Бон (рэлігія)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Свастыка — сімвал бон

Бон, бон-по (тыбецкае пісьмо: བོན་) — сінкрэтычная рэлігія тыбецкіх народаў. Прыхільнікі бон тлумачаць яе этымалогію як сапраўдную рэчаіснасць.

Бон узнікла ў VIIIXI стст. у выніку спалучэння старажытных народных культаў з будысцкай практыкай дасягнення прасвятлення. Развіццё гэтай рэлігіі адбывалася праз пошук яе прыхільнікамі патаемных містычных ведаў, якія ў выніку інтэрпрэтаваліся імі як вяртанне да першаснага чыстага вучэння. У выніку яны стварылі асобную рэлігійную арганізацыю, філасофію і штат святароў-манахаў. Бон утрымоўвае як арыгінальныя абрады, так і агульныя з будыстамі.

Да сярэдзіны XX ст. у Тыбеце існавала каля 300 кляштароў бон. Яны былі зачынены падчас культурнай рэвалюцыі, а вернікі сутыкнуліся з пераследам. Тым не меней, у нашы дні ў Індыі, Непале, Кітаі і Манголіі дзейнічае каля 18 кляштароў бон.

У 1978 г. бон была прызнана асобнай рэлігіяй з боку Далай-ламы XIV.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Танпа Шэнраб Мівачэ

Бон мае шырокае вызначэнне. Так часцяком называюць ўсе перажыткі старажытных дабудысцкіх вераванняў. Яны ўключаюць анімістычныя, шаманісцкія і магічныя практыкі, накіраваныя на абарону чалавека ад злых багоў і духаў. Многія з іх аказалі непасрэдны ўплыў на тыбецкі будызм, а таму не супрацьпастаўляюцца яму, прымаюцца як простыми вернікамі, так і адукаванымі ламамі.

Асобная рэлігійная традыцыя бон пачала фарміравацца пасля распаўсюджвання будызму ў другой палове VIII ст. Першапачаткова яе носьбітамі маглі быць жрацы, мужчыны і жанчыны, якія займаліся складанымі пахавальнымі рытуаламі, у тым ліку для сям'і манархаў. Яны існавалі поруч з будысцкімі святарамі, хаця ўспрымаліся апошнімі ганебна.

У рэлігійнай літаратуры распаўсюджана думка, што бон заснаваў міфічны настаўнік Танпа Шэнраб Мівачэ, дзейнасць якога нагадвала жыццё Гаўтамы. Ён быў князем з цудоўнай краіны Олма Лунгрынг. У нашы дні яе месцазнаходжанне атаясняюць з раёнам каля гары Кайлас. Танпа Шэнраб стаў пустэльнікам, супрацьстаяў і перамог злых духаў. Першасна ён распаўсюджваў сваё вучэнне за межамі радзімы. У Тыбет яно прыйшло з краіны Таксік (магчыма, з Тахарыстана). У канцы жыцця Танпа Шэнраб дасягнуў нірваны.

У XXI стст. тыбецкі будызм перажываў эпоху ўзнаўлення, калі з суседняй Індыі запазычваліся новыя рэлігійныя канцэпцыі. Адной з іх была гтэр-ма (གཏེར་མ) — пошук патаемных містычных ведаў. Будысты шукалі іх перш за ўсё ў ідэях, што прыходзілі звонку, а прыхільнікі бон — у мясцовых старажытных культах. Згодна пазней занатаваным паданням, яны адкрывалі раней схаваныя тэксты, нібы пакінутыя ў часы Танпа Шэнраба, перакладалі іх са старажытнай на тыбецкую мову. Такім чынам склаўся кірунак бон юндрунг. Для яго характэрны наяўнасць рэлігійнай арганізацыі, штат святароў-манахаў трангсонг, падобных на ламаў, апора на логіку, рэлігійная філасофія. Некаторыя сучасныя даследчыкі адносяць яго да неартадаксальнай формы будызму. Іншыя звяртаюць увагу на тое, што запазычанні з будызму былі толькі формай прыстасавання рэлігійнай меншасці.

