Перайсці да зместу

Бітва пад Ашэрадэнам

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дата 5 сакавіка 1279
Месца Ашэрадэн, цяпер Айзкраўклэ на тэрыторыі гістарычнай Лівоніі, што на поўдні сучаснай Латвіі.
Вынік Вырашальная перамога войска ВКЛ
Праціўнікі
Вялікае Княства Літоўскае, Полацкае княства Лівонскі ордэн, Дацкая Эстляндыя
Сілы бакоў
невядома невядома
Страты
невядома Вялікі магістр, 71 братоў ордэна, мноства рыцараў і простых воінаў, амаль усё дацкае войска

Бітва пад Ашэрадэнам — бітва, якая адбылася 5 сакавіка 1279 года паміж войскамі крыжакоў Лівонскага ордэна і войскамі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем князя Трайдзеня. Ордэн пацярпеў вялікае паражэнне: загінуў гросмайстар ордэна Эрнст фон Рацэнбург, правадыр рыцараў з дацкай Эстляндыі рэвельскі намеснік Эйларт фон Оберг і яшчэ 71 рыцар ордэна. Гэта было другое па маштабе параджэнне ордэна ў XIII стагоддзі. Пасля гэтай бітвы правадыр земгалаў Намейсіс прызнаў Трайдзеня сваім сюзерэнам.

Пачатак вайны

[правіць | правіць зыходнік]

У 1275 годзе крыжакі пад кіраўніцтвам новага магістра Эрнста фон Рацэнбурга пабудавалі Дынабургскі замак на землях, якія прыналежалі Трайдзеню. Замак быў заснаваны на правым беразе Заходняй Дзвіны, таму меў важнае стратэгічнае значэнне: перад крыжакамі адкрывалася магчымасць рабіць паходы ў самы цэнтр Вялікага Княства Літоўскага, да таго ж Трайдзень быў бы вымушаны спыніць аказываць падтрымку земгалам, якія змагаліся супраць Ордэна. Разлік крыжакоў быў на тое, што ліцвіны, саслабленыя барацьбой з галіцкім князем Львом Данілавічам, не змогуць аказаць супраціўленне Ордэну, але ўжо каля 1277 года Трайдзень узяў у аблогу Дынабургскі замак. Як вядома з наўгародскіх берасцяных грамат саюзнікамі ліцвінаў стала Полацкае княства, Полацк быў апорным пунктам паходу, таксама ў войске Трайдзеня было шмат палачан, пераважна лучнікаў. Штурм доўжыўся бесперапынна на працягу месяца. Ліцвіны пабудавалі чатыры вялізарныя рухомыя абложныя вежы для штурму, балісты, што кідаюць каменне, але намаганні атакуючых поспехам не ўвянчаліся: ім прыйшлося знішчыць аблогавыя прылады і адступіць за Дзвіну. Шмат у чым аблога была знята з прычыны ўварвання галіцка-татарскіх войскаў на чале з Мамшынам у межы Вялікага Княства Літоўскага, але і гэтая галіцка-татарская выправа скончылася няўдала з прычыны сварак паміж удзельнікамі кампаніі. У адказ на паход на Дынабург, пад канец 1278 года лівонскія войскі ўварваліся ў Аўкштайцію, парабавалі яе і пайшлі далей углыб ВКЛ. У студзені 1279 яны аблажылі Кернаў.

Аблога Кернавы

[правіць | правіць зыходнік]

