Перайсці да зместу

Беларусь (санаторый)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Усходні фасад галоўнага корпуса, 2016 год.

Беларусь — санаторый у Крыме, які належыць Рэспубліцы Беларусь. Знаходзіцца на тэрыторыі пасёлка Карэіз, у раёне Місхор. Галоўны корпус санаторыя (корпус № 1) — помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры.

Міністэрства земляробства і дзяржаўных маёмасцяў Расійскай імперыі запланавала будаўніцтва санаторыя на тэрыторыі вёскі Місхор у 1904 годзе, аднак з-за адсутнасці сродкаў яно пачалося на ахвяраванні толькі праз дзесяць гадоў. Архітэктарам галоўнага будынка санаторыя выступіў Пётр Шчакотаў, які выканаў яго ў стылі архітэктуры Адраджэння. Будаўніцтва каштавала 300 тысяч рублёў. Вада ў санаторый была праведзена ад Міхайлаўскай горнай крыніцы, якой валодаў вялікі князь Георгій Міхайлавіч[1].

Фінансавую дапамогу аказваў міністр народнай асветы Павел Ігнацьеў, а ганаровым папячыцелем стаў міністр дзяржаўных маёмасцяў Аляксандр Крывашэін. Па гэтай прычыне пабудаваная ў 1916 годзе ўстанова атрымала назву «Місхорская санаторыя Міністэрства земляробства імя статс-сакратара Аляксандра Васільевіча Крывашэіна»[1].

Пасля ўсталявання савецкай улады ў Крыме санаторый быў нацыяналізаваны і перайменаваны ў «Місхорскі санаторый імя наркамздрава Сямашкі», а пазней называўся «Горнае сонца». У 1927 годзе УЦВК і Саўнаркам РСФСР прынялі рашэнне перадаць установу ў карыстанне Народнага камісарыята аховы здароўя РСФСР. У 1930-я гады санаторый належаў курортнаму трэсту ЮБК Наркамздрава РСФСР, але з-за фінансавых цяжкасцяў не функцыянаваў цэлы год. 24 лістапада 1930 года куртрэст прыняў рашэнне пачаць продаж віна з Місхорскага склепа «Южлечвино», які быў пабудаваны на тэрыторыі санаторыя яшчэ ў XIX стагоддзі для патрэб маёнтка «Місхор»[1].

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны санаторый меў два лячэбныя карпусы з фізіятэрапеўтычным, зубалячэбным і рэнтген-кабінетамі, лабараторыяй, інгаляторыем, а таксама складамі, майстэрнямі, гаражамі, бензасховішчам, пральняй, аранжарэяй і жылымі дамамі для супрацоўнікаў. Шкода санаторыю, нанесеная нямецкімі акупацыйным рэжымам, была ацэнена савецкімі ўладамі ў 4 мільёны рублёў. Зноў санаторый быў адкрыты ў 1947 годзе. У 1950-я гады быў праведзены капітальны рамонт памяшканняў санаторыя і будаўніцтва корпуса № 4. У гэты ж час філіялам «Горнага сонца» з’яўляўся санаторый «Цюзлер»[1].

У сярэдзіне 1950-х гадоў санаторый быў перапрафіляваны ў санаторый нервова-саматычнага кірунку і перададзены Міністэрству аховы здароўя Беларускай ССР, атрымаўшы назву «Белоруссия». У наступны дваццацігадовы перыяд на тэрыторыі санаторыя былі пабудаваныя спальныя карпусы № 2 і 3, лячэбны корпус і клуб-сталовая. Загадам міністра аховы здароўя БССР ад 23 лютага 1990 года санаторый быў перапрафіляваны ў здраўніцу для лячэння пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 24 сакавіка 1999 года санаторый быў перададзены Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2005 годзе было завершана будаўніцтва корпуса № 5[1].

Пасля анексіі Крыма Расіяй санаторый адчуваў праблемы з запаўненнем нумароў, бо спыніліся прамыя авія- і чыгуначныя зносіны паміж Крымам і Беларуссю праз тэрыторыю Украіны[2]. Так, у красавіку 2014 напаўняльнасць санаторыя складала толькі 4 %[3]. Беларускі дзяржаўны тураператар «Цэнтркурорт» паведамляў, што нягледзячы на адкрыты продаж пуцёвак у санаторый, адпачывальнікі вымушаныя самастойна дабірацца да санаторыя[4]. У сувязі з гэтым кіраўніцтва пачало пераарыентацыю на продаж пуцёвак жыхарам Расіі і Украіны[5]. У 2015 годзе ўстанову перарэгістравалі паводле расійскага заканадаўства, а ў наступным годзе Рэспубліка Беларусь аднавіла закупку пуцёвак з арганізацыяй трансферу праз тэрыторыю Расійскай Федэрацыі[6][7].

Галоўны корпус санаторыя (корпус № 1) Савета Міністраў Рэспублікі Крым ад 20 снежня 2016 года прызнаны аб’ектам культурнай спадчыны Расіі рэгіянальнага значэння як помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры[8].

  1. а б в г д Смирно Инна. От «Горного солнца» до «Белоруссии» (руск.). Крымские известия (22 ліпеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2021. Праверана 2 чэрвеня 2021.
  2. Спасюк Елена. Санаторий «Белоруссия» в Крыму остался без света, но ждет отдыхающих (руск.). naviny.by (30 лістапада 2015). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2021. Праверана 2 чэрвеня 2021.
  3. Манчорова Мария. Санаторий «Белоруссия» в Крыму: мы страдаем без белорусов (руск.). interfax.by (3 красавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2021. Праверана 2 чэрвеня 2021.
  4. Малашевич Юлия. Центркурорт: путевки в Мисхор продаем, но трансфер не предоставляем (руск.). Sputnik Беларусь (30 снежня 2014). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2021. Праверана 2 чэрвеня 2021.
  5. Санаторий Белоруссия в Крыму переориентируется на граждан России и Украины (руск.). Белтелерадиокомпания (15 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2021. Праверана 2 чэрвеня 2021.
  6. Прус Елена. Детям с родителями выделено 900 путевок в санаторий "Белоруссия" в Мисхоре в 2016 году (руск.). belta.by (15 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2021. Праверана 2 чэрвеня 2021.
  7. Стешик Ярослав. Санаторий Лукашенко в Крыму работает на российский бюджет (руск.). belsat.eu (3 верасня 2019). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2021. Праверана 2 чэрвеня 2021.
  8. Мисхорская санатория имени А.В.Кривошеина (руск.). kartarf.ru. Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2021. Праверана 17 красавіка 2021.