Бюст Філіпа Араба

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Бюст Філіпа Араба
Бюст Філіпа Араба
Бюст Філіпа Араба. III ст н.э.
Матэрыял мармур
Эрмітаж, Санкт-Пецярбург

Бюст Філіпа Араба — адзін з лепшых партрэтаў рымскіх імператараў, створаны з мармуру ў III ст. н.э. Захоўваецца ў калекцыі Эрмітажа

Да нашага часу дайшло каля дзесяці партрэтаў рымскага імператара Філіпа Араба, якія захоўваюцца ў найбуйнейшых музеях свету. Бюст з Эрмітажа адлюстроўвае моцнага буйнога чалавека з простым, грубым тварам. Яго вялікая, амаль прамавугольная галава і мускулістая шыя ляжаць на шырокіх плячах. Туніка і тога ўтвараюць мноства разнанакіраваных глыбокіх складак. Велічыня бюста надае партрэту ўрачысты і імпазантны характар. Такое рашэнне бюстаў характэрна для другой чвэрці і сярэдзіны III стагоддзя.

Партрэт Філіпа Араба стаіць у шэрагу такіх цудоўных рэалістычных помнікаў другой чвэрці III стагоддзя н.э., як скульптурныя партрэты Максіміна Фракійца, Бальбіна і іншых. Тая ж лепка формы буйнымі скульптурнымі масамі, акцэнтаванне асноўных рысаў твару за кошт адмовы ад усіх другарадных дэталяў. Валасы паказаны агульнай масай, расчлянёнай мноствам прамых насечак, якія ствараюць уражанне густых кароткіх прамых валасоў. Яны добра падкрэсліваюць форму чэрапа. Скульптар паказаў шышкаваты лоб, зрэзаны глыбокімі маршчынамі, надброўныя дугі, якія моцна выступаюць, і ссунутыя бровы, якія ўтвараюць вертыкальныя маршчынкі над пераноссем. Добра прапрацаваны скулы, якія падкрэсліваюцца запалымі шчокамі. Ад шырокага носа ўніз, да вуглоў рота праходзяць глыбокія складкі.

Вялікую ролю ва ўзмацненні эмацыйнага ўздзеяння партрэта адыгрывае супастаўленне ярка асветленых і зацененых частак скульптуры. Яно ажыўляе вобраз і падкрэслівае яго структуру. Партрэт вельмі індывідуальны, характэрныя рысы асобы Філіпа Араба перададзены з вялікім майстэрствам. Ён стварае ўражанне чалавека, які верыць толькі ў свае ўласныя сілы, адлюстраваны насцярожаным у чаканні небяспекі, якая пагражае яму адусюль, і гатовым адбіць яе.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Альбом «Сокровища Эрмитажа», Л, «Советский художник», 1969
  • Соколов Г. И. «Римский скульптурный портрет 3 века и художественная культура тоо времени», М, «Искусство», 1983, с. 70 — 71
  • ж «Художник», апрель, 1964, (Соколов Г. И., статья «Римский скульптурный портрет»)
  • Капитолин. «Двое Максиминов», ХІІІ. Писатели истории Августов.—Вестник древней истории, № 4, 1958
  • Н. Н. Бритова, Н. М. Лосева, Н. А. Сидорова. РИМСКИЙ СКУЛЬПТУРНЫЙ ПОРТРЕТ. М., «Искусство», 1975, с. 79, илл. 133.