Адным з першых цэнтраў бон юндрунг стаў кляштар Зангры Бон-по, заснаваны ў 1096 г. у цэнтральным Тыбеце. У 1405 г. быў заснаваны кляштар Менры на поўдні, які с цягам часу ператварыўся ў галоўную духоўную установу бон. У XIVXVIII стст. ва усходнім Тыбеце ўзнік напрамак сарма-бон. Яго прыхільнікі таксама спасылаліся на знаходкі гтэр-ма і цалкам не абвяргалі юндрунг, але ў рытуальнай практыцы болей набліжаліся да тыбецкага будызму.

Існаванне ў Тыбеце розных традыцый будызму і бон суправаджалася барацьбой за свецкую ўладу. У XVII ст. пры падтрымцы джунгараў фактычнымі кіраўнікамі Тыбета сталі далай-ламы, што належалі да традыцыі гелуг-па. Далай-лама V прызнаў бон у якасці аднаго з дазволеных вучэнняў. Аднак у 1717 г. падчас акупацыі Тыбета джунгары пакаралі многіх прыхільнікаў бон смерцю. У XIX ст. тэолаг Шардза Ташы Г'ялцэн з усходняга Тыбета імкнуўся аднавіць развіццё бон дзякуючы адкрытасці і спалучэнню вопыта юндрунг і сарма-бон. Ён і яго вучні прымалі для навучання як прыхільнікаў бон, так і будызму. У немалой ступені гэта садзейнічала цярпімасці, якая ўсталявалася паміж прадстаўнікамі дзвюх канфесій.

Да сярэдзіны XX ст. у Тыбеце дзейнічала каля 300 кляштароў бон, пераважна на поўначы і на ўсходзе. Далучэнне Тыбета да Кітая і культурная рэвалюцыя прывялі да іх закрыцця. У 1967 г. тыбецкія ўцекачы аднавілі дзейнасць кляштара Менры ў Хімачал-Прадэш. У 1980-х гг. ён зноў адкрыўся ў Тыбецкім аўтаномным раёне. У нашы дні ў Індыі, Непале, Кітаі і Манголіі дзейнічае каля 18 кляштароў бон. У 1978 г. Далай-лама XIV прызнаў бон рэлігіяй з асабістай практыкай.

Веравучэнне[правіць | правіць зыходнік]

Прыхільнікі бон лічаць яе ўніверсальнай рэлігіяй у тым сэнсе, што яе дактрыны сапраўдныя для ўсяго чалавецтва. Згодна іх перакананням, існуе тры бажаствы, якія кіруюць сусветам, — Дагпа, Салба і Шэпа. Дагпа кантралюе мінулае, Салба — сучаснасць, Шэпа — будучыню. Веравучыцель Танпа Шэнраб Мівачэ разглядаецца як іх зямное ўвасабленне. Акрамя таго, яны вераць у шматлікіх іншых багоў і духаў. Многія складаныя рытуалы накіраваны на іх шанаванне або абарону ад іх уздзеяння. Тым не меней, канчатковая мэта падобна на будысцкую — разарваць кола сансары і дасягнуць нірваны.

Прасвятленне чалавека магчыма дзякуючы 9 шляхам («калясніцам»):

  • Шлях прадказання праз магію, астралогію, медыцыну
  • Шлях навакольнага свету праз узаемаадносіны з багамі
  • Шлях чарадзейства праз экзарцызм і барацьбу са злымі духамі
  • Шлях праведнага ладу праз паўсядзённыя рытуалы, абрады жыцця і смерці
  • Цывільны шлях праз дзесяць прынцыпаў карыснай дзейнасці
  • Шлях пустэльніка праз аскетызм і медытацыю
  • Шлях першаснага гука праз чытанне мантраў
  • Шлях гшэн праз ёгу
  • Шлях вялікай дасканаласці праз навучанне і мысленне

Бон утрымоўвае як арыгінальныя абрады, накшталт танцаў з маскамі, так і агульныя з будыстамі. Аднак у кляштарах прыхільнікаў бон малельныя барабаны круцяцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, замест звыклых для лам званочкаў выкарыстоўваюць талеркі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]