычны стыль, узнікаюць цэрквы-крэпасці (Сынкавіцкая царква, Мураванкаўская, Заслаўская), у 2-й палове 16 стагоддзя - стыль барока[42] (Езуіцкі касцёл у Нясвіжы, Мікалаеўская царква ў Магілёве - выбітны помнік праваслаўнага барока). У 18-19 стагоддзях пачынаецца маштабнае будаўніцтва палацаў (Ружанскі палац, палац Бутрымовічаў, Палац Агінскіх, палац Тышкевічаў у Валожыне, палац Румянцавых — Паскевічаў, палац Храптовічаў, Косаўскі палац, палац Горватаў і інш).

Музыка

Колавая ліра на паштоўцы 2011 года
Яўген Цікоцкі (1893 - 1970), беларускі кампазітар

Старадаўняе музычнае мастацтва Беларусі прадстаўлена народнымі песнямі (веснавымі, юраўскімі, купальскімі, жніўнымі, каляднымі)[43]. Сярод традыцыйных народных інструментаў былі дуда, цымбалы, сурма, колавая ліра, жалейка, дудка язычковая, свісцёлка і інш[44].

Выбітныя кампазітары ХІХ-ХХ стагоддзяў - Міхал Клеафас Агінскі, Мікалай Чуркін, Яўген Цікоцкі, Анатоль Багатыроў, Марк Фрадкін, Уладзімір Алоўнікаў, Яўген Глебаў, Юрый Семяняка, Сяргей Картэс, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Васіль Раінчык. У ХХ стагоддзі на замежны імідж Беларусі значна паўплывала творчасць ВІА “Песняры“ на чале з Уладзімірам Мулявіным.

Сярод вядомых сёння беларускіх рок-гуртоў можна пазначыць наступныя: ”J:морс”, ”NRM”, ”Крамбамбуля”, ”Brutto”, ”Стары Ольса”, ”Vuraj”, ”Разбітае cэрца пацана”, ”Amaroka”, ”НебаCry”, ”Navi”, ”Shuma”, ”Akute”, ”Irdorath”, ”NAKA”, ”NEURO DUBEL”, ”Тутэйшая шляхта”, «Крама», ”Рэха” ”Псалмяры”, ”PunKrot”, ”Мерада”, ”Мутнаевока”, ”FolCore”, ”ZNICH”, ”Палац”, ”Скрыпы”, ”Дай дарогу”, ”LAUDANS”, ”Адарвірог”, ”Бусламі на поўдзень”, ”Vodar”, ”Кашлаты Вох” і інш. Вядомыя рок-музыкі - Таццяна Беланогая, Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Uzari, Андрэй Мельнікаў, Паліна Рэспубліка, Андрусь Такінданг, і музыкі і спевакі эстраднага жанру - Аляксандр Саладуха, Аляксандр Ціхановіч. З выканаўцаў рэпа вядомы Vinsent. Этна-гурты, якія рэканструююць і выконваюць народныя песні - Грамніцы, Ягорава Гара, Радзімічы, Дзянніца, Гарадніца, Медуніца і інш.

Сучаснае музычнае мастацтва Беларусі імкнецца захаваць нацыянальныя традыцыі, адначасова развіваючы папулярныя ў свеце стылі і напрамкі. Творы беларускіх кампазітараў, сусветнай класічнай і эстраднай музыкі гучаць у выкананні як прафесійных, так і самадзейных музыкантаў.

У Беларусі штогод праходзяць фестывалі, якія прадстаўляюць розныя напрамкі і жанры музычнага мастацтва:

  • «Беларуская музычная восень»
  • «Мінская вясна»
  • «Залаты шлягер»
  • «Музы Нясвіжа»

Сімвалам фестывальнага руху Беларусі стаў Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», удзел у якім прымаюць папулярныя артысты з розных краін свету.

