Беспілотная індустрыя Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беспілотная індустрыя Беларусі прадстаўлена шэрагам прадпрыемстваў, якія займаюцца распрацоўкай і выпускам беспілотных апаратаў і транспартных сродкаў. Беспілотнікі ў краіне выкарыстоўваюцца як у грамадзянскай, так і ваеннай сферах.

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

На 2018 год у Беларусі распрацоўкай уласных мадэляў дронаў займаліся больш за дзесяць прадпрыемстваў і інстытутаў. Кожная сілавая і грамадзянская ўстанова імкнецца адпавядаць сучасным стандартам і праводзіць актыўную мадэрнізацыю. Менавіта ўнутраны рынак стаў асноўным для беларускай беспілотнай індустрыі[1]. Некаторая прадукцыя ідзе на экспарт. Павышаную цікавасць да беларускіх мадэляў дронаў праяўляюць шэраг краін Персідскага заліву, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, СНД, Сярэдняй Азіі, Афрыкі[2]. Спецыялісты з Беларусі нават прыцягваліся да стварэння расійскага беспілотнага верталёта БАС-200[3].

Палітыка максімальнай апоры на ўласныя прамысловыя магчымасці разам з адкрытасцю да супрацоўніцтва з замежнымі кампаніямі і арыентацыяй на інтэнсіфікацыю работ па перспектыўных напрамках, у ліку якіх знаходзяцца і сістэмы БЛА, прывяло да павелічэння колькасці і магчымасцяў айчынных распрацовак. Галоўны рэдактар выдання «Беспилотная авиация» Дзяніс Фядуцінаў адзначаў, што ў гэтай сферы спатрэбіліся напрацоўкі, якія былі ў мясцовых кампаній прамысловасці ў галіне мікраэлектронікі, радыёэлектронікі і оптыка-электронных сістэм[4].

Лятальныя апараты[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя беспілотных лятальных апаратаў беларускай вытворчасці пачалася ў 1996 годзе, калі малады інжынер Уладзімір Чудакоў заснаваў канструктарскае бюро «Індэла» (у будучыні прадпрыемства будзе перайменавана ў «Беспілотныя верталёты»). Кампанія, пачаўшы са стварэння бартавой апаратуры і наземнай станцыі кіравання (НСК) дронамі для патрэб беларускай арміі, ужо ў 2002-м прадставіла беспілотнік «Індэла Вінтакрыл». Да 2007 года бюро стварыла яшчэ чатыры апарата[5].

У гэты час да распрацоўкі беспілотнікаў сталі падлучацца дзяржструктуры і прадпрыемствы. У 2008 годзе канструктар Юрый Яцына разам з трыма аднадумцамі прапанаваў кіраўніцтву Нацыянальнай акадэміі навук стварыць невялікі навукова-тэхнічных сектар пры Фізіка-тэхнічным інстытуце. Разам са спецыялістамі Ваеннай акадэміі за год быў створаны першы лятаючы ўзор. У далейшым пры актыўнай падтрымцы Прэзідэнта і Нацыянальнай акадэміі навук гэты сектар пачаў імкліва развівацца, а пазней вырас у Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў[2].

Летам 2009 года пад Мінскам праведзены лётныя выпрабаванні беспілотніка «Стрыж», які апынуўся не вельмі ўдалым узорам. Каманда Яцына ўлічыла ўсе недахопы, таму ўзнік праект «Маскіт», які быў палепшанай версіяй першага дрона. У наступным годзе на расійскім палігоне пачалося тэсціравання новага апарата, вядомага як «Бусел». Пазней з’явілася цэлая лінейка шматфункцыянальных БЛА дадзенага тыпу, якія адносяцца да класа малых беспілотнікаў. Праз тры гады «Бусел» паступіў у продаж[2].

Дастаткова сур’ёзныя напрацоўкі ў галіне стварэння БПЛА з’явіліся і ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, партнёрамі якой у вырабе ўзораў апаратаў выступілі навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» (пытанні мэтавай нагрузкі) і прадпрыемства «НТЛаб-ІС» (навігацыйныя сістэмы)[6].

Галоўным зборачным пунктам для многіх дронаў Беларусі стаў 558-ы авіярамонтны завод у горадзе Баранавічы[7]. Усё пачалося ў пачатку 2010-х, калі прадпрыемства ў кааперацыі з «АГАТ — сістэмы кіравання» і «Індэл» далучылася да праекту «Грыф-1».