Пад канец 1278 года Ордэн сабраў войска для паходу ўглыб Літвы. У войска ўваходзілі атрады з земляў самога Ордэна, з Рыжскага архібіскупства, з дацкай Эстляндыі, а таксама дружыны земгалаў і куршаў. Паход узначаліў асабіста магістр Эрнст фон Рацэнбург. Незадоўга да гэтага Трайдзень паслаў брата Сірпуція (свайго гарадзенскага намесніка) з войскам на дапамогу яцвягам, якія ваявалі Мазовію і Усходнюю Польшчу, таму сіл для адпору крыжакам у ліцвінаў першапачаткова не было. У студзені 1279 яны аблажылі Кернаў. Ордэнскія крыніцы кажуць аб ім, як аб «горадзе ў зямлі Традзеня» ці «горадзе Трайдзеня». На гэтай падставе некаторыя даследчыкі лічаць Кернаў нават тагачаснай сталіцай ВКЛ ці горадам, якім валодаў Трайдзень да таго, як стаў вялікім князям, але варта адзначыць, што на той момант сталай сталіцы ў ВКЛ да часоў Гедзіміна не было наогул, таму што цэнтрам ці рэзідэнцыяй Вялікага князя з'яўляўся горад, які адпавядаў вектару яго знешняй палітыкі, так для Трайдзеня галоўнай небяспекай быў крыжацкі націск з поўначы. Аблога Кернава была беспаспяховай, у лютым крыжакі, парабаваўшы яго ваколіцы, пайшлі з вялікімі лупамі ў Лівонію. Трайдзень, сабраўшы войска, наладзіў за імі пагоню і дагнаў іх ля Ашэрадэна 5 сакавіка 1279 года. Перад гэтым магістр адпусціў дружыны земгалаў і куршаў дадому са сваёй часткай здабычы.

Вялікі князь літоўскі Трайдзень вырашыў разбіць лівонска-дацкае войска на дзве часткі і разграміць іх па адзіночцы. Спачатку бітва была роўнай, лівонцы добра трымалі абарону, але ў нейкі момант частка войска ВКЛ кінулася ва ўяўныя ўцёкі (у 1410 годзе ў бітве пад Грунвальдам большая частка войска ВКЛ таксама нібыта кінулася ва ўцёкі, у выніку чаго войскі крыжакоў былі акружаны і разбіты). Дацкія войскі пачалі пераслед «уцекачоў», але, страціў значны час, яны не здолелі дагнаць ліцвінаў і вырашылі вяртацца да свайго войска. Калі датчане вярнуліся да месца бітвы, астатнія войскі ўжо былі разбіты, а яны самі трапілі ў пастку і амаль усе былі знішчаны. У гэтай бітве загінуў лівонскі магістр, 71 ордэнскі брат, амаль усё дацкае войска з рэвельскім намеснікам Эйлартам фон Обергам і гэта не лічачы астатніх рыцараў і простых вояў. Поспех пры Ашэрадэне быў замацаваны складаннем у тым жа 1279 годзе міру і саюзу паміж Мазовіяй і ВКЛ. Мазавецкі князь Баляслаў II ажаніўся з Трайдзеневай дачкой Гедзіміндай. Новы саюз скіроўваўся як супраць Тэўтонскага ордэна, так і супраць Польшчы. Да гэтага ж года Мацей Стрыйкоўскі адносіць другі шлюб Трайдзеня — з мазавецкай князёўнай Ганнай.

Крыжакі страцілі ўсе свае дасягненні за апошнія некалькі гадоў. Земгалы паднялі чарговае паўстанне і звярнуліся за падтрымкай да Трайдзеня, правадыр земгалаў Намейсіс прызнаў Трайдзеня сваім сюзерэнам. У 1281 годзе Трайдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі і прымусіў крыжакоў аддаць яму гэты замак узамен захопленага Герцыке. Аднак у 1282 годзе Трайдзень быў забіты дзвюма наймітамі: Стумандам і Гірдзелай, якія пасля гэтага збеглі ў Тэўтонскі ордэн. Вялікае Княства Літоўскае не змагло цалкам скарыстацца пладамі гэтай перамогі. Лівонскі ордэн жа вынес вызначаны ўрок і вырашыў выбіраць агульнага вялікага магістра з Тэўтонскім ордэнам для таго, каб у будучыні наносіць адначасовыя ўдары з захаду і з поўначы.

  • В. Насевіч — «Непасрэдныя перадумовы фарміравання Вялікага Княства Літоўскага» // Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Экаперспектыва, 2008. — 688 с; іл. — ISBN 978-985-513-317-0
  • Вольфганг Акунов — История Тевтонского ордена / 2012 г.. — 336 с. — ISBN 978-5-9533-5257-4 (руск.)
  • Вільям Урбан — Тэўтонскі ордэн / Пераклад з англійскай мовы П. Румянцаў; 2010 г.. — 416 с. — ISBN 978-5-17-067798-6, ISBN 978-5-271-30513-9 (англ.) (руск.)