Бібліятэка Корвіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бібліятэка Корвіна
Ілюстрацыя з градуала караля Мацьяша, каля 1480 года
Ілюстрацыя з градуала караля Мацьяша, каля 1480 года
Краіна
Адрас да 1526 — Буда, Каралеўства Венгрыя
Заснавана 1470-я
Фонд
Склад фонду грэчаскія і лацінскія рукапісы
Аб'ём фонду каля 2500 кодэксаў
Вэб-сайт corvina.oszk.hu
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бібліятэка Корвіна (лац.: Bibliotheca Corviniana) — збор кніг венгерскага караля Мацьяша I. Герб заснавальніка меў выяву крумкача (лац.: corvus), адсюль і яе назва «Карвініяна». Заснавана, верагодна, у 1470-я гады. З'яўлялася другой па велічыні бібліятэкай эпохі Адраджэння, саступаючы на той момант толькі бібліятэцы Ватыкана[1]. У ёй налічвалася, па прыблізных падліках, каля 2500 тамоў[2]. Гэта былі творы як старажытных, так і сярэдневяковых аўтараў, а таксама сучасных на той час, у тым ліку гуманістычных. Пераважалі кнігі свецкага зместу, сярод іх — па гісторыі, геаграфіі, астраноміі, медыцыне, паэзіі і г.д.[3] Большасць кніг упрыгожвалі італьянскія мастакі-мініяцюрысты. Пасля смерці заснавальніка бібліятэка была занядбана, часткова яе фонды былі распрададзены, а некаторыя кнігі вывезены па-за межы Венгрыі. Далей Карвініяна была захоплена турэцкімі войскамі пры заваяванні імі Буды ў 1526 годзе, і перавезена ў Стамбул. Кнігі выкарыстоўваліся для падарункаў замежным паслам, рэшткі фондаў апынуліся раскіданымі па ўсім свеце[1]. З фонду бібліятэкі захавалася 216 кодэксаў, з якіх 54 захоўваюцца ў розных зборах Венгрыі.

Узнікненне бібліятэкі[правіць | правіць зыходнік]

Каралева Беатрыса і кароль Мацьяш

Кароль Мацьяш Корвін (1443—1490) набыў цікавасць да кніг пад уплывам свайго настаўніка — вядомага бібліяфіла Янаша Вітэза, архібіскупа эстэргамскага[4]. Дакладны час і прычыны заснавання бібліятэкі невядомыя. Меркавана, пачатак ёй паклаў другі шлюб караля Мацьяша з дачкой караля Неапаля Фердынанда Арагонскага Беатрыс — новая каралева прывіла пры венгерскім двары моду на італьянскую раннерэнесансавую культуру, што ўзмацніла праіталійскія і гуманістычныя сімпатыі Мацьяша.

Паводле адной з версій, асобныя кнігі ў каралеўскі збор маглі патрапіць пры канфіскацыі маёмасці апазіцыянераў Януша Вітэза і Януса Паноніуса, частка кніг, верагодна, уваходзіла ў пасаг Беатрысы Арагонскай. Аднак найважнейшай прычынай пры заснаванні бібліятэкі былі цесныя сувязі венгерскага каралеўскага двара з Італіяй — найбуйнейшым гандлёвым і культурным цэнтрам Еўропы, а таксама асабістыя сувязі Мацьяша з італьянскімі гуманістамі[2].

Кароль не шкадаваў грошай на куплю і перапіску кніг. Часцей за ўсё яны заказваліся ў Фларэнцыі праз тамтэйшых кнігагандляроў і ілюстраваліся вядомымі фларэнційскімі мініяцюрыстамі. Напаўненне бібліятэкі было працяглым і дарагім. З часам для перапіскі, афармлення і пераплёту кніг пры каралеўскім двары ў Будзе быў створаны скрыпторый. Захавальнікамі бібліятэкі былі высокаадукаваныя гуманісты Марцыа Галеота і Тадэа Угалеці, апошні стаў выхавальнікам спадчынніка — каралевіча Янаша[3].

Кароль Мацьяш імкнуўся зрабіць свой двор самым бліскучым і адукаваным у Еўропе на поўнач ад Альпаў. Бібліятэка стала ўпадабаным месцам працы прыдворных і самога караля. Тут ладзіліся навуковыя дыспуты і сімпозіумы[3]. Бібліятэка стала найбуйнейшым у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе інтэлектуальным цэнтрам і па памерах саступала толькі ватыканскай. Паводле розных адзнаках, у бібліятэцы Мацьяша магло захоўвацца да 2500 кодэксаў, што было велізарным зборам на той час.