Большасць мадэляў, якія выпускаюцца тут, прымяняюцца для патрулявання і разведкі мясцовасці, радыяцыйнай разведкі, пастаноўкі радыёэлектронных перашкод і іншых мэтаў[7].

Айчынныя апараты пачалі выкарыстоўваць Пагранічны камітэт, МУС, МНС, гідраметэацэнтр, Дзяржаўтаінспекцыя і армія. Асноўнымі заказчыкамі беспілотнікаў выступалі ратавальнікі і міліцыя[1]. Ва Узброеных сілах краіны асноўную частку апаратаў атрымаў 927-ы цэнтр падрыхтоўкі і ўжывання беспілотных авіяцыйных комплексаў[8].

Асаблівасцю развіцця беларускіх БПЛА была адсутнасць устаноў для падрыхтоўкі неабходных спецыялістаў-распрацоўшчыкаў, што шмат у чым ўскладняла і тармазіла працэс, прыводзіла да розных складанасцяў і памылак. Аб гэтым моманце згадаў намеснік дырэктара 558-га АРЗ па развіццю Аляксандр Верабей у інтэрв’ю Onliner[7].

" ...у Беларусі, у адрозненне ад Расіі або Украіны, не было і няма авіяцыйнай канструктарскай школы. У СССР існавала размеркаванне па напрамках вытворчасці, і Беларусь не атрымала авіяцыйнага развіцця: не было ніводнай навучальнай установы, якая рыхтавала б кадры для гэтай галіны — Акадэмія авіяцыі потым ужо з’явілася. Да таго ж канструктараў у ёй не рыхтуюць.

Я пачаў ездзіць і знаёміцца з расійскімі канструктарскімі бюро, якія праектуюць лятальныя апараты. Напрыклад: канструктарскае бюро аднаго з прадпрыемстваў, працуе 15 чалавек. З іх 14 скончыла Маскоўскі авіяцыйны інстытут — гэта пра нешта ды кажа. А ў нас, калі браць нашых канструктараў, практычна ўсе скончылі тэхнічныя ВНУ, якія ніяк не звязаныя з авіяцыяй. Я ні ў якім разе не кажу, што гэта дрэнныя спецыялісты, але вопыту праектавання лятальных апаратаў у іх не было. Таму ў нас не зусім гладка і хутка ўсё атрымалася.

"

Спіс[правіць | правіць зыходнік]

