Беларусь учора і сяньня
Беларусь учора і сяньня | |
---|---|
Беларусь учора і сяньня | |
Жанр | гістарычны нарыс |
Аўтар |
Язэп Найдзюк Іван Касяк |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1940 год |
Дата першай публікацыі | 1940 год |
Асобнае выданне | 1940 год |
Колькасць старонак |
303 (у другім выданні) 341 (у трэцім выданні) |
Электронная версія | |
ISBN | 5-343-01458-5 |
«Белару́сь учора і сяньня́» (Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі) — кніга, прысвечаная гісторыі Беларусі, упершыню была выдадзеная ў 1940 годзе Язэпам Найдзюком. У кнізе былі выкарыстаныя гістарычныя працы такіх навукоўцаў, як Яўхім Карскі, Мацей Любаўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Уладзімір Пічэта, Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Васіль Шчарбакоў і шмат якіх іншых. Сам Язэп Найдзюк шчыра прызнаваў, што ягоная праца ў бальшыні сваёй кампіляцыйная. Пры другім выданні ён спрабаваў датасаваць яе да школьнай праграмы па гісторыі Беларусі і зрабіць, каб гэтая праца была дапаможнікам для вывучання беларускай гісторыі, бо тады не было добра апрацаванага падручніка. Падчас нямецкай акупацыі кніга выкарыстоўвалася ў якасці падручніка.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]У 1939 годзе, перад пачаткам Другой сусветнай вайны, часопіс «Шлях Моладзі» быў закрыты польскімі ўладамі, а рэдактар Язэп Найдзюк, выдаўцы і сябры рэдакцыйнай калегіі былі арыштаваныя і высланыя ў канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Былі вызваленыя яны пасля заняцця Бярозы часцямі Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года. Найдзюк вярнуўся ў Вільню, працягваючы працу ў беларускіх нацыянальных арганізацыях і пасля перадачы Вільні савецкім урадам Літве.
Напісанне кнігі
[правіць | правіць зыходнік]Да вайны і падчас яе
[правіць | правіць зыходнік]У 1940 годзе Язэп Найдзюк выдаў лацінскім алфавітам нарыс гісторыі Беларусі пад назвай «Беларусь учора і сягоньня». Пазней у Найдзюка паўстала думка пашырыць гэтую брашуру і гэта было зроблена ў 1941 годзе. Увосені гэтага ж года ён пераехаў з Вільні да Мінска і тут працаваў у выдавецтве падручнікаў для беларускіх школ Генеральнага школьнага інспектарыяту. Калі ж аддаваў кнігу ў друк, спачатку ў газету «Голас вёскі», ён вырашыў ператварыць кніжыцу ў падручнік і дапаможнік па вывучэнні гісторыі Беларусі. У 1944 годзе ў Мінску было выпушчанае (на гэты раз кірылічным шрыфтам) другое, значна пашыранае выданне кнігі «Беларусь учора і сяньня».
Пасля вайны
[правіць | правіць зыходнік]Прайшло некалькі дзесяцігоддзяў, і спатрэбілася палепшыць кнігу. За гэтую справу ўзяўся на эміграцыі вядомы беларускі праваслаўны дзеяч падчас акупацыі, інжынер Іван Касяк. Ён фактычна напісаў новую працу, якая працягвала далей змест кнігі Найдзюка, але была самастойнай як па характары выкладу, так і нават па рубрыкацыі. Гістарычны нарыс быў даведзены новым аўтарам да 80-х гадоў XX стагоддзя. Галоўны акцэнт у гэтым дадатковым нарысе кладзецца на гады Другой сусветнай вайны і першыя пасляваенныя гады.
Дапамога Язэпу Найдзюку
[правіць | правіць зыходнік]У працы над гэтай кніжкай Язэпу Найдзюку дапамагалі:
- Мікалай Шкялёнак (Найдзюк называе яго «хросным бацькам першага выдання кнігі»
- Адам Станкевіч (дапамагаў літаратурай і парадамі)
- Антон Адамовіч (рэдактар, які пераглядаў і рабіў некаторыя папраўкі ў часе друку кнігі ў газеце «Голас вёскі»)
Цэнзура
[правіць | правіць зыходнік]Падчас нямецкай акупацыі
[правіць | правіць зыходнік]Кніга Язэпа Найдзюка была кантраляваная і папраўленая Ёзафам Сівіцам (польскім немцам), працаўнікам аддзела культуры і палітыкі генеральнага камісара Беларусі, які добра ведаў і беларускую мову. Сівіца быў прызначаны кіраўніком выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, наглядчыкам над галоўным школьным інспектарам і цэнзарам усіх беларускіх друкаў. Такім чынам, цэнзар і рэдактар Сівіца паправіў тэкст кнігі Я. Найдзюка «Беларусь учора і сяньня» ў кірунку, які адпавядаў нямецкай акупацыйнай палітыцы ў генеральнай акрузе Беларусі ў школьнай і прапагандысцкай справе. У выданні 1993 года матэрыялы, якія мелі адкрыта прапагандысцкі характар, былі апушчаныя, а знятыя тады звесткі, напрыклад, пра перамогу ў Грунвальдскай бітве, наадварот, адноўленыя.
