Біялагічны факультэт БДУ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Біялагічны факультэт БДУ
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Англійская назва

Department of Biology, Belarusian State University

Заснаваны

1931

Дэкан

дацэнт Уладзімір Васільевіч Лысак

Месцазнаходжанне

Сцяг Беларусі Беларусь, Мінск, Курчатава, 10

bio.bsu.by

Біялагічны факультэт БДУ — факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вядучы навукова-вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы спецыялістаў біялагічнага профілю ў Рэспубліцы Беларусь. Штогод на факультэце навучаецца больш 2100 студэнтаў, 60 аспірантаў і магістратаў. Прафесарска-выкладчыцкі склад уключае 89 штатных выкладчыкаў, з якіх 2 акадэмікi НАН Беларусі, 21 доктар навук, 65 кандыдатаў навук, 12 прафесараў, 52 дацэнтаў. У выкананні навукова-даследчых праектаў таксама прымаюць удзел больш за 60 навуковых супрацоўнікаў. Дэкан – кандыдат біялагічных навук, дацэнт Лысак Уладзімір Васільевіч.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Факультэт адкрыты ў 1931 г. Да гэтага з 1922 года біялагічная падрыхтоўка студэнтаў праводзілася на прыродазнаўчым аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ. Першым дэканам (з 16.08.1931 г.) стала дацэнт Вольга Дзмітрыеўна Акімава, якая працавала на гэтай пасадзе з 1931 па 1932 г. і з 1944 па 1948 г. У 30-х гг. пасада дэкана лічылася грамадскай нагрузкай, і яе па чарзе на параўнальна кароткія перыяды займалі выкладчыкі факультэта: Ф. І. Дзербянцоў, Е. М. Зубковiч, Т. Н. Здольных, М. Е. Макушок. Наборы студэнтаў на біялагічны факультэт у 1931—1940 гг. былі параўнальна невялікімі — па 25—45 чалавек.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны перапыніў працу ўніверсітэта на 2 гады (1941—1942). Пастановай Саўнаркама ад 15 мая 1943 г. БДУ аднавіў сваю дзейнасць у эвакуацыі, на станцыі Сходня пад Масквой. У ліку іншых прыступілі да навучання і 25 студэнтаў біялагічнага факультэта. У Мінск універсітэт вярнуўся ў 1944 г. Факультэт размясціўся ў маленькім двухпавярховым доме на вул. Віцебскай. Заняткі чаргаваліся з працай па разбору руін, будаўніцтву новых карпусоў. Да 1947 г. у поўным аб'ёме была адноўлена работа 5 кафедраў, на якіх працаваў 21 выкладчык, у тым ліку 6 прафесараў. У гэты ж перыяд пачалося стварэнне фондавага гербарыя на кафедры батанікі, аднаўляўся Заалагічны музей. Ужо ў 1946 г. пачала працаваць біялагічная станцыя на возеры Нарач. З 1948 па 1953 дэканам факультэта быў дацэнт С. В. Калiшэвiч. У гэты перыяд істотна павялічыліся наборы студэнтаў, прыкметна вырас узровень прафесійнага складу выкладчыцкага корпуса (толькі ў 1953 г. былі абаронены 2 доктарскія і 9 кандыдацкіх дысертацый). З 1953 па 1971 г. дэканам біялагічнага факультэта працаваў дацэнт П. Р. Пятровіч. У гэты перыяд былі створаны новыя кафедры: дарвінізму і генетыкі (1947), мікрабіялогіі (1960), біяхіміі (1964). На факультэце працавалі вядомыя навукоўцы — акадэмікі М. В. Турбін, П. Ф. Ракiцкi, А. С. Вечар, прафесары Г. Г. Вiнберг, Б. Я. Эльберт, П. А. Буланаў, А. П. Кесарэва і інш Вырасла колькасць выпускнікоў факультэта за кошт развіцця форм дзённага, вячэрняга і завочнага навучання. У 1971—1973 г. дэканам факультэта быў прафесар Ю. К. Фамічоў, які прыклаў значныя намаганні для павышэння ўзроўню навуковых даследаванняў і пашырэння іх тэматыкі. З 1973 па 1980 г. пасаду дэкана займаў прафесар А. Т. Пікулеў. У гэты перыяд на факультэце створана кафедра агульнай экалогіі (1974), атрымалі развіццё некалькі новых напрамкаў навуковых даследаванняў, факультэт перабазіраваўся ў новы навучальны корпус па вул. Курчатава. У 1980—1996 г. дэканам біялагічнага факультэта быў прафесар А. С. Шуканаў. У гэты перыяд пачалася падрыхтоўка студэнтаў па спецыяльнасці «Біяэкалогія» і кірунку «Біятэхналогія». Акрамя Нарачанскай біястанцыі з 1987 па 1992 г. у якасці базы студэнцкіх практык працавала Вілейская біястанцыі. З снежня 1996 г. дэканам факультэта з'яўляецца дацэнт В. В. Лысак. У гэты перыяд ўдасканальваюцца навучальныя планы падрыхтоўкі спецыялістаў, ўводзяцца новыя курсы. З 2011 г. распачата падрыхтоўка студэнтаў па спецыяльнасцях «Біяхімія» і «Мікрабіялогія».