Мадэль Стваральнікі Тып Гісторыя
Індэла Вінтакрыл КБ «Індэла» беспілотны верталёт 2002 — першы ўзор;
2005 — удзел у выставе «Макс-2005» у Жукоўскім (Маскоўская вобласць).
Рэвалюцыя КБ «Індэла» лабараторны беспілотны верталёт створаны да 2007
Легіён КБ «Індэла» лабараторны беспілотны верталёт створаны да 2007
Індэла ФільмКам КБ «Індэла» здымачны беспілотны верталёт створаны да 2007
ХайСкай КБ «Індэла» здымачны беспілотны верталёт створаны да 2007
Пацёмкін КБ «Індэла» лабараторны беспілотны самалёт створаны ў канцы 2000-х
Індэла Страла КБ «Індэла» паветраная мішэнь створаны ў канцы 2000-х
Індэла Буравеснік КБ «Індэла» паветраная мішэнь створаны ў канцы 2000-х
Індэла-6
(6М)
КБ «Індэла» разведвальны беспілотны самалёт першы палёт у 2008
Індэла-9
(9М)
КБ «Індэла» разведвальны беспілотны самалёт першы палёт у 2008
Індэла Беркут КБ «Індэла» паветраная мішэнь першы палёт у 2009
Стрыж Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі разведвальны беспілотны самалёт першы палёт у 2009
Стэрх-БМ Мінскі авіярамонтны завод разведвальны беспілотны самалёт 2009 — першы прататып;
2012 — цалкам гатовы ўзор
Бусел
(М, МБ2, М40, М50)
Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі разведвальны беспілотны самалёт першы палёт у 2010/2011
Чыбіс «Белспецзнештэхніка»
«Сістэмтронікс»
разведвальны беспілотны самалёт прэзентаваны на выставе «MILEX—2011»
Грыф-1 КБ «Індэла» (асноўная распрацоўка)
ААТ «Агат — сістэмы кіравання» (элементы інтэграцыі і комплексу)
558-ы авіяцыйны рамонтны завод (выпуск)
тактычны разведвальны беспілотны самалёт першы палёт у 2012
Маскіт Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН РБ,
Hydromania
Ваенная акадэміяй РБ
разведвальны беспілотны самалёт створаны ў пачатку 2010-х
Індэла Ай Скай КБ «Індэла» здымачны беспілотны верталёт створаны ў пачатку 2010-х
Індэла Кантры КБ «Індэла» авіяхімічны беспілотны верталёт створаны ў пачатку 2010-х
Індэла Скай Лэб КБ «Індэла» выпрабавальны беспілотны верталёт створаны ў пачатку 2010-х
Індэла Інскай КБ «Індэла» разведвальны беспілотны верталёт 2011 — першы палёт;
2013 — прэзентацыя на вучэннях «Захад-2012»;
2014 — пачатак масавай вытворчасці.
Беркут (АГАТ)
(1, 2, 3)
ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання» разведвальны беспілотны самалёт першы палёт у 2013
Буравеснік МБ НВЦ «Беспілотныя авіяцыйныя комплексы і тэхналогіі»
Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі
ваенны беспілотны самалёт першы палёт у 2016
Шэршань «Аэрасістэма» беспілотнік мультыраторнага тыпу прадстаўлены на форуме «Армія 2016»
Кондар
(1/Т, 2/Р)
558-ы авіяцыйны рамонтны завод паветраная мішэнь прэзентаваны на выставе «LIMA 2017»
Квадра «Дысплей» баявы мультыкоптэр прэзентаваны ў 2018
Ястраб Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў
НАН Беларусі
цяжкі беспілотны самалёт удзельнічаў у выставе «MILEX-2019»
Хантэр КБ «Беспілотныя верталёты» разведвальна‑ўдарны беспілотны верталёт прэзентаваны на выставе «MILEX—2021»
Формула ТАА «Мідывісана» разведвальны беспілотны самалёт ?

Наземныя апараты[правіць | правіць зыходнік]

Грамадзянскія праекты[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку 2017 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас візіту на адно з прадпрыемстваў буйнога інаватара Віктара Пракапені заявіў аб неабходнасці распрацоўваць беспілотныя апараты. Пракапеня і іншыя кіраўнікі інавацыйных кампаній казалі пра важнасць змены заканадаўства і шанцы стаць адной з першых краін, дзе беспілотны транспарт з’явіцца на дарогах. Ужо ў маі гендырэктар «Убер» П’ер Гор-Коці сустрэўся ў Мінску з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым, наведаў Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) і падпісаў з яго дырэктарам Усеваладам Янчэўскім мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы БПА. Дамовіліся і аб адкрыцці ў парку цэнтра распрацовак «Убер». Як тады адзначыў Янчэўскі, гэта дасць шанец стаць адной з першых краін, дзе з’явяцца беспілотныя аўтамабілі. У лістападзе да распрацоўкі транспартных дронаў у Беларусі далучылася амерыканская кампанія «Mapbox», якая стварае платформы карт. Яна абвясціла аб адкрыцці ў Мінску свайго цэнтра даследаванняў і распрацовак на базе беларускага стартапа MapData, а таксама аб намеры стаць рэзідэнтам ПВТ. А ў сакавіку 2018 года рэзідэнт беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі Камень», кампанія «Інтэлектуальнае абсталяванне», прывезла ў Беларусь для тэставання два БПА на электраматорах і прыступіла да іх выпрабаванняў[9].

Шмат у чым пачатку актыўнай дзейнасці ў напрамку грамадзянскіх аўтамабільных дронаў у Беларусі паспрыялі дэкрэт № 8 ад 21 снежня 2017 г. «Аб развіцці лічбавай эканомікі» і ўказ № 273 ад 10 ліпеня 2018 г. «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў»[9].

З тых часоў краіна запусціла некалькі праектаў у галіне беспілотнай грамадзянскай тэхнікі.

