Бітва пад Ноймюлем (1298)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Бітва пад Ноймюлем, 1298)
Jump to navigation Jump to search

Бітва пад Ноймюлем (29 чэрвеня 1298) — бітва пад крэпасцю Нямецкага ордэна Ноймюль у Лівоніі, у якой ордэнскае войска (комтур Бертальд Брухавен) цалкам разграміла саюзнае рыжска-літоўскае войска, якое дагэтуль трымала крэпасць у аблозе.

Сілы бакоў вядомыя мала. Нямецкія дакументы кажуць пра 4 тыс. забітых саюзнікаў, што можа быць перабольшаннем; магчыма, што ў цэлым саюзным войску было 4 тыс. чалавек, і значная доля іх загінула.

Пасля пераможнай для рыжска-літоўскага саюзнага войска бітвы на Трайдэні (1 чэрвеня), саюзнікі рушылі на Бертальдсмюле, захапілі яго і разбурылі, а ацалелых абаронцаў паланілі. Спусціўшыся на караблях да Ноймюля, у дзень Св. Іаана (24 чэрвеня) саюзнікі ўзялі ў аблогу і гэты бург («з боку сушы і з боку вады»). Тым часам з Прусіі пад Рыгу прыйшла ордэнская ваенная дапамога, высланая гросмайстрам пасля вестак пра разгром на Трайдэне. Гэты ордэнскі атрад, які здолеў трапіць да Ноймюля непрыкметна для войска Рыгі, злучыўся з лівонскімі крыжакамі, і цалкам разграміў саюзнікаў у дзень Пятра і Паўла (29 чэрвеня). Рыжска-літоўскае войска панесла вялікія людскія страты забітымі і палоннымі (у хроніках адзначаюць, між іншым, гібель на полі бою 4 рыжскіх ратманаў) і мусіла ратавацца ўцёкамі; былі захоплены ўсе рыжскія абложныя машыны і караблі. Але ордэнскае войска не здолела споўна выкарыстаць перамогу над Рыгай, таму што рушыла ў пагоню за літоўскім войскам, якое адступала ў Літву; там ордэнскае войска ўзяло некалькі замкаў і вялікую здабычу; больш нечаканым вынікам стала хрышчэнне некаторых літоўскіх баяраў і простых людзей.

Па атрыманні навін пра гэту бітву, гарады Любек, Вісбі, Вісмар, Ростак, Грайфсвальд і Штральзунд выслалі ў Рыгу эмісараў, якія дамагаліся мірнага дагавора Рыгі з Ордэнам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • F. G. v. Bunge. Die Stadt Riga im Dreizehnten und Vierzehnten Jahrhundert. Geschichte, Verfassung und Rechtszustand. — Leipzig, 1878.. — С. 28, 29;
  • Russisch-Liwlandische Chronographie. Von der Mitte der Neunten Jahrhunderts bis zum Jahre 1410. — St.Petersburg, 1862.. — С. 93;
  • L. Rogalski. Dzieje Krzyżaków oraz ich stosunki z Polską, Litwą i Prussami. T.1. — Warszawa, 1846.. — С. 393;
  • Scriptores rerum Prussicarum / herausg. von Theodore Hirsch, Max Toeppen, Ernst Strehlke. 1ter Band. — Leipzig, 1861.. — С. 163, 164.