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Кафедры
  • кафедра агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі
  • кафедра батанікі
  • кафедра біяхіміі
  • кафедра генетыкі
  • кафедра заалогіі
  • кафедра малекулярнай біялогіі
  • кафедра мікрабіялогіі
  • кафедра фізіялогіі і біяхіміі раслін
  • кафедра фізіялогіі чалавека і жывёл
Навукова-даследчыя лабараторыі
  • біятэхналогіі
  • біяхіміі і фармакалогіі біялагічна актыўных рэчываў
  • біяхіміі абмену рэчываў
  • гiдрaэкaлогii
  • малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі
  • прыкладных праблем біяхіміі
  • трансгенных раслін
  • фізіялогіі
  • фізіялогіі і біятэхналогіі раслін
Студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі
  • малекулярнай біятэхналогіі
  • прыкладных праблем біялогіі і біятэхналогіі расліннай клеткі
  • захавання і дынамікі біяразнастайнасці


Заалагічны музей[правіць | правіць зыходнік]

Заалагічны музей біялагічнага факультэта БДУ быў створаны ў 1921 г. па ініцыятыве загадчыка кафедры заалогіі прафесара А. В. Фядзюшына. У цяперашні час калекцыйны фонд музея з'яўляецца самым буйным у рэспубліцы зборам заалагічных аб'ектаў (чучал, кладак птушак, прэпаратаў, остэалагiчнага матэрыялу і іншых як хрыбетнікаў, так і беспазваночных жывёл), агульным лікам больш за 102 тыс. адзінак захоўвання. Навуковыя калекцыі музея захоўваюцца ў спецыяльных сучасных памяшканнях агульнай плошчай 980 м2. У складзе заалагічных калекцый знаходзіцца 260 відаў, занесеных у Чырвоныя кнігі краін СНД і свету.

Батанічны сад[правіць | правіць зыходнік]

Батанічны сад БДУ арганізаваны пры кафедры сістэматыкі раслін біялагічнага факультэта ў 1930 г. Яго заснавальнікам быў прафесар С. М. Мельнік. З часу заснавання і да 1956 г. батанічны сад плошчай 2 га размяшчаўся на тэрыторыі ўніверсітэцкага гарадка. У 1956 г. батанічны сад быў перанесены ў Чырвонае ўрочышча (паўднёва-ўсходнее наваколле Мінска). У 1965 г. батанічны сад быў перанесены ў Шчомысліцы на тэрыторыю вучэбна-даследчай гаспадаркі БДУ. З 2002 г. батанічны сад размяшчаецца каля біялагічнага факультэта.

