Перайсці да зместу

Бой ля Крывавага Бору

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бой ля Крывавага Бору
Асноўны канфлікт: Польска-савецкая вайна
Дата 27—28 верасня 1920
Месца лясны масіў Крывавы Бор, вёскі Феліксава і Лебяда
Вынік нявызначана
Праціўнікі
Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка РСФСР Польшча Польшча
Сілы бакоў
часці 2-й, 5-й, 6-й і 56-й стралковых дывізій 3-й арміі (невядомая колькасць байцоў) Мінскі і Віленскі палкі 1-й пяхотнай дывізіі легіянераў (2300 байцоў)
Страты
некалькі сотняў забітымі і параненымі, каля 1000 палонных, 12 гармат, 15 кулямётаў 130 забітых, 230 параненых, 410 палонных і заблуканых (першапачаткова абвешчаны прапаўшымі)

Бой каля Крывавага Бору — эпізод савецка-польскай вайны пасля бітвы на Нёмане.

Сітуацыя на фронце

[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1920 года, пасля перамогі пад Варшавай, польская армія паўторна ўвайшла ў Беларусь, адціскаючы бальшавікоў на ўсход. Па тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці адступалі часці савецкай 3-й арміі. «Чырвоныя» рухаліся па шашы Гродна — Ліда.

Раніцай 27 верасня перадавыя часці Войска Польскага атрымалі загад атакаваць Ліду. Атака на горад здзяйснялася з поўначы і захаду — ад Радуні і ўздоўж дарогі з Гродна. Сярод наступаючых — Мінскі полк (1100 байцоў) 1-й пяхотнай дывізіі легіянераў. Напярэдадні, у Васілішках, Мінскім полк раптоўнай атакай вымусіў 5-ю стралковую брыгаду 2-га стралковага палка бязладна адступіць і праследаваў праціўніка да Лебяды. За Мінскім палком рушыў Віленскі полк (1200 байцоў), артылерыя, камандаванне 1-й літоўска-беларускай дывізіі і абоз.

А 13:00 авангард Мінскага палка ўвайшоў у вёску Паперня. 2-і батальён палка рушыў да перапраў на рэчцы Лебядзе. Адначасова да перапраў з захаду падыходзілі галоўныя сілы 3-й савецкай арміі, якія адыходзілі да Ліды, частка іх паспела перайсці на ўсходні бераг Лебяды — 2-я і 6-я стралковыя брыгады. «Чырвоныя» спыніліся на адпачынак каля ляснога масіву Крывавы Бор на поўнач ад пераправы каля вёскі Феліксава. Пры гэтым войскі сталі без арганізацыі баявой аховы.

Палякі, выйшлі з лесу і наткнуліся на чырвонаармейцаў, якія адпачывалі. 2-і батальён тут жа атакаваў і рассеяў войскі праціўніка. Польскія салдаты прайшлі да вёскі Лебяды. Тут размяшчаўся штаб арміі, які тэрмінова пакінуў населены пункт. Перад адыходам камандарм Лазаравіч даў загад 5-й стралковай дывізіі наступаць з захаду на пераправу, каб адбіць яе. Далей штаб пад варожым агнём выехаў у Ліду. Сувязь камандавання з часцямі была страчана. Фактычна савецкія фарміраванні на месцах сталі дзейнічаць самастойна, без агульнага кіраўніцтва.

З усходу пачала контратаку 18-я стралковая брыгада з 6-й стралковай дывізіі, з захаду — 2-я і 5-я стралковыя дывізіі. Польскі 2-і батальён адышоў у лес, дзе заняў абарону і трымаўся да прыбыцця падмацавання. Палякі выйшлі ў поле і пачалі штурм Феліксава і Лебяды. Пад вечар Мінскаму палку давялося адступіць да Крывавага Бору. А 19:00 да месца прыбыў Віленскі полк. Адразу было арганізавана новае наступленне на пераправы. Віленскі полк заняў пазіцыі над ракой, а Мінскі, які пацярпеў значныя страты, адышоў у рэзерв да лесу. Тым часам байцам паведамілі пра ўзяцце Гродна, што значна іх падбадзёрыла.

Нечакана а 20:00 да перапраў падышла па шашы савецкая 56-я стралковая дывізія. А 21:00 бальшавікі правялі другую контратаку. Неўзабаве да бітвы далучыліся часці савецкіх 2-й і 6-й стралковых дывізій. Баі трывалі ў цемры, у некаторых месцах рукапашныя. Да 01:00 28 верасня польскія падраздзяленні чарговы раз былі адкінуты да Крывавага Бору. Савецкія сілы авалодалі шашой, па якой да 4-х гадзін раніцы адыходзілі да Ліды часці 3-й арміі.

Вынікамі бою каля Крывавага Бору была дэзарганізацыя дзейнасць штаба 3-й савецкай арміі. «Чырвоныя» не дамагліся поспеху, бо вымушаны змяніць шлях адыходу — замест Маладзечна адыходзіць да Баранавічаў. Затрымка дывізій 3-й арміі палегчыла баявую задачу Войску Польскаму па заняцці Ліды і стварэнні перашкоды для адыходу бальшавікоў.

«Чырвоныя» страцілі некалькі соцень забітымі і параненымі, каля 1000 палоннымі, 12 гармат, 15 кулямётаў. З боку Войска Польскага было 130 забітых, 230 параненых і 410 зніклых без вестак. Большасць зніклых склалі салдаты, якія згубіліся ў начной імгле ў лясах, але яны выйшлі адтуль наступным днём. Некалькі дзясяткаў зніклых трапілі ў палон да праціўніка, наступным днём палонных расстралялі.

  • Грицкевич А.П. Западный фронт РСФСР 1918-1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию. / Научное редактирование А.Е. Тараса. - Минск: Харвест, 2010 - 496 с . - (Серия «Неизвестные войны»). ISBN 978-985-16-6650-4.