У СССР
[правіць | правіць зыходнік]Палітычная дактрына савецкай афіцыйнай гістарыяграфіі не аказвала ціск на Язэпа Найдзюка, і таму некаторыя палажэнні ягонай кнігі, заснаваныя на тагачасных навуковых дасягненнях і выкладзеныя ім у папулярнай форме, былі пацверджаныя беларускімі даследчыкамі толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў. Да такіх палажэнняў адносіцца той раздзел кнігі, дзе гаворыцца пра арыйскае паходжанне беларусаў у выніку зліцця часткі славян і балтаў.
Аўтар слушна падкрэслівае ролю Полацка як беларускага палітычнага цэнтра, асобнага ад двух цэнтраў дзяржавы Рурыкавічаў — Ноўгарада і Кіева. Язэп Найдзюк абмінуў штучную канструкцыю расійскіх дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў пра існаванне адзінай старажытнарускай народнасці. З годнасцю аўтар паказвае беларускую культуру старадаўняга часу, называючы імёны царкоўных дзеячаў, у тым ліку Еўфрасінню Полацкую, Кліма Смаляціча, Кірылу Тураўскага і іншых, якія ў савецкай тагачаснай гістарыяграфіі згадваліся з адмоўнымі характарыстыкамі.
Змест (выдання 1993 года)
[правіць | правіць зыходнік]- Прадмова (Язэп Найдзюк, 12 траўня 1943 года)
Першая частка (Язэп Найдзюк)
[правіць | правіць зыходнік]Ад старажытных часоў да Другой сусьветнай вайны.
- Разьдзел I
Што гэта гісторыя.— Ці ёсьць гісторыя Беларусі? Як выглядала Беларусь у сівой мінуўшчыне. — Геаграфічнае палажэньне Беларусі. — Абвадненьне. — Глеба. — Клімат. — Ледавіковы пэрыяд. — Расьліннасьць і жывёліннасьць. — Першыя насельнікі. — Эпоха палеаліту і нэаліту. — Мэталічная эпоха.— Выкапні
- Разьдзел II
Адкуль узяліся людзі на Беларусь — Расавае іхнае паходжаньне. — Арыйцы — Славяне ды іхная прабацькаўшчына. — Сямейны, гаспадарскі, культурны і грамадзкі быт славянаў. — Плямёны. — Характарыстыка славянаў
- Разьдзел ІІІ
Разыход славянаў і ягоныя прычыны. — Кдрункі разыходу. — Засяленьне нашага краю і ягоны назоў. — Нашыя плямёны: Крывічы, Радзімічы, Дрыгвічы, Севяране, Вяцічы, Дзераўляне, Яцьвягі і Голядзь — Утварэньне беларускага народу. — Готы. — Хазары. — Варагі
- Разьдзел IV
Дзяржаўна-палітычная арганізацыя беларускага народу. — Утварэньне беларускіх княстваў — Галоўныя цэнтры: Полацк, Смаленск, Тураў, Чарнігаў.— Дзяржаўны лад: князь, дружына, веча. — Грамадзкі лад: земскія баяры, гараджане, сяляне, рабы.— Сямья, заняткі, вырабы. — Прадметы ўвозу і вывазу.— Гандлёвыя сувязі з арабамі, баўгарамі, грэкамі, хазарамі і варагамі. — Гандлёвыя шляхі. — Вялікі шлях з «Вараг у Грэкі». — Дзяржава Рурыкавічаў
- Разьдзел V
Ноўгарад і Кіеў як два галоўныя цэнтры дзяржавы Рурыкавічаў. — Полацк — беларускі цэнтр. — Задзіночваньне беларускіх земляў.— Рагвалод і Рагнеда. — Змаганьне Рурыкавічаў з Полацкам. — Прычыны змаганьня.— Прыймо хрысьціянства. — Ізяслаў і Брачыслаў
- Разьдзел VІ
Усяслаў Полацкі і ягоная дзейнасьць. — Далейшае змаганьне з Кіевам. — Усяславічы. — Высылка полацкіх князёў у Грэцыю. — Выезд некаторых князёў у Летуву і ў беларускія заходнія землі
- Разьдзел VII
