Двухдомная расліна. Утварае зялёныя або жаўтавата-зялёныя разеткі дыяметрам 3—4 см. Слаявіна шматслаёвая з рызоідамі, вілаватаразгалінаваная з лістападобнымі лопасцямі, па краях якіх размешчаны ліставатыя вушкі з калоніямі сіне-зялёных водарасцей. Каробачка авальная, чырвона-бурая, на ножцы 2—3 см даўжынёй. Зверху па слаявіне вывадковыя колбачкі і гаметангіі (полавыя органы).
Пашырана пераважна ва ўмераных шыротах Паўночнага паўшар’я, сустракаецца ад Арктыкі да лясной паласы. На Беларусі трапляецца ўсюды на вільготнай глебе, каля дарог, у канавах, кар’ерах. Піянер глебавых агаленняў і грунту.