Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музеймузей, заснаваны ў г.Быхаў паводле рашэння Бюро ЦК КПБ ад 4 чэрвеня 1979 г. Адкрыты для наведвальнікаў 29 чэрвеня 1984 г. Базай для яго стварэння стаў музей рэдакцыі раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя», які дзейнічаў з 22 чэрвеня 1970 г. на грамадскіх пачатках. У розныя гады музеем кіравалі І.В.Вараб'ёў, С.М.Бажкоў. З 1990 г. дырэктар Л.М.Буштак.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 5599 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 1852 адзінак. Сярод экспанатаў матэрыялы па гісторыі Быхаўскага замка, пра падзеі Паўночнай вайны 1700-21 гг., вайны 1812 г., грамадзянскай вайны 1918-20 гг., Вялікай Айчыннай вайны і ўдзел у ёй землякоў, дакументы, прысвечаныя ўраджэнцу раёна маршалу авіяцыі С.А.Красоўскаму. Прадстаўлены матэрыялы пра развіццё эканомікі, медыцыны, адукацыі, культуры і спорту раёна, пра жывёльны і раслінны свет Быхаўшчыны. Музей мае багатыя нумізматычную, этнаграфічную, археалагічную (у тым ліку зуб і фрагменты біўняў маманта, каменныя прылады працы) калекцыі, зборы твораў жывапісу, графікі, скульптуры. У фондах захоўваецца шмат мемарыяльных рэчаў, якія належалі знакамітым быхаўчанам.

У снежні 2000 г. музей закрыты для наведвальнікаў. У 2002 г. рашэннем Быхаўскага райвыканкама яму перададзены іншы будынак, рэканструкцыя якога вядзецца з 2005 г. На 01.07.2008 г. дзеючай экспазіцыі музей не мае.