Бешанковіцкі кірмаш

Бешанко́віцкі кірма́ш — штогадовы кірмаш у мястэчку Бешанковічы ў XVII—XIX стагоддзях.
Пачынаўся 29 чэрвеня ў дзень Святых Пятра і Паўла (адсюль называўся таксама Петрапаўлаўскі) і працягваўся 4 тыдні. Адбываўся вакол вялікай плошчы ў цэнтры мястэчка, дзе ў 2-й палове XVIII стагоддзя быў пабудаваны гасціны двор на 60 крам (пазней іх колькасць павялічылася ўдвая). На кірмаш з’езджаліся 4—5 тысяч чалавек: гандляры, сяляне, шляхта з Надзвіння, Падняпроўя, Менска, Берасця, Слуцка, Слоніма, Вільні, купцы з Расіі і іншых дзяржаў.
Асабліва вялікае значэнне кірмаш займеў з канца XVIII стагоддзя, у сярэдзіне XIX стагоддзя ўваходзіў у лік 124 найбуйнейшых кірмашоў Расійскай імперыі, меў гандлёвы абарот 50—100 тыс. рублёў. З Масквы, Уладзіміра і іншых гарадоў Расіі на Бешанковіцкі кірмаш прывозілі шарсцяныя, баваўняныя, шаўковыя і льняныя тканіны, адзенне і абутак. Тут прадаваўся парцалянавы, фаянсавы, хрустальны посуд, мыла, папера, металічныя вырабы (самавары, чайнікі, прасы, нажы, нажніцы, замкі, падсвечнікі), цукар, агародніна.
Вёўся гандаль коньмі (часам іх прыганялі да 1 тысячы галоў). З замежных тавараў прадаваліся французскія хусткі, доўгія шалі, белы цік, кава, гарбата, прадметы раскошы і інш.
У 1830-я гады на кірмаш штогод дастаўлялі тавару ў сярэднім на 190 тыс. рублёў, рэалізоўвалі на 53 тыс. (28%), у 1840-я гады адпаведна на 478 і 166 тыс. (35%), у 1850-я гады — на 552 і 208 тыс. (38%)[1].
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Швед В. Бешанковіцкі кірмаш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 24. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.