Бешанковічы
Гарадскі пасёлак
Бешанковічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Бешанко́вічы[2] (трансліт.: Biešankovičy) — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага раёна. Прыстань на левым беразе ракі Дзвіна. Месціцца за 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша — Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Віцебск, Шуміліна, Лепель, Чашнікі, Сянно.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Бешанковічаў прыцягнула ўвагу многіх даследчыкаў:
- Паводле Вадзіма Жучкевіча, у аснове назвы — прозвішча Бешанковіч. Блізкія прозвішчы: Бешаны, Бешчань, Бешчаў, Бешанкоў[3].
- Паводле кнігі «Памяць», назву Бешанковічы атрымалі ад слова «бешань» — надзвычай імклівая плынь на сярэдзіне ракі[4]. Слова бешань у слоўніках не зафіксавана.[крыніца не пазначана 124 дні]
- На думку гомельскага філолага Аляксандра Рогалева, назва Бешанковічы звязана з мянушкай Бешанок або Башанок, якую трэба разумець як «меншы ў сям’і (сын) Бешана ці Башана». Мянушка Бешан (Башан) суадносіцца з рускім дыялектным словам башыла — «свавольнік, гарэза»[5].
- У «Настаўніцкай газеце» прыводзілася легенда, як два браты-яўрэі Шэнкі пасяліліся ў гэтым краі. «Два» па-лацінску «бі», два браты па прозвішчы Шэнкі — бі Шэнкі. Так атрымаліся Бешанковічы. Па іншай легендзе, назву пасёлку далі немцы. Па-нямецку beschenken азначае «адорваць». Маўляў, населеным пунктам валодаў нейкі немец і гэта быў ягоны падарунак[6].
З іншага боку, быў антрапонім XV ст. з-пад Наваградка (Забердава) — «Яковъ Бешенка»[7]. І менавіта ў тым жа рэгіёне (па іншы бок Нёмана) тапонім Бе́шанкі. У 1800 годзе фіксавалася старое літоўскае (з-пад Вількаміра) прозвішча Бешэніс[8].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Паводле падання, спачатку Бешанковічы месціліся вышэй па цячэнні Дзвіны, на левым беразе, на месцы цяперашніх Мількавічаў. Пазней былі перанесены на 6,5 км ніжэй[4].
Паводле гісторыка Аляксея Сапунова, населены пункт упершыню ўпамінаецца ў 1447 годзе, калі вялікі князь «Казімір у памяць выратавання сваёй жонкі ў 20-ы дзень ліпеня ад утаплення загадаў пабудаваць у Беларусі шэсць цэркваў у імя святога Ільі-прарока»[9]. Гісторык Восіп Турчыновіч называе 1460 год, калі «у памяць выратавання каралевы Елісаветы ад утаплення 20 ліпеня ў дзень прарока Ільі Казімір загадаў пабудаваць у Беларусі некалькі цэркваў праваслаўных па берагах рэк Дзвіны, Дняпра і Сажа: у Віцебску, Бешанковічах, Магілёве, Крычаве, Оршы і Чэрыкаве, падараваў гэтым храмам у карыстанне перавозы»[10]. У пачатку XVI стагоддзя вёска Бешанковічы ўваходзіла ў склад Крывінскай воласці Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і належала Друцкім-Сакалінскім.
У 1605 годзе Бешанковічы перайшлі да Язерскіх, з 1615 года — у валоданні аршанскага маршалка М. Адравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы набыў ваявода віленскі Казімір Леў Сапега, неўзабаве паселішча атрымала статус мястэчка, а ў 1634 годзе магдэбургскае права. Пры Сапегах Бешанковічы разбудаваліся, у мястэчку штогод праводзіліся 2 кірмашы, самы вядомы быў Петрапаўлаўскі, які пачынаўся 29 чэрвеня (дзень святых Пятра і Паўла) і стаяў 4 тыдні. Штогод на яго з’язджалася да 4—5 тысяч чалавек. У 1650 годзе Казімір Леў Сапега збудаваў тут касцёл.
