Бенгальскі тыгр — папуляцыя падвіда тыгра Panthera tigris tigris, арэал ахоплівае Індыю, Непал, Бутан, Бангладэш (у вусці ракі Ганг). У 2011 годзе папуляцыя бенгальскага тыгра была менш 2500 асобін, з перспектывай памяншэння. Аднак цягам 2010-х гадоў азначыўся рост папуляцыі тыгра ў дзікай прыродзе.
Папуляцыя бенгальскага тыгра з’яўляецца самай шматлікай з папуляцый тыграў — з колькасцю 1706 асобін у Індыі, 440 у Бангладэш, 155 у Непале, 67 у Бутане, паводле звестак на 2010 год. Агульная колькасць тыграў на 2019 у Індыі ацэньваецца ў 2967 асобін. Бенгальскі тыгр — нацыянальная жывёла дзяржавы Бангладэш — гістарычнай Бенгаліі. Panthera tigris таксама лічыцца нацыянальнай жывёлай у суседняй Індыі і Кітаі.
Афарбоўка — ад жоўтага да светла-аранжавага меха, а палосы ад цёмна-карычневага да чорнага, жывот белы, а хвост пераважна белы з чорнымі кольцамі. Рэцэсіўная мутацыя — белы тыгр — мае цёмна-карычневыя або чырванавата-карычневыя палосы на белай поўсці, радзей сустракаюцца абсалютна белыя тыгры, без палос.
Агульная даўжыня цела, у тым ліку хвост, сярод самцоў звычайна — ад 270 да 310 см, але можа дасягаць 330 см, паведамлялася пра звяроў, што дасягалі 370 см, у той час як самкі ад 240 да 265 см, але можа дасягаць 310 см. Даўжыня хваста — ад 85 да 110 см і адпаведна можа дасягаць 115 см. У бенгальскага тыгра самыя вялікія іклы з сямейства каціных, якія могуць перавышаць 8 см.
Сярэдняя маса самцоў — 221,2 кг, у паўночнай Індыі, Непале — у сярэднім 235 кг, і максімальна — 250 кг, у асобных выпадках 300 кг. Сярэдняя маса самак складае 139,7 кг і максімальна можа дасягаць 257 кг. Рэкордная маса самца, забітага ў паўночнай Індыі ў 1967 годзе, была 327,7 кг. Гэта афіцыйна самы высокі паказчык у прыродзе сярод бенгальскіх тыграў.
Рык бенгальскага тыгра можна пачуць на адлегласці да 3 км.