Бэль-іль-эн-мер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бэль-іль-эн-мер
брэт. Ar Gerveur, фр. Belle-Île-en-Mer
Узбярэжжа
Узбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча85,63 км²
Насельніцтва5 396 чал.
Шчыльнасць насельніцтва63,02 чал./км²
Размяшчэнне
47°19′33″ пн. ш. 3°10′51″ з. д.HGЯO
Краіна
РэгіёнБрэтань
Бэль-іль-эн-мер (Францыя)
Бэль-іль-эн-мер
Бэль-іль-эн-мер
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бэль, або Бэль-іль-эн-мер (брэт.: Ar Gerveur; фр.: Belle-Île-en-Mer) — востраў у Біскайскім заліве на поўдзень ад Брэтонскага паўвострава. Уваходзіць у склад Брэтані (Францыя). Плошча — 85,63 км². Насельніцтва (2016 г.) — 5 396 чалавек.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бэль-іль-эн-мер — найбуйнейшы востраў Брэтані. Ён месціцца ў 150 км на паўднёвы ўсход ад Брэста. Аддзелены ад Брэтонскага паўвострава пралівам (каля 12 км). Суша ўзнікла ў ардовікскі перыяд у выніку вулканічнай дзейнасці. У ледавіковы перыяд з'яўлялася часткай мацерыка.

Паверхня сфарміравана друзлымі сланцамі, туфам і кварцам. Друзлы характар прывёў да актыўнага выветрывання, з'яўлення прыбярэжных выдмаў. Найвышэйшы пункт на востраве не перавышае 71 м.

Клімат марскі, дзякуючы пануючым паўднёвым вятрам блізкі па колькасцю цёплых дзён да міжземнаморскага. Сярэдняя тэмпература ліпеня — +18,1 °C, лютага — +7,5 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 701,4 мм.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Для вострава Бэль-іль-эн-мер характэрна наяўнасць некалькіх экалагічных зон — прыбярэжнай паласы з пляжамі і выдмамі, невялікіх лясных масіваў, балот, лугавых пустэч. Сустракаюцца рэдкія віды трыпутнікаў, архідэй, дзікай морквы. Фаўна сушы прадстаўлена шматлікімі птушкамі, паўзунамі, казуркамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Крэпасць Вабан

У 1991 г. на Бэль-іль-эн-мер былі знойдзены рэшткі мусцьерскай культуры. Хаця ў мезаліце востраў ужо быў аддзелены ад мацерыка, ён заставаўся заселеным. Археолагі выяўляюць шматлікія прылады працы, зброю і ўпрыгожванні той пары. З пачатку бронзавага веку ўзводзіліся штучныя курганы і мегалітычныя помнікі. У жалезным веку на паўночным усходзе сфарміравалася буйное паселішча, плошча якога набліжалася да 5 га. У 1 тысячагоддзі да н. э. быў населены венетамі. У 57 г. да н. э. разам з іншымі венецкімі тэрыторыямі быў падпарадкаваны рымлянамі.

У сярэднявеччы належаў біскупству горада Вана. Для абароны вострава ад піратаў Генрых II загадаў ў 1548 г. пабудаваць крэпасць Вабан. Каменныя блокі для будаўніцтва перавозілі з мацерыка. Падчас рэлігійных войнаў Бэль-іль-эн-мер трапіў пад уладу сям'і Альбера ды Гонды. У 1658 г. прададзены нашчадкамі. Кароткі перыяд выкарыстоўваўся як порт Французскай Ост-Індскай кампаніяй. У 1759 г. далучаны да Брэтані. У 17611763 гг. акупаваны Вялікабрытаніяй. Пасля згубы Канады ў 1765 г. на востраў былі пераселены французскія каланісты з Паўночнай Амерыкі. Яны атрымоўвалі ў валоданне па 10 га зямлі. Сучасныя астравіцяне — прамыя нашчадкі папярэдняга насельніцтва і каланістаў XVIII ст.

На працягу XIX стагоддзя Бэль-іль-эн-мер з'яўляўся важным стратэгічным ваенным пунктам для абароны ад брытанскага флота. У 19021977 гг. на ім месцілася дзіцячая турма. У 1934 г. заключаныя ў яе паўсталі. Дзічачае паўстанне прыцягнула ўвагу да цяжкага становішча французскай пенітэнцыярнай сістэмы.

У нашы дні большасць астравіцян займаюцца сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і абслугоўваннем турыстаў. Бэль-іль-эн-мер знакаміты ў Францыі сваімі мёдам і казіным сырам.

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Бэль-іль-эн-мер падзелены на 4 муніцыпалітэты, аб'яднаныя ў адзіную астраўную супольнасць. Галоўным портам і неафіцыйнай эканамічнай сталіцай з'яўляецца горад Ле-Пале на паўночным усходзе.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]