Бычок-кругляк (Neogobius melanostomus) — рыба сямейства бычковых.
Цела валькаватай формы, сціснутае з бакоў, з высокім хваставым сцяблом і крутым ілбом. Дасягае максімальнай даўжыні 25 см і масы да 180 г, але звычайныя памеры ва ўловах 6-10 см. Жыве да 5 гадоў.
Колер цела буравата-шэры, з 5 вялікімі цёмна-бурымі плямамі па баках. Галава цямнейшая за тулава, плаўнікі цёмна-шэрыя. Падчас нерасту цела самцоў становіцца чорным, няпарныя плаўнікі таксама становяцца чорнымі, з белай аблямоўкай па краях. Брушная прысоска і анальны плаўнік цёмна-шэрыя.
Цыклоідная луска пакрывае цела. Плавальны пузыр адсутнічае.
Пашырэнне: басейны Мармуровага, Чорнага, Азоўскага і Каспійскага мораў, інтрадукаваны ў Аральскае мора, па некаторых дадзеных пракраўся ў басейн Балтыйскага мора, выпадкова завезены ў Амерыку, дзе стаў шматлікім у некаторых прэснаводных вадаёмах штата Ілінойс. У апошнія гады бычок-кругляк асвоіў сярэдняе і верхняе цячэнне рэк Дон, Днепр, Прут, Дунай і іх буйныя прытокі.
Донны від, аддае перавагу прыбярэжным ўчасткам мораў з глыбінямі 3-5 м, але жыве таксама ў рэках, вадасховішчах і азёрах. Адрозніваецца незвычайна шырокім дыяпазонам адаптацыйных магчымасцяў. У морах сустракаецца на глыбінях да 10-15 м і нават да 70 м у перыяд зімовых міграцый. Жыве ў дыяпазоне тэмператур ад -1 да +30 °С. Устойлівы да дэфіцыту кіслароду, валодае развітай здольнасцю да скурнага дыхання. Аддае перавагу цвёрдым камяністым грунтам, але сустракаецца і на ракушачна-пясчаным і нават глейкім грунце, а ў Сярэднім Каспіі — сярод доннай расліннасці.
Спектр сілкавання вельмі шырокі, але асноўнай ежай служаць малюскі. Другараднымі аб'ектамі з'яўляюцца ракападобныя (пераважна крабы), чарвякі і рыба.
Палавая спеласць настае на другім годзе жыцця пры даўжыні 4-6 см. Нерастуе пры дыяпазоне тэмператур 10-30 °С. Адкладвае 5-6 порцый ікры за сезон з перапынкам у 17-20 дзён. Звычайная велічыня пладавітасці каля 1400 ікрынак у адной порцыі. Нераставанне ў моры адбываецца ў прыбярэжнай зоне на глыбіні да 3 м, часам да 7-8 м. Ікра адкладаецца на ніжнюю паверхню камянёў, а пры іх адсутнасці — на любыя прадметы на дне. Самец ахоўвае кладку і аэруе рухам грудных плаўнікоў.
Ікра буйная (4 х 2 мм), мае вялікі запас пажыўных рэчываў. Маляўкі да 10 мм даўжынёй сілкуюцца буйнымі формамі зоапланктону, пры даўжыні 15-30 мм пачынаюць спажываць малюскаў, якія ўжо складаюць аснову рацыёну.
З'яўляецца аб'ектам промыслу ў Азоўскім моры.