Тэатр

Батлейка, беларускі народны лялечны тэатр
Францішак Аляхновіч (1883 - 1944), якога звалі «бацька навейшай беларускай драматургіі».
Аляксандр Ждановіч, акцёр тэатра і кіно, вядоўца ”Калыханкі” пад псеўданімам ”Маляваныч”
Вытокі ў фальклоры

Народны тэатр пачаў фарміравацца яшчэ ў старажытнасці, з першабытных паляўнічых ці земляробчых абрадавых гульняў, язычніцкіх рытуалаў. Нават сёння ў многіх народных дзіцячых і моладзевых гульнях (”Кавалі”, ”Жаніцьба Цярэшкі”, ”Яшчар”, «Лось», «Вецер», «Злыдні», «Чорт, «Гусі і воўк», «Старыца»), а таксама ў калядных абрадах ёсць элементы тэатральнага дзеяння. З цягам часу яны страцілі сакральна-магічнае значэнне і набылі функцыю забаўлянкі[45].

Магнацкія тэатры

У 16 стагоддзі пачала развівацца батлейка - народны лялечны тэатр, у якіх ставіліся п’есы пераважна рэлігійнага зместу. У 20 стагоддзі яна надоўга была забыта, але сёння цікавасць да яе адраджаецца. У дваранскім саслоўі з 18 стагоддзя развіваліся магнацкія тэатры - пераважна пад уплывам еўрапейскай драмы. У 1746 годзе был заснаваны Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, яго стваральніца - княгіня Францішка Урсула Радзівіл. Ёй самой належай шэраг п’ес, у тым ліку на антычныя тэмы. Пазней узнікаюць новыя магнацкія тэатры - слуцкі, слонімскі, гародзенскі, ружанскі дзярэчынскі і інш[46]. Многія п’есы, якія ў іх ставіліся, звярталіся да ідэй асветніцтва, гуманізма, выводзілі на сцэну персанажаў з простанароддзя. Менавіта яны судзейнічалі маральнай адукацыі дваранства, прыносілі перадавыя ідэі свабоды і роўнасці ўсіх людзей. Адным з такіх твораў была опера ”Агатка, або прыезд пана” (пастаўлена ў Нясвіжы, 1784 год), лібрэта якой напісал Мацей Радзівіл. Ён жа напісаў лібрэта і музыку дзеля оперы ”Войт альбанскага сялення”, дзе асуджаў жорсткае абыходжанне з сялянамі.

Беларускі тэатр у 20 стагоддзі

Выбітныя драматургі 20 стагоддзя - Янка Купала, Францішак Аляхновіч, Зміцер Жылуновіч, Наталля Арсеньнева, Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, Андрэй Федарэнка і інш. Сучасныя драматургі - Аляксей Дудараў, Таццяна Сівец, Павал Пражко, Вераніка Буслаева, Мікалай Рудкоўскі, Павал Расолька, Канстанцін Сцешык, Дзмітры Багаслаўскі, Мікіта Валадзько, Мікалай Халезін[47] і інш. Адной з праблем развіцця айчыннай драматургіі называюць тое, што п'есы беларускіх драматургаў дасюль часцей ставяць за мяжой, чым на радзіме[48]. Так п'есы маладога драматурга Паўла Пражко перакладаюцца на англійскую і французскую мову.

Сучасныя акторы беларускага тэатру - Ганна Хітрык, Сяргей Рудзеня, Аляксандр Ждановіч і інш.

Цяпер у краіне працуе 28 дзяржаўных тэатраў, вялікая колькасць самадзейных народных калектываў.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы — найстарэйшы беларускі тэатр. Дзейнічае Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, яго пастаноўкі мелі поспех як у айчыннага, так і ў замежнага гледача. ”Зніч” - адзіны ў Беларусі тэатр, дзе ставяцца спектаклі аднаго акцёра (монаспектаклі ідуць на беларускай мове). Працуе таксама падпольны Свабодны тэатр.

У Беларусі праходзяць маштабныя тэатральныя фестывалі, сярод якіх «Панарама» ў Мінску, «Белая вежа» ў Брэсце.

