Перайсці да зместу

Бен-Авігдор

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бен-Авігдор
Імя пры нараджэнні іўр.: אברהם ליב שַלקוביץ
Род дзейнасці паэт, пісьменнік, выдавец
Дата нараджэння 1866
Месца нараджэння
Дата смерці 23 верасня 1921(1921-09-23)
Месца смерці
Месца пахавання
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бен-Авігдор (літаратурны псеўданім; сапраўднае імя і прозвішча Аўраам Лейб Шалковіч) (1866, Жалудок, Віленская губерня — 23 верасня 1921, Карлсбад, Чэхія) — яўрэйскі пісьменнік, выдавец, адзін з першых папулярызатараў літаратуры на іўрыце. Адзін з яркіх прадстаўнікоў яўрэйскай літаратуры эпохі росквіту «Хавевей Цыён»[1][2].

Нарадзіўся ў артадаксальнай сям’і Авігдора і Хаі-Рывы Шалковічаў. Атрымаў традыцыйную яўрэйскую адукацыю ў хедары Дзятлава і ешыботах Літвы. У 1888 пераехаў у Коўна, дзе вывучаў замежныя мовы, паралельна займаўся выкладаннем. З 1889 друкаваўся ў газеце «Ха-Меліц». У 1890 перабраўся ў Вільню, уступіўшы ў таемнае таварыства «Бней Цыён» (у 1891 пасяліўся ў Варшаве і быў прызначаны сакратаром арганізацыі). У 1891-93 выдаваў танную папулярную серыю кніг на іўрыце «Сіфрэй агора», якая мела вялікі поспех у чытачоў. Серыя паслужыла пісьменнікам «новай хвалі», якая імкнулася адрадзіць яўрэйскую літаратуру і ўвесці рэалізм, які тады быў распаўсюджаны ў Еўропе[1].

У 1893 заснаваў у Варшаве выдавецтва «Ахіясаф», у 1896 выйшаў з яго і заснаваў кнігавыдавецтва «Тушыя» (сумесна з Абай Балашэрам), якое адыграла буйную ролю ў развіцці яўрэйскай літаратуры. Яго выдавецкая праграма, якая не змянялася на працягу многіх гадоў, стала прататыпам для многіх пазнейшых іўрытскіх выдавецтваў[2].

Выдаў дзвесце выпускаў «Яўрэйскай бібліятэкі», вялікую колькасць падручнікаў і кніг для дзяцей («Дзіцячая бібліятэка»); прымаў удзел таксама ў падставе і рэдагаванні дзіцячых часопісаў «Олам Ката» і «Ханеурым», педагагічнага часопіса «Ха-Педагог», і выданняў на ідышы «Фольксцайтунг» і «Юдыше Фрайевельт».

Серыя кніг «Бібліятэкі» была накіравана на тое, каб данесці пасланні новага свету да шырокага кола яўрэйскіх чытачоў у жывым, сучасным яўрэйскім стылі. Гэта быў велізарны поспех, і сотні новых назваў кніг прывялі да кардынальных змен у чаканнях чытачоў адносна яўрэйскай літаратуры. Дзякуючы Бену-Авігдору, іўрыт упершыню з часоў Рымскай імперыі стаў мовай паўсядзённага жыцця, свецкай мовай, якая дала яўрэям доступ да сучаснага свету, як і ўсім астатнім. [3]

Пры яго ўдзеле аднавілася газета" «Ха-Зман» у Вільні. У 1913 заснаваў выдавецтва «Ахісефер».

Раптоўна памёр у Карлсбадзе падчас наведвання Дванаццатага сіянісцкага кангрэса. Яго імем названа вуліца ў Тэль-Авіве

  1. а б Elkoshi, Gedalyah. «Shalkovich, Abraham Leib.» Encyclopaedia Judaica, edited by Michael Berenbaum and Fred Skolnik, 2nd ed., vol. 18, Macmillan Reference USA, 2007, pp. 374—375. Gale eBooks, link.gale.com/apps/doc/CX2587518149/GVRL?u=uppsala&sid=bookmark-GVRL&xid=356f85b4. Accessed 23 Sept. 2025.
  2. а б Shalkovich, Avraham Leib. The YIVO Encyclopedia of Jews in Eastern Europe.
  3. Gries, Zeev. (2007). Afterword: The Revolution in the World of Hebrew Books at the Start of the Twentieth Century. In The Book in the Jewish World, 1700—1900 (p. 181). The Littman Library of Jewish Civilization. P. 185.