Бялыніцкі абраз Божай Маці
Бялыніцкі абраз Божай Маці | |
---|---|
![]() Бялыніцкі абраз Маці Божай у Снове, XVII ст. | |
Іконаграфічны тып: | Адзігітрыя |
Месца знаходжання: | Бялынічы |
Дата святкавання | 12 (25) красавіка |
Бялыніцкі абраз Божай Маці - Каралевы Беларусі — абраз Багародзіцы, шануецца каталіцкім, праваслаўным і ўніяцкім насельніцтвам усходняй Беларусі як цудатворны.
Версіі аб паходжанні абраза
[правіць | правіць зыходнік]Існуюць два розныя паданні — праваслаўнае і каталіцкае, якія апавядаюць пра гісторыю абраза. Праваслаўнае паданне мае дзве версіі. Адна з версій кажа, што пасля разгрому Кіева татарскімі войскамі Батыя некалькі манахаў, узяўшы з сабой старажытны абраз візантыйскага пісання, сышлі, ратуючыся, у лесе. Свой доўгі шлях яны завяршылі на ўзвышшы ля ракі Друць — правам прытоку Дняпра, дзе і заснавалі царкву св. Іллі Прарока і мужчынскі манастыр. Ужо ў першую ноч на абраным месцы ад іконы пачало зыходзіць незвычайнае ззянне. Цуд паўтараўся і ў наступныя ночы, якія сталі ад ззяння белымі. У памяць аб гэтым цудзе мястэчка, дзе быў заснаваны манастыр, нібыта і атрымала назву Бялынічы. Пазней абраз быў выкрадзены манахамі-кармелітамі.
Па іншай версіі ікона была выкрадзена каталікамі з варот праваслаўнага Аршанскага Куцеінскага манастыра і перададзена ў кармеліцкі манастыр. Бялыніцкі касцёл і кляштар каталіцкага манаскага ордэна кармелітаў абутых быў заснаваны Львом Сапегам — вялікім канцлерам літоўскім ў 1622 г. лічыцца, што фундацыя была знакам падзякі Богу за перамогу ў 1618 г. над войскамі маскоўскага цара.
Абедзве версіі каталіцкага падання гавораць, што абраз з'явіўся ў кармеліцкім Бялыніцкім кляштары цудоўным чынам. Па адной версіі ікона была намалявана анёлам на аконнай аканіцы. Па іншай — абраз напісаў пілігрым-жывапісец падчас спеваў манахамі літаніі Божай Маці. Жывапісец завяршыў сваю працу да моманту сканчэння спеваў. Жывапісцам быў анёл.
Большасць гісторыкаў схільныя лічыць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634—1635 гг. невядомым мастаком.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]
У час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай кармеліты ў 1655 г. перавезлі абраз ва ўмацаванае мястэчка — Ляхавічы, якое доўгі час потым знаходзілася ў аблозе войскаў цара Аляксея Міхайлавіча. Аблога Ляхавіч была знятая пасля перамогі польска-літоўскіх войскаў пад Палонкай 2 ліпеня 1660. Вызваленне Ляхавіч было прыпісана камандзірам крэпасці Мікалаем Юдзіцкім цудоўнай сіле Бялыніцкай іконы Божай Маці, перад якой быў выкананы падзячны гімн «Te Deum» («Цябе, Бога хвалім»).

Камісіі Віленскага біскупа у 1755 г. было прад'яўлена 9 сведчанняў цудаў Бялыніцкай іконы: 1) напісанне яе анёлам; 2) аблога Ляхавіцкі крэпасці; 3-9) сведчанні вылячэнняў ў 1671, 1706, 1720, 1737, 1722 гг.
Абраз знаходзіўся ў Ляхавічах да 1760. У 1760 г. абраз урачыста перанеслі ў Бялынічы ў ізноў пабудаваны касцёл. Яшчэ падчас знаходжання цудатворнага абразу ў Ляхавічах біскуп Віленскі Міхаіл Зяньковіч атрымаў у 1754 дазвол і булы Папы рымскага Бенедыкта XIV на каранацыю абраза. Залатыя кароны з гербамі Сапегаў і Агінскіх былі выраблены на сродкі гэтых магнацкіх родаў.
Урачыстая каранацыя абраза адбылася 20 верасня 1761 г. Для правядзення свята перад домам Агінскіх пабудавалі альтанку з трыўмфальнымі варотамі, куды быў змешчаны абраз. Каранацыю па даручэнні біскупа Зяньковіча здзейсніў біскуп смаленскі Ежы Мікалай Гільзен. Пропаведзь здзейсніў вядомы дамініканскі прапаведнік — Ваўжынец Аўлачымскі.
Пасля ўскладання карон ікона была перанесена ў храм. Свята працягвалася цэлы тыдзень. У ім прымалі ўдзел жыхары Шклова, Мсціслава, Оршы, Віцебска.
Каранацыя пашырыла славу цудатворнай Бялыніцкай іконы Дзевы Марыі. У манастыр у святы Ушэсця Гасподняга, Сашэсця Святога Духа, Шкаплернай Божай Маці, св. Іллі і Раства Багародзіцы ішлі шматлікія групы паломнікаў з Галоўчына, Кудзіна, Царкавішча, Эсьмон, Цяцерына, Бялевіч, Княжыч.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1773 г.) Бялынічы ўвайшлі ў Расійскую імперыю. Паўстанне 1831 г. паслужыла падставай да закрыцця ў 1832 г. толькі ў Магілёўскай губерні 23 каталіцкіх манастыроў, у тым ліку і ў Бялынічах. Касцёл быў перададзены дысацэзіяльнаму духавенству.
У 1861 годзе ў выданне «Pieśni nabožnyja» («Песні набожныя») былі ўключаны такія радкі[1]:
Ty Białynicka Najczystsza Dziewa,
Świataja Maci sirockaho rodu,
Litwy i Rusi možna Karalewa,
Uprasi Syna, kab dau nam Swabodu.
Пасля паўстання 1863—1864 гг. многія пакінутыя дзеючымі касцёлы былі зачынены і перададзены праваслаўнай царкве.
У 1876 г. адбылася перадача Бялыніцкага касцёла з цудатворнай іконай Рускай Праваслаўнай царкве. Лічаць, што апошні парафіяльны святар ксёндз Люцыян Гадлеўскі схаваў арыгінал і пакінуў у касцёле копію. Арыгінал жа, — піша ксёндз Тадэвуш Крагель (Беласток), — па здагадцы некаторых знаходзіцца ў Волі-Гутоўскай.
У 1924 г. бальшавікі закрылі царкву. Абраз быў перададзены ў абласны музей Магілёва, дзе захоўваўся разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай. Сляды святынь губляюцца у 1941 г. пад час эвакуацыі каштоўнасцей.
Глыбокая пашана беларусаў да цудатворнага Бялыніцкага абраза знайшла адлюстраванне ў створаных шматлікіх жывапісных копіях, эстампах, якія беражліва захоўваюцца ў хрысціянскіх храмах. Перад абразом Найсвяцейшай Багародзіцы моляцца аб вылячэнні ад хвароб, аб суцяшэнні ў скрусе.
Свята абраза — 12 красавіка.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі
- ↑ «Pieśni nabožnyja», 1861.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бялыніцкі абраз Божай Маці