Кінематограф

Андрэй Курэйчык, сучасны беларускі рэжысёр
Кадр з беларускага мультфільма Прыгоды Несцеркі (2013) на паштоўцы

Мастацтва кіно ў Беларусі развіваецца з 30-х гадоў XX стагоддзя. У 1924 г. створана Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі — Белдзяржкіно. У 1928 г. у Ленінградзе адкрылася кінастудыя «Савецкая Беларусь», якая выпускала мастацкія, хранікальныя і навукова-папулярныя фільмы. У 1939-м студыя пераехала ў Мінск, а з 1946-га носіць назву «Беларусьфільм».

Першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» ў 1926 г. стварыў рэжысёр Ю. Тарыч. Падчас Вялікай Айчыннай вайны беларускія дакументалісты аднымі з першых здымалі рэпартажы з фронту. Тэма трагедыі народа стала адной з галоўных у пасляваеннай творчасці рэжысёраў Беларусі. Асаблівую нішу айчынныя кінематаграфісты занялі ў дзіцячым кіно. Сусветнае прызнанне заваявала беларускае дакументальнае кіно. Развіваецца беларуская мультыплікацыя: штогод беларускія студыі выпушчаюць каля 10-12 мультфільмаў, многія з іх выйшлі на беларускай мове, прысвечаны беларускай культуры, фальклору (”Якія сны сніць мядзведзь”, ”Выцінанка-выразанка”, ”Піліпка”, ”Беларускія прымаўкі”, ”Будзьма беларусамі” і інш).

Сярод рэжысёраў сучаснасці — Юрый Хашчавацкі, Андрэй Курэйчык, Арцём Лобач і рэжысёры мультыплікацыі Міхаіл Тумеля і Ігар Волчак.

Філасофія

Развіццё беларускай філасофіі пачынаецца з асветнікаў 16-18 стагоддзяў, сярод якіх былі Ілля Капіевіч, Сімяон Полацкі, Казімір Лышчынскі, Казімір Семяновіч, Якуб з Калінаўкі і іншыя.

Сярод філосафаў сучаснасці - Уладзімір Абушэнка, Уладзімір Мацкевіч, Яўген Бабосаў, Валянцін Акудовіч, Юлія Шчытцова, Павел Бакоўскі і інш.

Вольга Давыдзік адзначае, што ”шмат якія даследчыкі лічаць айчынную філасофію досыць анклаўнай і местачковай, бо яна не мае сталых выхадаў на міжнародны ўзровень і займаецца састарэлымі праблемамі”[49].

Музеі

Бібліятэкі

Бібліятэчная сістэма краіны ўключае каля 10 тыс. публічных і спецыяльных бібліятэк, сукупнага аб'ёму фонду — каля 250 млн асобнікаў.

Згодна дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на пачатак 2015 года ў Беларусі дзейнічалі 3,1 тыс. публічных бібліятэк, агульны фонд якіх налічвае 62,5 млн. кніг, часопісаў, рукапісаў і іншых крыніц інфармацыі. Нароўні з кніжнымі выданнямі ў бібліятэках даступныя электронныя каталогі, калекцыі электронных публікацый і іншыя інфармацыйныя крыніцы ў электронным выглядзе. У 2014 годзе колькасць электронных дакументаў, якія ўваходзяць у склад бібліятэчнага фонду, склала 110 тыс. асобнікаў. На пачатак 2015 года больш за 60% публічных бібліятэк мелі доступ у Інтэрнэт[50].

Самы вялікі збор друкаваных выданняў у краіне мае Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў Мінску, за ёй захоўваецца права атрымання абавязковага экзэмпляра. Тут сабраны самы вялікі за межамі Расіі збор кніг на рускай мове. У 2006 годзе адкрыты новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі, які мае ўнікальнае архітэктурнае рашэнне ў форме брыльянта.

СМІ

Навука

Якуб Наркевіч-Ёдка (1848 - 1905), беларускі фізік, біёлаг і медык
Язэп Драздовіч (1888 - 1954), этнограф, скульптар, археолаг і мастак. З-за сваёй рознабаковасці вядомы пад мянушкай ”беларускі да Вінчы”

Вышэйшая дзяржаўная навуковая арганізацыя Рэспублікі Беларусь — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН Беларусі).

