Бітва пад Жоўтымі Водамі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва пад Жоўтымі Водамі
Асноўны канфлікт: Паўстанне Хмяльніцкага
Дата май 1648
Месца Жоўтыя Воды, Днепрапятроўская вобласць
Вынік Перамога Запарожскіх казакоў
Праціўнікі
Гетманшчына Запарожскія казакі
Крымскае ханства
Рэч Паспалітая
Камандуючыя
Багдан Хмяльніцкі
Тугай-бей
Стэфан Патоцкі
Стэфан Чарнецкі
Сілы бакоў
6000 запарожскіх казакоў, 3000 татараў, пазней — 5000 рэестравых казакоў[1] 3000 польскіх жаўнераў і рэестравых казакоў[1]
Страты
некалькі сотняў забітых 3000 забітых і палонных
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Карта да артыкула «Жевтые Воды». Ваенная энцыклапедыя Сыціна (Санкт-Пецярбург, 1911-1915)

Бітва пад Жоўтымі Водамі (укр.: Битва під Жовтими Водами, польск.: Bitwa pod Żółtymi Wodami) — першая буйная перамога паўсталых казакоў, у саюзе з перакопскімі татарамі[2] (конніца), над польскімі сіламі ў ходзе паўстання Багдана Хмяльніцкага.

Паўстанне. Польскі наступ[правіць | правіць зыходнік]

У студзені 1648 года Багдан Хмяльніцкі адправіўся ў Сеч, адкуль ён і яго прыхільнікі выбілі польскі гарнізон, Хмяльніцкі быў абраны гетманам. Затым ён заручыўся падтрымкай крымскага хана, які выслаў яму татарскую конніцу на чале з Тугай-беем, пачаўся прыток добраахвотнікаў (у асноўным сялян) у яго шэрагі.

Гетман вялікі каронны Мікалай Патоцкі вырашыў авалодаць Сеччу і захапіць Хмяльніцкага. План яго складаўся ў тым, каб, наступаючы двума атрадамі (адзін — праз стэп, іншы — на байдаках па Дняпры), авалодаць замкам Кодак, а затым расправіцца з запарожскімі казакамі[3].

Гэта і было зроблена. У красавіку 1648 г. з Корсуня ў напрамку крэпасці Кодак выступілі два атрады: па Дняпры на байдаках плыў атрад наказнага гетмана Барабаша (4-6 тыс. рэестравых казакоў і наёмная нямецкая пяхота ландскнехты), а праз стэп рухаўся атрад жаўнераў і драгунаў на чале з другім сынам Мікалая Патоцкага, маладым 24-гадовым Стэфанам Патоцкім (5-6 тыс. чалавек і 12 гармат). Абодва атрады павінны былі злучыцца ў Каменнага Затона. Драбненне сілаў і асабліва вылучэнне ў самастойную калону рэестравых казакоў з'яўлялася буйной тактычнай памылкай Патоцкага, якой умела скарыстаўся Хмяльніцкі.

У пачатку красавіка польскія магнаты вызначалі сілы Хмяльніцкага ў 2 тыс. казакоў і 500 коннікаў Тугай-Бея. Фактычна, польскую шляхту сустрэла да 8 тыс. казакоў з пяццю гарматамі і некалькі тысячаў татараў. Польскае камандаванне недаацанілі сілы праціўніка і напышліва ігнаравала баявыя якасці паўстанцаў. Гэта была другая буйная памылка польскага камандавання[4].

Пераход рэестравых казакоў на бок Хмяльніцкага[правіць | правіць зыходнік]

22 красавіка 1648 г. з Запарожжа выступіў атрад Хмяльніцкага, рушыў насустрач польскаму войску і неўзабаве выйшаў да патоку Жоўтыя Воды (прыток р. Інгулец). Тут казакі размясціліся табарам, узмацніўшы яго землянымі абарончымі збудаваннямі. Татары сталі ў баку за балотамі, заняўшы чакальнае становішча.

