Беластоцкае гета

Беласто́цкае ге́та — жыдоўскае гета ў Беластоку, створанае нацыстамі ў перыяд акупацыі Беларусі.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Беласток пачаткова быў акупаваны нямецкімі войскамі 15 верасня 1939 года, але паводле ўмоваў пакту Молатава-Рыбентропа быў перададзены ў склад БССР. З акупаванае Нямеччынай тэрыторыі Польшчы сюды ўцяклі каля 8–10 тысяч чалавек.
26 чэрвеня 1941 года пасля нападу на СССР нямецкія войскі занялі Беласток, які 15 жніўня з акругай (ням.: Bezirk Bialystok) быў улучаны непасрэдна ў склад Трэцяга Рэйху.
Стварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Ужо на другі дзень акупацыі нацысты зладзілі ў горадзе пагром, які пазней атрымаў назву «Чырвоная пятніца». Было забіта 2 000 жыдоў, большая частка якіх згарэлі жыўцом у будынку Старой сінагогі, траціна жыдоўскіх хат былі зруйнаваныя[1][2].
3 ліпеня і 12 ліпеня 316-м і 322-м батальёнамі дапаможнай паліцыі былі зладжаныя чарговыя лапанкі, у выніку больш за пяць тысячаў жыдоў былі забітыя на ўскрайку горада[2]. На загад акупацыйных уладаў 26 ліпеня быў сфармаваны юдэнрат, кіраўніком якога стаў прадпрымальнік і сіянісцкі дзеяч з Ваўкавыску Эфраім Бараш[3][4]. Паводле іншых звестак, кіраўніком стаў рабін Гедалья Розэнман, а Бараш быў ягоным намеснікам, які ажыццяўляў фактычнае кіраванне[2]. Усе жыды былі абавязаныя насіць жоўтыя зоркі на спіне і грудзёх.
1 жніўня 1941 года пяцьдзясят тысяч жыдоў Беластоку былі пераселеныя ў гета, размешчанае па абодва бакі ракі Бяла[5].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Эфраім Бараш лічыў, што аддаліць ліквідацыю гета можа толькі маштабная вытворчасць неабходных немцам тавараў, таму неўзабаве ў Беластоцкім гета з’явілася болей за дваццаць заводаў, на якіх выпускалі ваенную і тэкстыльную прадукцыю[2][5]. Дзейнічалі таксама так званыя «супавыя» (бясплатныя) кухні, пункт першай дапамогі, дзіцячыя дамы, дом для састарэлых, школа. Частка жыдоў працавала ў Ваўкавыску і вёсцы Маркаўшчызна[6].
18–21 верасня 1941 года 4–4,5 тысячы беластоцкіх жыдоў былі дэпартаваныя ў Пружаны. Частка з іх нелегальна вярнулася ў Беласток, астатнія былі знішчаныя падчас ліквідацыі тамтэйшага гета.
Нямецкае камандаванне планавала зладзіць першую дэпартацыю беластоцкіх жыдоў у лістападзе 1942 года, аднак іх высокая «прадукцыйнасць» прымусіла нацыстаў адтэрмінаваць свае планы[2].
Ліквідацыя
[правіць | правіць зыходнік]Першая група насельнікаў гета — прыкладна 10 000 чалавек — была высланая ў лагер смерці Трэблінка 5—12 лютага 1943 года, хоць у самой акрузе ўсе гета былі ліквідаваныя да сакавіка 1943 года.
У жніўні 1943 года нацысты прынялі рашэнне пра канчатковую ліквідацыю Беластоцкага гета. У гэты час яно мела каля 30 000 насельнікаў. Уночы з 15 на 16 жніўня яно было акружанае трыма кольцамі нямецкіх войскаў. Зранку 16 жніўня былі вывешаныя абвесткі пра неабходнасьць збору ўсіх ягоных насельнікаў нібыта для перасялення ў Люблін.
У адказ у гета выбухнула паўстанне, у якім прынялі ўдзел некалькі соцень чалавек. Арганізаваны супраціў быў здушаны 20 жніўня, асобныя купкі паўстанцаў змагаліся цягам месяцу. 18 жніўня пачаліся дэпартацыі. Большасьць жыдоў былі дэпартаваныя ў Майданэк, Панятова, Блізын і Асвенцім; толькі прыкладна сотня насельнікаў гета здолела ўцячы і далучыцца да партызанскіх атрадаў у рэгіёне. Астатнія (каля 2 000 чалавек) былі дэпартаваныя ў Майданэк праз тры тыдні[7].
Вядомыя насельнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Мардэхай Тэнэнбаўм — кіраўнік паўстання ў гета[8].
- Даніэль Машковіч — камуніст, намесьнік кіраўніка паўстаньня[1].
- Эфраім Бараш — кіраўнік юдэнрату[1].
- Самуэль Пісар — пісьменнік, юрыст, праваабаронца[5].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в «Хроника Белостокского гетто» (руск.) // Лехаим
- ↑ а б в г д Дан Михман, Михаил Хейфец. Катастрофа европейского еврейства. — Тель-Авив: Открытый Университет. Израиль, 1995. — 474 с. — ISBN 965-06-0233.
- ↑ Яд ва-Шэм. Энциклопедия Катастрофы, избранные статьи — Белосток.
- ↑ Efraim Barasz — Chairman of the Bialystok Judenrat (англ.)
- ↑ а б в Израиль. «Яд ва-Шем»: «Диалог с Б-гом» (руск.)
- ↑ «Obozy hitlerowskie na ziemiach polskich 1939—1945. Informator encyklopedyczny.», Warszawa 1979 r., s. 101.
- ↑ The Holocaust in Bialystok (англ.). We Remember Jewish Bialystok! (26 кастрычніка 2011).
- ↑ Тененбаум Мордехай // Электронная еврейская энциклопедия — eleven.co.il
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Bialystok (англ.). Holocaust Encyclopedia. United States Holocaust Memorial Museum (26 ліпеня 2007).
- Белосток // Электронная еврейская энциклопедия — eleven.co.il
- The Bialystok Ghetto (англ.)
- Bialystok Ghetto (англ.)