Матэматыка

Сярод вядомых беларускіх матэматыкаў - Васіль Ермакоў, Іван Пташыцкі.

Гістарычная навука
Усевалад Ігнатоўскі (1881 - 1931), беларускі гісторык, аўтар кнігі ”Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”

Выбітныя беларускія гісторыкі - Усевалад Ігнатоўскі, Платон Жуковіч, Аляксандр Краўцэвіч, Святлана Куль-Сяльверстава, Юрый Туронак і інш.

Эканамічная навука

Сярод вядомых беларускіх эканамістаў: Вадзім Іосуб, Зміцер Крук, Яраслаў Раманчук, Кірыл Руды, Леанід Заіка, Сяргей Чалы, Елена Несцяронак, Наталля Рабава, Валер Карбалевіч, Галіна Яшава і інш.

Этнаграфія

Беларускія этнографы, якія даследвалі народную культуры, беларускую міфалогію і фальклор, - Адам Багдановіч (бацька паэта Максіма Багдановіча), Аляксандр Сержпутоўскі, Ян Баршчэўскі, Канстанцін Тышкевіч, Яўхім Карскі (канец 19 - пачатак 20 стагоддзя), Язэп Драздовіч, Эдвард Зайкоўскі, Андрэй Прохараў, Таццяна Валодзіна, Уладзімір Васілевіч, Зянон Пазняк, Уладзімір Лобач (20 стагоддзе), Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч, Максім Знак, Сяргей Санько, Галіна Нячаева, Іван Крук, Зміцер Скварчэўскі (цяперашні час) і інш.

Народнае мастацтва можна пабачыць сёння ў такіх музеях, як Музей беларускага народнага мастацтва (Раўбічы), Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый (Гомель, Ветка) і інш.

Астраномія

У Беларусі няма прафесійных астранамічных абсерваторый, таму адзіныя абсерваторыі, якія публікуюцца ў навуковых выданнях з'яўляюцца аматарскімі. Дзве абсерваторыі зарэгістраваны ў Цэнтры малых планет. Гэта абсерваторыі: «Taurus-1» і Віцебская аматарская астранамічная абсерваторыя. Абедзве знаходзяцца ў Віцебскай вобласці.

Касманаўтыка
Барыс Кіт, матыматык, педагог, канструктар ракетнай тэхнікі
Уладзімір Кавалёнак, беларускі касманаўт

Нацыянальная праграма даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах на 2008—2012 гады зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.10.2008 № 1517[51].

Апроч касмічнага агенцтва, працы па стварэнні якога ўжо пачаліся ў Беларусі[52], плануецца стварэнне ўласнага цэнтра кіравання палётамі (будзе адкрыты ў будынку Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі ў Мінску). У яго будзе паступаць інфармацыя з камандна-вымяральнага пункта (плануецца ў Лагойскам раёне)[53].

  • БелКА — першы спадарожнік незалежнай Беларусі.

Спорт

У краіне функцыянуюць больш як 26 тыс. аб'ектаў фізкультурна-спартыўнага прызначэння. У Беларусі займаюцца многімі відамі спорту. Найбольш папулярныя: лёгкая атлетыка, футбол, гімнастыка, лыжны спорт, хакей, тэніс, фехтаванне, барацьба, валейбол, гандбол, плаванне, шахматы і шашкі. Рэспубліканскі цэнтр aлімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» вядомы ў свеце як цэнтр для біятлона. У Беларусі шмат навучальных цэнтраў для падрыхтоўкі прафесійных спартсменаў, у тым ліку: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, вучылішчы алімпійскага рэзерву, спецыялізаваныя школы алімпійскага рэзерву, дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы. Дзейнічаюць 3 буйныя цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі: у Стайках, Раўбічах і Ратамцы.[54]

Нацыянальныя святы

Каляндар святочных і памятных дзён, якія з'яўляюцца нерабочымі ў Беларусі:

Народныя святы

Свята Купалле на карціне Міхаіла Філіповіча, 1921 год.