Склад бібліятэкі[правіць | правіць зыходнік]

Тытульны аркуш аднаго з кодэксаў з выявай трыумфу Мацьяша, 1487 год

Адрозненнем бібліятэкі Корвіна ад аналагічных збораў італьянскіх валадароў, была наяўнасць вялікай колькасці свецкіх кніг, галоўным чынам антычных аўтараў; гэта адлюстроўвала асабістую прыхільнасць караля. Грэчаскія рукапісы каралеўскія пасланцы скуплялі на землях заваяванай туркамі Візантыйскай імперыі. У зборы меліся сачыненні Эсхіла, Арыстоцеля, Афанасія, Васілія, Дзіянісія Галікарнаскага, Дыядора Сіцылійскага, Еўсевія, Грыгорыя Ніскага, Грыгорыя Багаслова, Гесіёда, Гамера, Гіперыда, Ісакрата, Канстанціна Парфірароднага, Арыгена, Філастрата, Платона, Плаціна, Палібія, Плутарха, Пталамея, Сафо, Сафокла, Страбона, Тэафраста, Фукідыда, Ксенафонта, Занары[2]. Таксама ў бібліятэцы былі прадстаўлены лацінскія і яўрэйскія тэксты. Сам кароль любіў чытаць працы гісторыкаў — Лівія, Цэзара, Курцыя Руфа і Сілія Італіка. Добра разбіраючыся ў філасофіі і тэалогіі, ён мог на роўных удзельнічаць у дыскусіях пры двары. Таксама ён быў знаёмы з працамі па ваеннай навуцы і тактыцы, і зацікаўлены ў астраноміі і астралогіі[2].

Амаль дзве траціны ацалелых рукапісаў не былі надрукаваны пры жыцці Мацьяша, сярод іх былі творы антычных і візантыйскіх аўтараў, якія часта былі толькі ў адным асобніку, як, напрыклад, трактат візантыйскага імператара Канстанціна Парфірароднага «Пра цырымоніі» ці «Царкоўная гісторыя» Нікіфара Каліста. Многія з іх былі пазней страчаны, як, напрыклад, поўнае сачыненне вядомага старажытнагрэчаскага аратара Гіперыда (цяпер вядомыя толькі ўрыўкі) і апошняя, восьмая (да нашых дзён захаваліся толькі сем), кніга «Іааніяды, або пра Лівійскую вайну» познеантычнага паэта Крэсконія Карыпа. Дыпламат імператара Максіміліяна Іаган Куспініян пісаў, што запазычаў з бібліятэкі арыгінал «дзіўна старажытнага» грэчаскага рукапісу Пракопа, тэкст якога, як ён заявіў, лепшы і паўнейшы за той, што існуе ў лацінскім перакладзе. Ён вярнуў рукапіс, пазней ён загінуў[2].

Важнай місіяй каралеўскай бібліятэкі было не толькі збіранне, але і пераклад закупленых грэчаскіх кніг на лацінскую мову, а таксама ўдакладненне тэксту пры капіраванні рукапісу, што дазваляла венгерскаму двару прапагандаваць грэчаскую культуру на лацінскім Захадзе[2].

Далейшы лёс бібліятэкі[правіць | правіць зыходнік]

Замак Мацьяша Корвіна, дзе захоўвалася бібліятэка

Заняпад бібліятэкі пачаўся пасля смерці караля ў 1490 годзе, таму што яна падтрымлівалася яго асабістым запалам. Спадчыннікі Мацьяша не цікавіліся кнігамі, многія ілюмінаваныя рукапісы засталіся ў Фларэнцыі ў незавершаным стане, і далей перайшлі ў валоданне іншых уласнікаў. У лісце, адрасаваным гораду Фларэнцыя ў 1498 годзе, Уладзіслаў II пісаў, што «натхнёны тым жа жаданнем паляпшаць бібліятэку», і заяўляў пра свой намер мець на руках завершаныя рукапісы, але гэта былі толькі словы[2]. Пры Уладзіславе ж прыйшла ў заняпад і майстэрня перапісчыкаў. У часы Людовіка II бібліятэка была занядбана яшчэ больш. Паслы і замежныя падарожнікі куплялі рукапісы з яе фондаў, дзякуючы чаму яны захаваліся да нашых дзён. Вядома, што Марыя (удава караля Людовіка) узяла з сабой у Брусель некалькі раскошных тамоў з бібліятэкі Корвіна. Нягледзячы на гэта, асноўная частка збору праіснавала ў палацы аж да 1526 года[2][5].

