Бітва пры Эль-Мазука

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва пры Эль-Мазука
Асноўны канфлікт: Астурыйская аперацыя Паўночнаіспанскай кампаніі (Грамадзянская вайна ў Іспаніі)
Дата з 6 па 22 верасня 1937 года
Месца перавал Эль-Мазука
Вынік перамога нацыяналістаў
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы Нацыяналісты
Камандуючыя
Франсіска Галан
Хуан Ібарола
Хасэ Сальчага
Сілы бакоў
6 000 чалавек 30 000 чалавек
Страты
3500 забітых і параненых 8000 забітых і параненых

Бітва пры Эль-Мазука (ісп.: Batalla de El Mazuco) — адна з апошніх бітваў паміж рэспубліканскімі і нацыяналістычнымі войскамі на паўночным фронце падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Доўжылася з 6 па 22 верасня 1937 года. Пасля некалькіх тыдняў інтэнсіўных баёў у горнай мясцовасці рэспубліканцы былі разбіты, і нацыяналісты змаглі злучыцца са сваімі сіламі, якія наступалі з Леона, што прывяло да падзення Хіхона і пакідання Астурыі, апошняй рэспубліканскай правінцыі на паўночным захадзе Іспаніі.

Планы і сілы бакоў[правіць | правіць зыходнік]

Пасля падзення Більбаа і паражэння рэспубліканцаў, якія абаранялі Сантандэр, іх апора — Астурыя — была ізалявана ад рэспубліканскіх войскаў на поўдні і ўсходзе Іспаніі. Камандуючы войскаў нацыяналістаў, што атачалі Астурыю, генерал Фідэль Давіла, атакаваў з поўдня і ўсходу, не чакаючы супраціву з боку дэмаралізаваных рэспубліканскіх салдат.

Неўзабаве была захоплена першая рэспубліканская лінія абароны ўздоўж ракі Дэва, і 5 верасня 1937 года паў горад Ліянес.

Далей нацыяналісты павінны былі наступаць на поўначы праз Сьера-дэ-Куэра і на поўдні — праз цясніну Дэва. Для гэтага патрабавалася ачысціць горы ад рэспубліканцаў, таму яны запланавалі абыходны рух на паўднёвы захад ад г. Ліянес і на захад, уздоўж ракі Карэс. Такім чынам, горы Сьера-дэ-Куэра сталі жыццёва важнымі для абароны Астурыі, а ключом да іх быў перавал Эль-Мазука.

У склад нацыяналістычных сіл уваходзілі чатыры наварскія брыгады (33 000 чалавек) пад камандаваннем генерала Хасэ Сальчага. Кантынгент падтрымлівалаўся 15 артылерыйскімі батарэямі і авіяцыяй, уключаючы нямецкі Легіён «Кондар». Перавал Эль-Мазука знаходзіцца ўсяго ў пяці кіламетрах ад мора, таму крэйсер «Альмірантэ Сервера» таксама змог аказаць дапамогу сваімі гарматамі.

Войскі рэспубліканцаў (астурыйскія, баскскія і сантандэрскія падраздзяленні) складаліся з трох аслабленых брыгад пад камандаваннем палкоўнікаў Хуана Ібаролы і Франсіска Галана. Прыхільнікі Рэспублікі мелі невялікую артылерыйскую падтрымку.

Ход баёў[правіць | правіць зыходнік]

6 верасня 1-й Наварскай брыгадзе нацыяналістаў не ўдалося прарваць лінію абароны праціўніка, таму для інтэнсіўнай бамбардзіроўкі пазіцый рэспубліканцаў быў выкліканы легіён «Кондар». На наступны дзень яны працягвалі падвяргацца масіраваным атакам з ужываннем фугасных і запальных бомбаў. 8 верасня ў густым тумане праціўнікі схвоснуліся ў рукапашнай сутычцы. Нарэшце, на паўднёвым фронце нацыяналісты змаглі прасунуцца на два кіламетры.

9 верасня нацыяналісты акружылі пазіцыі наперадзе Эль-Мазука і занялі іх, але ў наступныя дні не змаглі прасунуцца далей, таму зноў звярнуліся да авіяцыі і артылерыі. Лётчыкі ўжылі так званыя «дывановыя бамбардзіроўкі». 10 верасня ў Тарнерыі салдаты 1-й Наварскай брыгады прасоўваюцца скрозь туман і пасля ўпартага бою захопліваюць Сьера-дэ-Біфарка, але не дасягаюць Сьера-Льябрэс (ніжэй перавала Эль-Мазука).

Не здолеўшы рушыць наперад у даліне, нацыяналісты вырашылі спачатку захапіць вышыні ніжэй піка Турбіна (1315 метраў над узроўнем мора). Надыходзячым наварцам прыйшлося падымаць па вузкіх сцежках горную артылерыю і боепрыпасы на спінах мулаў.

13 верасня рэспубліканскі фронт на паўночны захад ад Эль-Мазука пачаў слабець пад неаднаразовымі артылерыйскімі ўдарамі, што вымусіла ўрадавыя войскі 14 верасня адысці і саступіць Сьера-дэ-Льябрэс. На наступны дзень Эль-Мазука заняты франкістамі. Адначасова, 14 верасня, паў пік Турбіна. Да поўдня рэспубліканцы яшчэ ўтрымлівалі тры піка Пенья-Бланка.

Нацыяналісты паслалі на захоп апошніх варожых пазіцый не менш за шаснаццаць батальёнаў. Непагадзь з дажджом і нават снегам на час прыпыніла баявыя дзеянні. 18 верасня, з надыходам добрага надвор’я, аднавілася бамбардзіроўка нямецкімі і італьянскімі самалётамі. Чатыры дні паўтараўся адзін і той жа сцэнар: атака з паветра, штурм пяхоты, адлюстраванне яго рэспубліканцамі. Нарэшце, 22 верасня Пенья-Бланка апынуліся ў руках нацыяналістаў. На вяршыні, сярод акопаў, уручную высечаных у скале, пераможцы выявілі 100 трупаў рэспубліканскіх маракоў.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Агульныя страты (прыблізныя, паколькі афіцыйных даных аб гэтай бітве няма) ацэньваюцца ў 8000 нацыяналістаў (2500 забітых) і 3500 рэспубліканцаў (1500 забітых).

Рэспубліканцы не змаглі спыніць наступленне нацыяналістаў і пратрымацца да зімы. Апошнія, хоць і з затрымкай, змаглі працягнуць аперацыю і дайсці да Хіхона, апошняга апірышча рэспубліканцаў, які паў праз месяц пасля заканчэння бітвы пры Эль-Мазука.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • El Mazuco (La defensa imposible) [1]