Акрамя афіцыйных дзяржаўных святаў існуе і шэраг народных, традыцыйных, якія дасюль святкуюць у вёсках, а таксама моладзь, якая цікавіцца народнай культураў: Каляды, Грамніцы, Масленка, Гуканне вясны, Саракі, Камаедзіца, Юр'я, Пахаванне стралы, Зялёныя святкі, Купалле, Жаніцьба Коміна, Дзяды[55]. Большасць з іх мае старажытныя язычніцкія карані.

Кухня

Калдуны на беларускай паштоўцы.
Дранікі, адна з найболей вядомых страў беларускай кухні

У мінулым народная кухня складалася пераважна з вегетарыянскіх страў: жытні хлеб, аладкі (якія пяклі з кіслага цеста), праснакі, вугры (якія на Тураўшчыне пяклі ў гарачым попеле), супы крупнік і жур, а таксама стравы з жыта, грэчкі, аўса, фасолі, гародніны, малака. Мяса елі пераважна ў багатых сем’ях. На сялянскіх сталах яго часцей замянялі грыбы, якія ў даўніну не марынавалі, а сушылі. Грыбныя стравы наогул вылучаліся багаццем рэцэптаў і займалі вялікае месца ў беларускай кухні. Таксама шмат страў гатавалася з бацвіння, за што палякі доўгі час называлі беларусаў ”бацвіннікамі” (самі яны грэбавалі бацвіннем, а ў Беларусі яго елі і сяляне, і шляхта)[56]. Калдуны распаўсюдзіліся з 16-га стагоддзя, дзякуючы дыяспары беларускіх татар. Як і многія іншыя стравы, гатаваліся яны ў гліняных гаршках.

Бульба з’явілася толькі ў 18 стагоддзі (практычна выціснуўшы з народнай кухні рэпу), і стравы, з якімі сёння асацыіруецца беларуская кухня (бабка, дранікі) - сфарміраваліся даволі позна. Верашчака ўпершыню згадваецца з сярэдзіны 18 стагоддзя. У Вялікім Княстве Літоўскім было вельмі пашырана бортніцтва (здабыча мёду дзікіх пчол), з мёду гатаваліся напоі і салодкія стравы.

Традыцыйная беларуская кухня вельмі блізкая да літоўскай. На працягу 13 — 19 ст. на яе фарміраванне (асабліва ў прывілеяваных класаў) аказвалі значны ўплыў польская і нямецкая кухні, а таксама кухні нацыянальных меншасцей — яўрэйская і татарская, у меншай ступені французская, італьянская, венгерская і англійская. З 19 ст. найбольшы ўплыў аказвае руская кухня.

Сярод народных страў таксама вылучаюцца клёцкі, сальцісон, квашаніна, бліны, мачанка, каўбасы, аладкі з макам і інш.

Беларускае народнае адзенне

Сяляне ў калінкавіцкіх строях на паштоўцы
Дзяўчына з-пад Валожына на фотаздымку Бенедыкта Тышкевіча, 1898 год

Беларускі народны касцюм вельмі адрозніваўся па рэгіёнах і ўключаў мноства мясцовых строяў: ляхавіцкі, дамачоўскі, мотальскі, маларыцкі, ваўкавыскі, вілейскі, турава-мазырскі, калінкавіцкі, клецкі, слуцкі, брагінскі і інш[57]. Сярод найболей старажытных - неглюбскі строй, які захаваў шмат агульных рысаў з вопраткай радзімічаў, што спрадвеку насялялі ўзбярэжжа ракі Сож.

Загадкавыя народныя арнаменты ўпрыгожвалі не толькі вопратку, але і абрусы, ручнікі, посцілкі. Многія іх сімвалы маюць вельмі старажытную гісторыю, і іх аналагі сустракаліся яшчэ на роспісах першабытнай керамікі.

