Берагавы (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Берагавы — археалагічныя помнікі: паселішчы каля пас. Берагавы (Гродзенскі раён).

Помнікі лакалізаваны і абследаваны В. С. Абухоўскім і В. Л. Лакізам у 1999 годзе і ў час абследавання зоны будаўніцтва Гродзенскай ГЭС у 2003 годзе. У 2008 годзе даследаваў В. Л. Лакіза.

Паселішча—1[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,5—1 км на поўдзень ад пасёлка, на надпоймавай правабярэжнай тэрасе р. Нёман, вышыня 5—6 м. Пляцоўка пераразаецца некалькімі глыбокімі ярамі, якія ўтвараюць адасобленыя ўчасткі (А, Б, В). Было закладзена 5 раскопаў плошчай 300 м². Датуецца фінальным палеалітам, мезалітам, неалітам, сярэдневякоўем.

Выяўлены 15 гаспадарчых і слупавых ям, рэшткі вошнішчаў. Знойдзена звыш 4 тыс. артэфактаў: крамянёвыя нуклеусы, нажы, скрабкі, праколкі, вастрыі, наканечнікі стрэл, фрагменты ляпной неалітычнай керамікі, абломкі кругавога посуду сярэдневякоўя, жалезныя нажы, вырабы з каляровага металу, астэалагічны матэрыял.

Пасля будаўніцтва ГЭС заходнія схілы ўчасткаў А і В падтапляюцца вадасховішчам.

Паселішча—2[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 1,3—1,5 км на поўдзень ад пасёлка, 0,2—0,3 км на поўдзень ад паселішча—1, на надпоймавай праввабярэжнай тэрасе р. Нёман, вышыня над узроўнем вады 3—8 м. Пляцоўка памерамі 200—210х30х50 м выцягнута з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, абмежавана на поўдні вялікім ярам з ручаём. Невялікія яры дзеляць помнік на некалькі адасобленых участкаў (А, Б, В). Былі закладзены 2 раскопы і 3 шурфы плошчай 118 м².

Культурны пласт на ўчастках А і В не захаваўся. Знойдзена каля 100 артэфактаў: 2 нуклеусы, скрабок, рэтушаваныя пласціна і адшчэп. Участак Б знаходзіцца на высокім узроўні тэрасы. Культурны пласт перакрыты дэлювіяльнымі адкладамі магутнасцю 0,4—0,6 м. На глыбіні 0,65—0,75 м знойдзены крамянёвыя вырабы, сярод якіх скобла-разец, фрагменты керамікі з мінеральнымі дамешкамі. У 2009 годзе заходняя частка помніка (участкі А і В) разбураны пры будаўніцтве дарогі і моста цераз р. Нёман. На ўчастку Б, пасля правядзення раскопак у 2010 годзе, пабудавана апора моста.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Археалагічнае абследаванне ўзбярэжжаў Нёмана ў зоне будаўніцтва Гродзенскай ГЭС / Віктар Абухоўскі, Алена Калечыц, Вадзім Лакіза, Максім Чарняўскі, Міхал Чарняўскі // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2004. — № 19. — С. 272—273.
  • Лакіза, В. Л. Берагавы / В. Л. Лакіза // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 100—101. — ISBN 978-985-11-0353-5.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]