Роля Смаленскага княства. — Чарнігаўскае і Турава-Пінскае княствы. — Палітычныя і гандлёвыя дачыненьні з немцамі. — Першыя гандлёвыя граматы. — Беларусы на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора
- Разьдзел VIII
Культура і асьвета. — Значэньне хрысьціянства. — Усходні абрад. — Пісьменнасьць.— Мова. Прадслава (Эўфрасіня) Полацкая.— Клімант Смаляціч. — Кірыла Тураўскі. — Помнікі старадаўнай пісьменнасьці
- Разьдзел IX
Сацыяльныя дачыненьні ў Беларусь — Пашырэньне ўладаньняў мечаносцаў. — Выкарыстоўваньне Аўкштотцаў і Жмудзінаў.— Заняпад Полаччыны, Смаленску і Турава.— Крыжаносцы. Беларуска-жмудзінска-аўкштоцкія дачыненьні
- Разьдзел X
Тварэньне новага палітычнага беларускага цэнтру ў Наваградку. — Міндаўг. — Змаганьне з Жмудзяй.— Сьмерць Міндаўга. — Таўцьвіл і Страйнат. —Вайшэлак. — Трайдзень. — Віцень. — Новы назоў беларускага задзіночанага гаспадарства. — Характарыстыка гэтага гаспадарства
- Разьдзел XI
Гедымін. — Пераносіны беларускага палітычнага цэнтру ў Вільню і задзіночаньне каля яго ўсіх беларускіх земляў. — Альгерд. — Вайна з татарамі — Першыя сутычкі з Масквой і Польшчай.— Беларушчына пры дварох князёў Вялікага Княства Літоўскага
- Разьдзел XII
Нутраное змаганьне. — Ягайла, Кейстут, Вітаўт і Андрэй. — Вунія Ягайлы з Польшчай. — Першыя прывілеі для баяраў. — Грунвальдская бітва. — Змаганьне з палякамі за незалежнасьць Вялікага Княства.
- Разьдзел XIII
Прычыны ўзросту Вялікага Княства. — Нацыянальны склад Княства: беларусы, летувісы, украінцы, палякі, расейцы, немцы, татары, жыды. — Дачыненьні з суседзямі: немцамі, татарамі, расейцамі і палякамі
- Разьдзел XIV
Гаспадары Вялікага Княства Літоўскага: Сьвідрыгайла, Жыгімонт І, Казімір, Аляксандар, Жыгімонт ІІ. — Прывілеі. — Бунты. — Войны з Масквой. Проціпольскія настроі
- Разьдзел XV
Жыгімонт Аўгуст. — Вайна з Масквой за Лівонію. — Люблінская вунія.— Абарона незалежнасьці Вялікага Княства магнатамі (вяльможамі). — Характар і галоўныя асновы Люблінскае вуніі
- Разьдзел XVI
Польскі наступ. — Спробы разарваць Люблінскую вунію. — Сьцяпан Баторы. — Далейшы ход вайны з Масквою. — Жыгімонт IV Ваза. — Пашырэньне польскіх уплываў. — Рэлігійныя змаганьні. — Праваслаўе. — Каталіцтва. — Пратэстантызм. — Берасьцейская вунія
- Разьдзел XVII
Беларуская культура ў Вялікім Княсьцьве. — Сувязь з захадам. — Гуманізм. — Друкарні. — Кнігі. — Францішак. Скарына. — Васіль Цяпінскі. — Сымон Будны. — Браты Мамонічы. — Беларускія летапісы. — Значаньне беларускае культуры і мовы ў Вялікім Княсьцьве
- Разьдзел XVIII
Школы: праваслаўныя, каталіцкія, вуніяцкія і пратэстанцкія.— Іхная характарыстыка
- Разьдзел XIX
Беларускія суды і законадаўства. — Копныя Суды. — Судзебнік Казіміра Ягайлавіча. — Статут Вялікага Княства.— Суды намесьніцкія, ваяводзкія, вялікага князя, рады. — Суды земскія, замковыя і падкаморскія. — Агульная характарыстыка суду
- Разьдзел XX
Палітычны лад. — Вялікі князь. — Гаспадарская Рада. Соймы.— Адміністрацыя. — Грамадзкі лад. — Баярства. — Вяльможы (магнаты). — Шляхта.— Мяшчане.— Сяляне