Сацыяльная сфера

Адукацыя

У сістэму адукаці ў Рэспубліцы Беларусь уваходзяць:

  • Дашкольная адукацыя
  • Агульная сярэдняя адукацыя
  • Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі
  • Сярэдняя спецыяльная адукацыя
  • Вышэйшая адукацыя
  • Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі

Ахова здароўя

Злачыннасць

У 2010 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 140 920 злачынстваў[58]. Самы высокі ўзровень злачыннасці сярод рэгіёнаў Беларусі назіраецца ў Мінску (193,5 злачынства ў пераліку на 10 000 чалавек, уключаючы 25 % цяжкіх і 20 % асабліва цяжкіх злачынстваў ад агульнай іх колькасці ў Беларусі[59], 2/3 крадзяжоў мабільных тэлефонаў[60], 55 % сукупнай сумы хабараў[59]), на другім месцы — Мінская вобласць (153,7)[59][61]. Самым крымінагенным горадам па каэфіцыенце злачыннасці з'яўляецца Бабруйск, лідарам па ліку забойстваў «на душу насельніцтва» — Ліда[62]. Па дадзеных Генпракуратуры і МУС, узровень злачыннасці ў краіне змяншаецца[58][63].
Пры гэтым вырасла колькаць злачынстваў, якія здзяйсняюцца замежнікамі[64] і раней асуджанымі[65] (47,2 %[61]).

Сярэдні ўзровень раскрывальнасці злачынстваў — 40,1 %[60], у тым ліку кватэрных крадзяжоў — 13 %[66], забойстваў — 92 % (дадзеныя па Мінску)[67].

Узброеныя сілы

Армія

Узброеныя сілы складаюцца з 2 відаў: сухапутных войскаў і ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Вярхоўнае камандаванне ажыццяўляе Прэзідэнт. Выдаткі на абарону складаюць 420,5 млн долараў ЗША (2006) — 1,4 % ВНП (ацэнка 2005)[68].

Міліцыя

Спецслужбы

Будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у Мінску

Галоўнай спецслужбай у рэспубліцы з'яўляецца Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Яго асноўныя задачы апісваюцца ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» № 390-З ад 10 ліпеня 2012 г.[69].

Акрамя КДБ у Беларусі існуюць Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь (адказвае за дзяржаўную бяспеку), Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (адказвае за ахову дзяржаўнай інфармацыі і сакрэтаў)[70], Дзяржаўны камітэт фінансавых расследаванняў Рэспублікі Беларусь (адказвае за эканамічную бяспеку Беларусі)[71], Служба бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (адказвае за ахову бяспекі Прэзідэнта і іншых службовых асоб РБ), а таксама Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь[72], Камітэт дзяржаўнага кантролю[73] і Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь[74][75].

