Бітва за востраў Змяіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Атака на востраў Змяіны ў Чорным моры, які належыць Украіне, адбылася 24 лютага 2022 года напачатку ўварвання Расіі ва Украіну. Змяіны востраў быў заняты расійскімі войскамі да 30 чэрвеня.

Кантэкст[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Змяіны ў 2016 годзе.

Змяіны — невялікі востраў за 50 кіламетраў ад паўднёвага берага Украіны, паблізу дэльты Дуная. Ён кантралюе праходы да трох партоў Украіны і крытычна важны для кантролю марской прасторы ў заходняй частцы Чорнага мора.

У жніўні 2021 года Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі арганізаваў прэс-канферэнцыю на Змяіным востраве, падчас якой сказаў: «Гэты невялікі востраў, як і астатнія нашы тэрыторыі, — украінская зямля і мы будзем яе абараняць з усіх сіл»[1].

Паводле начальніка пагранічнай заставы Багдана Гоцкага, на востраве знаходзілася 80 абаронцаў: каля 30 пагранічнікаў, больш за 40 марскіх пехацінцаў 35-й брыгады, некалькі байцоў Сухапутных войск і Ваенна-паветраных сіл. Знаходзіліся там і цывільныя асобы: начальнік маяка, яго памочнік, некалькі камунальнікаў і інш.[2]

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Карта

Уначы 24 лютага 2022 расійскі ваенны карабель пачаў перакрываць маршруты руху для грамадзянскіх суднаў. Абаронцы вострава, якія мелі толькі лёгкую зброю, былі паднятыя па трывозе. У 6 гадзін раніцы расіяне звярнуліся да іх з дапамогай міжнароднага адкрытага канала сувязі для суднаў з заклікам здацца. Пасля трох гадзін угавораў яны перайшлі да запалохвання «знішчэннем», калі ўкраінскія вайскоўцы не пагодзяцца на супрацоўніцтва. Тады ж на гарызонце з’явілася патрульнае судна «Васілій Быкаў», а пазней да яго далучыўся ракетны крэйсер «Масква». Пры падтрымцы штурмавых верталётаў абстрэльвалі востраў з палубных гармат. Затым пачаліся авіяналёты з выкарыстаннем Су-27 і Су-34. Ахвяр пасля абстрэлаў не было.

Калі расійскі карабель звярнуўся да ўкраінскіх памежнікаў на востраве і патрабаваў здацца, то ў адказ прагучала: «Русский военный корабль, иди на хуй». Украінскі вайсковаслужбовец вёў трансляцыю моманту, калі расійскі карабель адкрыў агонь[3]. Адказ украінскіх памежнікаў на патрабаванне здачы стаў мабілізацыйным заклікам для ўкраінцаў і іх прыхільнікаў у свеце.

Увечары Дзяржаўная пагранічная служба Украіны праінфармавала, што згубіла сувязь з востравам. Расійскія сілы занялі востраў пасля бамбардзіраванняў з мора і паветра, якія знішчылі інфраструктуру. Караблі з расійскімі дэсантнікамі захапілі Змяіны. Увесь гарнізон і цывільныя з вострава трапілі ў палон. Расійскае Міністэрства абароны праінфармавала, што на востраве знаходзілася 82 салдаты, якія здаліся.

13 красавіка ракетны крэйсер «Масква», які прымаў удзел у штурме вострава, затануў.

7 мая ВПС Украіны здзейснілі авіябамбардзіроўку. Украінскім вайскоўцам не атрымалася заблакаваць бухты, аднак удалося знішчыць частку тэхнікі і зразумець, якім чынам планаваць новы штурм. Украінскі бок страціў катар і 10 чалавек асабовага складу. У іх ліку загінуў намеснік камандуючага Ваенна-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны палкоўнік Ігар Бедзай, які знаходзіўся ў складзе экіпажа марскога верталёта Мі-14, — у борт над Адэскай вобласцю трапіла ракета, запушчаная расійскім самалётам-знішчальнікам[4].

У пачатку мая знішчаны 4 патрульныя расійскія катары і дэсантны катар, 3 сістэмы СПА, камандны пункт і склад боепрыпасаў на востраве. Узброеныя сілы Расіі займаліся ўмацаваннем абароны вострава, былі дастаўлены новыя сродкі СПА. 17 чэрвеня расійскі буксір «Спасатель Василий Бех» быў патоплены.

20 чэрвеня Украіна атакавала Змяіны ракетнымі ўстаноўкамі і гаўбіцамі, здзяйсняліся паветраныя налёты. На востраве адзначаны пажары і выбухі.

Файл:Snake island on the morning of June 30, 2022.jpg
Востраў Змяіны ўранку 30 чэрвеня 2022.

30 чэрвеня пасля агнявых удараў украінскімі ракетнымі і артылерыйскімі падраздзяленнямі расійскія войскі пакінулі востраў. 4 ліпеня паведамлена, што на востраў даставілі сцяг Украіны. Вядома аб знішчэнні на востраве каля 30 адзінак расійскай ваеннай тэхнікі.

Зноскі