Хмяльніцкі меў дакладныя дадзеныя аб наступленні праціўніка і пра яго план. План Хмяльніцкага заключаўся ў тым, каб не дапусціць злучэння двух атрадаў праціўніка і знішчыць іх паасобку, ужыўшы для гэтага розныя спосабы. У дачыненні да атрада Барабаша арганізоўвалася ўздзеянне агітацыйнага парадку, а атрад Патоцкага планавалася разбіць ў адкрытым баі.

Па беразе Дняпра Хмяльніцкі расставіў казацкія пасты з задачай ўвайсці ў перамовы з рэестравымі казакамі і дамагчыся іх далучэння да паўсталых запарожскіх казакоў.

3 мая да Каменнага Затону прыбыў атрад рэестравых казакоў і нямецкіх ландскнехтаў, які плыў па Дняпры. Казакоў сустрэў Хмяльніцкі, і яму ўдалося схіліць іх на свой бок. У ноч з 3-га на 4-е мая рэестравыя казакі перабілі сваіх старшынь, прыхільнікаў польскай улады, разам з іх камандзірам гетманам Барабашам (па адных звестках ўтапілі іх[5], па іншых - закалолі пікамі[6]), а таксама ландскнехтаў і 4 мая прыбылі ў лагер паўстанцаў на Жоўтых Водах[4].

Баі з войскамі Стэфана Патоцкага[правіць | правіць зыходнік]

Умацаваны лагер Патоцкага[правіць | правіць зыходнік]

Да вечара гэтага ж дня да размяшчэння запарожскіх казакоў падышоў атрад Стэфана Патоцкага, які рухаўся стэпам. Пасля няўдалай спробы пераправіцца на левы бераг Жоўтых Вод атрад прыступіў да арганізоўвання ўмацаванага лагера на правым беразе ракі. Было паслана данясенне вялікаму кароннаму гетману Мікалаю Патоцкаму з просьбай аб дапамозе, але ганец быў схоплены татарамі, і данясенне не дайшло.

Пераход рэестравых казакоў на бок паўстанцаў адбіўся на маральным стане польскай шляхты. Саманадзейнасць змянілася разгубленасцю і заняпадам ваяўнічага духу, асабліва тады, калі казакі на піке паказвалі перахопленае данясенне Патоцкага з просьбай аб дапамозе. Не ведалі разубленыя шляхціцы і пра тое, што шлях іх адступлення перахоплены татарскай конніцай[4].

Бой 5 мая[правіць | правіць зыходнік]

Схема бітвы
Юліуш Косак. Смерць Стэфана Патоцкага пад Жоўтымі Водамі. Акварэль, 1855.

Раніцай 5 мая Патоцкі загадаў драгунам і польскім харугвамі з артылерыяй выходзіць з лагера для атакі казакоў. У гэты час і Хмяльніцкі рыхтаваў сваё войска для актыўных дзеянняў.

Як толькі палякі пачалі выступаць з лагера, казакі зайгралі ў трубы, ударылі ў катлы, віхурай вырваліся ў поле, перайшлі рэчку і накіраваліся на польскіх шляхціцаў. У гэты час драгуны павярнулі направа, у бок ад польскіх харугваў, і полем перайшлі на бок казакоў. Польскія артылерысты не паспелі адкрыць агонь і вымушаныя былі павярнуць назад у лагер і ўсталяваць гарматы на валах. Схаваліся ў лагеры і каронныя харугвы. Вораг зноў аказаўся аслабленым колькасна і маральна[4].

Аблога польскага лагера[правіць | правіць зыходнік]

6 мая ў 11 гадзін раніцы казакі пайшлі на штурм лагера польскай шляхты. Пачаўшыйся бой працягваўся да 17 гадзін. Польскія шляхціцы паспяхова адбівалі атакі казакоў. Дождж, які пачаўся вымусіў спыніць перастрэлку, паколькі адсырэў порах.

Паўсталыя цесна абклалі лагер праціўніка, пазбаўлены вады і травы. Разумеючы безнадзейнасць свайго становішча, Патоцкі ўступіў у перамовы з казакамі аб умовах адступлення. Хмяльніцкі зацягнуў перамовы на цэлыя суткі, а затым запатрабаваў здаць гарматы і пры выкананні гэтай умовы абяцаў прапусціць палякаў. 7 мая польскія шляхціцы здалі свае гарматы казакам[4].