У 1656 годзе пасля смерці Сапегі Бешанковічы перайшлі ў спадчыну яго стрыечнай пляменніцы Ганне Сапега, якая была жонкай Станіслава Нарушэвіча. З канца XVII ст. праз шлюб іх дачкі Яаны Тэадоры з Янам Агінскім Бешанковічы перайшлі ва ўласнасць Агінскім, пры якіх у мястэчку пабудаваны першыя камяніцы. У Паўночную вайну (1700—1721) у 1708 годзе тут размяшчаліся маскоўскія войскі, тры разы мястэчка наведаў маскоўскі цар Пётр I. З сярэдзіны XVIII ст. Бешанковічы — горад (места), у якім было каля 1,5 тысячы двароў; цэнтр ганчарнага і мылаварнага рамёстваў, вырабу гонты; працаваў гасціны двор. Князь Міхал Казімір Агінскі 2 лютага 1762 года выдаў мяшчанам ліст, якім вызваляў іх ад значнай часткі паншчыны, акрамя згону за млын. Міхал Казімір Агінскі збудаваў у горадзе палац, заклаў парк з некалькімі экзотамі, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Бешанковічы былі падзелены на 2 часткі, задзвінская частка Бешанковічаў з 500 дварамі апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Граніца праходзіла па Дзвіне, праз што была пабудавана галоўная мытня. У 1783 годзе Агінскі зрабіў даравальны запіс, паводле якога Бешанковічы сталі ўласнасцю Іахіма Храптовіча. З 1785 года пачаўся эканамічны заняпад Бешанковічаў, прычынай былі некалькі пажараў і перавод галоўнай мытні ў Полацк і Талачын. На 1785 год на частцы Вялікага Княства Літоўскага было 1000 двароў, дзейнічалі касцёл і царква.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бешанковічы цалкам апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Расійскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка Лепельскага павета Віцебскай губерні; у гэты час больш за чвэрць ягоных жыхароў займаліся толькі сельскай гаспадаркай. У вайну 1812 года з 11 ліпеня да 20 кастрычніка Бешанковічы займалі французскія войскі, некалькі дзён тут месціўся штаб Напалеона. У верасні 1821 года на агляд расійскай гвардыі ў мястэчка прыязджаў расійскі імператар Аляксандр I.
На 1868 год у Бешанковічах 392 будынкі; працавалі народнае вучылішча, 2 гарбарныя заводы, бровар, 115 крам, у наваколлі 17 вадзяных і ветраных млыноў. Ужо ў сярэдзіне XIX стагоддзя галоўныя вуліцы былі брукаванымі. З 1881 года Дзвіной з Улы на Віцебск рэгулярна хадзіў параход, а з 1892 года — 4 параходы. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у мястэчку было 1099 будынкаў. У пачатку XX стагоддзя — 7 мураваных і 1243 драўляныя дамы, пошта, тэлеграф, царкоўна-прыходская школа, 3 народныя вучылішчы, 127 крам, лякарня.
- Бешанковічы за часамі вайны 1812 года
- Агульны выгляд мястэчка
- Царква Святога Мікалая
- Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла
- Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла
- Палац Храптовічаў
- Сінагога
- Пераход цераз раку
- Каля мястэчка
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]26 лістапада 1917 года ўладу ў мястэчку захапілі бальшавікі. Пасля лютаўскага наступлення 1918 года нямецкіх войскаў Бешанковічы апынуліся ў прыфрантавой паласе. У сувязі з заняццем немцамі большай часткі Лепельскага павета яго выканаўчы камітэт часова быў пераведзены ў Бешанковічы.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бешанковічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ў Беларускай ССР, аднак 16 студзеня мястэчка ўвайшло ў склад РСФСР; у Лепельскім (1919—1923) і Бачэйкаўскім паветах (1923—1924).
У 1924 годзе ў выніку першага ўзбуйнення Бешанковічы вернуты ў склад БССР. З 1924 года цэнтр Бешанковіцкага раёна Віцебскай акругі (да 1930 года), з 1938 года — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з 6 ліпеня 1941 года да 25 чэрвеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
7 чэрвеня 1966 года ў мяжу гарадскога пасёлка Бешанковічы ўключана вёска Стрэлка[11].
- Бешанковічы на старых здымках
- Палац Храптовічаў, да 1918 г.
- Палац Храптовічаў, 1903 г.
- Касцёл Святых Казіміра і Рафала, 1913 г.
- Касцёл з боку апсіды, 1913 г.
- Інтэр’ер касцёла, 1913 г.
- Помнік, 1910-я гг.
- Царква на Задзвінскай Слабодцы, да 1918 г.
- Параходная прыстань і свірны Храптовічаў, да 1918 г.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]

Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод), харчовай прамысловасці (малочны завод), камбінат будматэрыялаў. Вядомыя як цэнтр традыцыйных ганчарных вырабаў, так званай бешанковіцкай керамікі (фабрыка мастацкіх вырабаў). Гасцініца (вул. Камуністычная, 22). Дом паляўнічага.
Культура і адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей, Цэнтр культуры, Дзіцячая школа мастацтваў, сярэдняя школа.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]

- Ансамбль былога палаца Храптовічаў (ХVII — ХХ) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000141. Цяпер размяшчаецца Дзіцячая школа мастацтваў.
- Палац (1770-я гады), вул. Камуністычная, 18 (інв. № 231/С-8046) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000947. - Былая гаспадарчая пабудова (ХVII — першая палова ХVIII стагоддзя), вул. Камуністычная, 24а (інв. № 231/С-9392).
- Дзве былыя гаспадарчыя пабудовы (ХVIІI — ХIХ стагоддзі), вул. Камуністычная, 24, 26а (інв. № 231/С-9544).