У склад батанічнага саду таксама ўваходзяць аранжарэя, дэндрарый і помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Дубрава». Участак адкрытага грунта батанічнага саду прадстаўлены калекцыямі карысных, лекавых, дэкаратыўных адна- і шматлетнiкаў, рэдкіх і знікаючых раслін. Маецца таксама аддзел сістэматыкі раслін, пладовы сад, участак дэкаратыўных драўняных і хмызняковых парод.

Вучэбна-навуковы цэнтр «Нарачанская біялагічная станцыя імя Г. Г. Вiнберга»[правіць | правіць зыходнік]

Нарачанская біялагічная станцыя (НБС) створана ў 1947 г. У 2002 г. атрымала статус Вучэбна-навуковага цэнтра «Нарачанская біялагічная станцыя». У 2006 г. біястанцыі прысвоена імя выдатнага гідрабіялога Г. Г. Вiнберга. Першым дырэктарам (з 1948 па 1960 г.) была кандыдат біялагічных навук П. С. Невядомская, далей біястанцыяй кіравалі А. І. Сяргееў, І. А. Жук, Г. П. Шлешынскi, затым Л. П. Кашавар, А. Ф. Арлоўскі, з 2002 г. — доктар біялагічных навук Таццяна Васільеўна Жукава.

У 2002 г. уведзены ў строй новы шматпавярховы корпус, які ўключае 14 сучасных лабараторый, а таксама навучальныя класы, канферэнц-залу, бібліятэку і інтэрнат. Штат НБС налічвае 18 чалавек, якія забяспечваюць тэхнічнае абслугоўванне і аказваюць дапамогу ў правядзенні студэнцкіх практык і навуковых даследаванняў. На біястанцыі маюцца маторныя і вяслярныя лодкі, аўтамабіль, спецыяльнае гідрабіялагічнае абсталяванне для правядзення палявых работ і неабходныя прыборы для эксперыментальных даследаванняў.

Спецыяльнасці[правіць | правіць зыходнік]

  • Біялогія (навукова-вытворчая дзейнасць); кваліфікацыя «Біёлаг»
  • Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць); кваліфікацыя «Біёлаг. Выкладчык біялогіі і хіміі»
  • Біялогія (біятэхналогія); кваліфікацыя «Біёлаг-біятэхналаг. Выкладчык біялогіі»
  • Біяхімія, кваліфікацыя «Біёлаг. Біяхімік»
  • Мікрабіялогія, кваліфікацыя «Біёлаг. Мікрабіёлаг»
  • Біяэкалогія; кваліфікацыя «Біёлаг-эколаг. Выкладчык біялогіі і экалогіі»


Навуковыя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў
  • Біялагічная разнастайнасць, праблемы экалогіі і ксенабiялогii;
  • Генетычныя, фізіялагічныя і біяхімічныя механізмы жыццядзейнасці жывых арганізмаў;
  • Навуковыя асновы біятэхналагічных працэсаў і біялагічнай бяспекі;
  • Фізіка-хімічная біялогія і рэгуляторныя механізмы функцыянавання бiясiстэм
Асноўныя напрамкі прыкладных распрацовак
  • Біятэхналогія: лекавыя прэпараты, генная інжынерыя, харчовыя і кармавыя дабаўкі, сродкі абароны раслін;
  • Малекулярна-біяхімічнае і малекулярна-генетычнае тэставанне геномаў;
  • Ацэнка якасці і параўнальнай біядаступнасцi лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый;
  • Тэхналогіі выдзялення і ачысткі рэкамбінантныя бялкоў, стварэнне на іх аснове высокаэфектыўных і бяспечных лекавых сродкаў і харчовых дабавак новага пакалення;
  • Ксенaбiётыкi і біябяспека


Выпускнікі[правіць | правіць зыходнік]

За 80 гадоў функцыянавання на факультэце падрыхтавана больш за 11 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў-біёлагаў. Сярод выпускнікоў 3 акадэмікi, 13 член-карэспандэнтаў, 8 лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі, больш за 85 дактароў навук, больш за 600 кандыдатаў навук.

Акадэмікі і член-карэспандэнты[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]