- Разьдзел XXI
Народная гаспадарка. — Рамяство і гандаль. — Жыды ў народнай гаспадарцы. — Аграрная рэформа. — Палажэньне сялянства і мяшчанства — Першыя беларускія паўстаньні супроць паноў і польскіх уплываў
- Разьдзел XXII
Беларусь пасьля Люблінскае і Берасьцейскае вуніяў. — Адыход беларускага баярства ад свайго народу.— Рэлігійныя змаганьні.— «Брацтвы».— Сялянскія паўстаньні.— Расейска-польскія войны за Беларусь і Украіну.— Спробы Я. Радзівіла і П. Сапегі ўзнавіць Беларускае Гаспадарства. — Забарона польскім соймам ужываць беларускую мову ў афіцыйным жыцьці
- Разьдзел ХХІІІ
Палітычныя і эканамічныя абставіны жыцьця беларускага народу ў XVIII стагодзьдзі. — Паўстаньні беларускага сялянства ў XVIII стагодзьдзі. — Беларускае сялянства перахоўвае нацыянальныя беларускія вартасьці. — Расейскія інтэрвэнцыі. — Падзел Польшчы і Беларусі
- Разьдзел XXIV
Беларусь пад Расеяй. — Русыфікацыя краю. — Касаваньне вуніі. — Эканамічнае палажэньне. — Сялянскія паўстаньні. — Расейскія і польскія ўплывы. — Напалеонаўская вайна. — Думкі ўзнавіць Вялікае Княства. — Пачаткі беларускага адраджэнскага руху. — Першыя беларускія пісьменьнікі.— Зацікаўленьне навукоўцаў Беларусьсю. — Паўстаньне 1863 г. Кастусь Каліноўскі. — «Мужыцкая Праўда». — Ігнат Грынявіцкі. — Францішак Багушэвіч. — Першыя беларускія арганізацыі
- Разьдзел XXV
Першыя беларускія палітычныя арганізацыі. — «Наша Доля», «Наша Ніва». — Беларускія адраджэнцы. — Беларускае палітычнае, нацыянальнае, грамадзкае, культурнае, гаспадарскае і рэлігійнае жыцьцё перад першай сусьветнай вайной
- Разьдзел XXVI
Сусьветная вайна і беларускі адраджэнскі рух.— Рэвалюцыя ў Расеі. — Усебеларускі Кангрэс. — Беларуская Рада. —Акт 25 сакавіка 1918 г.— Арганізацыя беларускага войска.—Змаганьне за рэалізацыю акту 25 сакавіка. — Бальшавіцка-польская вайна. — Слуцкае паўстаньне. — Рыскі трактат. — Падзел Беларусі
- Разьдзел XXVІI
Праўнае палажэньне беларускага народу пад Польшчай. — Беларускае парлямэнтарнае прадстаўніцтва ў польскім сойме. — Беларускія палітычныя партыі і арганізацыі. — Беларускія культурна-асьветныя, навуковыя і гаспадарскія арганізацыі і таварыствы. — Рэлігійныя справы. — Беларускія школы, тэатр, каапэратывы, выдавецтва, прэса. — Польская асыміляцыйная палітыка ў дачыненьні да беларусаў.
- Разьдзел XXVІІІ
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. — Праўнае палажэньне.— Нацыянальны беларускі рух, культурная беларуская праца і дачыненьне "да яе бальшавікоў.— Ліквідацыя бальшавікамі беларускага нацыянальнага руху і беларускіх дзеячоў. — Калгасы і змаганьне з імі беларускага сялянства. — Русыфікацыйная палітыка. — Далучэньне Заходняе Беларусі да БССР. — Упадак БССР
- Разьдзел XXIX
Беларускі рух у Лацьвіі і Летуве. — Беларуская эміграцыя. — Беларускія эмігранцкія цэнтры ў Празе, у Задзіночаных Штатах Паўночнай Амэрыкі, у Аргентыне, Францыі, Варшаве і Бэрліне
Другая частка (Іван Касяк)
[правіць | правіць зыходнік]Другая сусветная вайна і паваенны час.
