Перайсці да зместу

Братоша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Братоша
Нараджэнне не пазней за 1360
Смерць не пазней за 1414
Род Зяновічы
Дзеці Зяновій Братошыч[d]

Братоша Кайлутавіч, таксама Братош, Братша (зг. з 1370-х — да 1414) — набліжаны праваслаўны баярын вялікага князя Вітаўта.

Родапачынальнік роду Зяновічаў (Братошавага сына звалі Зяновіем). Іх генеалагічнае паданне падае храніст XVI ст. Мацей Стрыйкоўскі, паводле яго Братошычы-Зяновічы паходзілі ад сербскага дэспата — намесніка правінцыі, які выехаў у Вялікае Княства Літоўскае на службу да князя Вітаўта.

Паводле гісторыка Рымвідаса Пятраўскаса, паданне магло мець гістарычную аснову, бо імя Братоша не характэрнае для тагачаснага ВКЛ, а «нетыповае», «нетрадыцыйнае» паходжанне можа тлумачыць далучэнне Братошы да вялікалітоўскай эліты[1]. Таксама і на думку Андрэя Кузьміна, які заўважае, што імя Братоша і праўда характэрнае для тагачасных сербаў, а «княжацкае» паходжанне можа тлумачыць далучэнне да вышэйшай арыстакратыі. Праўда, паводле даследчыка, імя Братоша не сустракаецца сярод сербскай арыстакратыі, толькі ў простанароддзі, і арыстакраты пры патрэбе эмігрыравалі звычайна на Захад, у Венгрыю або Венецыю.

У 1370-я гады быў радцам князя Андрэя Альгердавіча, у тым ліку ў 1370—1377 гадах выступаў сведкам яго граматы на сяло Семянцова баярам Фёдару і Дзмітрыю, родапачынальнікам Корсакаў[2]. Снежнем 1388 года разам з панам Мінігайлам і князем Юрыем Кажушнам ездзіў у Маладзечна каб засведчыць прысягу князя Дзмітрыя Альгердавіча польскаму каралю Уладзіславу Ягайле[3]. Напэўна на пачатку 1389 года, ездзіў разам з князем Альгімонтам[4] паслом князя Лугвена Альгердавіча ў Ноўгарад Вялікі[3].

У 1387—1392 годзе сярод іншых баяр паручыўся князю Скіргайлу за Грыдку Канстанцінавіча[3], тады ж Братоша атрымаў ад караля Ягайлы Глыбокае. Браў удзел у падрыхтоўцы і падпісанні Салінскага дагавора (1398)[3]. Пасля прыходу да ўлады вялікага князя Вітаўта, да 1404 года быў у яго радзе. У 1399 годзе па даручэнні вялікага князя Вітаўта суправаджаў пасланнікаў з Рыгі ў Полацк[3]. Напэўна, у часы вялікага князя Вітаўта ўладанні Братошы пераведзены са складу Полацкай зямлі ў склад Віленскага ваяводства.

Не згадваецца сярод літоўскіх баяр, якія ў 1413 годзе прынялі польскія гербы ў Гарадле, што можа сведчыць пра праваслаўнае веравызнанне, але магчыма Братоша памёр да гэтага часу, бо ў 1414 годзе яго сын Зяновій атрымаў ад вялікага князя Вітаўта пацвярджэнне правоў на бацькоўскія маёнткі.

Асноўным уладаннем, па якім тытулаваўся Братоша і потым яго сыны, была Mys, яе працяглы час атаяснялі са (Старой) Мышшу, але нядаўна Алег Ліцкевіч выказаў думку, што гэты «двор» быў на рацэ Мысе (цяпер Оксне, каля вёскі Вялікая Мыса) паблізу Смаргоні. Таксама валодаў Паставамі з вялікім абшарам да ракі Дзісны і мяжы тагачаснай Полацкай зямлі, і Глыбокім. Меў сыноў Івашку і Зяновія (вядомы з 1396).

Магчыма, служыў яшчэ вялікаму князю Альгерду і ездзіў яго паслом у Арду. Прынамсі Шырокая рэдакцыя «Сказання пра Мамаева пабоішча», наўгародскае паходжанне якой паказаў Сяргей Азбелеў, згадвае літоўскага пасла Барцяша, чэха паходжаннем, які напярэдадні Кулікоўскай бітвы ездзіў да беклярбека Мамая і адгаворваў Альгерда ад саюзу з ім, за што Альгерд хацеў забіць яго. Аднак, Альгерд памёр у 1377 годзе за некалькі гадоў да бітвы, хоць і праўда падтрымліваў сувязі з Ардой.

Зноскі

  1. R. Petrauskas. Galia ir tradicija. Vilnius, 2021. C. 228—234.
  2. Кузьмин 2007.
  3. а б в г д Лицкевич 2014, с. 53..
  4. Polechow, Butyrski 2018, p. 452.