Заўвагі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 1,9 Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Гадавыя дадзеныя "Колькасць насельніцтва па абласцях і г. Мінску" http://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/solialnaya-sfera/demografiya_2/g/chislennost-naseleniya-po-oblastyam-i-g-minsku/
  2. http://naviny.by/rubrics/society/2011/09/16/ic_articles_116_175144/
  3. А. Калечыц, У. Ксяндзоў. Спробы засялення краю неандэртальскім чалавекам.
  4. І ў Менску былі маманты
  5. А. Калечыц, У. Ксяндзоў. Старажытны каменны век (палеаліт). Першапачатковае засяленне тэрыторыі
  6. Г. Штыхаў. Балты і славяне ў VI—VIII стст.
  7. М. Клімаў. Полацкае княства ў IX—XI стст.
  8. Г. Штыхаў, В. Ляўко. Палітычная гісторыя Полацкай зямлі
  9. Г. Штыхаў. Дзяржаўны лад у землях-княствах
  10. Г. Штыхаў. Дзяржаўны лад у землях-княствах
  11. Беларускія землі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага
  12. Люблінская унія 1569 г.
  13. Народная газета. — 1995. — № . — 6 мая. —С.
  14. Найноўшая гісторыя беларускага парламентарызму / В. Сіліцкі, П. Натчык, А. Зелімханаў [і інш.]. — Мн.: Аналітычны гурток, 2005. — С. 71.
  15. Игнатищев, Р. Учись видеть ложь. — Мн. — Могилев, 1997. — С. 41.
  16. Па насельніцтве з краін, якія не маюць выхаду да мора еўрапейскіх дзяржаў Беларусь (меней 9,5 млн жых.) апярэджваюць Чэхія (бол. 10 млн жых.), Венгрыя (зв. 10 млн жых.) і Сербія (9,9 млн жых.).
  17. Казахстан таксама не мае выхаду да мора (Каспійскае мора, якое абмывае Заходні Казахстан, з'яўляецца нутрамацерыковым возерам), еўрапейская частка Казахстана (пры правядзенні межы Еўропа-Азія па Мугаджарам і рацэ Эмбе) перавышае па плошчы Беларусь.
  18. Дакументы ЧАЭС: Забруджванне тэрыторыі Беларусі " ЧАЭС Зона адчужэння
  19. Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Колькасць населеных пунктаў ў зонах радыяцыйнага забруджвання http://belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/otrasli-statistiki/naselenie/demografiya_2/osnovnye-pokazateli-za-period-s-__-po-____gody_3/chislo-naselennyh-punktov-raspolozhennyh-v-zonah-radioaktivnogo-zagryazneniya-i-chislennost-prozhivayuschego-v-nih-naseleniya-po-respublike-belarus/
  20. (руск.)  Сведения о политических партиях, зарегистрированных в Республике Беларусь // Министерство юстиции Республики Беларусь
  21. Статыстычны бюлетэнь «Полаўзроставая структура насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 1 студзеня 2012 года і сярэднегадовая колькасць насельніцтва за 2011 год»
  22. Индекс человеческого развития Беларуси — не было бы ниже
  23. Беларусь занимает первое место в СНГ по индексу развития с учетом гендерного факцёра
  24. БЕЛАРУСЬ В ЦИФРАХ. Статистический справочник. Национальный статистический комитет Республики Беларусь, Мн., 2009
  25. belstat.gov.by
  26. Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Гадавыя дадзеныя па абласцях і г. Мінску ў лічбах, 1995—2011 гг. https://archive.is/20120707223515/belstat.gov.by/homep/ru/indicators/regions/1.php>
  27. Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Гадавыя дадзеныя па абласцях і г. Мінску ў лічбах, 1995—2011 гг. https://archive.is/20120707223515/belstat.gov.by/homep/ru/indicators/regions/1.php>.
  28. http://zvyazda.minsk.by/ru/archive/article.php?id=12118&idate=2008-05-15
  29. Канстытуцыя РБ. Артыкул 17 (рускі). Праверана 13 студзеня 2015.
  30. Міхаіл Марыніч. Трансфармацыйныя задачы Беларусі// Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". 10 чэрвеня 2007
  31. Ігар Шчучэнка. Выйсце з крызісу — далейшае рэфармаванне // Звязда. 21 сакавіка 2009
  32. http://web.archive.org/web/20090129085428/http://belstat.gov.by/homep/ru/news/news87.php
  33. Беларускі рубель — сусветны лідар па дэвальвацыях, Белорусские новости (20 кастрычніка 2011)
  34. Пра змену коштаў у кастрычніку 2011 г. Прэс-рэліз Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (9 лістапада 2011)
