Бітва за Пасабланка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва за Пасабланка
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Дата з 6 сакавіка па 16 красавіка 1937 года
Месца Пасабланка, Алькарасехас, Іспанія
Вынік перамога рэспубліканцаў
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы Нацыяналісты
Камандуючыя
Габрыэль Маралес
Хаакін Перэс Салас
Гансала Кейпа дэ Льяна
Сілы бакоў
15 000 чалавек 12—15 000 чалавек
Страты
невядома невядома

Бітва за Пасабланка (ісп.: Batalla de Pozoblanco) — наступленне Паўднёвай арміі нацыяналістаў пад камандаваннем генерала Кейпа дэ Льяна ў раёне Пасабланка, паміж гарадамі Кордава і Дон-Беніта, на правым флангу Паўднёвага фронту рэспубліканцаў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Нягледзячы на першапачатковы поспех мяцежнікаў, аперацыя скончылася перамогай рэспубліканцаў, якія аднавілі свае зыходныя пазіцыі.

Планы, сілы бакоў[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1937 года, пасля заваявання Малагі, нацыяналісты ўмацавалі свае пазіцыі ў Заходняй Андалусіі. Наступнай мэтай наступлення сталі Пасабланка, Вільянуэва-дэ-Кордава, Андухар. Аперацыя на дадзеным участку патрэбна была, каб дэблакіравать гарнізон, які са жніўня 1936 года абараняўся ў манастыры Вірхен-дэ-ла-Кабеса. Усяго для наступлення камандаваннем выдзелена 12-15 тысяч салдат, 40 гармат і 30 самалётаў.

Да гэтага часу працэс рэарганізацыі міліцыянтных часцей у рэгулярныя брыгады Народнай арміі Рэспублікі на паўднёвым фронце яшчэ не скончыўся. Сфармаваныя злучэнні былі слаба падрыхтаваны, мелі мала кулямётаў і артылерыі. У рэзерве знаходзілася да 15 тысяч салдат, якія адышлі пасля падзення Малагі да Альмарэна.

Наступленне нацыяналістаў[правіць | правіць зыходнік]

Наступленне пачалося 6 сакавіка трыма калонамі, якія рухаліся ад Пеньяроя, Вільяарты, Эспьельі на Алькарасехас і Пасабланка. Падсектар Пасабланка, узначалены рэспубліканскім камандуючым Франсіска Бланка Педраса, абараняўся 73-й і 74-й брыгадамі. Іншая брыгада, 75-я, знаходзілася ў Андухары ў рэзерве.

8 сакавіка 20-я брыгада разам з двума батальёнамі і кавалерыйскай групай 63-й брыгады контратакавала фланг паўстанцаў, здолеўшы ненадоўга спыніць іх прасоўванне.

9 сакавіка мяцежнікі занялі Вільянуэву-дэль-Дуке, выбіўшы адтуль 25-ю брыгаду, і падышлі да Алькарасехаса. 10 сакавіка іх войскі пасля ўпартага бою занялі яго. Палкоўнік Маралес, камандуючы Паўднёвай арміяй, запатрабаваў даслаць падмацаванне. Камандаванне спешна перакінула сюды дадатковыя злучэнні і паспрабавала нанесці сіламі 63-й, 20-й і 25-й брыгад пад камандаваннем палкоўніка Хаакіна Перэса Саласа контрудар у бок Вільянуэвы, але пасля тыдня баёў горад застаўся за мяцежнікамі.

Бітва дасягнула свайго апагею, калі нацыяналісты 18 сакавіка калонамі Батуроне і Ідальга выйшлі да Пасабланка, і пачаліся цяжкія баі за горад. Нягледзячы на тое, што Генеральны штаб санкцыянаваў эвакуацыю горада, лічачы яго практычна страчаным, рэспубліканцы, дзякуючы ўмеламу камандаванню Перэса Саласа, утрымалі пазіцыі.

Цэнтральнае камандаванне перакінула ў раён баёў тры брыгады, а таксама роту танкаў, роту бронемашын і дзве эскадрыллі самалётаў.

Паколькі сітуацыя не развівалася, Кейпа дэ Льяна, усведамляючы пагрозу, з якой сутыкаюцца яго абяскроўленыя сілы, загадаў сваім байцам адступіць і вярнуцца на зыходныя пазіцыі. Спачатку рэспубліканцы не ведалі аб гэтым адыходзе.

Контрнаступленне рэспубліканцаў[правіць | правіць зыходнік]

Стварыўшы тры ўдарных групы, рэспубліканскія войскі 24 сакавіка перайшлі ў контрнаступленне. Правая група ў гэты ж дзень авалодала паселішчам Фуэнтэ-ла-Ланча. Левафланговая брыгада сумесна з цэнтральнай групай адціснула праціўніка да г. Алькарасехас. 25 — 27 сакавіка вяліся баі за дэль-Дуке і Алькарасехас, у выніку якіх яны былі ўзяты.

Перамога заахвоціла рэспубліканскае камандаванне працягнуць контрнаступленне, каб захапіць г. Пеньяроя-Пуэблануэва. Нягледзячы на падтрымку з паветра, наступленне ішло павольна з-за стомы войскаў. Франкістам удалося адарвацца ад пераследу.

4 красавіка на правым флангу рэспубліканскія войскі пасля цяжкага бою занялі станцыю Вальсекільа. 5 красавіка 13-я інтэрбрыгада ўзяла Ла-Гранхуэлу і Лос-Бласкес, захапіла шмат палонных, у тым ліку нямецкі танк з усім экіпажам, і апынулася ў 5 кіламетрах ад Пеньяроя. 8 красавіка наступленне рэспубліканцаў было спынена ў непасрэднай блізкасці ад руднікоў Пеньяроя.

Тым часам у цэнтры і на левым флангу рэспубліканскія часці пераправіліся праз рэкі Куэна і Гвадальгорба. Праціўнік быў вымушаны перакінуць сюды ўсе рэзервы з Кордавы, у тым ліку часці мараканцаў і да 11 — 13 красавіка спыніць націск.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Аперацыя Кейпа дэ Льяна скончылася поўным правалам. Для рэспубліканцаў контрнаступленне пад Пасабланка стала першым поспехам на паўднёвым фронце, дзе яны да таго часу трывалі адны паразы. Поспех гэты быў дасягнуты без адцягнення сіл з галоўнага кірунку — гвадалахарскага, дзе рэспубліканскія войскі ў гэты час атрымалі яшчэ адну перамогу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • B.Л. Гончаров. Гражданская война в Испании. Центральный фронт и Брунетская операция / Авт.-сост. — М. : Вече — 416 с.: ил. — (Военные тайны XX века). 2010 [1]