Беліца (археалагічныя помнікі)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Беліца — група археалагічных помнікаў каля в. Беліца Лідскага раёна.

Стаянка Беліца-1[правіць | правіць зыходнік]

За 0,5 км на поўдзень ад вёскі, ніжэй вусця р. Залатая знаходзіцца стаянка памерам у шырыню 60—70 м, даўжыня 1,5 км. Выявіў яе ў 1970 годзе Г. І. Гарэцкі. Культурны пласт 0,3—0,4 м. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, якія адносяцца да эпохі мезаліту, ранняга неаліту і пачатку бронзавага веку, некаторыя — да позняга палеаліту. Помнік, які ўтрымлівае рознакультурныя і розначасовыя знаходкі, пакуль што мала даследаваны.

Стаянка Беліца-2[правіць | правіць зыходнік]

Стаянка Беліца-2

Помнік размешчаны праз 0,5 км на поўдзень вёскі, займае край чатырохмятровага правабярэжнага поплаву Нёмана ад прывусцевай часткі Залатой рэчкі і ўніз па рацэ на 0,3 км. Шырыня яго да 60 м. Участак са знаходкамі з усходу абмежаваны ўступам да нізкага поплаву, з захаду — пад'ёмам на васьміметровую тэрасу.

Помнік выяўлены Г. І. Гарэцкім. Даследаваў у 1977-79 г. і 1982 г. М. М. Чарняўскі (раскопвалася каля 600 м²). Пры сярэдняй насычанасці культурных напластаванняў артэфактамі атрымана, аднак, выразная калекцыя крамянёвага інвентару. Ён амаль увесь аднакультурны і памяшчаецца ў адносна нешырокія храналагічныя рамкі. Знойдзеныя крамянёвыя вырабы адносяцца да позняга мезаліту і маюць рысы яніславіцкай культуры.

Культурны пласт стаянкі мае шэры светлаваты колер, дасягае таўшчыні 0,3—0,4 м. Ён падсцілаецца сіваватым светла-шэрым дробназярністым пяском — рачнымі адкладамі, пад якімі на глыбіні 0,8—1 м ад дзённай паверхні залягае тыповая сугліністая марэна. Паверхня мацерыка пад культурным пластом даволі роўная, на ёй няма колькі-небудзь прыкметных паглыбленняў, што маглі застацца ад жыццядзейнасці чалавека. Засталося толькі некалькі плям звілістых абрысаў ад каранёў дрэў.

У нізе культурнага пласта сустрэты невялікія лінзы цёмна-шэрага пяску са слядамі вуглістасці. Адна такая лінза ніжняй часткай была заглыблена ў мацярык і ўтрымлівала больш за 20 невялікіх абпаленых камянёў без рэгулярнасці ў размяшчэнні. Вуглістыя лінзы хутчэй за ўсё з'яўляюцца рэшткамі адкрытых агнішчаў — вогнішчаў. Гэта пацвярджаецца і канцэнтрацыяй навокал іх разцоў, якімі апрацоўвалі нагрэтыя косткі і рогі.

Прылады працы вырабляліся пераважна з высакаякаснай сыравіны светла-шэрага, злёгку блакітнага колеру. Такія крэмені сустракаюцца ў наваколлі, асабліва іх шмат у ніжнім цячэнні недалёкай Дзітвы, дзе маюцца крэменяносныя радовішчы крэйды (каля в. Вялікія Канюшаны). Некаторыя экзэмпляры пакрыты рудаватай пацінай, што выклікана блізкасцю грунтавой вады. Сустракаюцца і крэмені бурага колеру. Такі матэрыял паходзіць з крэйдавага радовішча ў нізоўі Моўчадзі (каля в. Гезгалы). Пры гэтым вынікае, што самая першапачатковая апрацоўка сыравіны вялася за мяжой паселішча. Гатовая крамянёвая прадукцыя (прылады і нуклеусы) у раскопах складалі 23—25% ад усіх артэфактаў.

3 усіх амаль 600 расшчэпленых крэменяў з другаснай апрацоўкай каля 40% былі змайстраваны з пласцінак. Гэта былі пераважна рэжучыя прылады, ланцэтападобныя вастрыі, скрабкі, разцы, праколкі. Аднак значная частка скрабкоў, асабліва нерэгулярных формаў — скрабачоў, фармавалася на адшчэпах.

Прыкладна каля сярэдзіны 4-га тысячагоддзя да н. э. у сувязі з падняццем узроўню вады ў Нёмане, звязаным з трансгрэсіяй Балтыйскага мора, высокі поплаў Нёмана стаў непрыдатным для чалавечага засялення. Стаянка Беліца-2 апусцела, а яе жыхары, відавочна, перабраліся на размешчаную побач тэрасу (Беліца-1).

Бескурганны могільнік[правіць | правіць зыходнік]

За 0,25 км на паўночны ўсход ад вёскі, справа ад дарогі Слонім — Ліда, на невялікім узвышшы размешчаны могільнік без вонкавых прыкмет. У 1982 г. А. В. Квяткоўская раскапала адну магілу. На глыбіні 0,4 м выяўлена пахаванне каня, а ніжэй — пахаванне чалавека. Знойдзены абломкі 2 гліняных гаршкоў, 3 жалезныя нажы, крэсіва, завушніца, манета.

Асобныя знаходкі[правіць | правіць зыходнік]

У ваколіцах вёскі знойдзена каля дзясятка каменных свідраваных сякер і сякер-кліноў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чарняўскі М. М. Неаліт Беларускага Панямоння / М. М. Чарняўскі; Акадэмія навук БССР, Ін-т гісторыі; Навук. рэд. Д. Я. Цялегін. — Мн.: Навука і тэхніка, 1979. — 140, [1] с.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродэенсная вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, атнаграфіі і фальялору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў {гал. рад.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с., іл.
  • Археалогія Беларусі: У 4 т. Т. 1. Каменны і бронзавы вякі / Э. М. Зайкоўскі, У. Ф. Ісаенка, А. Г. Калечыц і інш.; Пад рэд. М. М. Чарняўскага, А. Г. Калечыц. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 424 с: іл. ISBN 985-08-0088-7