Даўжыня цела 12—100 см, хваста 2,5—50 см, маса 0,3—55 кг. Цела пакрыта касцяным панцырам, на якім ляжаць рагавыя пласцінкі, якія ўтвараюць галаўны, плечавы і тазавы шчыты і шэраг паясоў (ад 3 да 18); такія ж пласцінкі ўтвараюць «браню» на канечнасцях і хвасце. Паясы і шчыты змацаваныя паміж сабой гнуткай злучальнай тканкай, якая забяспечвае рухомасць усяго панцыра. Ніжняя паверхня цела і ўнутраныя часткі лап пакрытыя рэдкімі цвёрдымі валасамі; у многіх відаў асобныя валасы растуць паміж шчыткамі на спіне. Афарбоўка шчыткоў ад карычневай да ружовай, валасоў — ад шаравата-карычневай да белай. Целасклад шчыльны. Морда ад кароткай да выцягнутай, вушы невялікія, вочы маленькія, з тоўстымі павекамі. Канечнасці кароткія, моцныя (пярэднія чатырох-або пяціпальцавыя, заднія пяціпальцавыя), з доўгімі выгнутымі магутнымі кіпцюрамі. Зубы без каранёў і эмалі, аднолькавай цыліндрычнай формы, з пастаянным ростам; іх колькасць вагаецца ад 28 да 100 (нават у розных асобін аднаго віду).
Нюх і смак добра развіты, зрок дрэнны (не адрозніваюць колеры).
Выдатна капаюць зямлю. Актыўныя ноччу ці днём; сховішчам служаць норы. Трымаюцца паасобку, парамі ці невялікімі групамі. Пры небяспецы ратуюцца ўцёкамі ці хутка закопваюцца ў зямлю; некаторыя віды згортваюцца ў шар.
Драпежнікі. Кормяцца казуркамі і іншымі беспазваночнымі, дробнымі пазваночнымі, часам раслінамі і падаллю.
Характэрна латэнтная стадыя цяжарнасці. У прыплодзе ад 2 да 12 дзіцянят, звычайныя аднайцавых двайнят (поліэмбрыёнія).
Бронено́сцы, армадиллы // Т. 4. Брасос — Веш. — М. : Советская энциклопедия, 1971. — С. 49. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978).(руск.)
Бронено́сцевые, броненосцы // Биологический энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. М. С. Гиляров; Редкол.: А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1986. — С. 82. — 831 с. — 100 000 экз.