- Разьдзел XXX
Экспансыя Нямеччыны ў Эўропе. — Падзел Польшчы і заваяваньне Заходняй Беларусі арміямі СССР. — Супрацоўніцтва і напружаньне адносін паміж СССР і Нямеччынай. — Заходняя Беларусь пад уладай СССР
- Разьдзел XXXI
Заваяваньне Нямеччынай Заходняй і Паўдзённай Эўропы. — Напад Нямеччыны на СССР. — Дзейнасьць беларусаў у Цэнтральнай Эўропе. — Нямецкая акупацыя і вайсковая адміністрацыя Беларусі. — Захады беларусаў дзеля арганізацыі беларускай адміністрацыі. — Польская дзейнасьць у Заходняй Беларусі. — Нямецкая палітыка адносна жыдоўскага насельніцтва. — Аднаўленьне рэлігійнага жыцьця на Усходняй Беларусі. — Пачатак «Менскай Газэты»
- Разьдзел XXXII
Нямецкая цывільная адміністрацыя на ўсходзе Эўропы і на Беларусі. — Падзел Беларусі немцамі. — Д-р І. Ермачэнка, кс. В. Гадлеўскі і праф. В. Іваноўскі на Беларусі — Рэлігійнае жыцьцё. — Вымардаваньне жыдоў немцамі. — Прапагандыстыя, Саюз Беларускай Моладзі і нямецкія пляны на будучыню для Беларусь — Прэса, выдавецтвы і культурна-мастацкае жыцьцё
- Разьдзел XXXIII
Арганізацыя маскоўскім урадам партызанскай дывэрсыі на Беларусі. — Польская, беларуская і жыдоўская партызанка. — Установа Мужоў Даверу. — Арганізацыя Беларускай Самааховы. — Арганізацыя чыгуначных і іншых батальёнаў для аховы і барацьбы супроць партызанаў. — Абаронныя вёскі. — Беларуская Незалежніцкая Партыя. — Польская акцыя сярод каталікоў. — Выдаленьне д-ра Ермачэнкі з Беларусі. — Забойствы беларускіх дзеячоў маскоўскімі агэнтамі
- Разьдзел XXXIV
Асаблівасьці абставінаў у вайсковай зоне Беларусь — Дзейнасьць беларускай адміністрацыі ў Бранскай акрузе. — Беларуская адміністрацыя ў Смаленскай і Магілеўскай акругах
- Разьдзел XXXV
Нямецкія паражэньні на ўсходнім фронце. — Экспансыя савецкай партызанкі на Беларусь — Стварэньне і дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады. — Мабілізацыя Беларускай Краёвай Абароны і ейнае змаганьне. — Далучэньне Палескай і Берасьцейскай акругаў да Беларусі. — Школы на Беларусі
- Разьдзел XXXVI
Другі Усебеларускі Кангрэс, яго прабег ды пастановы
- Разьдзел XXXVII
Эвакуацыя з Беларусі — Дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады ў Нямеччыне. — Беларускія жаўнеры ў 30-й дывізіі Зіглінга. — Арганізацыя 1-га кадравага батальёну БКА ў Бэрліне — Прыняцьце новага Статуту БЦР. — Батальён парашутыстых у Дальвіцы. — Арганізацыя штурмовай брыгады «Беларусь». — Вайсковыя зьнішчэньні на Беларусі і савецкі тэрор
- Разьдзел XXXVIII
Узнаўленьне БССР маскоўскім урадам. — БССР — сябра ААН. — Русыфікацыя Беларусі і эксплёатацыя яе для імпэрскіх мэтаў Савецкай Расеі
- Разьдзел XXXIX
Беларускія бежанцы ў Нямеччыне. — Падзел эмігрантаў на беларусаў і «крывічоў». — Нутраное змаганьне паміж палітычнымі напрамкамі эмігрантаў
- Разьдзел XL
Эміграцыя беларускіх бежанцаў (ДП) з Нямеччыны. — Прыезд беларускіх бежанцаў у ЗША ды іх грамадзкая дзейнасьць. — Захаваньне падзелу беларусаў на прыхільнікаў БЦР і БНР. — Грамадзкая дзейнасьць беларусаў у Канадзе, Аўстраліі, Заходняй Нямеччыне і Англіі
- Хронолёгія (Язэп Найдзюк)
- Пасьляслоўе (Анатоль Грыцкевіч)
Выданні
[правіць | правіць зыходнік]- 1-е выданне — 1940 год
- 2-е выданне — 1944 год
- 3-е выданне — 1993 год
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 416 с. ISBN 5-343-01458-5.С. 9 — 10, 335 — 341
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Электронны фармат кнігі Архівавана 12 чэрвеня 2020.
- Выдавецтва кніг на акупаванай Беларусі(недаступная спасылка)