Белорусская военная газета. Во славу Родины
«Белорусская военная газета. Во славу Родины» | |
---|---|
Тып | газета |
Заснавальнік | Беларуская ваенная акруга |
Краіна | |
Заснавана | 22 чэрвеня 1921 |
Палітычная прыналежнасць | Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь |
Галоўны офіс | |
Вэб-сайт | vsr.mil.by |
«Белору́сская вое́нная газе́та. Во сла́ву Ро́дины» — беларуская газета, орган Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь з 1992 года. Друкаваная версія выходзіць 3 разы на тыдзень[1]. Рэдакцыя размяшчаецца ў Мінску па вуліцы М. Багдановіча, 29.
Газета асвятляе пытанні развіцця і ўдасканалення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, арганізацыі вайсковай службы з улікам патрабаванняў часу, новыя падыходы ў вырашэнні праблем сучаснага ваеннага будаўніцтва, адукацыі, падбору кадраў, культурнага жыцця арміі, развіцця армейскага спорту. Публікуе матэрыялы аб сістэме ідэалагічнай работы ў часцях і падраздзяленнях, па ваенна-патрыятычным выхаванні, а таксама гістарычныя нарысы і мастацка-дакументальныя аповесці, артыкулы да юбілейных дат дзеячаў мастацтва і літаратуры. Выданне рэгулярна змяшчае тэматычныя выпускі «Равнение на подвиг», «Побратим», «Граница», «Союзники» (сумесна з рэдакцыяй расійскай газеты «Красная звезда»)[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Газета выдаецца з 22 чэрвеня 1921 г. як чырвонаармейская франтавая і ў якасці органа ваенных акруг у гарадах Смаленск (Расія) і Менск. Да 1947 г. выходзіла пад назвай «Красноармейская правда»[2]. З 1947 г. пад назвай «Во славу Родины»[1], орган Беларускай ваеннай акругі[2].
За самаадданую працу супрацоўнікаў рэдакцыі ў час Вялікай Айчыннай вайны газета ўдастоена ордэна Чырвонай Зоркі (Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22.2.1968)[2].
На старонках выдання шмат увагі надавалася абагульненню франтавога вопыту і папулярызацыі подзвігаў чырвонаармейцаў, публікаваліся матэрыялы пра Герояў Савецкага Саюза. Супрацоўнікі рэдакцыі асвятлялі пытанні савецкай ваеннай навукі з мэтай фарміравання творчага падыходу да ваеннай справы і якаснай падрыхтоўкі кадраў[2].
З 1992 г. газета з’яўлялася цэнтральным друкаваным органам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Выдавалася штодзённа на рускай і беларускай мовах, публікавала інфармацыю пра баявую падрыхтоўку, жыццё арміі, ваенную адукацыю і ваенна-патрыятычнае выхаванне. На яе старонках уздымаліся тэмы правапарадку, дысцыпліны, сацыяльнай абароненасці ваеннаслужачых, іх сем’яў і ваенных пенсіянераў; друкаваліся матэрыялы па ваеннай гісторыі Беларусі, геральдыцы, народныя паданні пра заснаванне старажытных беларускіх гарадоў, успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама рэцэнзіі на кнігі па гісторыі Беларусі. Выданне мела наступныя рубрыкі: «Беларусь: архівы часу», «Гісторыя: вырваныя старонкі», «Паходня», «Даведнік», «Айчына і вера»[2].
У 2001 г. рэдакцыя газеты за шматгадовую дзейнасць па патрыятычным і маральным выхаванні моладзі была ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь[2].
Са снежня 2005 г. выходзіць пад назвай «Белорусская военная газета. Во славу Родины»[2].
Газета з 9 лютага 2009 г. уваходзіць у склад дзяржаўнай установы «Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь „Ваяр“». Яе рэдакцыя ў складзе агенцтва пераехала ў новы будынак па адрасе вул. М. Багдановіча, 29, дзе перад Вялікай Айчыннай вайной размяшчаліся старая рэдакцыя і друкарня газеты «Красноармейская правда»[1].
У 2010 г. газета ўвайшла ў сусветны электронны інфакіёск прэсы, маючы пастаянных падпісчыкаў у Бельгіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Афганістане і іншых краінах свету. З 2012 г. пачалася падпіска на выданне ў інтэрнэце праз мабільнаю праграму. На сучасны момант газета мультымедыйная: электронная версія газеты прадстаўлена на сайце рэдакцыі, артыкулы і відэаролікі публікуюцца ў буйных сацыяльных сетках, на відэасэрвісе YouTube (на інтэрнэт-канале Міністэрства абароны)[1].