  35. Бядней за беларусаў у СНД толькі таджыкі, Белорусские новости (19 верасня 2011)
  36. Сярэдні заробак у верасні дасягнуў 2,26 мільёна рублёў, Наша Ніва
  37. Стратегии развития... 2011-2015 годы.
  38. https://archive.is/20121130131751/belstat.gov.by/homep/ru/indicators/pressrel/foreign_trade.php
  39. 39,0 39,1 39,2 39,3 39,4 39,5 39,6 Эканоміка // Дасье БЕЛТА
  40. Сучасныя беларускія мастакі
  41. Архитектура Беларуси BELARUS.BY
  42. А. Каханоўскі. Культура Беларусі ўсярэдзіне XVII – XVIII ст.
  43. Анталогія беларускай народнай песні, гуказапісы спеваў
  44. Беларускія Музычныя Iнструменты
  45. М.А. Каладзінскі. НАРОДНЫ ТЭАТР
  46. Магнацкія культурныя цэнтры
  47. Публічная дыскусія “Беларуская новая пьеса: без беларускай мовы ці беларуская?”
  48. Беларускія драматургі па-ранейшаму лепш ставяцца за мяжой, чым на радзіме
  49. Беларускія філосафы ў пошуках прасторы
  50. Все идём в библиотеку // Аргументы и факты в Белоруссии : газета. — Мн.: 20 кастрычнніка 2015. — В. 407. — № 43. — С. 15. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2016.
  51. Аб Нацыянальнай праграме даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах на 2008—2012 гады
  52. У космас — разам. Інтэрв'ю акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі С. У. Абламейка часопісу Расійскі космас
  53. У суседнім з Барысаўскім раёне пабудуюць Камандна-вымяральны пункт
  54. http://www.belarus.by/by/about-belarus/sport
  55. Святы і абрады беларусаў
  56. «Мірныя бульбашы з малой краіны» — 5 непраўдзівых стэрэатыпаў пра Беларусь
  57. М. Раманюк. Беларускае народнае адзенне
  58. 58,0 58,1 У Беларусі скарачаецца колькасць злачынстваў, Беларускія навіны (26.01.2011)
  59. 59,0 59,1 59,2 Лукашэнка незадаволены мінскімі ўладамі , TUT.BY (29.06.2010).
  60. 60,0 60,1 Крадзяжы складаюць у Мінску каля 70% злачынстваў , TUT.BY (18.04.2011).
  61. 61,0 61,1 Узровень злачыннасці ў Мінскай вобласці — адзін з самых высокіх у краіне , TUT.BY (25.01.2011).
  62. Генпракуратура аналізуе стан са злачыннасцю ў Беларусі па каэфіцыенце злачыннасці , interfax.by (02.10.2008).
  63. У Беларусі стабілізавалася крымінагеннае становішча, лічыць генпракурор, Беларускія навіны (25.06.2007)
  64. Замежнікі сталі здзяйсняць у Беларусі больш злачынстваў, Беларускія навіны (03.02.2011)
  65. МУС Беларусі турбуе рост рэцыдыўнай злачыннасці, Беларускія навіны (30.07.2010)
  66. Я з ЖЭСа. Дазволіце вас абкрасці! , interfax.by (20.01.2009).
  67. Рэйтынг усіх службаў і падраздзяленняў ГУУС Мінгарвыканкама вырас, Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (10.02.2006).
  68. Паводле звестак у CIA Factbook 2007.
  69. Аб КДБ РБ (бел.) . Сайт КДБ РБ. Праверана 22 студзеня 2015.
  70. Гісторыя Аператыўна-аналітычнага цэнтра РБ (руск.) . Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Праверана 22 студзеня 2015.
  71. Гісторыя ДКФР (руск.) . ДКФР. Праверана 22 студзеня 2015.
  72. Таможня (руск.) . Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь. Праверана 22 студзеня 2015.
  73. http://www.kgk.gov.by/ru/
  74. http://gpk.gov.by/
  75. agentura.ru (руск.) . agentura.ru. Праверана 22 студзеня 2015.

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя ў 18 т. Т. 18. Кн. 2. Рэспубліка Беларусь. — Мн.: БелЭн. 2004.
  • Манак, Б.А. Насельніцтва Беларусі: рэгіянальныя асаблівасці развіцця і рассялення / Б.А. Манак. — Мінск : Універсітэцкае, 1992. — 176 с.
  • Нацыянальны атлас Беларусі / Складз. і падрыхт. да друку Рэсп. унітарн. прадпрыемствам «Белкартаграфія» у 2000—2002 гг., Гал. рэдкал. М.У. Мясніковіч (старшыня) і інш. — Мінск : Белкартаграфія, 2002. — 292 с.
  • Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси / Нац. акад. наук Беларуси. Ин-т языкознания им. Я. Коласа, Бел. респ. фонд фундамент. исслед. ; под ред. А. Н. Булыко, Л. П. Крысина. — Минск : Беларуская навука, 1999. — 246 с.

Спасылкі

Wikiquote-logo.svg
У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Беларусь