Перайсці да зместу

Браніслаў Пілсудскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Браніслаў Пілсудскі
польск.: Bronisław Piotr Piłsudski
Касцеша
Касцеша
Род дзейнасці антраполаг, рэвалюцыянер
Дата нараджэння 21 кастрычніка (2 лістапада) 1866[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 17 мая 1918(1918-05-17)[3][1] (51 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Юзаф Вінцэнт Пілсудскі
Маці Марыя Білевіч[d]
Альма-матар
Член у Таварыства вывучэння Амурскага рэгіёну
Сайт bronislawpilsudski.pl
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Браніслаў (другі злева) і Юзаф (трэці) Пілсудскія, 1885 г. Гурток саманавучання Spójnia пры Віленскай гімназіі.
Айны з Сахаліна, фота Браніслава Пілсудскага, каля 1905 года.

Браніслаў Пётр Пілсудскі (польск.: Bronisław Piotr Piłsudski, 2 лістапада 1866, Зулава — 17 мая 1918, Парыж) — польскі эмігрант, этнограф, які займаўся народамі і культурамі Далёкага Усходу, галоўным чынам айнамі, якіх ён назіраў на Сахаліне, а пазней на востраве Хакайда. Быў братам Юзафа, Адама, Яна і Казіміра Пілсудскіх[4][5].

З 1874 года жыў у Вільні, дзе праз тры гады паступіў у гімназію. Разам з братам Юзафам яны арганізавалі гурток саманавучання «Спуйня». Пасля смерці маці (1884) пераехаў у 1886 годзе ў Санкт-Пецярбург, дзе здаў экзамен на бакалаўра і паступіў на юрыдычны факультэт мясцовага ўніверсітэта.

У 1887 годзе быў уцягнуты ў падрыхтоўку «Народнай воляй» замаху на імператара Аляксандра III. Сярод змоўшчыкаў быў Аляксандр Ульянаў (старэйшы брат Уладзіміра, пазней вядомага як Ленін), які быў пакараны смерцю пасля суда. Пасля выкрыцця змовы Браніслаў (які быў выдадзены падчас допытаў Міхалам Канчэрам) быў прысуджаны да смяротнага пакарання, якое пазней было заменена на 15 гадоў катаржных работ, і сасланы на востраў Сахалін. У 1887—1896 гадах — вязень катаржнай турмы ў с. Рыкаўскае на востраве Сахалін. Вызвалены ад цяжкіх работ, працаваў у канцылярыі, настаўнікам мясцовай школы, што дазволіла яму весці этнаграфічныя даследаванні і метеэаралагічныя назіранні.

На Сахаліне ў 1891 годзе ён сустрэў Льва Штэрнберга, ужо вядомага этнографа, які таксама знаходзіўся ў выгнанні. У 1896 годзе была апублікавана яго праца па назіраннях за кліматам. Затым яго адправілі ў метэаралагічную місію ў паўднёвую частку вострава, дзе ён сустрэў народ айнаў.

У 1894—1896 стварыў Сахалінскі музей у Пасту Аляксандраўскім.

Пасля 10 гадоў выгнання астатняя частка яго пакарання была заменена на загад пасяліцца на Далёкім Усходзе Расіі без права выезду. Праз тры гады ён атрымаў прапанову ад Імператарскай акадэміі навук вывучаць культуры айнаў, гілякаў (ніўхаў), оракаў і мангунаў на Сахаліне. У тым жа годзе ён пасяліўся — цяпер ужо вольны чалавек — у вёсцы Ай, дзе ажаніўся з Шынхінчоў, сваячкай правадыра племені, якая нарадзіла ім сына Сукэдзо і дачку Кё.

З 1899 года — захавальнік музея Таварыства вывучэння Амурскага края ў г. Уладзівасток. За арганізацыю экспазіцыі для міжнароднай выставы ў Парыжы ўзнагароджаны сярэбраным медалём расійскага геаграфічнага таварыства.