  • У 2018 годзе былі аўтаматызаваны 130-тоннік БелАЗ-7513R і франтальны пагрузчык БелАЗ-78250[10].
  • 20 мая 2021 года быў прадстаўлены беспілотны трактар BELARUS А3523і сумеснай распрацоўкі Упраўлення канструктарска-эксперыментальных работ № 1 Мінскага трактарнага завода і Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук.
  • У студзені 2022 года Мінскі аўтамабільны завод у беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень» пратэставаў першы беспілотны аўтобус на электрычным хаду[11].

Ваенныя праекты[правіць | правіць зыходнік]

РАК «Берсерк».

У 2010-х гадах для Беларусі, у сувязі з актывізацыяй дзейнасці НАТА на польскай тэрыторыі і стварэннем новай механізаванай дывізіі УС Польшчы непасрэдна ля межаў краіны, узрасла неабходнасць супрацьтанкавых сродкаў[12]. Следствам гэтага стала з’яўленне праектаў «Багамол» (супрацьтанкавы комплекс) і «Берсерк» (агнявы комплекс). Распрацоўка рабатызаваных комплексаў вялася групай канструктараў пад кіраўніцтвам Андрэя Анісімава ў кампаніі «Белспецзнештэхніка (БСЗТ) — новыя тэхналогіі», даччыным прадпрыемстве «Белспецзнештэхнікі»[13]. У маі 2020 года гэта ж прадпрыемства прадставіла праект «Вістл» (ракетны комплекс)[14].

Абмежаванне на карыстанне БЛПА Загадам №297[правіць | правіць зыходнік]

23 верасня 2023 г. быў падпісаны Загад Прэзідэнта №297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў[15]», які забараніў фізічным асобам валодаць, набываць, вырабляць і карыстацца БПЛА. Тым, хто валодае БПЛА, неабходна перадаць іх на захаванне Белаэранавігацыі або ажыццявіць іх адчужэнне да 25 сакавіка 2024 г. Юрыдычныя асобы, якія жадаюць эксплуатаваць БПЛА, абавязаны паставіць іх на улік у Дэпартаменце авіяцыі Мінстранса[16].

Зноскі

  1. а б Вадим Долинин. Как Белоруссия и Польша конкурируют в разработке дронов : RT : сетевое издание. — 5 января 2018.
  2. а б в Инна Горбатенко. Как нашей стране удалось с нуля создать собственное производство беспилотников // СБ. Беларусь Сегодня : газета. — 30 июня 2020.
  3. Сергей Вальченко. Белорусы помогут России создать беспилотный ударный вертолет // Московский комсомолец : газета. — 28 июня 2022.
  4. Денис Федутинов. БОЕВЫЕ ДРОНЫ В МИНСКЕ // Независимая газета: газета. — 7 июня 2019.
  5. Пятро Раманчук. Вялікія крылы беспілотнай авіяцыі // Звязда : газета. — 11 кастрычніка 2013. — № 192 (27557). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  6. Юрий Зверев. «Полонезы», беспилотники и роботы: секрет успеха белорусского ВПК // Евразия. Эксперт : журнал. — 16 октября 2017.
  7. а б в С невесомым деревом и обманками для ПВО: как в Беларуси делают беспилотники // Onliner : веб-сайт. — 26 августа 2019.
  8. Белорусская беспилотная авиация: слабакам здесь не место // Sputnik : новостное агентство. — 12 декабря 2020
  9. а б Павел Потапейко. Беспилотные БЕЛАЗЫ и автономные такси: транспорт будущего в Беларуси и ЕАЭС // Евразия. Эксперт : журнал. — 16 августа 2018.
  10. К будущему готовы! Белорусы показали полностью автономный БелАЗ // Onliner : веб-сайт. — 31 октября 2018.
  11. Инна Горбатенко. Будущее совсем рядом: МАЗ создает первый беспилотный электробус // СБ. Беларусь Сегодня : газета. — 27 января 2022.
  12. Откусит ли белорусский «Богомол» голову польским «Леопардам» // ВПК.name, 26 июля 2018
  13. «Берсерк»: боец с искусственным интеллектом Архівавана 5 ліпеня 2022.
  14. Алексей Козаченко. Что представляет из себя белорусский боевой робот «Вистл»? // Аргументы и факты : газета. — 6 июля 2021.
  15. УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 25 сентября 2023 г. № 297 О государственном учете и эксплуатации гражданских беспилотных летательных аппаратов // Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
  16. Указ № 297 вступает в силу. С 28 марта хранение и оборот гражданских БЛА запрещены для физических лиц на территории Беларуси // Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]