Белая блакітніца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Блакітніца белая)
Белая блакітніца

Белая блакітніца, Беларусь
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Cyanistes cyanus Pallas, 1770

Сінонімы
  • Parus cyanus
Арэал

выява

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  559613
NCBI  156570
EOL  4404739

Белая блакітніца, белая сініца, князёк (Parus cyanus) — птушка сямейства сініцавыя (Paridae) атраду вераб’інападобныя (Passeriformes).

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Дробная птушка, даўжыня цела 13-14 см, маса да 10-12 г. Полавы дымарфізм не выражаны. Афарбоўка спіны блакітна-шэрая, крылаў і хваста буравата-блакітная, ад дзюбы да вачэй праходзіць блакітная палоса. Ніз цела і галава белыя, жывот з блакітнай плямкай. На крыле белае люстэрка, добра бачнае ў палёце. Маладыя падобныя на дарослых, але з больш шэрым верхам. Спеў з кароткіх трэляў, звязаных паміж сабой.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Белая блакітніца — птушка 2022 года. Паштовая марка Беларусі

Аселая, часткова вандроўная (часам можа пералятать на значныя адлегласці).

Арэал прасціраецца праз Еўразію вузкай палосай на ўсход да Прыамур'я і ўзбярэжжа Японскага мора, уключае Цянь-Шань і паўночную частку Кітая. На захадзе арэал уключае Усходнюю Еўропу; у Беларусі рэдкі, пашыраны на гнездаванні толькі ў цэнтральнай частцы Палесся, аселы і качуючы від.[1] Па-за гнездавым арэалам адзначаецца ў Францыі, Германіі, Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Літве, Польшчы, Славакіі, Аўстрыі, б. Югаславіі, Румыніі, Украіне.

Птушка насяляе вільготныя лісцевыя альбо мяшаныя дрэвастоі з добра развітым лісцевым падростам — ахвотней селіцца ў рачных далінах альбо ў суседстве азёр. Акрамя гэтага, засяляе групы лісцевых зараснікаў па берагах вадаёмаў, у трыснягу альбо балотах, таксама ў парках, у гарах, у лістоўнічных лясах, вербніках і ядлоўцу падымаецца да 2500 м.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Корміцца рознымі насякомымі на ствалах і ў кроне дрэў.

У красавіку птушкі трапляюцца парамі і чародкамі з 5-7 асобін. Гняздуецца ў дуплах і шчылінах мяккага дрэва, звычайна 1,5-4,0 м над зямлёй, таксама ў шпакоўнях, паглыбленнях на зямлі або будынках. Будаўнічы матэрыял гнязда — мох, лазовы луб, поўсць, якія ўтвараюць тоўсты «фетр», высцілка з больш дробных касмыкоў мяккай шэрсці.

У кладцы 3 і больш белых, са светла-карычневымі плямкамі яец памерамі 16,5 × 12 мм. Выводзіць патомства, магчыма, 2 разы ў год. Дарослыя птушкі кормяць птушанят вусенямі.

Зноскі

  1. У Беларусі сустрэчы з птушкамі прымеркаваны, за рэдкім выключэннем, да тэрыторыі Палесся. У 1983 г. блакітніца адзначана ў садзе каля г. Паставы, у 1952 г. гнездаванне даказана для Лунінецкага, у 1964 г. — для Пінскага, у 1987 г. — для Лельчыцкага раёнаў. На ўсход ад Пінска магчыма гняздуецца таксама ў іншых раёнах, паколькі ў гнездавы час трапілася 21 мая 1987 г. у хмызняковай пойме Прыпяці ў Жыткавіцкім раёне каля в. Хваенск 19 чэрвеня 1987 г. сярод вярбовых зараснікаў поймы каля в. Касцюковічы ў Мазырскім раёне. У негняздовы час сустрэчы з птушкамі вядомы ў красавіку 1982 г. у Столінскім раёне, у 1986—1987 гг. у лясах па р. Убарць у Лельчыцкім раёне, у лютым 1983 г. на ўскраіне Брэста.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X
  • Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5
Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU)