Будынак былога дваранскага сходу (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Грамадзянскі будынак
Будынак былога дваранскага сходу
53°54′25″ пн. ш. 30°20′21″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Магілёў
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000038шыфр 513Г000038
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Будынак былога дваранскага сходу[A] — будынак другой паловы XIX стагоддзя ў цэнтры Магілёва. Знаходзіцца на рагу вуліц Першамайская (дом № 34) і Крыленкі. Помнік грамадзянскай архітэктуры з элементамі стылю мадэрн.

Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Спачатку існавалі два мураваныя будынкі; трохпавярховы і двухпавярховы, якія пазней былі аб’яднаныя ў адзін Г-падобны корпус, а да двухпавярховага будынка дабудаваны трэці паверх. Падоўжаная частка аб’яднанага корпуса выходзіць на лінію забудовы вул. Першамайскай.

Пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя. У 1895 годзе дом належаў купцу Цэтліну, у ім размяшчаліся Дваранскі сход і бібліятэка.

З 1903 па 1909 гады домам валодае камандзір 4-га батальёна Ахалцыхскага палка, які стаяў у горадзе, падпалкоўнік Іван Якаўлевіч Цімошчанка. У зале на другім паверсе праходзілі пасяджэнні, сходы розных арганізацый, чыталіся лекцыі, адзначаліся святы і юбілеі. Штогод 1 студзеня а 2 гадзіне дня начальнік губерні віншаваў вышэйшых асоб горада і іх жонак з Новым годам. У будынку працаваў жаночы кружок, дзе займаліся вышываннем, вязаннем і да т.п.

У 1904 годзе магілёўскія дамы шылі бялізну для параненых на руска-японскай вайне салдат, праводзілі латарэі-алегры на карысць бедных. 5 і 6 снежня старшыня таварыства, жонка віцэ-губернатара Вольга Аляксандраўна Ладыжэнская стварыла «Кірмаш жаночых рукадзелляў».

У кастрычніку 1905 года ў будынку адкрыўся літаратурна-музычна-драматычны кружок, які працаваў да 1917 года. У яго ўваходзілі вядомыя музыканты і салісты Ю. Рэйдэр, С. Мігай, С. Дысман, Р. Пеўзнер, А. Боркус, С. Вяржбіцкі, Ю. Дрэйзін, Л. Болатнава, А. Казанская і іншыя. У 1912 годзе кружок аб’ядноўваў каля 300 чалавек. У яго склад уваходзілі сімфанічны аркестр і хор.

Пасля домам валодаў фельчар Неўх Давыдавіч Паўлавіцкі, уладальнік другога ў горадзе электратэатра (кіно) «Мадэрн». Неўзабаве ён набыў суседні двухпавярховы дом у купца Ханіна. У будынках адкрыў гасцініцу «Венецыя», рэстаран, бакалейную, фруктовую, галантарэйную крамы, абутковую майстэрню. У доме ў свой час жылі дырэктар Марыінскай жаночай гімназіі І. К. Міхалевіч, выкладчык малявання гэтай гімназіі мастак М. М. Рудакоў, урач Л. С. Каган, памочнік рэвізора кантрольнай палаты М. Ф. Сушчынскі і іншыя. У 1913—1914 гадах Паўлавіцкі зрабіў у адзіным стылі надбудову 3-га паверху на 10 пакояў, перабудаваў інтэр’ер, абставіў залу для чынавенскага клуба.

У чэрвені 1913 года малады віцэ-губернатар князь У. А. Друцкі-Сакалінскі, які выконваў абавязкі губернатара, атрымаў загад адправіць у адстаўку магілёўскага губернскага правадыра дваранства Ф. Я. Хамянтоўскага. Член Дзяржаўнага Савета ад Магілёўскага губернскага земства князь І. І. Друцкі-Сакалінскі запрасіў усіх гласных земскага сходу на кубак чаю ў рэстаран грамадскага збору, каб выступіць у абарону Ф. Я. Хамянтоўскага і адправіць пісьмо цару. Віцэ-губернатар забараніў гэты збор, падзея атрымала назву «Гісторыя пра тое, як князь Друцкі забараніў іншаму князю Друцкаму чай піць».

У 1913 годзе ў пасяджэнні 3-га чарговага Магілёўскага губернскага земскага сходу ў зале грамадскага сходу прыняў удзел паплечнік М. К. Рэрыха, будучы ўдзельнік Цэнтральна-азіяцкай экспедыцыі 1927—1928 гадоў, старшыня Горацкай павятовай управы, доктар К. М. Рабінін[ru]. На гэтым пасяджэнні старшыня Губернскай земскай управы В. А. Судзілоўскі зрабіў паведамленне аб паднясенні Яго імператарскай вялікасці Мікалаю II мадэлі храма-помніка, пабудаванага пры вёсцы Лясной, на месцы перамогі імператара Пятра I над шведамі.

У 1915 годзе ў доме размяшчаўся магілёўскі жаночы камітэт па нарыхтоўцы цёплых рэчаў для дзеючай арміі і па выдачы дапаможнікаў сем’ям салдатаў. Яго старшынёй была жонка начальніка губерні Яўгенія Мікалаеўна Пільц. У 1916 годзе дамы з камітэта арганізавалі на Вале латарэю. Першы прыз, маленькі вулей з сотамі і мёдам, выйграў спадчыннік прастола царэвіч Аляксей.

У 1918 годзе ў будынку тагачаснага грамадзянскага клуба знаходзіліся акцызнае ўпраўленне, гасцініца «Грамадзянская» і буфет. У тым жа годзе гэты клуб пераназваны ў Дом працы. Тут жа размяшчаўся і Чырвонаармейскі клуб.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны фасад

Галоўны фасад вылучаны дзвюма рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. Рызаліты завершаныя дэкаратыўнымі сцэнкамі з круглымі разеткамі. Першы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Другі і трэці паверхі ўпрыгожаныя пілястрамі, паўкалонкамі, дэкаратыўнымі ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Дэталі дэкору пафарбаваныя ў белы колер і кантрастна вылучаюцца на зялёным фоне сцяны. Аконныя праёмы двух верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай. Падоўжаная частка мае калідорную сістэму планіроўкі: абапал двухбаковага калідора былі службовыя пакоі[1].

Мемарыяльныя дошкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Мемарыяльная дошка Міхаілу Калініну ўстаноўлена ў 1957 годзе. 13 чэрвеня 1919 года ў будынку клуба на ўрачыстым аб’яднаным пасяджэнні членаў павятовага і гарадскога Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, Савета прафсаюзаў, прадстаўнікоў ад фабрычна-заводскіх камітэтаў, праўленняў прафсаюзаў і чырвонаармейскіх часцей выступіў М. І. Калінін з заклікам да працоўных згуртоўваць сілы для разгрому ворага[1].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Нягледзячы на распаўсюджаную назву, у будынку ніколі не размяшчаўся Дваранскі сход. Ён займаў будынак на рагу Дняпроўскага праспекта і Дваранскай вуліцы, а пасля будынак па Вялікай Садовай вуліцы

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б 26.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]