Бітва пры Ларгсе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва пры Ларгсе
Асноўны канфлікт: Шатландска-нарвежская вайна
Поле бітвы пры Ларгсе з манументам у яе памяць
Поле бітвы пры Ларгсе з манументам у яе памяць
Дата 2 кастрычніка 1263
Месца Ларгс, Паўночны Эйршыр, Шатландыя
Вынік Перамога Шатландыі
Праціўнікі
Нарвегія Шатландыя
Камандуючыя
кароль Хокан IV Аляксандр Сцюарт (?)
Сілы бакоў
каля 1000 воінаў каля 8000 воінаў
Страты
Малаважныя Малаважныя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бітва пры Ларгсе (англ.: Largs; 2 кастрычніка 1263 г.) — адна з найважнейшых бітваў у гісторыі раннесярэднявечнай Шатландыі паміж каралём Нарвегіі Хоканам IV і шатландскімі войскамі. Нягледзячы на тое, што зыход бітвы не выявіў перавагі ніводнага з бакоў, у доўгатэрміновай перспектыве Шатландыя апынулася ў выйгрышы, далучыўшы па выніках бітвы Гебрыдскія астравы.

Перадумовы канфлікту[правіць | правіць зыходнік]

З пачатку XIII стагоддзя паміж Шатландыяй і Нарвегіяй разгарнулася вострая барацьба за ўладу над Гебрыдскімі астравамі і заходнім узбярэжжам Шатландыі. Гэта тэрыторыя належала гэльскаму каралеўству Астравоў, кіраўнікі якога прызнавалі сюзерэнітэт нарвежскага караля. Аднак шатландская дзяржава не пакідала спроб падпарадкаваць сабе Гебрыды і Аргайл. У 1221 і 1249 гг. Аляксандр II, кароль Шатландыі, распачаў некалькі паходаў на заходняе ўзбярэжжа, у выніку якіх частка арыстакратыі каралеўства Астравоў пачала арыентавацца на Шатландыю. Яго пераемнік, Аляксандр III, у 1262 г. атакаваў востраў Скай, які належаў нарвежскаму васалу каралю Мэна. У адказ Хокан IV, кароль Нарвегіі, сабраў магутны флот («найбуйнейшы з тых, што калі-небудзь пакідалі нарвежскія порты», паводле ісландскіх храністаў) і накіраваўся да заходняга берага Шатландыі.

Прыбыўшы ўлетку 1263 г. на Гебрыдскія астравы, Хокан IV заручыўся падтрымкай караля Мэна Магнуса і караля Гебрыдаў Дугала III. Толькі кіраўнік Аргайла, Юэн Мак-Дугал, адмовіўся далучыцца да нарвежцаў і заняў чакальную пазіцыю. Нарвежскія сілы на Гебрыдах налічвалі, па сучасных ацэнках, каля 120 суднаў, гэта значыць 12 — 20 тысяч воінаў. Нарвежцы разарылі Кінтайр, захапілі Б'ют і ўварваліся ў Ленакс. На востраве Аран пачаліся шатландска-нарвежскія перамовы пра ўмовы спынення ваенных дзеянняў, якія, аднак, не прывялі ні да якога выніку.

Ход бітвы[правіць | правіць зыходнік]

Класічная нарвежская галера

Пасля правалу перамоў нарвежскі флот накіраваўся да ўзбярэжжа Эйршыра. Аднак у ноч з 30 верасня на 1 кастрычніка разыграўся шторм, які пашкодзіў нарвежскія судны і выкінуў на бераг некалькі з іх. Каманда караблёў, якія пацярпелі крушэнне, была неадкладна атакавана невялікім шатландскім атрадам, якія ахоўваў узбярэжжа. Шатландцы трымаліся на значнай адлегласці, аддаючы перавагу агню стрэл рукапашнай сутычцы з вікінгамі. Калі падаспела нарвежскае падмацаванне, шатландскі атрад адступіў.

2 кастрычніка на бераг высадзіўся атрад Хокана IV, імкнучыся, відавочна, забяспечыць ахову рамонту суднаў. Усяго з караблёў сышло каля 800—1000 вікінгаў. У той жа час да месца высадкі падышла буйная (каля 8 тысяч чалавек) шатландская армія, у складзе якой было каля 500 рыцараў. На чале шатландскага войска, верагодна, стаяў Аляксандр Сцюарт. Такім чынам, калі лічбы, прыведзеныя ў «Сазе пра Хокана» дакладныя, перавага шатландцаў над нарвежцамі была значнай: амаль дзесяціразовай. Шатландская армія пайшла ў атаку і вымусіла нарвежцаў на чале з каралём Хоканам IV адступіць на караблі.

Тым не менш перамога не была канчатковай: ужо на наступную раніцу Хокан IV перагрупаваў свае сілы і бесперашкодна высадзіўся на бераг, каб забраць целы загінулых вікінгаў і спаліць выкінутыя караблі.

Відавочна, што ў бітве не бралі ўдзел ні асноўныя нарвежскія сілы, якія заставаліся на караблях недалёка ад узбярэжжа, ні шатландская кавалерыя. Фактычна бітва пры Ларгсе была толькі невялікай сутычкай, якая не прынесла рашучай перамогі ніводнаму з бакоў.

Значэнне бітвы пры Ларгсе[правіць | правіць зыходнік]

«Аловак»: манумент у гонар бітвы пры Ларгсе

Нягледзячы на нявызначанасць зыходу бітвы, бітва пры Ларгсе адыграла важную ролю ў гісторыі Шатландыі. Атрымаўшы адпор, Хокан IV, які верагодна меў недахоп харча, вярнуўся на Аркнейскія астравы, дзе 15 снежня 1263 г. сканаў. Нарвежскі флот вярнуўся на радзіму. Ужо на наступны год шатландская армія караля Аляксандра III уварвалася ў Аргайл і на Гебрыдскія астравы, прымусіўшы іх кіраўнікоў прызнаць уладу Шатландыі. У 1265 г. пачаліся шатландска-нарвежскія перамовы, якія завяршыліся 1266 г. падпісаннем Перцкага дагавора, у адпаведнасці з умовамі якога Нарвегія саступіла Гебрыды Шатландыі.

Такім чынам, у выніку бітвы пры Ларгсе шатландскае каралеўства змагло далучыць вялікія тэрыторыі заходняга ўзбярэжжа і Астравоў, завяршыўшы аб'яднанне шатландскіх земляў. Уваходжанне Гебрыдаў у склад Шатландыі прывяло, з аднаго боку, да росту значэння гэльскага складніка шатландскай этна-культурнай супольнасці, а з іншага, — спрыяла завяршэнню феадалізацыі заходніх рэгіёнаў краіны.

У памяць пра бітву пры Ларгсе на месцы бітвы ўсталяваны абеліск у форме традыцыйнай гэльска-ірландскай круглай вежы, які атрымаў неафіцыйную назву «Аловак» (англ.: the Pencil).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • McDonald R.A. The Kingdom of the Isles, 2003
  • Duncan, A.A.M. Scotland: Making of the Kingdom, Эдинбург, 2000
  • Мак-Кензи Агнес. Рождение Шотландии / Перевод, научная ред., вступит. статья С. В. Иванова. — СПб.: Евразия, 2003. — 336 с. — (Clio fundationis). — 1 500 экз. — ISBN 5-8071-0120-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]