У 1903 годзе разам з іншым выгнаннікам, пісьменнікам Вацлавам Серашэўскім, адправіўся даследаваць культуру айнаў на востраве Хакайда. Адным з вынікаў яго працы сталі ўнікальныя гукавыя запісы, зробленыя на 100 васковых цыліндрах. У пачатку 1980-х гадоў гэтыя цыліндры былі пазычаны японцамі ў Польшчы, і кампанія Sony сканструявала спецыяльную лазерную прыладу для іх счытвання (фанограф Эдысана), што дазволіла запісаныя на іх гукі зноў пачуць праз шмат гадоў. Гэта адзіныя вядомыя запісы мовы айнаў таго перыяду.

Сярод яго дасягненняў — стварэнне слоўнікаў, таксама даў багатыя апісанні культуры і звычаяў народаў Далёкага Усходу, у тым ліку музычнай культуры. Запісаў шматлікія казкі і легенды гэтых культур і зрабіў каля 300 фатаграфій, у асноўным адлюстроўваючы тыпы людзей, якія там жывуць. Рукапісы і фатаграфіі Браніслава Пілсудскага захоўваюцца ў спецыяльных калекцыях Навуковай бібліятэкі Польскай акадэміі мастацтваў і навук і Польскай акадэміі навук у Кракаве.

Пасля заканчэння руска-японскай вайны ў 1906 годзе ён адправіўся ў Японію, дзе пасябраваў з японскім пісьменнікам і паэтам Футабатэй Сімэй. Гэта знаёмства прывяло да стварэння Японска-польскага таварыства і першага культурнага абмену паміж дзвюма краінамі. Сімэй Футабатэй успамінаў, што бачыў у Пілсудскім добразычлівага дзівака з дзіцячай наіўнасцю, які на кожным кроку з хваляваннем падкрэсліваў, што павінен нешта зрабіць, каб дапамагчы айнам, што гэта яго лёс — нягледзячы на тое, што ён быў без грошай[6].

Прыбыў у Еўропу праз Злучаныя Штаты ў 1906 годзе і пасяліўся ў Кракаве. Пазней пераехаў у Закапанэ і праводзіў этнаграфічныя даследаванні Падгалля. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны адправіўся ў Швейцарыю, далучыўшыся да руху за незалежнасць. У канцы 1917 года адправіўся ў Парыж, дзе ў 1918 годзе патануў у Сене. Мяркуецца, што яго смерць была самагубствам, звязаным з дэпрэсіяй, якую дыягназаваў доктар Жазеф Бабінскі.

Пахаванне адбылося 29 мая 1918 года на могілках Ле-Шампо ў Манмарансі каля Парыжа, дзе і дагэтуль знаходзіцца магіла Браніслава Пілсудскага.

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]

У Южна-Сахалінску ўсталяваны яму помнік (1991) і створаны Цэнтр па вывучэнні яго навуковай спадчыны.

У 2013 годзе ў японскім горадзе Сіраоі на востраве Хакайда быў адкрыты помнік этнографу. Помнік быў усталяваны ў мясцовым музеі айнаў, дзе Пілсудскі праводзіў этнаграфічныя даследаванні ў 1903 годзе.

15.03—13.05.2018 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага Польскім інстытутам у Мінску была арганізавана выстава «Браніслаў Пілсудскі (1866—1918). З Сахаліна да Закапанэ. Этнаграфічнае падарожжа»[7].

  1. 1 2 Историческая энциклопедия Сибири / под ред. В. А. ЛаминНовосибирск: 2009. — ISBN 5-8402-0230-4
  2. http://bigenc.ru/text/3139218 Праверана 17 чэрвеня 2017.
  3. Bronisław Piotr Piłsudski // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 2003. — С. 423. 10 000 экз. ISBN 985-11-0276-8.
  5. Соколов Андрей. Бронислав Пилсудский - исследователь народа айну // Беларусь-Японія. Матэрыялы Другіх міжнар. чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. — С. 128—132.
  6. Barbara Jelonek, Problematyka prawna Ajnów w Japonii — badania Bronisława Piłsudskiego i sprawa Nibutani Dam Архівавана 3 сакавіка 2022., Acta Erasmiana 2017, t. 15, Wrocław 2017.
  7. Выстаўка “Браніслаў Пілсудскі (1866 -1918). З Сахаліна да Закапанэ. Этнаграфічнае падарожжа”(недаступная спасылка). Польскі Інстытут у Мінску. Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2026. Праверана 5 лютага 2026.