Бібліятэка загінула пры асманскім заваяванні сталіцы Венгрыі Буды войскамі султана Сулеймана. Пасля катастрафічнага паражэння венгерскіх войскаў у бітве пры Мохачы, туркі без асаблівага супраціўлення ўвайшлі ў каралеўскую сталіцу. Горад быў падпалены, але Будайскі замак, дзе захоўвалася бібліятэка, Сулейман пашкадаваў, таму што жадаў стварыць у ім сваю рэзідэнцыю. Тым не менш гэта не перашкодзіла турэцкім войскам перавезці ў Стамбул усё яго начынне, уключаючы казну венгерскіх каралёў, бытавую маёмасць, гарматы і снарады, якія захоўваліся там. Сярод трафеяў былі і самыя прыгожыя і багата ўпрыгожаныя рукапісы з бібліятэкі Корвіна[5][6]. Астатнія кнігі (уключаючы ўнікальную калекцыю грэчаскіх рукапісаў) туркі, відаць, проста знішчылі, таму што пазней яны нідзе не з'яўляліся. Праўда, яшчэ ў XVII стагоддзі былі сведчанні, што бібліятэка, ці прынамсі яе частка, працягвала захоўвацца ў замку Буды, але якія кнігі ў ёй заставаліся — невядома[5]. Калі ў 1686 годзе аўстрыйскія войскі вызвалілі Буду, горад моцна пацярпеў ад пажару, сярод ацалелых кніг не было выяўлена рукапісаў са збору Мацьяша Корвіна[2][5]. Верагодна, бібліятэку вывезлі па асабістым указанні Сулеймана I, таму што многія рукапісы былі пазней выяўлены ў султанскім палацы і, як апынулася, на працягу стагоддзяў выкарыстоўваліся ў якасці падарункаў іншаземным паслам. Такім чынам розныя часткі бібліятэкі апынуліся раскіданымі па розных еўрапейскіх зборах.

У 1862 годзе члены дэлегацыі Венгерскай акадэміі навук выявілі ў памяшканні сераля апошнія рэшткі некалі велізарнага збору — 39 кодэксаў. З дазволу султана Абдул-Азіза частка з іх была паднесена ў дар ураду Аўстра-Венгрыі і вернута ў Будапешт. Астатнія кодэксы былі вернуты султанам Абдул Гамідам II у 1877 годзе[7][8].

Цяперашні час[правіць | правіць зыходнік]

У наш час дакладна ідэнтыфікавана 216 кодэксаў з бібліятэкі караля Мацьяша Корвіна[9]. Найбольшыя калекцыі захоўваюцца ў Венгрыі: найбуйнейшая ў Нацыянальнай бібліятэцы імя Сечэні ў каралеўскім палацы ў Будзе — 36 кніг, і ў бібліятэцы Будапешцкага ўніверсітэта — 14. У цэлым у Венгрыі захоўваецца 54 кодэксы[10]. У Аўстрыйскай нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца 39 тамоў[10]. Вялікая калекцыя існуе ў Італіі ў бібліятэцы Лаўрэнцыяна — 32 тамы, а таксама ў бібліятэцы Эстэ ў Модэне — 15[10]. У Германіі 8 асобнікаў захоўваецца ў Баварскай дзяржаўнай бібліятэцы і яшчэ 9 у бібліятэцы Герцага Аўгуста ў Вольфенбютэлі[10]. У Францыі 7 тамоў захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі[10]. Астатнія захаванае кодэксы знаходзяцца ў розных зборах Бельгіі, Англіі, Турцыі і ЗША[10].

Нацыянальная бібліятэка імя Сечэні у Венгрыі ажыццяўляе праект віртуальнай рэканструкцыі Карвініяны ў лічбавым выглядзе[11].

У 2005 годзе бібліятэка Корвіна была ўключана ў спіс ЮНЕСКА «Памяць свету»[9].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • http://www.corvina.oszk.hu/studies/csapodi_eng.htm Архівавана 28 верасня 2011.
  • Csapodi Csaba, Csapodiné Gárdonyi Klára: Bibliotheca Corviniana. Budapest, 1976. — 320 с. Színes illusztrációkkal. ISBN 963-207-291-X
  • Marcus Tanner: The Raven King. Matthias Corvinus and the Fate of His Lost Library. Yale University Press, 2008—265 с. ISBN 978-0-300-12034-9
  • История культуры стран Западной Европы в эпоху Возрождения: Учеб. для вузов / Л. М. Брагина, О. И. Вальяш, В. М. Володарский и др.; Под ред. Л. М. Брагиной. — М.: Высш. шк., 2001. — 479 с. ISBN 5-06-003216-7

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]