Пладовыя целы аднагадовыя, мясістыя, без ножкі, памерам 10-20 × 2-6 см, спачатку амаль шарападобнай, затым падковападобнай формы, шэра-карычневага колеру, з тоўстым адагнутым уніз краем, прымацаваны бокам да субстрату. Паверхня гладкая, белаватая, пазней шэрая, жаўтаватая або бледна-бурая. Тканка белая, мяккая, потым коркавая. Мякаць з горкім густам і моцным грыбным пахам. Гіменафор трубчасты. Тубачкі даўжынёй да 8 мм, спачатку белыя, з часам жаўцеюць. Поры круглаватыя, таўстасценныя, спачатку белага, затым шэра-карычневага колеру. Споры 5-7 × 1,5-2 мкм, бясколерныя, цыліндрычныя, сагнутыя, з гладкай паверхняй. Базідыі двух-або чатырохспоравыя.
Сапратроф і паразіт (дрэваразбуральнік). Расце ў лісцевых і хвойных лясах адзіночна ці групамі на адмерлых і жывых (зрэдку) ствалах бярозы, ламаччы, сухастоі, пнях, нарыхтаванай драўніне. Выклікае жоўта-бурую гніль дэструктыўнага тыпу.
З грыба была вынятая поліпарэнавая кіслата — біялагічна актыўнае рэчыва з ярка выяўленым супрацьзапаленчым дзеяннем, якое не саступае па сіле картызону[1].
Бярозвая губка // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983.—575 с., іл.— 10 000 экз.
Jordan M. The Encyclopedia of Fungi of Britain and Europe — 2004. — С. 93. — 384 с. — ISBN 0711223785