- Фрагменты парку (ХVII — ХХ стагоддзі), вакол палаца.
- Палац (1770-я гады), вул. Камуністычная, 18 (інв. № 231/С-8046) —
- Свята-Ільінская царква (1870), вул. Урыцкага, 2 (інв. № 231/С-11289) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000143.
- Касцёл Святых Пятра і Паўла (2011).
- Земляныя ўмацаванні вайны 1812 г.
- Памятны купальны крыж царквы Св. Мікалая.
- Капліца на могілках.
- Драўляны падвесны мост.
- Пантонны мост, прыкладна да 2010 года на яго месцы размяшчалася паромная пераправа.
- Курган Славы.
- Дуб Напалеона.
- Музей пад адкрытым небам — алея якароў, у гарадскім парку. Памятны знак маракам[15]. На алеі помнік землякам, «плыты вадзілі ў Рыгу і ахоўвалі горад ад ворагаў». На гербе раёна не выпадкова намаляваны карабель: Бешанковічы калісьці былі найбуйнейшай прыстанню для гандлёвых суднаў на Заходняй Дзвіне.
Памятныя мясціны
[правіць | правіць зыходнік]- Брацкая магіла (1941—1944), вул. Інтэрнацыянальная —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000142. - Яўрэйскія могілкі.
Помнікі, скульптура
[правіць | правіць зыходнік]- 6 жніўня 2022 года каля будынка музея адкрыта Алея Герояў Савецкага Саюза, ураджэнцаў Бешанковіцкага раёна, устаноўлены бюсты Герояў Савецкага Саюза — К. А. Абазоўскага, М. А. Высагорца, Л. М. Даватара, І. І. Строчкі, М. М. Ткачэнкі[16][17], у 2024 годзе — бюст Героя Савецкага Саюза П. М. Раманава[18].
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Віктар Васільевіч Аўчыннікаў (нар. 1952), беларускі ўрач і палітык.
- Іаакім Іванавіч Берасцень (1877—1926), палітык і рэвалюцыянер.
- Аркадзь Андрэевіч Гейнэ (1919—1942), беларускі паэт.
- Эльвіра Ціханаўна Круцько (нар. 1949), беларуская спецыялістка ў галіне хіміі.
- Таццяна Сяргееўна Маркевіч (нар. 1988), беларуская валейбалістка.
- Фёдар Іосіфавіч Нікановіч (1854—1911), святар і палітык.
- Міхаіл Мікалаевіч Ткачэнка (1922—1948), лётчык-штурмавік, Герой Савецкага Саюза.
- Саламон Барысавіч Юдовін (1892—1954), беларускі графік.
- Майсей Ісакавіч Юдовін (1898—1966), беларускі паэт.
- Валерыя Турчына (нар. 2005) — беларуская валейбалістка.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Численность населения на 1 января 2026 г. и среднегодовая численность населения за 2025 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, посёлков городского типа — Минск: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2026. — 30 с.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. Стар. 27-28.
- 1 2 Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / БелСЭ; [Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Мастак А. М. Хількевіч]. — Мн.: БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. — 423 с.: іл. — С. 18. — ISBN 5-85700-053-X.
- ↑ А. Ф. Рогалеў. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). Гомель, 2008. С. 95.
- ↑ І. Грэчка. Туман над Дзвіною // Настаўніцкая газета. 11 лістапада 2017 г.
- ↑ Lietuvos Metrika. Kn. 3 (1440—1498). Vilnius, 1998. С. 53.
- ↑ Ukmergės dekanato RKB gimimo metrikų aktų knyga.
- ↑ Витебская губерния: историко-географический и статистический обзор / Сост. по программе и под ред. В. М. Долгорукова. Вып. 1: История. Природа. Население. Просвещение. — Витебск: Губернская типография, 1890. — [2], 387 с., [16] л. ил., цв. карт. — С. 32.
- ↑ Турчинович, И. В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен / сочинение О. Турчиновича. — СПб.: издание В. А. Исакова, 1857. — XII, 303 с. — С. 115.
- ↑ Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 7 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142).
- 1 2 3 Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Аллея якорей и дворец в котором бывали Наполеон и Александр I. Чем ещё удивит Бешенковичский район?.
- ↑ Герои Советского Союза - уроженцы Бешенковичского района.
- ↑ Аллея Героев Советского Союза, уроженцев Бешенковичского района.
- ↑ Пример многим поколениям. Бюст Героя Советского Союза Павла Романова открыли в Бешенковичах. БелТА.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Долготович Б. Д. Почётные граждане белорусских городов: биограф. справочник / Б. Д. Долготович. — Мн.: Беларусь, 2008. — С. 71—72. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-01-0784-8. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Бешанковічы на Вікісховішчы |
Геаграфічныя звесткі па тэме Бешанковічы на OpenStreetMap- Бешанковічы на сайце Radzima.org
- Бешанковічы на сайце Глобус Беларусі (руск.)