Падзеі 8 мая. Перамога Хмяльніцкага[правіць | правіць зыходнік]

Раніцай 8 мая польскі атрад паспешна рушыў у зваротны шлях. Верныя свайму слову, казакі не чапалі шляхціцаў і толькі ішлі за імі на невялікай адлегласці. Усё было спакойна да Княжых Байракоў (каля 6 км ад Жоўтых Вод).

Татары не ўдзельнічалі ў перамовах і былі вольныя ад усякіх абавязацельстваў. Таму ў Княжых Байраках яны атакавалі палякаў, якія спрабавалі прабіцца праз яр, пакрыты лесам. Але казакі яшчэ загадзя зладзілі тут завалы, і шлях адступлення палякам быў перакрыты.

Патоцкі загадаў зрабіць з калёс вагенбург і насыпаць вал. Татары ўзялі ў казакоў польскія гарматы, абстралялі лагер, які паспешліва будаваўся, і з усіх бакоў уварваліся ў яго. Нешматлікія пакінутыя шляхціцы былі ўзятыя ў палон. Малады Патоцкі быў смяротна паранены[4][7].

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

У выніку перамогі ў бітве пад Жоўтымі Водамі Багдан Хмяльніцкі адбіў першую атаку ўладаў Рэчы Паспалітай, не даўшы ім здушыць паўстанне на яго ранняй стадыі. Больш таго, разбіўшы польскія войскі і паланіўшы іх кіраўнікоў. С. Патоцкага і С. Чарнецкага, Хмяльніцкі прадэманстраваў сілу і баяздольнасць сваёй арміі. Гэта дапамагло ў распальванні антыпольскіх бунтаў,але ў той жа час паскорыла прыняцце польскімі ўладамі больш дзейсных мер па падаўленню паўстання.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У дні, калі адзначалася 350-годдзе пачатку Вызваленчай вайны Хмяльніцкага, побач з урочышчам Княжы Байрак, на ваколіцы вёскі Жоўта-Аляксандраўка Пяціхацкага раёна, адкрыты помнік перамогі на Жоўтых Водах. На адной з гранітных глыбаў адчаканены герб гетмана Багдана Хмяльніцкага, на другой — герб крымска-татарскага роду Гірэяў. Стылізаваны украінскі ручнік лагічна ператвараецца ў баявы сцяг — сімвал воінскай доблесці і саюза запарожскага казацтва і крымска-татарскага войска, якія атрымалі на Жоўтых Водах легендарную перамогу[8].

Зноскі

  1. а б Bitwa pod Żołtymi Wodami -sprostowanie do filmu Jerzego Hoffmana Архівавана 13 красавіка 2010.
  2. Желтые Воды // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  3. Костомаров. Богдан Хмельницкий. — СПб., 1904. — С. 157.
  4. а б в г д е Разин Е. А. история военного искусства, в 3-х т. — СПб.: ООО «Издательство Полигон», 1999. — Т. 3. (XVI — XVII ввю). — С. 306—310. — 736 с. — 7 000 экз. — ISBN 5-89173-041-3.
  5. Костомаров Н. И. Русская история в жизнеописаниях её главнейших деятелей. — М., 2011. — 1024 с. — 7 000 экз. — ISBN 978-5-699-33756-9.Гл. 5. Малороссийский гетман Зиновий-Богдан Хмельницкий.
  6. Кизилов М. Ильяш Караимович и Тимофей Хмельницкий: кровная месть, которой не было Архівавана 26 красавіка 2018. // «Karadeniz Araştırmaları» Cilt: 6, Sayı: 22, Yaz 2009. — C.43–74.
  7. Жевтые Воды // Военная энциклопедия / под ред. В. Ф. Новицкого[ru] [и др.]. — СПб. ; [М.] : Тип. т-ва И. В. Сытина[ru], 1911—1915.
  8. Символ победы на Жёлтых Водах

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Кінематограф[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]